Пакуль жонка прынесла шуфель і вядро, знойдзеныя ў гармідары прылазніку, прыстасаванага пад хляўчук для інструментаў, Андрэй ужо здолеў патушыць большую частку агню. Дзядзька-булдос знік. На сцежцы Ядзю пераняла анёльскага выгляду маленькая бялявая дзяўчынка ў даўгой сукенцы й капялюшыку. За ёю выплыла з кустоўя мілавідная маладая мамаша ў белым купальніку. Непадалёк корпаўся хлопчык гадоў дзесяці — шукаў нешта ў папаратніку. Ядзя пачала падазраваць, што пажар проста падаўся ім з мужам і дзядзьку-«партызану».
— Андрэй, якія ўсе арыстакраты! Ну далібог! Можа, мы з табой вар’яты?
— Яны арыстакраты, а мы з табой шляхта ў дзясятым калене! Таму наш абавязак — пільнаваць гэтую зямлю!
Расчыраванелы, муж сердаваў на «быдла», а Ядзя сумна торкала шуфель у пясок, цягнула яго да звалкі, засыпала непакорныя плямы агню. Дзіўна: нікому гэтая зямля не патрэбная, акрамя іх і п’янага дзядзькі-трасяначніка, якому інстынктыўна важна зберагчы лес, бо куды тады беларусу падзецца, калі прыйдзе навала? Раз-пораз жанчына крычала, каб Андрэй не ступаў на смецце, бо там поўна батарэек і розных балончыкаў, якія «могуць выбухнуць». Муж шыбаваў да агню наўпрост па гурбе звалкі, моўчкі засыпаў палаючыя вуголлі, тушыў кустоўе, збіваў агонь на вецці. І пажар згас.
Андрэй крочыў дахаты ў задуменні — не разбярэш, стомлены ён ці думу думае. Ядзя шпацыравала гордая за мужа й уяўляла, якой яна мусіць быць зараз прыгожай. Паны начальнікі па-ранейшаму не звярталі ні на кога ўвагі. Пераможна жанчына азірнулася назад і, Божа мілосны, — людзей, бы прусакоў пасля выключэння святла! Адкуль іх гэтулькі наляцела? Усім ёсць справа да звалкі, усім нешта трэба пакорпацца. І падлеткі, і нейкія дзядзькі з сыночкамі.
Тут ужо Ядзя не вытрымала, ды панеслася да іх, бы фурыя. Відаць, выгляд у яе быў дастаткова ваяўнічы, а можа, стары шуфель бліснуў маладосцю на сонцы, бо народ на Ядзіны бабскія воплі пра тое, што ім усім тут трэба, палічыў за лепшае пакінуць поле бою. Жанчына дачакалася, пакуль яны шыхтом сыдуць па сцежцы ў бок лецішчаў. Дзёрзка й недвухсэнсоўна паправіла шуфель на плячы, калі нейкі абураны «інтэлігент» паспрабаваў скоса на яе паглядзець.
На ўчастак разам з Ядзяй і Андрэем прыйшла вясна. Празрыстая, пахнючая, яна смяялася галасамі дзяцей, якія ўсё гэтак жа гулялі ў мячык і каталіся на роварах. Смярдзела цяпер ужо толькі ад задымленай вопраткі. Андрэй памяняў камуфляж на «гарадское» адзенне, Ядзя ж адшукала сярод свякрусіных рызманоў нейкі самашыты жоўты балахон і падпярэзала яго матузком. На прахалоднай верандзе яны папілі мінералкі, перакусілі свежым салатам. Пашкадавалі, што «наехалі» на таго п’яненькага дзядзьку ў лесе. «Чым ён адрозны ад нас? Гэткі ж, як і мы, беларус — толькі бязвольны», — падвёў выснову Андрэй і пайшоў рыхтаваць лазню.
Ядзя ж, прагнучы хоць якога-небудзь выхаваўчага ўздзеяння на суседзяў, залезла на балкон і па мабіле голасна распавяла свёкру пра пажар, падрабязна апісаўшы, як дачнікі ігнаравалі такое небяспечнае здарэнне. Свёкар напрыканцы гэтай сцэнічнай дзеі толькі ўздыхнуў і, хмыкнуўшы, сказаў: «Мяне гэта не здзіўляе. Я прарабіў з гэтымі людзьмі ўсё жыццё».
Суседзі гісторыю выслухалі ціха, уважліва й, здаецца, сябе ў ёй не пазналі. Адзіным вынікам «выхавання» было тое, што дзеці неяк знікалі, калі Ядзя з’яўлялася на сваім участку. Жанчына пачувалася цяпер прысаромленай: плантацыі няма, амерыканскага газончыка няма, нешматлікія грады з трускаўкамі й клумбы пазарасталі. Сумленне точыць. Якая ж яна пасля гэтага станоўчая гераіня?
Ядзя ступіла сваімі доўгімі голымі нагамі ў баразну. У адрозненне ад кветніку, тут хоць можна разабрацца, дзе трускаўкі, а дзе пустазелле. Нахілілася й выдрала адну зёлку, потым няўдала абарвала другую. З лазні выйшаў па дровы Андрэй:
— О-о, што гэта за птушка ў нас па градах скача?
— Гэта не птушка, а тыповая дачніца, толькі без хусткі й купальніка.
— Якая ж ты дачніца? Ты ў нас жоўты пілючок. Пілючок-ліквідатар.
