Литмир - Электронная Библиотека

І вось ён выйшаў з маленькага пакойчыка ў гэтую хату. Тут было чыста, на падлозе ляжаў новы зялёны дыван, раскладзеная канапа была засцеленая посцілкай, шытай з сотаў-кавалачкаў штучнага футра (след маніі, якая ахапіла іхнія вёскі гадоў дваццаць таму). На журнальным століку быў абы-як нагрувашчаны стосік кніжак. На сценах, у серванце меліся фатаграфіі розных гадоў, і, па вялікім рахунку, цяжка было зразумець, хто жыве ў гэтым доме: ці якая-небудзь бабка, ці дачнікі. Юрка адчыніў белыя дзверы й увайшоў у гэтую хату. Смярдзела халоднай печкай, па падлозе й працёртым дыване ішлі белыя пісягі — відаць, мышы цягалі аднекуль муку. Ён прайшоўся па мышыных слядах — так і ёсць. На маленькай рудой лядоўні стаяў прагрызены пачак мукі, трохлітровы слоік закатанага салёнага сала й амаль поўная бутэлька «Беларускага бальзаму». Жыццё расквецілася рознакаляровымі фарбамі. Тут, Юрка ведаў, ніхто не мог схапіць яго за руку, вырваць з роту кавалак сала, запатрабаваць падзяліцца пітвом. Усё гэта было нічыйным. Нічыйным, таму што й хата была не хата, а нейкае лецішча. І жыццё гэтых людзей тут было не сапраўдным, а лялечным — далёкім ад усіх вясковых клопатаў, кшталту сена, дроваў, бульбы, пасты кароў, гадавання свіней і бясконцага летняга збірання грыбоў-ягадаў. Таму можна было не адчуваць згрызотаў сумлення, а ўявіць сябе сытым дачнікам, чужынцам у вясковым свеце, і з асалодай выпіць ды закусіць.

Юрка сеў да стала. Дастаў з шуфляды адкрывалку, пагартаў знойдзены ў ёй блакноцік з рысачкамі-працаднямі й запісамі кшталту «11-га кідалі гной у Восава». Абыякава засунуў шуфляду, апусціў цыратку. Наліў бальзаму ў кубак з нейкімі калючкамі ва ўзоры. Каўтнуў напою. Пасмактаў ягоную горыч, вязкасць. Адкрыў слоік, уцягнуў носам пах чосніку, адгрыз кавалак сала. Бальзам выпіў увесь. Зняў з тумбачкі вышываную сурвэтку, абкруціў ёй горла слоіка, засунуў яго пад паху. Перайшоў у гэтую хату, лёг у ботах на канапу, павалозіў шчакой па штучным футры і заснуў.

Прачнуўся рана — якраз каб сысці незаўважаным. Прыхапіў з сабой футраную посцілку й слоік з салам. Ціхенька зачыніў акно. Другую раму акуратна паклаў на гарышча маленькай пішклятні, прыбудаванай да істопкі. Юрка быў задаволены сваім дачным досведам. Валерава «божая кароўка» не расчаравала яго. Ён ведаў, што няхутка сюды вернецца, бо шчасце лепей не шукаць на старым месцы. Гародамі Юрка пашыбаваў далёка ў поле, каб выйсці на дарогу каля моста і каб ніхто не змог западозрыць, дзе прабавіў ён учарашнюю ноч, і не ўзбунтаваў ягоную па-злодзейску прыдбаную асалоду.

Юрка не ведаў, што ў яго ёсць яшчэ тыдзень часу. Сем дзён да Радаўніцы, пакуль не прыедуць гаспадары хаты. Пакуль не здзівяцца пустой бутэльцы на стале, не схопяцца посцілкі, не заўважаць адсутнасці другой рамы, не заявяць у міліцыю. Пакуль Люба не расплачацца, што згвалцілі ейны родны дом, у якім яшчэ ніколі за жыццё ўсіх пакаленняў не абдылося ніводнага злачынства. Пакуль міліцыя, стомленая тупасцю Юркі, не знойдзе ў ягоным бярлозе на звалцы спёртыя ў гэтых вучоных шызікаў рэчдокі.

А Юрка будзе жыць цэлы тыдзень бесклапотным дачнікам і звысака паглядаць у Святках на Галю з Валерам, калі тыя, абняўшыся, прыйдуць купляць нармальнае віно.

 Травень 2009 г.

ВАЎКАЛАК

1. У кожнай жанчыны ёсць свой ваўкалак. Мужчына, які будзе ісці да яе праз ноч, а потым шукаць неабходны пад’езд і, як дваццаць гадоў таму, памыляцца. Напачатку яго будзе выручаць дыванок — «Алімпіяда-80» з мішкам. Гадоў праз колькі ўжо і ў пад’езд не трапіш: нават у старых пяціпавярховіках, населеных калдырамі ўсіх масцей і пакаленняў, паставяць прымітыўныя дамафоны. Ды і дзяўчына ўжо даўно не будзе жыць у гэтым доме, а па тэлефоне будзе адказваць незнаёмы стомлены голас. Нумар мабільнага застанецца невядомым, бо гісторыя кахання пачалася і скончылася яшчэ тады, калі не трэба было тэлефанаваць, а дастаткова было з’явіцца ў пэўным месцы ў пэўны час. На паказе японскіх фільмаў, на джазавым сэйшне, у падвальнай кавярні ў Траецкім. Цяпер усё інакш — яны ўжо не ўпалююць адзін аднаго, бо змяніліся і час, і месца.

