Ачуняўшы пасля таго прыступу страху за будучыню, які здарыўся з ёй каля «Цэнтральнага», Сафія чакала і-мэйлу неяк паміж іншым, ледзь не дзеля жарту. Ёй здавалася, што прайшло яшчэ мала часу і гэтаму чалавеку трэба сабрацца з думкамі. Потым чаканне ўвайшло ў звычку, затым зрабілася апантанасцю. Гэты мужчына не адгукнуўся. Сафія здагадвалася, чаму: у яго таксама сваё наладжанае жыццё. Ён не баба, каб даваць волю цікаўнасці. А яна жанчына, ёй проста неабходна ведаць, што там з ім і як. А можа, Галя не надумалася перадаць яму адрэсу, і Сафія цяпер дарма чакае, нервуючы сям’ю? На жанчыну найшло нейкае насланнё. Яна разумела, што доўга гэтак цягнуцца не можа, што трэба альбо ставіць кропку ў гэтай хворай гісторыі, альбо ісці напрасткі. У гэтым насланні Сафія, як магла, берагла сына і мужа, якія не павінны былі падазраваць пра ейную пакуту. А ўсярэдзіне ў яе разгортвалася вайна: каханне, жаданне ўбачыць, намер перабароць ягонае маўчанне, ягоны нейтралітэт. Калі Сафія гатовая была выць і плакаць ад адной толькі думкі пра тую пастку, у якую яна сама сябе загнала, ёй нечакана напісаў Марцін. І-мэйл прыйшоў агульнай рассылкай: у ім паведамлялася, што галандскае адгалінаванне кантаўскай суполкі праводзіць невялікую канферэнцыю для тых, хто кансультуе бізнесоўцаў. Сафія трапляла пад гэтую катэгорыю і вырашыла ехаць. Сустракаліся ўсе ў нейкім памежным з Германіяй гарадку: арганізатары не хацелі сталічнымі спакусамі і вабнотамі адцягваць увагу ўдзельнікаў ад абмену досведам. Сафія патэлефанавала Галі і падзялілася навіной, а таксама запытала, дзе дакладна жыве яе брат, бо, можа, яна здолее што-небудзь яму адвезці і перадаць. Па нейкім неверагодным супадзенні, такім неверагодным, што нават сорамна пісаць, бо ніхто не паверыць, брат асеў менавіта ў гэтым гарадку. Галя дала Сафіі адрас і тэлефон. Перадаць нешта яна ўжо не паспявала, бо з’язджала рабіць спектакль у Брэст. У выніку Сафія ехала ў Галандыю, не абцяжараная ніякімі дамовамі, а толькі комплексам віны перад маленькім сынам. Перад Васілём яна не пачувалася вінаватай, бо гэтая гісторыя адбылася яшчэ да іхняга знаёмства і ёй здавалася, што ўсім палепшае, калі яна ўбачыць гэтага чалавека. Дарэчы, Сафія яго не папярэдзіла пра тое, што прыедзе, і нават не ведала, ці зрабіла гэта за яе Галя. На што Сафія магла спадзявацца? Жанчына вырашыла выпрабаваць лёс: хай усё будзе, як атрымаецца.
Калі Сафія прыехала ў Галандыю, то не памятала сябе. Адзінае, што змагла больш-менш прыстойна адпрацаваць свой майстар-клас, бо прафесійныя навыкі, як яна ўжо заўважыла, адміраюць апошнімі. Прыемна было зноў сустрэць калегаў, патусавацца сярод спецыялістаў. Забаўна было глядзець на Марціна і пасмейвацца пра сябе: нашто цяпер двайнік, калі хутка ўбачыш арыгінал. Канферэнцыя доўжылася толькі тры дні, мабіла была пры сабе — у перапынках і вечарам можна было колькі заўгодна тэлефанаваць Васілю, размаўляць з Дамінікам. Сафіі было сорамна, што яна не выканала дадзенае сыну абяцанне, але з іншага боку, гэткай пакуты, як у Англіі, не было. Сын ужо троху падрос, заставаўся з бацькам у звыклай абстаноўцы і перанёс разлуку значна лягчэй, чым мінулы раз. Затое ў Сафіінай душы панаваў хаос звар’яцелай ад кахання жанчыны, але яна цешылася сваім асобным, самотным існаваннем у прасторы і наперад смакавала пачуццё натхнення, якое падорыць ёй пры сустрэчы гэты мужчына.
У апошні дзень канферэнцыі ўдзельнікі, як звычайна, пайшлі пасля працы прагуляцца. Быў нічым асаблівым не запоўнены вольны час. Адныя замежнікі кінуліся ў кофішопы, іншыя блукалі па вуліцах, зазіралі ў бесчалавечна спакуслівыя кандытарскія. Сафія рушыла па адрэсе, каторую ёй дала Галя. Было так лёгка на сэрцы: стаяла вясна, усё цвіло, было цёпла — значна цяплей, чым дома. Радавала тое, што сёлета можна будзе перажыць надыход вясны двойчы: за мяжой і ў Беларусі. Сафія задумалася, нашто ёй гэтая раздутая гісторыя кахання, калі ў яе насамрэч усё так добра. Нашто гэтыя вычварэнні? Ці многа ёй трэба? Летам забіцца на лецішча, сядзець у садзе, чытаць кніжкі альбо старыя замежныя часопісы. Зімой — не хварэць. Прайсціся хоць пару разоў па заснежаным парку. Наталіцца снежнай прасторай. Можа, калі глінтвейну з мужам папіць. Увосень абавязкова зварыць слівовае варэнне з карыцай (на выпадак зімовай прастуды). Антонаўкай з дзедавага саду пахрумсцець. А так… Схадзіць у кіно, на канцэрт — куды там: сям’я, абавязкі. Хіба толькі ўспомніць першае вераснёўскае каханне. Вясной пачытаць японцаў. На радаўніцу абавязкова з’ездзіць у вёску на могілкі. Пабачыцца з блізкай і далёкай раднёй. Каб галаву закруціла ад цёплага паветра, ад птушынага спеву, ад аднаго-адзінага нарцыса, што вырас каля старога пішклятніку.
