Час з Ганнай праходзіў нязмушана і весела, але ўсё ж на выходных Аляксандр з палёгкай уцёк ад гэтай разявы — з’ехаў да прыяцеля Паўла ў правінцыю. Мужчынскае сяброўства не параўнаць з бабскімі выкрунтасамі. Хлопцы хадзілі ў вандроўку ў пушчу, сплаўляліся па рэчцы, парыліся ў лазні, каталіся на роварах. Аляксандр вярнуўся ў Менск толькі на два дні разам з Паўлам. Той ужо даўно жыў у Германіі, таксама толькі што скончыў універсітэт і знайшоў сабе працу. Цяпер ён прыехаў на колькі тыдняў развітацца з бацькамі. У Берлін хлопцы ад’язджалі разам. На Ганну часу не было: трэба было збірацца, купляць падарункі і абавязкова снедаць-палуднаваць-вячэраць у гаспадыні, каторая ўжо паціху паплаквала праз неабходнасць чарговага развітання са сваім любімым пастаяльцам. Аляксандр абмежаваўся тэлефонным званком да Ганны, абяцаў перадаць маці і бацьку прывітанне. Хлопец з дзяўчынай шчасліва пазбавіліся адзін ад аднаго і зажылі сваім звычайным жыццём.
Калі ад Аляксандра прыйшоў сардэчны і-мэйл, можна было б сказаць, што здзіўленню Ганны не было межаў. Але гэта не так. Яна часта ўзгадвала гэты вечар на вакзале і адчувала, што ейнае жыццё прыме новы абарот. Аляксандр настальгічна пісаў, што Менск для яго непапраўна зрабіўся горадам кахання і што сустрэча на вакзале нейкім чынам перавярнула яму душу. Гэты вечар патрабаваў працягу, а чыгуначная дэкарацыя павінна была замяніцца новай. Ліставанне зрабілася сталым. Гэтыя двое, здаецца, былі аматарамі кахання на адлегласці, бо былое вялае знаёмства ўрэшце перарасло ў знітаванасць. Можна толькі развесці рукамі, але і Ганна выправілася ў вырай і зайшла замуж за немца, марыўшы дагэтуль пра «добрага хлопца з суседняга двара».
Свякруха — заўжды свякруха. Інгрыд, здаецца, пакрыўдзілася спачатку на Ганну. Вось: гадавала-гадавала сабе навуковую змену, а тая ўзяла і каварна падабралася да ейнага адзінага сына. Але Інгрыд была з тых, каго Ганніна бабуля называла «файная кабета». Па непрацяглым роздуме будучая свякроў выдала, што нявестка — гэта вялікая непрыемнасць, і што залатакудры хлопчык-арыстакрат з добрай ангельскай ці італійскай фаміліі быў бы больш прыемнай парай ейнаму сыночку. Але ёй не хацелася б апускацца да радыкалізму, да таго ж — унукі. Таму лепей ужо Ганна, чым якая-небудзь іншая чужая дзяўчына.
Так Ганна сталася нявесткай файнай кабеты. А замужняя жанчына часта робіцца падобнай не да маці, а да свекрыві. Яшчэ падчас дактарантуры дзяўчына пераняла шмат якія погляды і пабытовыя звычкі рафінаванай Інгрыд, хоць і пазбавілася ад першага шчанячага захаплення. Аляксандр не пачуваўся косткай, якую маці з жонкай, бы дзве ашалелыя сукі, выгрызаюць адна ў адной з горла. Прафесарская ўнучка Ганна і Інгрыд, у каторай прадзед-пастар валодаў мануфактурай, лёгка сышліся ў новай якасці. Абедзве жанчыны любілі наведвацца адна да адной, сустрэцца ў кавярні ці пагуляць па крамах. Ганне падабалася ездзіць да свекрыві ў Берлін, а той прыемна было зазірнуць у паўночны N-штадт, дзе Аляксандр завёў пасля абароны доктарскай дысертацыі практыку.
Непадалёк ад N-штадта знаходзілася ці то мястэчка, ці то вёска, дзе жыў некалі Інгрыдзін прадзед. Дом ягоны быў даўно прададзены, але каля брукаванай дарожкі ў суседнюю вёску застаўся пасля продка велізарны каштан. Прадзед пасадзіў яго на тым месцы, дзе некалі спыніўся жахлівы патоп. Продакпастар прыпісваў гэты цуд сваёй агульнай з вяскоўцамі малітве. Інгрыд з Ганнай хоць-калі ездзілі да гэтай славутасці. Самае дзіўнае, што на страчанай зямлі Ганнінага прадзеда таксама рос магутны каштан — на паўвыспе ў трыццаць гектараў, утворанай ракой. Але Ганна ад самага дзяцінства не вярталася туды, бо зусім побач знаходзілася адселеная пасля Чарнобыля зона.
Правінцыйнае жыццё жахала дзяўчыну, але з цягам часу ў яе склалася ўражанне, што альбо ўся Германія — правінцыя, альбо там правінцыі проста няма. Жыла Ганна ў пятнаццаці кіламетрах ад сталіцы федэральнай зямлі, у кіламетры ад крамы экалагічна чыстай ежы і касметыкі, у трохстах метрах ад булачнай, дзе раніцай можна было купіць свежага самапечанага хлеба ды патачыць лясы з патомным пекарам. Амаль усюды лёгка было трапіць на ровары і не забруджваць паветра машынай.
