Калі адпачынак скончыўся, Люба з Віктарам выправіліся ў горад. Асаблівага спадзеву на хуткае вяртанне не было, бо працавалі сем дзён на тыдзень. Пасля параў у суботу не мела сэнсу некуды далёка кідацца, і таму Віктар лічыў за шчасце пасядзець у архівах, а Люба нават у нядзелю сустракалася з сваімі аспірантамі і магістрантамі. Да таго ж увосень у горадзе віруе свецкае жыццё. Усе свежанькія і творчыя пасля адпачынку — так і струменіць крэатыў, толькі паспявай перабягаць ад музея да тэатра.
Але цалкам неспадзеўна верасень пайшоў па зусім іншым сцэнары. Упершыню за пятнаццаць гадоў працы расклад у абодвух зрабілі так, што ў суботу не было параў. І хоць начальства ўважліва сачыла за выкананнем кантракту і папярэджвала, што шэсць дзён на тыдзень раб-выкладчык павінен знаходзіцца ў пятнаццаці хвілінах язды ад універсітэту, Люба з Валерам вырашылі рызыкнуць — ездзіць па выхадных на сваё лецішча ў вёску. «Зараз людзі яшчэ ні бульбу не бяруць, ні гароды не парадкаваюць. Ягады адышлі, восеньскія грыбы не прымаюць. Я шмат чаго змагу запісаць. Зацішна, сентыментальны вераснёўскі настрой — у старых языкі развяжуцца», — строіў планы Віктар. «Мая прафесарка з Масквы палову былога Саюзу на лецішчы кансультуе, а потым два дні на тыдзень такія лекцыі чытае, якія ў нас дакладна не пачуеш. І ніхто не загадвае ёй бязвылазна сядзець на кафедры», — бухцела Люба. «Прарвёмся. Ад нашай кватэры на ўскрайку столькі ж ехаць да ўніверу, колькі адсюль з перавышэннем дазволенай хуткасці на якіх-небудзь дзесяць кіламетраў», — падбухторваў яе Віктар. «А калі пазногці будуць брудныя, вопратка прасмердне печчу?» — вагалася Люба. «Слухай, твая загадчыца не Шэрлак Холмс. Да таго ж ты сама казала, што яна сама ніколі пазногці не фарбуе. Можа, яна цябе нарэшце палюбіць?» — пасмяяўся муж.
Вырашана было ў пятніцу пасля заняткаў заскокваць у машыну і імчаць за горад. Аспіранты-магістранты мусілі адрывацца ад падпрацовак і абурана выпраўляцца на кансультацыі да Любы сярод тыдня, а архіў — чакаць зімы і змены раскладу. А трэцяй гадзіне дня Люба ўжо зарульвала на перакрыжаванне ля дзяржаўнай крамы. Яна ўспомніла Галю з Валерам і тую летнюю засаду, а заадно і тое, што ў хаце няма запалак. Люба спынілася каля распіснога плота настаўніка малявання і пабегла ў краму. Тая, праз суседскую павіннасць, асацыявалася ў яе выключна з бырлам. Некаторыя з яшчэ ўцямных мясцовых п’яніц нават мелі ў краме крэдыт і вярталі грошы з палучкі альбо са здадзеных чарніц і лісічак. Таму, купляючы запалкі, Люба мімаволі кінула позірк на паліцу з алкагольнымі напоямі і здзівілася, убачыўшы на ёй «Беларускі бальзам». П’яніцы такога не пацягнуць па грошах альбо проста пагрэбуюць, бо п’юць, па іхніх меркаваннях, нармальнае віно. Здаецца, «Беларускі бальзам» быў выстаўлены на продаж адмыслова для такіх вытанчаных вераснёўскіх пакупнікоў, як Люба. Для такіх, што звараць сабе добрай кавы, дададуць туды кроплю бальзаму, сядуць каля печкі і будуць чытаць навуковы часопіс альбо разумную кніжку ці балбатаць па мабіле з якім-небудзь менскім інтэлектуалам альбо калегам з Берліну. Зачараваная намаляванай карцінай і сваёй выкшталцонасцю, уцёкшая на выхадныя раба-выкладчыца запрасіла сабе бутэльку бальзаму і дома з гонарам паставіла яе каля кафейнага сервізу з кельцкім арнаментам. Але кавы яна не папіла ні ў гэты, ні на наступны дзень.
Спачатку бліжэй да вечара скончыўся газ — да Радаўніцы яны не меліся вяртацца ў вёску і не замовілі новы балон. Проста заліваць каву кіпенем з электрачайніка Люба палічыла плебействам і прыгатавалася трываць цяжкасці, пакуль не прывязуць электраплітку бацькі. Тыя, па шчаслівым супадзенні, вырашылі якраз прыехаць пахадзіць па грыбах.
