Литмир - Электронная Библиотека

А заўтра мы пойдзем у ягады. Баба Волька здасць іх маладачанскаму прадпрымальніку, а я навару варэння, каб есці яго ўзімку з тостамі перад ненавіснай працай. І бабы Вольчын унук, і я пакінем па сабе дзяцей. Магчыма, аднойчы на тым самым месцы нехта з іх вымавіць: «Нікога ўжо няма. Нікога няма…». Але сёння ж во мы сядзім на лаўцы каля бабы Вольчынай хаты. І я гляджу на брук, а баба Волька ўзіраецца ў неба.

Жнівень 2007 — ліпень 2008 г.

ЦЯПЕР ЗАСТАНЕЦЦА СЛЕД…

Хавалі Марыю Іванаўну. Расейская радня з Чэбаксараў роспачна лямантавала, працягвала рукі да прысутных. Беларусы змрочна маўчалі, думалі сваю думу. Адныя аддаліся сумным успамінам пра нябожчыцу, другія падлічвалі расходы сваякоў на пахаванне, трэція прыглядаліся да антуражу і прыкідвалі, як самім легчы ў труну найвыгаднейшым чынам.

Таццяніны думкі пераскоквалі са шкадаванняў памерлай дзядзькавай жонкі і самога, цяпер адзінокага, дзядзькі на тое, што трэба заправіцца па дарозе дахаты, што праспект Дзяржынскага перакапалі, панабудавалі новых вуліцаў і яна, не ведаючы дарогі, падрэзала аўтобус. Як непрыемна. Добра, што ўсё абышлося і яна не спазнілася на паніхіду, на якую выправілася з вялікай неахвотай. Які сэнс? Толькі што падтрымаць дзядзьку. А калі нябожчыца пакрыўдзіцца? Пачне сніцца і з’яўляцца наяве. І кветкі ўжо былі купленыя — белыя з бляклай аблямоўкай ружы. Так і ехала: паглядзіць на кветкі на пярэднім пасажырскім сядзенні і соваецца па незнаёмых ды не пазначаных на мапе вуліцах. Круцілася, круцілася, развярнулася, мінула нейкае дзіўнае «стаматалагічнае бюро». Зразумела, што зблудзіла ў трох соснах, і вырашыла пакінуць машыну ля абочыны ды бегаць шукаць морг сярод карпусоў 9-й лякарні на сваіх дваіх. Як толькі Таццяна спынілася, пачала тэлефанаваць радня: «Мы цябе бачылі, рукамі махалі. Нашто ты далей паехала — мы ж ззаду!» Зноў прыйшлося разварочвацца на старой, забітай суцэльнай плыняй машынаў вуліцы. Кінулася ў разварот на чырвонае святло — інакш не дала б рады. Якая дрэнь — самой бы даехаць жывой.

Калі Таццяна падышла да сваіх ля паталага-анатамічнага бюро, то была настолькі ўзрадаваная, што забылася, з якой нагоды сустрэліся. Усе з палёгкай усміхаліся, весела віталіся — і тое казаць, шчасце: хавалі б цётку без яе. Сяброўкі Марыі Іванаўны насуплена трымаліся вялікім натоўпам убаку. Гледзячы на іх, Таццяна ўсвядоміла, наколькі молада выглядала для сваіх васьмідзесяці пяці цётка — закансервавалася недзе ў шэсцьдзясят гадоў.

Марыя Іванаўна ўвайшла ў іхнюю сям’ю на пачатку васьмідзясятых, калі Таццяне было сем, а самой дзядзькавай новай жонцы — за пяцьдзясят. Некаторыя ў такім узросце маюць ўнукаў-падлеткаў, але цётка была вечнай дзяўчынай і ў бабульку ніколі не ператварылася. Насіла яна кароткія сукенкі сямідзясятых гадоў, залівіста сакатала і з пшанічнай бландзінкі незаўважна «выгарэла» да кудзельнай сівізны. Тані было прыемна бачыць побач з дзядзькам такую вясёлую і прывабную цётку, тым больш што ягоную першую жонку дзяўчынка ўвогуле не ведала. Да ўсяго ў ванным пакоі Марыі Іванаўны на тыповай белай кафлі красаваліся выразаныя з паштовак ружы і бэз. Таццяніны бацькі таксама мусілі ахвяраваць на карысць ужытковага мастацтва сваёй лазенкай, дзе ў шахматным парадку фанатычна ляпіліся мылам кветкі. Другім пунктам у Таніным новым сяброўстве было разгляданне цётчыных «каштоўнасцяў» — пацерак з чэшскага шкла і таму падобных упрыгожанняў. Марыя Іванаўна строга папярэджвала: «Глядзі, не парві!» І, вядома, нейкім чароўным чынам пацеркі ірваліся і рассыпаліся па канапе. Гэтак жа, як і семкі ад кавуна няўмольна ляцелі на стэрыльную падлогу і выслізгвалі з мокрых ад ружовага соку пальчыкаў, калі дзяўчынка кідалася ліквідаваць наступствы катастрофы. Нягледзячы на сваё шчырае захапленне новай цёткай, Таня адчувала, што не адпавядае ейным чаканням і не можа разлічваць на любоў да сябе.

