Литмир - Электронная Библиотека

Па дарозе на лецішча Ядзя з Андрэем мусілі зайсціся ў краму. Проста пасярод лесу для дачнікаў была пастаўленая будка пад назовам «Купалінка». Рэч гэта была зручная, асабліва, калі жывеш на лецішчы некалькі дзён, а машыны не маеш. Андрэй з жонкай аўто не завялі, бо Андрэй быў экалагістам, а Ядзя, хоць і мела правы, знаходзіла кіраванне нудотным і да таго ж не хацела ездзіць сярод хамаў, якія не зважаюць на правілы дарожнага руху. Таму парачка вандравала на роварах, цягніках, электрычках і часцей за ўсё — з намётам.

Каля будкі-крамы нехта пакінуў каня з калёсамі. Відаць, дачнікі зладзілі гешэфт з вяскоўцамі. Вакол жывёліны таўкліся падлеткі. Андрэй ужо зайшоў у краму, а Ядзя адстала. Яна ўнутрана сціснулася, бо недаросткаў гэткіх ненавідзела. Ад іх усяго можна чакаць. Бы здранцвелая, жанчына рушыла да ўваходу. Грэблівая грымаса скрывіла ёй вусны — дарма, што выкладчыца, але ж у кансерваторыі, а не ў калоніі для няпоўнагадовых. Самы вялікі падлетак, відаць старэйшы за ўсіх, рэзка працягнуў руку… й пачаў гладзіць каня па пысе.

«Прыгажун, праўда?» — ласкава й паблажліва звярнуўся ён да малых.

Пакуль Андрэй купляў усялякую дробязь і марозіва, жонка разглядала ў краме стэнд з пасведчаннямі. У адну з пластыкавых кішэняў быў уторкнуты згублены некім пашпарт. Ядзя машынальна прачытала дадзеныя: Бжазоўскі Себасцьян-Мікалай, 1986 год нараджэння. Дзевятнаццаць гадоў, звычайны серабранска-гетаўскі твар. Магчыма, пасеяў пашпарт, калі прыходзіў у краму альбо ехаў па лесе на ровары. Жанчына ўпершыню адчула, што старэе: міралюбныя падлеткі, паўсядзённыя антыкварныя імёны, марозіва ў далечыні ад цывілізацыі… Можа, гэты час не такі ўжо і страшны, як яны прызвычаіліся думаць?

Далей ісці было нядоўга, але праз гусцейшы лес. Сцежка рабілася ўсё больш засмечанай. Паўсюль валяліся пластыкавыя бутэлькі, кавалкі цыраткі, нават старыя акумулятары. Праз кожныя трыццаць метраў павыварочвалі вантробы звалкі. Андрэй з Ядзяй пазлавалі, панаракалі на бессаромнае праўленне, пашкадавалі пра зніклыя ўзносы, але рабіць няма чаго — пайшлі сабе наперад, каб хутчэй убачыць свае кветнікі й забыцца на гэтае быдляцтва.

Раптам хваля смярдзючага паветра гнілым языком ўвапхнулася Ядзі з Андрэем у рот. «Fuck! Смецце паляць!» — вылаяўся муж. «Здагадаліся ж рабіць гэта гарачынёй», — падхапіла жонка. Наперадзе, на ўскрайку лесу, паказаўся дым. Гарэла галоўная звалка. Андрэй з Ядзяй зморшчыліся, закашлялі й пачалі клясці неразумную ўтылізацыю адкідаў. Чамусьці вырашылі, што вогнішча — цалкам легальная акцыя, для якой выбралі нязручны час. Дымок ішоў пакуль што ад верхняга смецця, але можна было ўявіць, як засмярдзіць, калі загарацца нетры. Пазлаваўшы, яны рушылі далей, бо хто ж можа перамагчы беззаконне ды негаспадарлівасць?

На лецішчах народ адчужана шчыраваў на градах. Кабеты ў новых купальніках і са старасвецкімі хусткамі на галовах стаялі ракам і слухалі папсу з прыймачоў. Мужыкі корпаліся каля машынаў альбо нешта фарбавалі. Апошняе можна было й не рабіць, бо й без таго патыхала гарэлай «хіміяй». Дзеці з гікам лёталі па дарожках, каталіся на роварах і гулялі ў мячык. Была звычайная спякотная субота напрыканцы траўня. Хмара смуроду павольна плыла ў гарачым паветры.

Іхняя хата набрыняла прахалодай: шчыльныя фіранкі ўбераглі яе ад сонца. Але ж вясна й трэба адпачываць, атрымліваць ад жыцця асалоду! Ядзя паадчыніла дзверы, адвесіла вокны й пачала шукаць купальнік, каб пазагараць. Купальніка не знайшлося, таму яна мусіла прыстасаваць для гэтых мэтаў дзве старыя блакітныя фіранкі. Класіка! Штучная тканіна павысыпалася, але хто ж гэта ўбачыць — усе занятыя працай.

У ценю кусцістага кветніку жанчына прымасціла халоднае пасля стаяння ў хаце крэсла. Мэта была, натуральна, загарэць, але ўсё ж схавацца ад суседзяў было варта. Галоўнай страшыдлай была тоўстая аморфная цётка без узросту, якая паўзла па градзе на ўчастку насупраць. Ейная дачка з мужам летуценна дэфілявалі каля даволі дарагой іншамаркі. Унукіхлопцы гулялі ў хованкі паміж нахіленай прыбіральняй і іхнім жытлом-вагончыкам. Наўрад ці яны бедавалі без гародніны ў горадзе, але, відавочна, што мае быць, тое мае быць.

