Не будзе толькі аднаго: цябе ў мяне й мяне — у цябе. А ў кнігарнях, бібліятэках, у кватэрах будзе стаяць на паліцах усё той жа «Гамлет». У старых ці новых вокладках, у старых ці новых перакладах. І новыя закаханыя будуць разгадваць загадку птушкі Фенікс і Голуба. Разам — на разгарачаных каханнем ложках, на скразняках вясновых кавярняў, на затлумленых днях народзінаў, на гэтым халодным востраве. Без мяне й без цябе. Бо зараз мы ідзем з табой на пахаванне. Ідзем здавацца: вырашаць канцылярскія справы, торкаць у вочы чужым цёткам свае праштампаваныя пашпарты.
Ізноў суд, рака, бомбасховішча, дзіцячая пляцоўка. Ніяк мы не дойдзем на гэтае бязглуздае пахаванне. Стомленыя, няшчасныя й замерзлыя. Раззлаваныя на гэткую недарэчную, заўчасную, разумовую, незасведчаную смерць.
Смерць нашага ўзаконенага кахання.
Красавік 2001 г.
ПІЛЮКІ-ЛІКВІДАТАРЫ
Гарачыня вісела страшная: здавалася, што нават пломбы ў роце плавіліся ад спякоты. Ды толькі Ядзя ўмудрылася захварэць. Другі тыдзень у вачах плавала брыдкая цёплая смуга, а цела трэсла ад холаду. Тэмпература 37, баліць горла. Самы непрыемны стан.
Ядзін муж Андрэй апошнімі днямі зандаваў глебу й распавядаў пра выгоды выходных на прыродзе. Андрэй спадзяваўся пакрысе схіліць Ядзю да радыкалізму — вывезці яе на лецішча. Жонка была не супраць выбрацца з горада, каб потым сказаць, што «так, была вясна, была», але здаровы сэнс перамагаў любоў да сімвалічнага пазітыву.
Можа, Ядзя й ператаўкла б жыццялюбства мужа — засталася б дома, піла лекі і нават ахвяравалася б схадзіць у кіно. Але ў пятніцу вечарам Андрэй заявіўся з новай рэальна аптымістычнай пагрозай: пікнік у Драздах з сябрамі-айкідокамі. Народ паедзе з дзё й бакенамі — будуць трэніравацца.
Перспектыва назіраць выкшталцоныя айкідошныя танцы бела-чорных буслоў была вельмі стылёвай, але, як для чалавека, прастылага ў травеньскую спякоту, нагадвала харакіры. Таму Ядзі рашуча закарцела на лецішча: «адпачываць актыўна, вандруючы» — гэта значыць, вялай хадой прайсці чатыры кіламетры ад электрычкі.
У суботу ў электрычку было не ўбіцца: пацяплела, скончыўся навучальны год, апошні цягнік у Маладзечанскім накірунку перад перапынкам. Здаецца, ва ўсім горадзе не жыве столькі людзей, колькі іх пазапаўзала ў вагоны. Але Ядзі пашчасціла: дасталася месца каля поручня. Андрэй спрактыкавана ўтрымліваў раўнавагу злева ад жонкі. Насупраць іх сядзелі дзве дзяўчынкі. Маладыя, у крыклівым адзенні, без клунак. Можа, едуць на Менскае мора? Адна з дзяўчат была даволі пекнай. Твар не ўзгадаеш, але па ўсіх пануючых стандартах прыгажуня. Дзяўчына, відаць, добра гэта ведала, таму ўсім, хто заходзіў у вагон, даставалася ад ейнага ацэньваючага позірку. З’яўленне асабліва крывых, тоўстых ці проста старых дзяўчына каментавала на вуха менш прывабнай прышчавай сяброўцы, на што тая павінна была ўсміхацца й ківаць галавой у знак згоды.
Калі Ядзя з Андрэем спыніліся насупраць, дзяўчыне выяўна адняло мову. Ядзя ледзьве не засмяялася. Зразумела, што яны з мужам выглядалі зусім не правільна, не па-тутэйшаму. Апранутыя проста, але стылёва й камфортна — па-еўрапейску. Псуюць сумленным дзяўчынкам карціну свету! Пра твары й казаць няма чаго. У Андрэя была выяўная шляхецкая знешнасць, якая жанчынам адразу кідалася ў вочы. Пакаленні Татураў, Наўроцкіх і Сушынскіх праступалі ў кожнай рысе твару, рухах і паставе. Жанчыны, гледзячы на яго, губляліся й не разумелі, у якім жывуць стагоддзі. Здаецца, у іхніх вушах гучаў грукат конскіх капытоў і звінела шабля казачнага прынца.
Дзяўчаты перавялі позірк на Ядзю: што ж за яна такая побач з ім? Урадзіўшаяся ў сваю рэпрэсаваную бабку Вераскоўскую, жанчына ведала, што валодае настолькі нязвыклай, не папсовай прыгажосцю, што толькі моцная энергетыка й валявая спіна, як на фатаграфіі ейнай дзевяностагадовай бабкі, ратуюць яе звычайна ад расцярзання кірпатымі жанкамі. Ядзя перахапіла разбуральны позірк дзяўчат, усміхнулася й сказала пра сябе камунікатыўную мантру «Веды й давер!» На ўсялякі выпадак дадала, што ейны прадзед меў трыста душ, але сама яна прытрымліваецца сацыял-дэмакратычных поглядаў.
