Сяброўка ўжо чакала Ганну на вуліцы — сын яе быў на строгім рэжыме і павінен быў зараз спаць на свежым паветры. Перспектыва бадзяцца сярод нудлівай мясцовай архітэктуры выклікала ледзь не зубны боль. Госця са скрухай пашкадавала, што да парку далёка. «А мы зрэжам», — запэўніла яе Марына. Так яны зноў мінулі алкашоў, перайшлі дарогу і пакацілі вазок праз пустку. Трава вакол вузкай разбітай сцежкі была пакошаная, далей высіўся атрутны баршчэўнік. Зямля была ўсыпаная пустымі бутэлькамі і пластыкавымі кубачкамі. Са здзіўленнем Ганна заўважыла нават імітацыю саўковай каньячнай чарачкі.
Пах выхлапаў і пажоўклай травы змяніўся балотным смуродам, потым патыхнула каналізацыяй. Ганна прыгадала, што калі пасля Вялікадня вяртаешся з Менску, на вакзале ў сталіцы іхняй федэральнай зямлі чамусьці павявае гноем з палёў. Асацыяцыі пераскочылі на нязменны водар кавы на прахалоднай кухні (ацяпленне на ёй эканомілі — спадзяваліся на жар ад пліты). Успомнілася духмянасць спецыяў — базіліку, шалфею і размарыну, якія яна вырошчвае на падваконні. Шалфей яна кладзе ў бульбу, а размарын дадае да кураціны.
«А я бульбу са свежым кропам вару!» — з выклікам уставіла сяброўка, і ў абедзвюх маладзіц пацякла сліна.
Справа цягнуліся вялікія гароды прыватнага сектара, пасвіліся козы. Паколькі былі выходныя, некаторыя людзі бралі бульбу. Ганна пацікавілася: «І не баяцца людзі гародніну ў такім атачэнні вырошчваць? Тут жа могуць быць шкодныя рэчывы ў глебе — дарога, горад побач». Марына адказала: «Горад тут толькі сёмы год, а раней поле было. А калі захварэе хто ці памрэ, мараль заўжды можна прачытаць: кара Боская альбо сурокі. Добра жыў, жонку кінуў, машыну меў, рана замуж зайшла, позна дзяцей нарадзіла, дзеці “мамуляй” клікалі — прычына знойдзецца на любы густ. Ты б знарок не прыдумала. А ў нас зараз падцірачнай літаратуры ў гэтым кірунку — мора. Яны яе і штудыруюць. Ты людзей лечыш, а гэтыя сабе адмыслова хваробы раскалупваюць».
Насустрач маладым жанчынам рухалася дзяўчына з сабакам. Высокая, прыгожая. У твары ейным угадваліся пару пакаленняў якаснага харчавання, жыццёвай уладкаванасці. Марына ўздыхнула: «Ох, а мы з табой савецкія недакормышы». Ганна ўсміхнулася: «Не брашы. Твая маці заўжды скардзілася, што ты адно малако да трох гадоў піла — ад усяго іншага адмаўлялася». «Не пельмені ж мне было крамныя есці», — буркнула сяброўка. Ганна рассмяялася: «У мяне быў далікатнейшы густ — я, акрамя вясковых прысмакаў — кілбасы і кумпяка, яшчэ крамныя вэнджаныя скабачкі і смажаную мойву любіла». Жанчыны засакаталі. Дзяўчына з сабакам якраз мінала іх. Зрабілася няёмка, як быццам бы яны з яе насміхаліся, і Ганна апусціла вочы. Вось дык дзіва: дзяўчына была абутая ў зялёныя гумовыя боты. У ангельскай глыбінцы гуляюць у такіх на фоне пагоркаў з авечкамі. Той самы колер — ці тое моху, ці тое восеньскай травы.
Ганна рэзка абярнулася, каб яшчэ раз паглядзець на дзяўчыну — тая была добра, па-сучаснаму апранутая, упэўнена ішла сабе ў бок гораду, задаволена пазіраючы на свайго сабаку. «Не баіцца», — задуменна прамовіла жанчына. «Чаго не баіцца?» — не зразумела яе сяброўка. «Дзяўчына гэтая не баіцца, што яе калгасніцай называць будуць — сабаку ў гумовых ботах выгульвае». «Хіба мы з табой разбіраемся? Тыя боты, можа, з мой вазок каштуюць. А на калгаснікаў ты яшчэ з’ездзі паглядзі — у іх такія машыны на грыбах-ягадах пакупляныя, што і табе не сорамна было б мець. А ўлетку яны боты не носяць — у іх туфлі нейкія гумовыя. З кветачкамі». «Так, жыццё не стаіць на месцы, цяпер тут новыя разлікі», — прамовіла Ганна, і яны пайшлі далей.
Мімаволі Ганне ўзгадаўся Райнер. Ён служыў разам з Аляксандрам. Лічыўся ветэранам цывільнай службы, вялікім спецыялістам па Беларусі і дбайна маскіраваўся пад мясцовае насельніцтва. Калі Ганна ўбачыла яго ўпершыню, ёй захацелася як мага хутчэй схаваць ці як інакш уратаваць яго. Зімой, у дваццаціградусны мароз, у Чыжоўцы ён быў абуты ў парсючкова-ружовыя гумовікі, над кругленькімі акулярамі сядзела футровая шапка са спушчанымі вушамі. «Як жа яго не б’юць?» — здзіўлялася тады дзяўчына і вырашыла, што яго проста не заўважаюць, як якога-небудзь іншапланецяніна, бо такі цуд не можа разгульваць па вуліцы.
