Нараніцу, снедаючы на кухні, Таццяна заўважыла на стале кола ад трохлітровага слоіка, у якім учора стаялі ружы для Марыі Іванаўны. «Ну вось, цяпер застанецца след на ўсё жыццё», — раздражнёна падумала яна і, змянчоная, па-будзённаму заварыла сабе гарбаты.
Жнівень 2006 — снежань 2009 г.
БЕЛАРУСКІ БАЛЬЗАМ
Гэты чалавек адняў акно, што выходзіла ў двор. Рама трымалася на трох цвіках і ўжо сама выпадала раз-другі ўлетку. Люба нават дзівілася, як гэта яшчэ ніхто да іх не ўлез у хату. Асабліва парачка мясцовых алкаголікаў — заўсёды без грошай, засмяглых, прагных выпіць. Іхняя далікатнасць пераўзыходзіла ўсе межы: у Любы грошай не пазычалі, мыла з падворку не кралі (у той час як на гэта скардзіліся ўсе суседзі). Адзінае што хоць-калі прасіліся, каб Люба адвезла іх на сваёй машыне пабырла ў суседнюю вёску. Аўтамабіль ейны, чырвоны «Форд Ка», яны празвалі божай кароўкай. Відаць, ім падавалася стылёвым пад’язджаць на гэткай адмысловай цацачнай машынцы да крамы на зайздрасць усім іншым засмяглым хадакам.
А пачалося ўсё з таго, што суседзі-алкаголікі перанялі неяк Любу ў Святках каля дзяржаўнай крамы. (Сама Люба закупалася ў прыватнай крамцы пад назовам «Алеся».) Галя з Валерам літаральна перакрылі целамі вузкую дарогу, расставіўшы ў бакі рукі. Звярнуць можна было толькі ў плот настаўніка малявання, таму жанчына мусіла спыніцца і запусціць пошасць у аўтамабіль. Парачка расцвіла. Кланяліся, усміхаліся шчарбатымі ратамі. Валера пачаў разувацца, стоячы на пяску. Люба запратэставала, але Галя таксама скінула гумовыя боты — у раблёных шкарпэтках з асцём і саломай палезла ракам праз пярэднія дзверы на задняе сядзенне. Селі, паехалі. Галя з Валерам радаваліся, як мурзатыя вясковыя дзеці. Распавядалі пра дачку (Любіну сяброўку дзяцінства), пра сваіх шасцярых унукаў, пра маленькага сына, адданага на выхаванне больш талковай за бацькоў дачцэ. Звычайнае кіно: алкашы вядуцца ў любым веку, як трусы, а нармальныя людзі вылічваюць дні авуляцыі, п’юць вітаміны, вядуць стэрыльны лад жыцця і ніяк не народзяць.
Тая іхняя паездка выклікала ўсеагульнае спачуванне да Любы з боку суседзяў і сяброў. Кожны другі дзелавіта пытаўся: «У машыне не смярдзіць?» «Не, — адказвала пацярпелая, — муж прапыласосіў і памыў. Здымаў нават сядзенні. Знайшоў нямецкую яшчэ чайную лыжку і пяцьдзясят эўрацэнтаў».
Рэагавалі амаль аднолькава: «Лепей пашукаў бы, дык і каску б нямецкую знайшоў». Але мыццё гэтае было часткова дарэмным. Галя з Валерам ператварылі добрасуседскія адносіны ў тэрор: часта яе не турпалі, але раз на тыдзень настойвалі на сумеснай вылазцы ў краму. «Хоць бы грошай не прасілі, — падбадзёрвала сябе Люба, — а то мы самі жабраваць пойдзем».
Хутка пачаліся пазачарговыя просьбы. Неяк раніцай Люба мыла ў сенцах галаву. Ведаючы, што ў вёсцы амаль нікога няма, бо ўсе бабкі сядзяць у лісічках, сенцы яна не зачыніла. Калі ў дзвярах з’явілася Галя, дзяўчына ажно здрыганулася. Было ад чаго: мала таго, што яна спужалася, дык яшчэ і здзівілася. Да вяселля іхняга трэцяга сына заставаўся яшчэ тыдзень, але Галя была акуратна прычасаная, умытая, апранутая ў чыстую светлую крымпленавую сукенку. На ёй былі блакітныя баваўняныя шкарпэткі і белыя басаножкі. Без каросты на твары суседка выглядала як тыповая сібірачка з Алтайскага краю. Люба стаяла, разявіўшы рот, і вада з мокрых валасоў цякла на плечы і станік.
Галя сціпла прысела ў дварышчы на лаве. У руках яна сціскала рудую сумку — яшчэ гадоў дзесяць таму з такімі сумкамі бабкі ездзілі ў райцэнтр па хлеб і цукар.
— Мыешся?
— Мыюся.
— І я сёння галаву мыла.
— М-м.
— Давай з’ездзім у Святкі.
— Я ж мыюся.
— Ты ж ужо шампунь змыла.
— А я яшчэ бальзамам намажуся.
— Ну дык і яго некалі змыеш.
— Чакаць трэба.
— Я пачакаю.
— Мне яшчэ сохнуць.
— У цябе ж у машыне печка.
— Усё роўна. Я мокрая не паеду.
— А я пазней падыду.
— Бензіну мала.
— …
— Грошай няма. Грошы ў мяне адкуль? Я ж грыбы і ягады не здаю.