У іхнім гарадку парадкі былі ледзь не як у заходнебеларускай вёсцы, прынамсі, паразмаўляць у краме ці на вуліцы з суседзямі ды знаёмымі ёй даводзілася часцей, чым дома ў Менску. Пальцам на Ганну не паказвалі, прынялі за сваю і раілі як добрага псіхолага знаёмым. Візітоўка з усімі рэгаліямі (нямецкім доктарам і беларускім кандыдатам навук), добра падвешаны язык — вось уся яе рэклама. На працу Ганна магла ездзіць у розныя гарады, бо праводзіла семінары, трэнінгі, давала кансультацыі. Калі нарадзіліся дзеці, выязджала яна радзей — толькі па прывабных замовах. У яе і так быў тузін справаў: звазіць дзяцей у парк адпачынку, у басейн, у кавярню, падскочыць самой ці са свякрухай за дзвесце кіламетраў на новую выставу. А гатаваць! А пачытаць цікавую кніжку!
А вырвацца сям’ёй на выходныя на Паўночнае мора! Якая ж тут праца?
Жытла свайго ў іх не было. Аляксандр не выключаў неабходнасці пераехаць аднойчы на новае месца. Таму яны здымалі асобны дом і самі здавалі Аляксандраваму практыканту гасцявую хатку, што стаяла ў ружовым садзе. Муж жартаўліва пераконваў яе: «Нашто нам дом у Германіі? Гэта не цікава. У маіх продкаў іх было дастаткова. Лепей будзем класці грошы на рахунак, а на старасці гадоў купім вілу на Міжземным моры. Пададзімся бліжэй да сталіцы: усё ж Германія — былая рымская правінцыя». Ганне не падабалася такая няпэўнасць, але яна спадзявалася, што Інгрыд у скрайнім выпадку прыгрэе іх у сваіх берлінскіх харомах. Нарэшце можна будзе вярнуцца ў сапраўдны горад — у раскошную кватэру з садам, куды трапляеш праз французскае вакно на кухні. Але паціху мара гэтая зусім згасла — дзяўчына зрабілася тыповай нямецкай правінцыялкай у няіснай правінцыі. Ганнін свёкар — інжынер на пенсіі, які пачынаў дзень на тэрасе за філіжанкай кавы, праглядаючы газетныя аб’явы пра распродажы і аўкцыёны, у свой час не памыліўся: дзяўчына сталася для іхняй сям’і добрым укладаннем па сходным кошце.
…З таго незабыўнага вечара на вакзале прайшло дзесяць гадоў. Налета старэйшае дзіцё трэба было аддаваць у школу. І сын, і дачка не маглі дачакацца той вучобы, бо ім увялі ў вушы, што каб быць паважаным чалавекам, трэба здабываць веды. Абодва хацелі зрабіцца ўрачамі на радасць Аляксандру і Ганніным бацькам — тандэму хірурга і анестэзіёлага. Сама ж Ганна спадзявалася, што пры такім развіцці падзеяў дзеці будуць дактарамі ў Нямеччыне, а не ў Беларусі. Альбо паедуць у якую-небудзь місію ў Афрыку — не так крыўдна будзе за гады цяжкіх штудыяў. Так ці іначай, але ў Менску дзеці размаўлялі на такой мудрагелістай нямецка-руска-беларускай трасянцы, што ў іх не мелася шанцаў быць калі-небудзь прынятымі на вучобу ці працу. А ўсё таму, што Ганна ўпарта гутарыла з дзецьмі па-беларуску. Аляксандр адпачатку не верыў у гэтую задуму: «Лепей бы ты з імі па-ангельску размаўляла». Невядома, ці была з гэтай упартасці якая карысць, бо дзеці загаварылі ледзь не ў тры гады і па-нямецку. Ганна сама здзіўлялася, як малыя разумеліся з менскімі дзедам і бабай, але нейкім чынам яны знаходзілі агульную мову і добра ладзілі.
Цяпер, калі Ганна прывозіла ўнукаў летам да сваіх бацькоў, сустракалі ўжо яе саму. Як вялікую, але ўнутрана чужую пані. Сёлета, за год да школы, вырашана было затрымацца ў Ганніных бацькоў да канца верасня. У першыя выходныя восені бацькі адвезлі дзяцей на лецішча, а Ганна кінулася наведваць старых знаёмых. Вось і гэтым днём яна выбралася да сяброўкі з ліцэя. Марына паўгода таму нарадзіла другое дзіцё і пераехала ў большую кватэру ў Лошыцы. Ганна памятала, што гэта было нейкае гістарычнае месца з сядзібай і рамантычным запушчаным паркам. Каля ракі ў ім яны некалі дзявочай кампаніяй святкавалі сяброўчын дзень народзінаў і ўвесь час трэсліся, што да іх прычэпіцца мясцовая набрыдзь.
Марына жыла далекавата ад парку — прыпынкаў пяць на аўтобусе. Наўкола месціліся даўгія рудыя дзевяціпавярховікі. Сярод іх тырчэлі рознакаляровыя дваццаціпавярховыя слупкі з французскімі вокнамі. Уражанне было, што трапляеш у новы мікрараён васьмідзясятых гадоў, толькі з прэтэнзіяй і расфарбаваны весялейшымі фарбамі. Каля крамы на прыпынку таўкліся цёмнай масай прасмердлыя тытунём і спіртным алкашы. Ганна, стараючыся не глядзець на іх, перабежкамі рушыла ў двары. Там было пякней. Пад вокнамі буялі вераснёўскія кветкі, амаль усюды красаваліся фіялетавыя хрызантэмы, хоць дзе дажывалі сваё белыя гартэнзіі. Каля Марынінага пад’езду прыхіліліся да сцяны барвовыя пляцістыя ружы.