Литмир - Электронная Библиотека

Марыя Іванаўна была першай у іхняй сям’і, хто ўзняў «нацыянальнае пытанне». Да сямі гадоў Таццяна не чула, каб нехта абмяркоўваў своеасаблівасці беларусаў: жылі сабе і жылі, паходзілі з Беларусі, БССР, на мове размаўлялі паміж сваімі. «Ужасно грубый язык!» — паведаміла Марыя Іванаўна.

«Трапка! Мора! Язык сломаеш! Не то, что тря-пка, мо-ре».

«Мора.., — думала Таццяна, — вялікае, шырокае. Море — халаднаватае, падобнае да крэму-бруле на палачцы. Трапка…Так толькі прыбіральшчыца ў краме кажа — у іх жа кажуць ануча. Але ж з дарослымі спрачацца нельга». Асцярожнасць гэтая была дарэчы, бо цётка хварэла на хваробу многіх расейскіх «малых народнасцяў» — зацятае чарнасоценства. Калі нехта, даведаўшыся, што Марыя Іванаўна паходзіць з Чувашыі, заўважаў, што ў яе «сапраўды, тыповыя сібірскія вочы», жанчына апыналася на мяжы шаленства. Гэта было дзіўна, бо калі беларусу нехта закідае, што ён жыд ці татарын, беларус пасмяецца ды прыгадае якога-небудзь дзеда Саламона ці Салтана. Кожны ж другі рускі быў у Беларусі нашчадкам Пушкіна ці князёў Галіцыных. Некаторыя «вялі радавод» ад Мечнікава і Мендзялеева. Здаецца, яны б і сабаку Паўлава прыплялі, каб гэта дапамагло давесці празрыстасць блакіту ў іхняй крыві. У крайнім выпадку прыбіваліся да жыдоў. А які-небудзь шляхцюк-беларус сядзеў сабе і думаў: «От, не дацягнуў. У майго дзеда ўсяго й было, што маёнтак ды сорак гектараў зямлі. А ў ягонага меншага брата-бясспадчынніка дык і таго меней — толькі Віленскі ўніверсітэт за плячыма».

Марыя Іванаўна, як і шмат хто з ейных суайчыннікаў, сваю «недарускасць», гэтак небяспечную ў Расеі, вымяшчала на «талерантных» беларусах. З канца васьмідзясятых кожная сямейная сустрэча суправаджалася палітінфармацыяй Марыі Іванаўны пра ганебных нацыяналістаў, добрага Сталіна, а з канца дзевяностых і пра супернацыю — рускіх, пераможцаў у другой сусветнай вайне. Беларусы былі ні на што не прыдатныя, пагражалі шматнацыянальнай супольнасці прымусіць усіх гаварыць па-беларуску. «Вы столькі народаў абавязалі паруску размаўляць, і ніхто вас не чапае», — бухцела падлетак-Таццяна. «Это совсем другое! Русский — великий язык!» — пярэчыла цётка. Дзядзька, зноў-такі пасмейваючыся, казаў: «Маша, не перажывай ты так! Чамадан з антрэсоляў я табе дастану. Калі ўжо сабраліся, усёй радзінай праводзім цябе на цягнік да Масквы». Марыя Іванаўна заломвала рукі і лямантавала: «Вот! Вот! Он меня никогда не любил! При Сталине бы вам такого не позволили — националисты поганые!» Дзядзька заліваўся сваім заразлівым смехам. Таццяніна маці паддражнівала нявестку: «Вы ж ведалі, што не за князя Балконскага заходзілі». Праз колькі хвілінаў весяліліся ўсе разам з той жа Марыяй Іванаўнай, якая, склаўшыся папалам ад рогату, прапаноўвала ўсім выпіць каньяку. У апошнія дваццаць гадоў ейнага жыцця сцэна з нацыяналістамі, чамаданам, вакзалам, Сталіным і Балконскім зрабілася руціннай сямейнай традыцыяй. Да таго ж беларусы абралі сабе правільнага прэзідэнта, і Марыя Іванаўна нарэшце палюбіла гэты, на першы погляд, нікчэмны народ. Цётка здалася: «Белорусы, русские — какая разница. Все мы пострадали в войну. Давайте-ка выпьем!»

«Жыве Беларусь!» — нахабна выкрыквала тост дваццацігадовая Таццяна. Ізноў пасмейваліся кожны пра сваё, а цётка не-не ды ўсплаквала, узгадваючы сваю загубленую маладосць і адышоўшых ў недзе стогадовым веку бацькоў і сясцёр-братоў.

Гадоў у дваццаць пяць Таццяна неяк замірылася з цёткай. Вялікадзяржаўная нянавісць і жаночая зайздрасць Марыі Іванаўны да яе сямнаццаці-дзевятнаццацігадовай, з даўгімі светлымі валасамі, зграбнай фігурай і, галоўнае, жыццёвымі перспектывамі, а не вошамі і траншэямі, змяніліся спачуваннем. Таццяна ўсё яшчэ была не замужам, ссутулілася ад вечнай вучобы, сядзення над кнігамі і за кампутарам. Па старых панятках дзеўцы няма чаго было чакаць ад свайго лёсу. Таццяна ж, як перакананая нацыяналістка, пачала разумець эмігранцкі патрыятызм цёткі. Яны час ад часу сустракаліся ўдваіх у кватэры Марыі Іванаўны. Таццяна прывозіла мёд з сардэчнікам і пірожныя, а цётка з расчараваннем пасмейвалася, што лепей бы селядца паела, і ўсё спрабавала пачаставаць пляменніцу разведзеным медыцынскім спіртам з Чэбаксараў. Ці то ён там быў таннейшы, ці то гэта было патрыятычнае дзівацтва, але менавіта чэбаксарскі спірт лічыўся каштоўнай рэліквіяй. Ад тых сустрэчаў у Таццянінай памяці засталіся жарсныя размовы Марыі Іванаўны пра дзядзькаў невыносны жартаўлівы характар і пра ейную рэўнасць да яго. Узгадвалася дзяўчыне і тое, як яна непазбежна засынала ад мёду з сардэчнікам у сёмым трамваі па дарозе ад цёткі дахаты.