Ваўкалак пастаіць пад чужымі вокнамі. Ён па-ранейшаму будзе паліць, хоць яна, маючы дваіх дзяцей, свядома кіне. Ён паназірае праз цыгарэтны дым за чорнымі, засяроджанымі на сабе галінамі і тлумным жыццём за гардзінамі. Снег нападае шапкай на густыя яшчэ валасы, і яна ўжо не страсе яго дбайнай рукой.

З бліжняга пад’езда выйдзе жанчына з вядром. У халаце, зімовым абутку, цёплай куртцы. Будзе выносіць смецце. Мінаючы ваўкалака, яна пазнае яго і павітаецца. Ён кіўне галавой. Жанчына спыніцца і скажа: «Яна пераехала. Тут нічога не мяняецца — усе паціху співаюцца, але яна тут даўно не жыве». Ваўкалак здзівіцца, але потым здагадаецца, што гэта тая самая жанчына, якой ён не даваў спаць дваццаць гадоў таму. Ноччу ён памылкова званіў ў дзверы ейнай кватэры, жанчына адчыняла і бяззлобна тлумачыла: «Яна жыве ў наступным пад’ездзе». Ваўкалак выбачаўся, развітваўся, дзёўбся на спозненае спатканне. У наступным пад’ездзе ён быў больш асцярожным і амаль цвярозым — глядзеў пад ногі, правяраў, ці ляжыць патрэбны дыванок.

Жанчына ссутулена рушыць да сметніцы. Цяпер гэтай цётцы мусіць быць гадоў пад пяцьдзясят. Раней ваўкалаку здавалася, што гэта старэчы ўзрост, а цяпер яна сышла б за ягоную аднагодку — толькі пашарпаную і прыбітую жыццём.

Яму зробіцца крыўдна і агідна. Ён рэзка крутанецца, выйдзе з двара на праспект, спыніць машыну і паедзе дахаты. Там будзе пуста, неабжыта. Назаўтра ваўкалак паляціць на самалёце на сваю новую радзіму. Яго будзе чакаць сям’я, віктарыянскі дом і ружовая гартэнзія ў заднім дворыку.

Дыванок з мішкам застанецца ляжаць, там, дзе і раней. Яна без зразумелай для сястры прычыны забароніць той выкідаць яго. Потым яна будзе прыязджаць да сястры гады ў рады і сама здзіўляцца, нашто тая трымае перад новымі жалезнымі дзвярмі тое рыззё. А гэтая гісторыя… Яна заўжды будзе ведаць, пад адным яны зараз небам ці не. І гэтае адчуванне — усё, што ёй застанецца ад былога.

2. Ён будзе чакаць дылера каля паштамта. Прыстойны малады чалавек: ці то офісны планктон, ці то сам сабе начальнік. У строгім дарагім касцюме, з нейкім дурацкім кейсам, ён будзе пачувацца як груган на азяродах. Да прыпынку падкоціцца машына, уключыцца аварыйка. Нервы крыху адпусцяць: прыехаў — можна супакоіцца, заплаціць за сваё дабро й знікнуць. Нечакана з аўтамабіля выскачыць неверагодна прыгожая дзяўчына, кінецца змяёй яму на шыю, пацалуе ў вусны. Ён ашалее, абдыме яе за плечы, крыху адхіне ад сябе, прыгледзіцца. Ейная сяброўка! Шыкоўная, бясстрашная, недасяжная, заўжды радая паддражніць. Яна засмяецца, развернецца, скокне, бы тая котка, на пасажырскае сядзенне, і машына газане прэч. Усё, здаецца, адбудзецца за некалькі секундаў.

Ён будзе стаяць узрушаны, але пры гэтым як абліты памыямі: увесь прыпынак аблезлага люду будзе тарэшчыцца на яго. Знайшоў жа ён месца! Падвярнулася ж гэтая! Што за горад! Выпаўзеш у цэнтр — толькі што нябожчыкаў знаёмых не сустрэнеш. Немагчыма травы спакойна купіць. Стой цяпер, як дурань. Хай цябе цэнтравыя цёткі разглядаюць — яны хоць і лічаць сябе надта гарадскімі, але маральнае асуджэнне ў іхніх вачах адрозніваецца ад мікрараённага толькі на пару градусаў. І нават маладая дзяўчына, на выгляд прасунутая, будзе разглядаць яго з такім непадробным здзекам і грэблівасцю.

Ваўкалак ледзьве не прысядзе: інстынктыўна захоча схавацца, зліцца з асфальтам, казуркай запаўзці за калону. Такога проста не бывае, каб у адзін момант трапіліся абедзве гэтыя дзяўчыны. Гэта ж яна. Яна насмешліва падыме падбароддзе, схіліць набок галаву з непаўторнымі рудымі кучарамі — маўляў, як жа ты цяпер будзеш выкручвацца, свае паводзіны тлумачыць. І яшчэ гэты ідыёцкі касцюм і кейс! Ён спужаецца, што яна будзе лічыць яго безаблічным яппі! Высокая, зграбная, у элегантнай зялёнай сукенцы, што струменіць каля прыгожых ног. Свецкая ільвіца, якой непатрэбная машына, бо яна жыве і тусуецца на пары квадратных кіламетраў у сэрцы гораду.

58
{"b":"828985","o":1}