Галя, здаецца, пераканалася, што надзея на транспарт не спраўдзіцца. Неяк бокам устала з лавы, як быццам абмякла, аплыла ўся ўнутры сваёй параднай сукенкі, у задуменні папаўзла з дварышча. Праз паўгадзіны яна ўжо дзяўблася ў бок Святак у сваім звычайным вобразе: спартовыя штаны, расцягнены сіні гольф, брудная цёплая хустка на галаве, на нагах гумовыя боты. Люба думала, што памрэ ад сораму: чалавек, можа, новае жыццё збіраўся пачаць, а тут такі нядобрасуседзкі аблом. «Няўжо я зброя цемры на гэтым свеце?» — жахалася Люба і папівала з васьмідзесяцігадовай сваячкай Рэняй свежавыціснуты парэчкавы сок.
Праз колькі хвілінаў хату мінуў змрочны Валера. «Во, апрануўся, як настаўнік! У чорным пінжаку, у крэмавых нагавіцах! Сэканд хэнд ім на дзяцей прысылаюць! Далібог, як польскі кавалер! Хоць ты кніксен перад ім рабі. Я ў польскую школу хадзіла, шэсць класаў скончыла. Мяне настаўнікі любілі, далей вучыцца клікалі, але я часта хварэла. Ды ў нас зямлі было! Трэба ж некаму рабіць. Дзеўка павінна была ткаць і прасці, а не кніжкі чытаць. Я па-польску вершы ўмею. А за саветамі я непісьменнай лічылася», — затараторыла баба Рэня. «Валера ж Галю з Сібіры прывёз, — без пераходу працягвала сваячка. — Ён раней у Мінску жыў, жонку меў, кватэру і дзіцё. Казаў, на дошкі нейкія на танцы хадзіў. Вось праз дошкі гэтыя і разышоўся. За аліменты яго ў калонію і ўпяклі. А там ён з Галяй распісаўся і з двума дзецьмі яе сюды прывёз. Наташа з Мішкам не ягоныя, у іх сваіх толькі двое дзяцей. Во як жыццё, бывае, павернецца. І я школу не скончыла. А настаўнік да мяне прыходзіў, угаворваў. Пераконваў бацьку: “Чловекем бэньдзе!” Была б зараз настаўніцай, як ты». «Настаўніца ўжо даўно за чалавека не лічыцца», — хацела супакоіць бабку Люба, але вырашыла не расчароўваць старую і не разбураць чароўнай мары.
Увечара яны з мужам пілі гарбату і гаманілі пра здабыткі дня. Муж Віктар быў гісторыкам, рабіў на кафедры ва ўніверсітэце. Пасля абароны дысертацыі змог нарэшце спакойна заняцца любімай справай: ездзіў па навакольных вёсках, паданні запісваў, корпаўся ў курганах каля Княжына. У яго ўжо склалася свая паралельная гісторыя гэтага краю, і Люба ўважліва слухала пра неверагодныя выкрунтасы людзей і часу. Жонка любіла такія расповеды, ахвотна ездзіла з Віктарам на ровары да старэнькіх апавядальнікаў з напаўжывых падслепаватых вёсак, але курганы рушыць баялася. Нягледзячы на свой халодны навуковы розум, яна верыла ў показкі пра містычных ахоўнікаў гістарычных месцаў. Да таго ж пераказвалі, што ейны прадзед бачыў неяк ноччы каля Княжына дзяўчыну ў белым, а ў Матусевічах пераймаў людзей прывідны чорны чалавек у капелюшы. Не, лепей ужо жывыя суседзі-алкашы, чым гэтыя здані.
Нечакана з вуліцы Любу паклікала жанчына. Праз занавескі і прыцемак не відаць было, хто гэта, толькі вылучаўся сілуэт у яскравым чырвоным швэдары. «Бабы Рэніна дачка», — здагадалася Люба і не марудзячы адчыніла акно. Жах! Гэта зноў была Галя. Вясёлая, прыязная. «Не пакрыўдзілася», — суцешылася Люба. «Грошай папросіць»,— прашаптаў Віктар. — Прыгрэла алкалоідаў!»
— Любка! Я пытацца прыйшла. Як па-беларуску «жаворонок» будзе? Я ж сама руская. Песня ёсць такая: «Жаваранак звініць і плача». А Валерка кажа «жаўрук».
— Жаўрук. Так і ёсць — «жаўрук». Але песню я не ведаю. Я рок слухаю.
— А-а. А мы сядзім, вершы адзін аднаму расказваем, пяём. Ну, я пайду. Во Валерка! Во разумны! Ледзь не такі прахвесар, як ты.
— Я не прафесар, я дацэнт. І тое — не па званні, а па пасадзе. Гэта благая прыкмета — званне накідваць. Сурочыш.
— Ой, цяжкае ў цябе жыццё, Любка. Жаўрук. Ха-ха. Ну, я пайду.
«Бачыш, — паддражніла мужа Люба, — вершы расказваюць, пяюць. А мы развялі тут з табой гістарычную трупярню».
На наступны дзень Галя з Валерам зніклі з вёскі. На вуліцы не з’яўляліся, па бырла ехаць не прасіліся. Нехта меркаваў, што яны выправіліся да сына, дапамагаць рыхтавацца да вяселля. Іншыя, як баба Рэня, лічылі, што алкашы проста не вытрымалі і закупілі выпіўкі на сабраныя з ягад грошы для сына. Вокны ў іхняй хаце былі занавешаныя, а праверыць, зачыненыя дзверы на засаўку знутры ці на замок знадворку, нават шпіёнкі-бабкі не парупіліся. «Хоць бы яны там жывыя былі», — нервавалася Люба, але ў астатнім бестурботна дажыла апошні тыдзень вакацый, у той час як Галя з Валерам нема і зацята прапівалі на падлозе ў хаце вясельны падарунак сыну.