Пасля трыццаці Таццяна рэдка бачылася з Марыяй Іванаўнай. Тая альбо ездзіла на радзіму даглядаць магілы і інваліда-пляменніка, альбо сядзела на лецішчы, альбо рабіла чарговую аперацыю: рак гуляў па целе. У Таццяны была ўжо свая сям’я, праца, лецішча, цяжарнасці, дзеці. На сямейных пасядзелках цётка выглядала нязменнай і толькі страціла палітычны запал. Схуднелая, яна падаставала з «засекаў» цудоўныя квяцістыя сукенкі сваёй маладосці і ў памяці засталася як на адной з фатаграфій у гасцях у Таццяны — беленькая, каравокая, у яркай валошкавай сукні на блакітнай канапе. У адрозненне ад сваіх аднагодкаў, Марыя Іванаўна захоўвала цвярозы розум, мысліла рацыянальна, а не тлумачыла жыццёвыя выпрабаванні сурокамі ці, у лепшым выпадку, Боскай воляй. Цётка любіла паразважаць пра сацыяльныя ўплывы і індывідуальную адказнасць, але часта пад ейным позіркам Таццяна нечакана вылівала на новы ўбор келіх віна, як быццам яго нехта выбіў з рук, ці адчувала сябе невылечна хворай. Відаць, яны так і не змаглі, нават прыняўшы палітычную арыентацыю адна адной, пераадолець дурную спадчыннасць сярэднявечча.

…На пахаванні Таццяна паклала даўгія ружы ў труну і спужалася, што тыя будуць калоцца Марыі Іванаўне. Глупства, але пляменніца ўсё роўна перажывала. Нябожчыца была апранутая ўва ўсё чорнае. Ляжала такая маленькая, нафарбаваная танальнікам і ружовай памадай, непадобная да сябе… Скончылася жаночае жыццё. І што запомніцца? Таццяне прыгадаўся пявучы цётчын голас, нечакана дзявоцкі смех. Жэст, якім Марыя Іванаўна, седзячы, абцягвае свае кароткія сукенкі на прыгожых худых нагах. Памідорная расада, якую дзядзькава жонка рыхтавала вясной для ўсёй новай радні. Скончылася жаночае жыццё, а перастаў існаваць цэлы свет… Таццяна пазірала на бабулек-сябровак і мімаволі пралічвала, хто можа быць наступнай. Шэранькія, перапужаныя, яны, здаецца, і самі былі занятыя тым, што як мага мацней упіраліся нагамі ў зямлю, чапляліся вачмі за труну, каб не выпасці з рэчаіснасці.

На могілкі і на хаўтуры Таццяна не паехала: трэба было вяртацца дахаты, глядзець малога. Яна дабралася без прыгодаў, прайшла на кухню, бо меншы сын спаў. Села за стол, пачала распавядаць мужу пра ўсё мерапрыемства, пра свае балючыя адчуванні. «Маскальская шавіністка! Мне яе не шкада», — перапыніў яе муж. Таццяна напружылася, бо хацелася выгаварыцца: «Ёсць беларусы, горшыя за маскалёў». «Хто, напрыклад?» — не здаваўся муж. У яе не было імпэту разводзіць палітычную дыскусію, але адбыўся наезд на хай сабе і не кроўную, але радню. Трэба было адбрэхвацца. «Напрыклад, твая цётка Ядзя»,— ленавата ўшпіліла Таццяна. Цётка Ядзя была ваяўнічай трасяначніцай з адпаведнымі поглядамі. Праўда, беларусаў яна лічыла «калхознікамі», рускіх ненавідзела. Калі ў яе пыталіся, хто ж яна сама, адказвала, што палячка, хоць па-польску ні слова не ведала і не разумела. Падставай для такога гонару было дзявочае прозвішча Вераскоўская, што адразу ж згадаў муж. Спрэчка не ладзілася. Спачування не знайшлося. Таццяна наліла сабе каньяку і з намаганнем адпіла крышанку. Прачнуўся сын, і трэба было ім займацца. Так за клопатамі жалобныя перажыванні адышлі на другі план.

Увечары па радыё перадавалі савецкую эстраду сямідзясятых—васьмідзясятых гадоў. Іншым часам Таццяна не стала б яе слухаць, але пакінула радыё ўключаным: чамусьці здавалася, што Марыя Іванаўна пачуе. Гэта быў добры для яе час: сорак-пяцьдзясят гадоў, замужжа, новае жыццё. Таццяна плакала: ад таго, што цёткі шкада, што і самі некалі будуць гэткімі старымі, што дай Бог яшчэ дажыць да такога сталага веку, што некалі з усяго сённяшняга пасыпецца пацяруха, і добра яшчэ, калі яе саму пахаваюць сыны і ўнукі.

55
{"b":"828985","o":1}