Ядзя гарод не палола. І нават не праз ідэалагічныя перакананні, а таму што не магла: гразла ў адной градзе гадзінамі, а потым пакутавала ад болю ў спіне. Таму ў мэтах захавання віду вырашана было нямы прэсінг суседкі вытрымаць і на правакацыю не паддавацца. Тым больш што Андрэй завіхаўся з сваёй мужчынскай працай за дваіх.

Муж калоў дровы для лазні, а Ядзя разняволена награвала сваім целам крэсла. Нарэшце надышоў гэты дзень, калі навучальны год скончыўся, калегі й студэнты забываюцца й трэба проста жыць, як усе прыродныя стварэнні, што радуюцца вясне. Кветкі скарыліся цеплыні, трускаўкі лянотна пераплятаюць вусы, матылі пырхаюць у яблынях, і жукі наводзяць бляск на сонцы. Вунь і суседзі-багацеі з другога боку ўчастку выпусцілі дзяцей на выпас, а самі размаўляюць ні пра што ў шэзлонгах. І смурод, смурод — мярзотны смурод заграбае лецішчы ў ліпкія абдымкі.

Здаецца, ніхто не заўважаў, што робіцца ў паветры. Дарма, што дзеці глынаюць невядома якую брыдоту, — галоўнае, каб выглядала як у тэлевізары, а кіно ж не пахне. Калі цёмны дым павеяў над іхнім комінам пры незапаленай печы, Ядзя з Андрэем зразумелі, што робіцца нешта зусім не тое. Усё яшчэ перакананыя, што адбываецца санкцыяваная, але бязглуздая ўтылізацыя, яны ўсё ж вырашылі парушыць загад невядомых начальнікаў і вогнішча затушыць.

Са шкадаваннем Ядзя параскручвала з гэткай стараннасцю прыладжаныя фіранкі, пераапранулася ў майку й шорты, узяла з прылазніку вілы, каб раскідаць падпаленае смецце. Муж ужо чакаў яе на дарожцы перад хатай, клянучы нядбайных дачнікаў і саўкоў увогуле. Дастаткова было мінуць дзве хаты, каб убачыць, што звалка не проста гарыць, а палае. Пакуль Ядзя з Андрэем беглі да яе па сцежцы праз поле, яны паспелі заўважыць, што на лецішчах ля самага лесу жыццё спакойна ішло сваім шэрагам. Каля ладных хат былых і сённяшніх гаспадароў свёкравага прадпрыемства, накрытыя чорным дымам, бавілі час вялікія прыгожыя сямействы.

А над звалкай ужо асмаліліся галіны дрэваў. Крыху наводдаль, за кустамі, стаяў худы падпіты мужычок у засціранай гімнасцёрцы. Ядзя адразу накінулася на яго й пачала крычаць пастаўленым настаўніцкім голасам: «Што гэта ў вас такое робіцца? Хіба можна паліць смецце такой гарачынёй? Хто гэта да такога дадумаўся?» Мужычок міралюбна хістаўся на нагах і, усміхаючыся, вымучыў з сябе пару словаў: «Я ж гэта… старажу, каб на лес не перакінулася. Ішоў, можа, хто, сігарэту кінуў і загарэлася». Тут да жанчыны дайшло, што звалка палае толькі таму, што гэта пажар, а не нейчы неразумны загад і што цікавіць ён толькі іх траіх — яе, Андрэя ды гэтага дзядзьку.

Пакуль Ядзя думала, як ёй быць з гэтым адкрыццём, муж ужо закідваў агонь пяском, выкапаным з ямы для сметніку. Да пяску было далёка бегчы, таму жанчына вырашыла кідаць зямлю з поля. Ад вілаў не было ніякай карысці, і Андрэй пагнаў жонку па шуфель і вядро, а заадно й па дапамогу. Крайнія лецішчы стаялі зусім блізка: было відаць, што паны начальнікі, па чарзе пакасіўшы газонакасілкай траву, селі палуднаваць. Людзей там было поўна: бацькі, дарослыя дзецюкі, маткі, жонкі. Ядзя адчула няёмкасць праз тое, што прыйдзецца адрываць народ ад прыемнай справы, але з іншага боку незразумела было, як яны могуць так бесклапотна есці ў сітуацыі, якая пагражае іхняй маёмасці ды здароўю.

Падышоўшы да плоту з металічнай сеткі, жанчына нерашуча спынілася насупраць ідылічнай кампаніі. У садзе на адным з участкаў мужыкі, відаць, святкавалі ўдалы пакос газонаў. Завітыя таўстухі-мамашкі сямействаў мылі ў ракавінах талеркі. Цёткі глядзелі на Ядзю з ейнымі віламі так пагрозліва, што тая зразумела: гэтыя могуць не толькі накарміць ды абмыць, але й абараніць сваіх мужычкоў. І хай гарыць гэтая звалка й увесь лес разам з лецішчамі, абы не было гэткіх малявак у майках і шортах каля нашых мужоў, сыночкаў і радысак!

Ядзя зразумела, што ніякіх прафесійных уменняў не хопіць ёй, каб папрасіць гэтых людзей дапамагчы — прычым што самім сабе. Таму яна завярнулася й пабегла дахаты, пакідаючы ў непарушным спакоі дбайных дачнікаў, якія спялілі сваё зімовае шчасце. «Ні за што! Ні за што… — думала жанчына, — не буду я рачкаваць на лецішчы! Гэтак робяць толькі безадказныя, прыгонныя людзі без уяўлення!»

52
{"b":"828985","o":1}