Ці тое мантра падзейнічала, ці тое дзяўчаты зблудзілі ў астральным лабірынце сацыяльна-духоўных разважанняў, але агрэсаркі адвярнуліся ад Ядзі з мужам і зноў заняліся аглядам тамбура.
Тым больш, што ў тамбуры было на што паглядзець. На станцыі ўшчамілася новая кампанія: маладая дзяўчына гадоў шаснаццаці і некалькі крыху старэйшых хлопцаў. Дзяўчына была страшна спітая, кароткастрыжаная, з распухлым носам. Ейны выгляд ніяк не вязаўся з чысцюткай белай кашуляй, чорнай адпрасаванай спадніцай да каленяў і белымі няроўна абвіслымі гольфамі. І толькі запыленыя рудыя туфлі сведчылі пра беднасць, п’яны гармідар у недружалюбнай хаце з гэткімі, як яна сама, бацькамі-алкашамі. Хлопцы, што ехалі разам з дзяўчынай, былі амаль аднолькавыя: бястварыя, з бялява-шэрымі валасамі. Гэткіх жа — толькі што непрапітых — можна бачыць каля пэўнай установы ў мёртвай зоне праспекту, дзе не любяць гуляць прыстойныя людзі.
Разам з моладдзю ўсунуўся паджылы дзядзька з расадай, пастаўленай на металічную цялежку-калыску. Акуратны, годны савецкі чалавек з сумнымі, але спакойнымі вачмі — падмануты пранырлівымі, паспяховымі круцялямі. Побач з ім да вагонных дзвярэй прыхінулася поўная ўсмешлівая жанчына з правінцыйнай завіўкай у стылі васьмідзясятых гадоў. У чырванаватых ад загару руках, уціснутых у кароткія вузкія рукаўчыкі, цётка ашчадна трымала прадаўгаватую скрынку. Па валтузні й папіскваннях, якія даносіліся адтуль, можна было меркаваць, што жанчына вязе толькі што купленых пішклянятак.
Ядзя ўсміхнулася. Ёй узгадалася, як на летнія вакацыі бацька звычайна адвозіў яе на сваіх чырвоных «Жыгулях» да бабкі з дзедам разам з пішклятамі, пасаджанымі ў плеценыя простакутныя кошычкі ад трускавак. Усю дарогу дзяўчынка забаўлялася на заднім сядзенні тым, што разглядала, як пішкляты штурхаюцца, распушаюць свае жоўтыя футрыкі, міргаюць цёмнымі вочкамі без веек. І як абавязкова адзін з іх выбіваецца наверх. Стаіць, пагойдваецца на танюткіх лапках і ўрэшце правальваецца ў інкубатарную пішклячую масу.
Раптам народ заварушыўся: у супрацьлеглым канцы вагону з’явіліся музыкі. Змрочны гарманіст татарскай знешнасці й высокі загарэлы пясняр. Заспявалі «Сёння ў нашай хаце свята…». Людзі разняволіліся, пачалі па-загаворніцку пераглядацца, выцягваць грошы з кішэняў і кашалькоў. Андрэй таксама торкнуў нейкую дробязь на развіццё беларускага мастацтва. Дзяўчаты насупраць, пахіхікваючы, абмяркоўвалі гарманіста. Дарэчы, на Менскім моры яны не выйшлі. Цікава, куды можна ехаць у такім парадным пляжным выглядзе ды яшчэ з нейкай «завушніцай» на пазногці? Да бабкі ў вёску? На лецішча? У Маладзечна да сяброў? Няўжо… ў Вязынку — да Купалы?!
Ядзя з Андрэем выйшлі на станцыі «Беларусь». Ездзіць на лецішча яны пачалі пасля вяселля, а дагэтуль грэбавалі гэткім «плебейскім заняткам». Другі дзень вяселля, адсвяткаваны на свёкравым лецішчы з сябрамі, паказаў ім, што там можна «цывільна» й утульна адпачываць. Шмат хто, у адрозненне ад пачатку дзевяностых, гэтаксама, як і Ядзя з мужам, прыязджаў толькі па шашлыкі, лазню, гультаяванне на шэзлонгах і добрую размову за грузінскім віном.
Хата ў свёкра была файная, перавезеная з адной туманнай прыазёрнай вёскі яшчэ за савецкім часам. Тады свёкар быў праграмістам, але любіў, як і ягоны бацька, майстраваць. Калі іхняя кантора, якая працавала на абаронку, развалілася, свёкар, здаецца, уздыхнуў з палёгкай. Ён не стаў перавучвацца на новыя кампутары, а заняўся вырабам мэблі, што прынесла яму прыбытак і дазволіла павандраваць з замовамі па былым саўку. Гаспадаркай яны з жонкай амаль не займаліся — мелі толькі добры сад, клумбы й пару градаў з кабачкамі-морквамі. Свякруха, праграмістка й модніца, лецішча ўвогуле не любіла — выпраўляла мужа, а сама заставалася дома фарбаваць пазногці, глядзець тэлевізар і пасвіць малодшага сына, якому ўжо, дарэчы, мінула дваццаць пяць гадоў.