Яна не зверне на гэтага прыстойнага дзядзечку ніякай ўвагі: будзе апантаная страхам, што «дзеткі» будуць злаваць на яе, бо не зварыла ім своечасова паесці. Ваўкалак жа летуценна міне кульгавую цётухну, бо паглыбіцца ў чароўныя ўспаміны пра сваё старое каханне, якое жыве ў двары напроць Кракаўскага. Ён і ходзіць гэтай дарогай не зусім дзеля таго, каб купіць унуку пакамечанага вінаграду, а каб спаткаць яе — прыгожую, жартаўлівую, фігурыстую. Але не дай Бог гэтым дваім сустрэцца. Хай яны жывуць у сваіх мроях і не-не ды ўзгадваюць такую нядаўнюю маладосць.
Ліпень–кастрычнік 2009 г.
ОДА ЗЯЛЁНЫМ ГУМОВІКАМ
Пахла чыгункай, воляй, вандроўкамі. Пабразгваў метал. Прыбіральшчыкі ў памаранчавых камізэльках прахаджваліся па перонах і падмяталі, здаецца, няіснае смецце. На платформах тоўкся разнамасны люд. Бабка з кітайскай клятчастай сумкай і студэнтка на шпільках — на Баранавічы. Кабета ў замшавым бэзавым плашчы і гэткіх жа пальчатках — на замежны цягнік. Чорна-шэрыя прыгарадныя жыхары — на электрычку дахаты. Дачны шал пайшоў на спад — месца ў вагонах поўна. Вечар будняга дня, верасень.
Ганна сустракала. Стаяла, агорнутая прыцемкам, хвалямі электрычнага святла, чыгуначнымі пахамі, і хацела толькі аднаго — з’ехаць. Аддацца на волю лёсу, патануць у жыццёвай плыні, не разважаць — рухацца і рабіць. Тое, што хочаш. Тое, што можаш. Тое, што любіш. Хацелася дазволіць таму, што павінна адбыцца, здзейсніцца. І падзеі пачалі разгортвацца самі па сабе, ды як пад наркозам.
Учора Ганна купіла віннага адцення штроксы, каб канчаткова развітацца з псіхалагічнай залежнасцю ад былога сябра. У знак пратэсту замест дазволенага шэрага і чорнага перакінулася на жыццесцвярджальныя колеры. Хацелася пачувацца жывой, здольнай на вар’яцтва. Апошняе ёй добра ўдалося. Калі яна ішла на вакзал у чырвоных, крыху раскляшоных штроксах і белым швэдары ў абцяжку, яе пераняў бомж. Паглядзеў у вочы і выразна прамовіў, бы паставіў дыягназ: «Путана». Ганна была згодная з ім, што такі знешні выгляд не зусім пасуе сур’ёзнай дзяўчыне, але трэба было неяк змагацца за свае правы на жаноцкасць, эмансіпавацца. Як гэта ўсё растлумачыць бамжу? І да таго ж абуць туфлі на абцасах яе прымусілі абставіны: яна запрацавалася і не мела часу пакараціць новыя нагавіцы.
Цягнік з Берліну прыйшоў без спазнення. Ганна падлічыла вагоны, рушыла да патрэбнага, стала чакаць. Павінен быў прыехаць сын ейнай былой навуковай кіраўніцы. Тая за шчаслівы час берлінскай дактарантуры зрабілася ёй настаўніцай і вялікай сяброўкай, ледзь не другой маці. Нездарма навуковая кіраўніца называецца па-нямецку «Doktormutter». Інгрыд узяла дзяўчыну з Менску ў дактаранткі, бо сын ейны праходзіў альтэрнатыўную службу ў Беларусі. Краіна гэтая зрабілася амаль роднай, і хацелася мець яшчэ адну зачэпку да Аляксандравага новага прытулку. Важна гэта было яшчэ й таму, што акурат на выпускным балі сын закахаўся ў аднакласніцу, а тады хутка трэба было ад’язджаць на службу ў Менск.
Каханне на адлегласці — вялікае выпрабаванне і для закаханых, і для сяброў-бацькоў. Агеньчык таго пачуцця падтрымлівалі і раздзімалі ўсе разам. Далучылася да гэтай адказнай справы і Ганна: вазіла лісты, пасылкі, перадавала на словах усё тое, чаго не выказаць на паперы. Як ён паглядзеў, што сказаў, а ці няма вакол яе новых кавалераў, ці маркоціцца яна без яго. У Ганны таксама заставаўся ў Менску хлопец, ад чаго ўся гісторыя набывала містычны сэнс і касмічны маштаб. Ці варта казаць, што абедзве парачкі, вытрымаўшы разлуку, з вялікім болем і здзіўленнем разышліся праз некалькі месяцаў пасля ўз’яднання.
Ганна, каторая праз свайго сябра адмыслова вярнулася на радзіму, выкладала ва ўніверсітэце псіхалогію і перапісвала дысертацыю ў адпаведнасці з мясцовымі патрабаваннямі. Аляксандр скончыў у Берліне вучобу на ветэрынара. Абодва толькі паціскалі плячыма ў дачыненні да выбару другога: бесперспектыўная кар’ера. Абодва ўжо аплакалі сваё старое каханне — толькі Аляксандру чамусьці яшчэ хацелася вярнуцца ў «горад маладосці» і надыхацца ўспамінамі перад сталым жыццём.