Назаўтра нараніцу перагарэлі пробкі, і Люба з Віктарам, паснедаўшы сухапярам бутэрбродамі, выправіліся ў азызлы лес, малюючы ва ўяўленні сваё бясслаўнае вяртанне ў межы «пятнаццаці хвілінаў язды». Поўныя кошыкі дыхтоўных баравікоў неяк суцешылі іх, але халодная драбніца прабівала на кашаль. Люба баялася захварэць і пачала прыкідваць, як бы папіць гарачага. Пайсці да бабы Рэні, папрасіць гарбаты? Але ў вёсцы свае законы — падумаюць, што яна напрошваецца паесці ці ўвогуле звар’яцела хадзіць да паўдня ў госці, прасіць гарачага папіць. Зазірнуць да Галі з Валерам? Але ці вядзецца ў іх што ў гаспадарцы, акрамя бырла, ды ці ў вёсцы яны — можа, ужо балююць дзе ў Святках? Люба пачала паціху падвываць і скардзіцца Віктару на нягоды. «А ты выпі бальзаму, — прапанаваў ён. — Там зёлкі ёсць — гэта лячэбная рэч. І моцная. Дапаможа». Так Люба пасмактала грамаў дваццаць таго напою. І праўда, зрабілася цяплей, і горла ўжо не балела. Вядома, магла б цяпер патэлефанаваць і ейная сяброўка з Гумбальдтаўскага ўніверсітэту ці сябар-рэжысэр, але адбылася больш утульная і не менш прыемная падзея. Прыехалі нарэшце бацькі з сябрамі, прывезлі замоўленыя пробкі і электраплітку. Пачалося бясконцае перабіранне грыбоў, варка супу, і за агульным тлумам да кавы каля печы справа ў гэты дзень ізноў не дайшла. Пастаўленая нечай дбайнай рукой на старую абшытую дрэвам лядоўню «Снайгэ», бутэлька з бальзамам была забытая на паўгода. Толькі хоць-калі зімой Люба ўзгадвала пра яе ў горадзе. Яна разважала, што было б больш дарэчы, калі б яна зараз не на парах сядзела, а пакаталася на лыжах у вёсцы: гэтая нявыпітая кава з бальзамам ці гарбата з духмянага малінніку… І вось сталася так, што гэты чалавек адняў раму ад двара, адчыніў фортачку, дастаў цвік і выняў унутранае акно. Перакінуў тулава на падваконне, удыхнуў пах чыстай бялізны з шафы, ляжалых посцілак і пагрызеных мышамі шпалераў. Раней у малым пакойчыку стаяў каля вакна жалезны ложак. У дзяцінстве Любе падабалася ляжаць на ім, трымацца рукой за металічную шышку на брыжы, слухаць лета. Як куры квохчуць, пчолы гудуць, дзеці смяюцца, калодзеж рыпіць. Гадоў у дзесяць, лежачы на тым ложку, Люба чамусьці наважыла для сябе адказаць на пытанне, ці ёсць Бог. Невядома, чаму ёй так закарцела разабрацца з гэтым, але кожны дзень яна сядала з пазакласным чытаннем на ложак, прыслухоўвалася да наваколля, да сваіх думак, сагравала рукой металічны набалдашнік і пыталася ў сябе: «Ці ёсць Бог?» Тады яна вырашыла, што Бог ёсць. Беспадстаўна, бяздоказна — проста прыняла ў сябе гэты пастулат і ніколі ў ім болей не сумнявалася.
Цяпер ложак пераставілі да сценкі і на ягоным месцы стаяў нізкі фатэль. Ніхто ніколі не сядзеў на ім, бо пачытаць кніжку ўсё роўна любілі на тым самым ложку, як ва ўтульнай норцы, бо ён быў часткова застаўлены шафай. На фатэлі складалі коўдры і посцілкі, і чалавек гэты мякка спусціў на іх ногі ў запэцканых граззю гумовых ботах.
Ён толькі што быў у Галі з Валерам, мірна выпіваў, абыякава аглядаў іхнюю голую хату, ведаючы, што там няма чым парадаваць сваю клептаманію. Жыў Юрка ў суседняй вёсцы на звалцы, бо бацька прагнаў яго з хаты за штогадовыя судзімасці, п’янства і крадзеж. А што тут у вёсцы красці, чым наталяць сваю асацыяльную прагу? Вось хата адна нядаўна гарэла — толькі й радасці, што нацягаў сабе потым у логава абгарэлага рыззя. Вяртацца туды проці ночы не хацелася, мучыў голад, карцела яшчэ выпіць. Галі з Валерам ужо нямнога патрабавалася — пастарэлі, а яму яшчэ дваццаць пяць — малады арганізм просіць добра выпіць і закусіць. Юрка паспрабаваў раскруціць сяброў на далейшае баляванне. Гаспадары аднекваліся, хіліліся да брудных падушак. Госць разважаў услых, да каго б яшчэ прыбіцца, дзе б пажывіцца. Валера, ледзьве вяжучы лыка, узгадаў Любу: «Вось каб нам божую кароўку сюды, ды ў Святкі пракаціцца — з музыкай, уключыўшы печку». Юрка зацікавіўся, што за божая кароўка такая. Разамлелыя, Галя з Валерам яшчэ болей расплыліся, перанесліся ў думках у летняе цяпло. Вяла, з усмешачкай Валера распавёў Юрку пра суседку. Той не верыў сваім вушам: зусім побач, за трыццаць метраў стаяла хата, поўная райскіх дабротаў, а ён нудзіўся тут, у галяку. Разамлелыя сябры-сабутэльнікі ўжо ні цікавілі, ні раздражнялі яго. Ён адчуваў у сабе той хваравіты гон, які беспамылкова дапамагаў яму знайсці наручны гадзіннік у раздзявалцы, пакуль аднакласнікі былі на фізкультуры, адшукаць слоік агуркоў у суседкі ў сянёх ці бутэльку гарэлкі, прыпасеную аднавяскоўцам да пасадкі бульбы. Юрку не важна было, што гадзіннік у яго адбіраўся на наступным жа ўроку, за слоік ён атрымліваў таўкачом па карку, а за гарэлку — і ў вуха кулаком, бо ніколі не ўмеў хаваць крадзенага ці талкова скарыстаць з свайго нешчаслівага таленту.