Сафія падышла да неабходнага дома. Насупраць, на іншым баку вуліцы, прадаваліся велізарныя нефарбаваныя цагляныя вазоны. Іх куплялі высокія маладыя галандкі. Гутарылі з прадавачкай, смяяліся і ішлі па сваіх справах. Сафіі захацелася быць адной з гэтых жанчынаў: шчаслівай, задаволенай жыццём, спакойнай. Такі вазон якраз можна было б купіць для лецішча. Але ж не цягнуць яго ў Беларусь. А з іншага боку, дзе там бегаць ды шукаць? На кожную хвіліну жыцця — рэгламент. Ай, вырашыла тут купляць. А гэты чалавек? Ды ну яго к свінням. Вазон тут, а ён невядома дзе. Можа, і глядзець няма на што. Так і не зайшла. Як бы яна жыла пасля гэтай сустрэчы? А што, калі б яна паставіла пад удар шчасце роднага сына? Страшна было і самой гэтаму чалавеку паказацца: прайшло столькі гадоў, і яна магла пастарэць, нават калі сама гэтага не заўважала. Вось каб убачыць яго ўпотай ці выпадкова… Сафія перайшла дарогу і купіла вазон. Перакінулася парай словаў па-ангельску з гандляркай. Ёй здавалася, што з боку яна выглядае як шчаслівая, задаволеная жыццём і спакойная жанчына. На той момант яна і была такой: Дамінікавай мамай, Васілёвай жонкай. Усе яе думкі былі цяпер дома — з яе роднымі, дарагімі мужчынамі. Сафія, ўсміхаючыся, падзяўблася з гэтым вялізным гаршчком у гатэль. Па дарозе не вытрывала і зазірнула ў кандытарскую. Яе абслугоўваў сам уласнік і, распытаўшы, хто яна і адкуль і што пасадзіць у новапрыдбаны вазон, усучыў ёй для сына нейкі адмысловы пірог. Як потым высветлілася, звычайны, хоць і трошкі адрозны ад нашага, пернік. Ад з’едзеных ласункаў Сафіі зрабілася гідка, так што магло падацца, што яна сапраўды выпаўзла з «кофі-шопу». Відаць, астатнія ўдзельнікі канферэнцыі так і падумалі, бо яны, хіхікаючы, паглядалі на Сафііну пакупку — раздумвалі, як яна пацягне гэтае дабро дахаты. Нічога — давезла. Цяпер забаўляецца тым, што ізноў чакае. Чакае яна, чакае муж, чакае сын, хоць ім і не сказалі, чаго і нашто чакаць. А ў гэты гаршчок яна ўторкнула — не, не цюльпаны, а штамбавую ружу. Гэткай бяды. Прападзе — дык прападзе, выжыве — дык выжыве.
Студзень–чэрвень 2010 г.
ЛЁС — НЕ ЛЁС
Яе ванітавала ад гісторыяў пра першае каханне. Яшчэ агідней было слухаць прапахлыя валідолам прызнанні патурпаных жыццём цётак. Маўляў, яны сустрэліся са сваім першым захапленнем праз трыццаць гадоў і зразумелі «справядлівасць» лёсу, які некалі іх развёў. Усе мудрыя азарэнні зводзіліся да «вось я яго спаткала, і высветлілася, што ён пагрэбаваў прафесіяй інжынера і гандлюе на рынку» альбо «разбагацеў і распанеў, а сам падобны да маршчыністай яшчаркі». Так і гучыць у вушах які-небудзь зубадрабільны расповед пра тое, што «ён патэлефанаваў, распавёў, які цяпер круты, а я гатовая была кусаць локці. А потым я паклала слухаўку, увайшла ў пакой, а там сядзіць муж. Такі родны. Глядзіць тэлевізар, п’е піва. І так мне зрабілася спакойна, так добра ад таго, што я не прагадала з замужжам».
Юля сумненняў у талковасці ўласнага выбару не мела і сантыментаў наконт якога-небудзь няўдалага раману не адчувала. Ёй цяжка было ўявіць сябе цёткай-лузершай, якая азіраецца на мінулае ў пошуках таго, хто мог бы яе, такую цудоўную і нікчэмную, пакахаць. Юля любіла сябе настолькі, што ёй не трэба было пабірацца, выпрошваючы каханне. Яна падабалася людзям. Бацькам, дзядулям-бабулям, выхавацелькам у садку, настаўнікам, крамшчыцам. У свой час нават суперніцы і свякруха не здолелі яе ўзненавідзець, як таго патрабуе жывёльны закон чалавечых джунгляў. Юля была з тых, хто, дзякаваць прыемнай знешнасці і ўпэўненасці ў сабе, выклікае міжвольную сімпатыю. Гэтая жанчына выпраменьвала спакой і пачуццё надзейнасці, якія аблашчвалі іншых, бы нязлобнае сонца даўнейшага беларускага лета. А Юля жыла сабе ўтульненька ў кокане ціхага замужжа і добра аплочваемай працы. Да ўсяго шчасліўка засялілася нядаўна ва ўласную новую кватэру і з гонарам за свой удалы лёс прынюхвалася да яшчэ нявыветранага паху сырога бетону.