Жанчына прысела на кукішкі й, пазіраючы то на дым з лазні, то на газон багацеяў з джыпам, пачала калупацца ў нахабным пустазеллі. Яно вылазіла не без трывалай упэўненасці, што карэнне ягонае моцна сядзіць у зямлі. Пахіхікаўшы ў прылазніку з Андрэем, каб адцягнуць салодкі момант працы, і ўзброіўшыся драпалкай, Ядзя палола й ўгаворвала сябе, што галоўнае ўяўляць, якімі духмянымі будуць спелыя трускаўкі. «Я дачніца. Я дачніца. Я тыповая дачніца», — манатонна ўбівала яна сабе ў галаву…
Птушкі засакаталі на маладзенькіх вішнях. Дзеці, галёкаючы, пырхнулі некуды на роварах. Ядзя, патанулая ў жоўтай кашулі, схіліла галаву да калена, паглядзела ўслед дзецям: «Не, усё ж такі якая з мяне дачніца? Я пілюк. Я адважны й адчайны пілюк-ліквідатар».
І злы, нікчэмны малачай незваротна паляцеў у баразну.
Травень 2005 — сакавік 2006 г.
НЕ ЗЛАВІЦЬ ТУЮ ПТУШКУ
У маленстве мне вельмі карцела злавіць птушку. Птушкі былі паўсюль — дражнілі мяне, заахвочвалі, падманвалі да сябе й порстка ўцякалі, варта было наблізіцца й працягнуць руку. Але аднойчы ўдача мне амаль усміхнулася.
Здаецца, была ранняя вясна. Гарод у вёсцы быў не засеяны, і па барознах павольна дзёўбаліся тугадумныя куры. Цоп — і здзейсніцца мара, хоць гуляцца з курыцай, вядома, не тое самае, што з маленечкім вераб’ём. Асабліва калі тая курыца табе па калена. Скок за скокам — і даверлівая, неабачлівая птушка апынецца ў тваіх абдымках. Узрадаваная, я кінулася да курэй. Яны, незадаволеныя й здзіўленыя, адбеглі далей. Я за імі — а яны ледзьве не ляцяць.
Скончыўся гарод, сад, пачалося поле. Расставіўшы рукі, я бегла й бегла, каб дамагчыся свайго й завяршыць справу. Прыціснуць да сябе жывую трапяткую птушку, зажыць з пачуццём здзейсненай мары. Толькі, відаць, куры ўжо даўно пайшлі ўрассыпную, бо ў пэўны момант я ўсвядоміла, што стаю адна ў чыстым полі й наўкола няма ні хат, ні людзей, ні тых запаветных курэй.
Неба ў нашай вёсцы з аўчынку — згубіцца цяжка, але ў сваім дзіцячым ўяўленні я дайшла да краю. Да таго ж тады яшчэ было неасушанае балота. Яно было паўсюль, і тысяча таемных сцежак змяіліся да яго ад паселішча. Думаю, было страшна й слёзы ліліся, як мае быць. Але вочы глядзелі наперад, і ногі вялі да «кулісаў». Гэтак у нас называлі маліннік, які цягнуўся ўздоўж самай багны, утвараючы мяжу паміж тым светам і гэтым. Не ведаю, ці атрымала б я за «кулісамі» кампенсацыю ў выглядзе няспрытнай птушкі, але мяне своечасова пераняла суседка — баба Волька.
Добрая баба Волька распытала, хто я, чыя й куды йду, а я, млеючы ад радасці, паведаміла ёй, што зблудзіла. Дахаты мы вярнуліся разам, і я не бачыла бабу Вольку некалькі гадоў, пакуль не дарасла да таго, каб памятаць не толькі выключныя здарэнні. Самае цікавае, што баба Волька не магла потым узгадаць гэты эпізод і ніколі не ведала прычыны маёй асаблівай прыязнасці да яе. Я ж, падросшы й выправіўшыся ў цэнтр вёскі «на сяло», адразу пазнала сваю выратавальніцу сярод іншых кабет і шчыра дэманстравала ёй сваю прыхільнасць праз усё жыццё.
З тае пары мінула трыццаць гадоў. Птушку я гэтак і не злавіла. Праўда, у клетцы ў мяне жыве канарэйка — зноў жа стварэнне дзікае, якое не надта даецца ў рукі. Бабе Вольцы ўжо добра за восемдзесят, і ўсё гэтак жа збіраюцца каля ейнай хаты «на сяло» цяпер ужо нешматлікія суседкі.
Я прыязджаю ў вёску летам, і мы любім пасядзець з бабай Волькай на лаўцы ў яе пад хатай і пагаманіць. У астатні час я тэлефаную ёй па мабіле. Можна сказаць, што мы сябруем. Баба Волька шануе мяне за тое, што я ўмею пагаварыць, ды яшчэ «па-наську», а я сплочваю свой доўг за шчаслівае пачуццё «знойдзенасці».
Вось і сёння мы сядзім з бабай Волькай перад хатай. Свежаваты вечар пасля вільготнай спякоты. Баба Волька задуменна кажа: «Нікога ўжо няма. Нікога няма…». Я сціскаю кулакі, але разумею, што час не ўхопіш ў жменю, як і тую птушку.
Усё ж мы двое яшчэ ёсць. Вось я — гляджу на брук, а баба Волька ўзіраецца ў неба. Мы яшчэ тут і шкадуем свае то хоць як, то з сэнсам пражытыя гады. Насамрэч у гэтую хвіліну мы там, дзе й нас ужо няма. Зараз мы абедзве памерлі.