Інгрыд перадала з Аляксандрам новыя навуковыя часопісы і кнігі: яна не пакідала сваёй выхаванцы. Хлопец злаваў: яго абцяжарвалі і цэлая торба цяжкіх кніжак, і былая дактарантка маці — сведка няўдалага раману. Калі цягнік спыніўся, Аляксандр дачакаўся сваёй чаргі выходзіць, затрымаўся ў дзвярным праёме, каб удыхнуць на поўныя грудзі першае ўражанне ад Менску, і толькі потым саступіў на перон. Падплыла Ганна. Яны ветліва павіталіся. Хлопец, не хаваючы сваёй незадаволенасці, торкнуў ёй у рукі матчыну перадачу. Ганна зрабіла выгляд, што не заўважае негатыўнай рэакцыі, і прашчабятала нешта пра дарогу і «як даехалі». Задача была як мага хутчэй запхнуць сыночка ў таксоўку і вярнуцца дахаты — парабіць, а то і адпачыць.
Разам яны рушылі па пероне ў бок пераходу. Размаўлялі, каб падтрымліваць свецкі прылік і выказаць павагу да Інгрыд. І тут раптам на іх накаціла салодкая млявасць, лёгкасць, неабцяжаранасць ніякімі абавязкамі. Горад накрываўся вечаровай смугой, запальваліся дрогкім святлом ліхтары, пастэль беларускага паветра рабілася густой і мяккай. Нейкая лагодная сіла вынесла іх у сваіх пяшчотных абдымках на прывакзальную плошчу, да таксоўкі, па праспекце — да Аляксандравай былой гаспадыні. Хлопец з дзяўчынай развіталіся значна больш прыязна, чым павіталіся, бо разам перажылі чароўную трансфармацыю вераснёўскага вечара. Разамлелая да поўнай адключкі пачуцця рэчаіснасці, Ганна паехала на гэтай самай таксоўцы дахаты і толькі перад сваім пад’ездам спахапілася, ці ёсць у яе ўвогуле грошы. На шчасце, грошай хапала з гакам, і таму Ганна схадзіла ў кандытарскую па пірожныя. Там ёй не сапсавалі настрой нават аморфныя смярдзючыя істоты ў непазбежным віна-гарэлачным аддзеле.
Ганна не падабалася Аляксандру. Яна была старэй за яго на тры гады, насіла швэдары і джынсы, туфлі без абцасаў, амаль не фарбавалася. Ільняныя валасы свае магла заплесці ў касу, закруціць у хвосцік, бы тая школьніца. Яна была занадта немкай, а яму апаскудзелі немкі і прываблівалі апантаныя сваёй знешнасцю беларускі. Але гэтым вечарам дзяўчына была сама не свая — страціла над сабой кантроль ці што? Гледзячы на агні праспекту, паглынаючы вачмі яскравае жоўтае марыва, ён перавёў позірк на Ганну. Тая шчыра, бы дзіцё, усміхалася гораду, будзённаму святу і яму — чужому госцю. Паўпрыцемак таксоўкі, водбліскі вулічнай падсветкі змякчылі яе твар, характэрны для старой еўрапейскай пароды. Пластычныя рукі абдымкам прыціскалі да белага раблёнага швэдара торбу з кнігамі. З другога боку валізку падтрымлівалі каленкі ў мяккім барвовым штроксе. Гэта было пякней і прасцей за кіно — можна было працягнуць далонь і датыкнуцца да запаволенага каляровага віру. Але добра выхаваны Аляксандр гэтага, вядома ж, не зрабіў.
Наступны тыдзень перабывання Інгрыдавага сына ў Менску Ганна чаргавала выкладанне, перапісванне дысертацыі і клопат пра хлопца. Зарабіўшыся, яна магла спазніцца на сустрэчу на паўгадзіны, але цешылася з выкананай працы. Аляксандр чакаў дзяўчыну і ненавідзеў яе. Калі Ганна нарэшце з’яўлялася, ён радаваўся, што ягонае вымушанае бяздзеянне мела вынік, і забываў, хто быў таму чаканню прычынай.
Далей парачка бадзялася па кавярнях — Ганна праводзіла экскурсію па месцах, дзе кажуць «дзякуй» і «калі ласка». Аляксандр паблажліва трываў гэтае дзівацтва, бо шмат дзе можна было сядзець за столікам знадворку, любавацца архітэктурай цэнтру і ўспамінаць рэдкія наведванні ў Менск былой сяброўкі. Хлопец з дзяўчынай не ўзгадвалі яе — гутарылі пра Інгрыд, Берлін, беларускую гісторыю. Аляксандр пасмейваўся: «Я хутка зраблюся свядомым беларусам». Ганна толькі хмыкала: «Хоць недзе табе, немцу, можна быць нацыяналістам». На што госць заўважаў: «І не кажы. Я лёгка магу прызнацца ў любві да вашай краіны, але мне няёмка будзе заявіць, што я люблю Дойчлянд». Дзяўчына падсумоўвала: «А мне дазволена любіць Беларусь, ды нельга быць тут беларускай…».