Пакрысе жанчыны падышлі да прыватнага сектара. Тут было файна, амаль як у вёсцы: уласныя дамкі, нават катэджы, сады, каты і сабакі. Адзін з іх забрахаў на іх на ўсё горла, але, убачыўшы вазок, схамянуўся і сарамліва залез у будку. Побач блукалі таўстаногія бройлерныя пілюкі ростам са шчанюка. Вылупіў вочы і закукарэкаў певень. Марына толькі за галаву хапалася: маглі разбудзіць дзіцё. Каля адной з хатаў шчаслівыя гаспадары разбіралі зарэзаную свінню. Гарачая вада і кроў цяклі праз дарогу да даўно не вывожанай сметніцы-кантэйнера. Маладзіцы перанеслі праз гэты ручай вазок і паспяшаліся да парку.
Спусціўшыся па крутым схіле да ракі, Ганна з Марынай дайшлі нарэшце да моста. Ехаў якраз вясельны цуг. Старыя даўгія мерседэсы, бээмвэ. За стырном — адныя жанчыны. Выгляд правінцыйны. Правінцыя не рымская. На дарозе гразі было па лыткі. Ганна пацікавілася: «Няўжо столькі вяселляў, што гэтак дарогу разбілі?» «Не, — патлумачыла Марына, — гэта цяжкая тэхніка. Тут жа рэстаўрацыя». Азірнуўшыся, Ганна заўважыла, што будынкі былой вінакурні, дзе раней жылі «мясцовыя», стаяць без вокнаў і дахаў. Дзве жанчыны няпэўнага ўзросту з савецкай хімічнай завіўкай якраз міналі іх разам з дзецьмі гадоў дзесяці. Малыя спыталіся: «А гэта хто будынкі пабурыў — фашысты?» «Не, — адказалі кабеты, — гэткія благія дзеці, як вы». Задаволеныя сваімі выхаваўчымі метадамі, цёткі рушылі на выхад з тэрыторыі сядзібы.
Перад шлагбаумам каля былой карчмы стаялі два вяселлі. Забаўная стылёвая моладзь, экзатычныя машыны. Радзіны пілі з крышталёвых бакалаў шампанскае, маладых не было відаць. Падняўшыся ў парк, жанчыны ўбачылі і маладых. Нявесты, задраўшы белыя пышныя сукенкі, на шпільках мітусіліся паміж векавечнымі дрэвамі і напаўразабранай сядзібай. Іх ганялі па гразі прасунутыя фатографы з драпежным выглядам і адпаведнай хваткай. Самі, відаць, свежанькія гарадскія парачкі. На гэта было балюча глядзець. «Цьфу, жалю варта!» — пракаментавала Ганна. «Затое фоткі будуць шыкоўныя», — запярэчыла сяброўка. «А мы з табой стаім у ЗАГСе, як манекены — на балкончыку, пад гярбом». Абедзве пераглянуліся і ўздыхнулі. Цэлае жыццё праходзіць. Цэлае жыццё. «Хай лепей маладыя бегаюць па парку, чым мясцовыя», — падвяла выснову Марына. «А дзе яны, дарэчы, падзеліся?» — пацікавілася госця.
«Рассялілі, відаць. Бачыла — каля крамы? Яны, можа, і ёсць. Каму тут у нас піць? Людзі крэдыты плоцяць».
Жанчыны засумавалі, але, з іншага боку, парадаваліся — кожная за сябе. У іх ужо ўсё ў мінулым: вяселле, вырашэнне жыллёвага пытання, цяжарнасць і роды. Жыві сабе, гадуй дзяцей, бэсці трошачкі мужа. Калі б так. Падумалі пра працу, пра будучыя школьныя клопаты. Цяпер усё для нашчадкаў, каб усё ў іх было лепей ці хаця б не горай за бацькоў і суседзяў. А вырастуць — прыстройвай іх, раны ад першага кахання ім залізвай. А потым ім адукацыю атрымліваць, зарабляць, шукаць сябе, сваю палову, нараджаць унукаў і гэтак бясконца.
«Добра, што ў мяне ёсць сяброўка ў Германіі — адпраўлю сваіх дзяцей да яе. Хай вучацца, працу знаходзяць. Там яны не прападуць», — падумала Марына. «Файна, што тут нешта мяняецца, а сябры старыя застаюцца. Радзіма ёсць радзіма. Калі з маіх у Нямеччыне толку не выйдзе, заўжды можна вярнуцца сюды. Тут столькі дзівосных куточкаў, а ў іх — цэлы свет. Жывуць жа тут неяк людзі?.. Паеду, можа, калі пагляджу на наш каштан. Толькі гумовікі зялёныя абавязкова сабе куплю», — паглыбілася ў марныя летуценні Ганна, разглядаючы заплямленыя мокрай глебай скураныя боты.
Нечакана перад жанчынамі выпырхнула чарада хлапчукоў у плаўках. Нягледзячы на каляндар, дзеці купаліся ў рацэ і скакалі ў яе з тарзанкі. Адзін малы з завушніцай у вуху спыніўся, бегучы да дрэва, і пільна паглядзеў на агаломшаных цётак. Белабрысы, друзлы — такіх звычайна празываюць у школе «смятана». Колькі яму? Гадоў трынаццаць? На разважанне, як і на наступны ўдых, не было часу. Альбінос павярнуўся да кабетаў задам, спусціў трусы і з гонарам закрычаў: «Kіss my black ass!» Праз момант, абліўшы знямелую публіку халоднымі пырскамі, хлопец з гікам сігануў з тарзанкі ў ваду.