А любоўныя стандарты ў Марыі Іванаўны былі недасягальна высокімі для ўсіх, каго магло ёй цяпер прапанаваць жыццё. Марыін выпускны баль прыпаў на абвяшчэнне вайны, і першае рамантычнае каханне хутка загінула на марфлоце. Ад той летняй лёгкасці і прыгажосці засталася вышыванка з бесказыркай і прабітым стралой сэрцам, а таксама дзявочая каса ў круглай каробцы ад цукерак. І тое, і другое ляжала ў шафе з назапашанымі гардзінамі і тканінамі, якія сыпаліся ад часу. Ацалелыя раздорваліся сяброўкам і новай радні ўжо ў дзевяностых і дзвюхтысячных гадах — скарб усяго жыцця.

У саракавыя гады Марыя капала акопы, аплаквала каханага, вычэсвала вошы з касы. Пасля перамогі паехала ў Ленінград вучыцца на хіміка-тэхнолага. У іхняй шматлікай сям’і пакаленнямі працавалі настаўнікамі, але Марыя мела іншыя здольнасці і памкненні. Па размеркаванні яна як выдатніца загрымела на нейкае сакрэтнае і шкоднае прадпрыемства, але начальнік-франтавік пашкадаваў яе: даў адмацаванне і праз свае вайсковыя сувязі адправіў у Беларусь на скураную фабрыку.

Марыя разумела, што ў пэўнай ступені ёй пашанцавала, але сэрцам успрымала жыццё ў Беларусі, без блізкіх і радні, як ссылку і пакаранне. Усё тут было няправільным: і «русская речь», і людзі. Пасялілі дзяўчыну ў камуналку на праспекце: князёў Балконскіх там не вялося — толькі завадскія рабочыя з сем’ямі і зародкавай схільнасцю да алкагалізму. Праўда, адна суседская пара даволі добра ставілася да Марыі Іванаўны, але пры яе пераездзе ва ўласную аднапакаёўку на Пуліхава адмовілася дапамагчы перавезці шафу. Праз гэтую прысабечаную шафу сяброўства і скончылася.

З дзяўчатамі-калегамі было інакш. Усе яны былі маладыя, вясёлыя, поўныя спадзяванняў на будучыню. Ні мова, ні, хай сабе, дрэнныя звычкі мясцовых хлапцоў не адпужвалі іх, і таму пры агульным пасляваенным дэфіцыце на матрыманіяльным фронце яны рабілі для сябе аптымістычныя прагнозы. Марыя Іванаўна часта ўзгадвала пра тую пару, як неяк вясной яны з дзвюма сяброўкамі выхапілі ў краме адрэзы на паліто. Шчаслівыя, дзяўчаты ішлі па вуліцы, рагаталі без дай прычыны, прыціскаючы тканіну да грудзей. Міма праехаў на адкрытай трафейнай машыне сімпатычны салдацік, збавіў хуткасць, падміргнуў ім і заразліва засмяяўся. На пярэднім сядзенні побач з кіроўцам ляжаў букецік нейкіх белых кветак — ці тое ландышаў, ці тое пралесак. У адзінокія гадзіны Марыя Іванаўна любіла прыхінуцца ў думках да таго дня: да чужога бесклапотнага кахання, рамантычнага спаткання з букецікам забароненых для зрывання кветак, да спакойнага і вясёлага сямейнага жыцця з маладым хлапцом-франтавіком. Усё гэта мінула яе — засталася толькі голая разора без семені, пракапаная тупым плугам вайны.

З гэтым салдацікам Марыя Іванаўна пазнаёмілася ажно ў сорак пяць гадоў — ды дзе: у санаторыі ва Украіне. У ейным пакоі сабралася іх кампанія беларусаў: жанатых і халасцякоў, замужніх і адзінокіх. Да Марыі цягнуліся, бо была яна як сонечны дзень: светлая, лёгкая і свабодная. Пачалі распавядаць, хто адкуль, перайшлі на размовы пра Менск, пра пасляваенныя гады ў ім, пра ўспаміны маладосці. Адзін саракадвухгадовы курортнік з няўдалым сямейным жыццём распавёў, як неяк вясной, ехаўшы на спатканне да будучай жонкі, убачыў рагатунь-дзяўчат з нейкімі клункамі, ашчадна прыціснутымі да грудзей. Той дзень быў для яго ледзь не самым шчаслівым, бо абяцаў шчасце.

Дзядзька з цёткай сябравалі болей за дзесяць гадоў, і толькі калі сын атрымаў кватэру, выправіла дзядзьку законная жонка з іхняй нягеглай сям’і ў белы свет. Такія вось саўковыя расклады. Дзядзька асеў у Марыі Іванаўны, і праз год-другі яны ажаніліся. Дзядзька, як заўважыла ўся сям’я, моцна змяніўся: зрабіўся дагледжаным, сытым, спакойным. Толькі вось новая жонка ледзь не трыццаць гадоў іхняга сумеснага жыцця ўздыхала, што зайшла замуж не за князя Балконскага. Дзядзька, пасмейваючыся, згадваў, што ягоныя продкі таксама добрай пароды: «выслужаныя дваране на цывільнай службе», як напісана ў старых, цудам ацалелых разам з бацькавым настаўніцкім дыпломам паперах. «Кулакі», — адмахвалася жонка. Дзядзька толькі задзірыста пакрэкваў.

54
{"b":"828985","o":1}