Литмир - Электронная Библиотека

І хоць-калі я нават пачала задумвацца пра тое, што ў нас з Габрусём, і праўда, ўсё йдзе вельмі гладка, і што ён збіраўся ажаніцца з гэтай «беднай мастачкай», якая хавалася за шторамі на трэцім паверсе, і што жыву там я, а Габрусь мне ўсё больш і больш падабаецца… А можа, мне варта было б наблізіць яго да сябе, забыцца на свае перажыванні, паспытаць адчуць каханне наноў, толькі з іншым чалавекам? Дазволіць ягонай пяшчоце праліцца ў мяне. Аддаць сваю. У нас магло б атрымацца. Усе людзі ўсё роўна звяры, а тут яшчэ добрае сяброўства, таму ці не адная трасца, які з табой мужчына? Я магла б паспрабаваць сябе ўгаварыць, пераканаць, што мне няма патрэбы ў табе, што не цябе адзінага я кахаю, бо вось жа й ты, відаць, змог, здужаў-такі (а казаў: «манагамны») аб’ездзіць Надзю. (Дарма яна торкаецца па парку. Два разы яе бачыла без цябе. Дарма. Не хачу я з ёй дыхаць адным паветрам. Нядобры яна сабе выбрала лёс.) Усё! Вырашана! Габрусь дык Габрусь! Ён таксама чалавек і тым больш мужчына. Можа, гэта нават будзе цікава. Век жыві — век вучыся. Можна й паспрабаваць. Жанчына ніколі не застаецца адна! Кожны наступны мужчына пасуе ёй больш, чым папярэдні! Толькі вось каханне…

Ды й Габрусь, які цяпер ужо меў дазвол затрымлівацца запозна, у нейкі момант падхопліваўся й некуды ўцякаў. І заўжды ў бок Серабранкі — ускокваў на ровар і ляцеў у цікаўную цемру парку. Нават начных абарыгенаў не баяўся — во які харобры. Па ўсім відаць: горкая мая доля — быць мне з Габрусём, калі ён ужо гэткі станоўчы, мужны, дабрадзейны й шляхетны.

Не хоча чалавек карыстацца маім разгубленым станам, складанасцю маёй жыццёвай сітуацыі. Але чаму ён з’язджае гэтак запозна? Ды ўсё ў бок парку… Ноччу напрасткі ў Серабранку… А што, калі ён усё ж?.. Мне ж адразу на тое выдала… Лошыцкі маньяк!!! Так. Такім ён і павінен быць: знешне прыстойным, добрым, аматарам старасвеччыны й рамантычных разгубленых жанчын. Вось чаго ён да мяне прыбіўся: адчуў, што з мяне ён зможа па-асабліваму наздзекавацца — як-небудзь па-гістарычнаму. Што за свет! Што за жыццё! Ні табе кахання адданага, ні шчырага сяброўства! Адныя дыпламаваныя мастачкі й гістарычныя маньякі! Што ж мне цяпер рабіць?

Страшна мне зрабілася не на жарт. Канечне, Габрусь не мог ведаць, што менавіта сёння ўночы я здагадалася пра тое, што ён маньяк. І калі б хацеў, ён бы ўжо даўна ўчыніў сваю подлую расправу, бо нават новы замок у дзверы ён мне ўстаўляў. Абароны перад Габрусём у мяне не было. Ні цяпер, ні раней. Чаго ж ён чакае? Можа, шкадуе? А можа, і праўда, праняло й ён закахаўся? І я да яго ўважліва стаўлюся, шаную, ягоныя артыкулы чытаю. Хто мог падумаць: гісторык-маньяк! Але чаму? Можа, яшчэ нешта можна выправіць? Пагутарыць, пераканаць, падлячыць. Страшна вось што: ён маньяк, а ўсё паказвае на тое, што ён мужчына, які мне пасуе. Вось у чым праблема: мне пасуе гісторык-маньяк. І я чыста ягоны тыпаж: бледнатварая й рудая. Рудая з золатам, але гэта зараз нічога не мяняе, проста я па старой звычцы спрабую намякнуць табе, што ўяўляю сабой правераны й ухвалены мастацтвам вобраз. Значыць, што мы маем: бледнатварая й рудая (з золатам) жанчына сядзіць у засцаным шматлікімі пакаленнямі катоў і абарыгенаў будынку, трасецца ад страху, бо колькі дзён таму вырашыла ўзяць сабе за абранніка хворага забойцу, з якім яе звязваюць далікатныя адносіны, і горш за ўсё тое, што гэтая жанчына я. І ўсё тое, што адбываецца, атрымліваецца, ёсць маім выбарам. І гэты выбар ніяк не ўплывае на таго, дзеля каго ён быў зроблены, а толькі шкодзіць мне. Так, шкодзіць, бо вось жа й Габрусь — маньяк, і я сама ў гэтым дурным, навязаным мне змаганні з умоўнасцямі зрабілася адно іхняй закладніцай. І няўжо гэтая жанчына я? Гэта не я, але я ўсё гэта дзеля яго, а ён жа вось…

А што ён? Можа, яму зараз іншае трэба. Ягоная душа, можа, пляваць хацела на ўмоўнасці-няўмоўнасці й проста прагне новага досведу, а язык не змог як след растлумачыць. Можа, яму зараз трэба пажыць нейкім іншым жыццём, прайсці пэўны этап. Пазаймацца творчасцю, пасябраваць з іншымі людзьмі, палюбіцца з іншымі жанчынамі, нават займець дзіця. Абрасці дзецьмі. Выгадаваць іх. Альбо кінуць. Зрабіць свой выбар і сутыкнуцца з ягонымі наступствамі. Атрымаць за выбар жыццёвую ўзнагароду альбо цяжкую расплату. Зразумець альбо не зразумець. Быць разумным альбо дурным. Захварэць брыдкай хваробай. Вылечыцца. Альбо памерці. Весці аскетычны лад жыцця. Баляваць. Спіцца. Дасягнуць прасвятлення. Пайсці ў манастыр. Падацца ў пажарнікі. Разысціся са мной назаўжды альбо вярнуцца. Не, не вярнуцца — вяртаюцца назад. Проста прыйсці. Проста прыйсці нейкім новым днём. Сустрэцца на новай жыццёвай пераправе альбо на сталым адрэзку спакойнага спраўджанага быцця. Быць. Быць. Са мной ці без мяне, але самому. Самім сабой. Без страху. Са сваім рашэннем. І з маім каханнем, якое я не магу вытравіць з сябе. А што каханне? Кахай не кахай, не трапіш у рай. Перад Богам мы ўсе паўстанем па адным. Дык што я зараз мучуся? Мне б цяпер думаць, што я асабіста скажу Богу й ці ёсць я сабой, сваёй душой. Але калі ўсё гэта — мае рашэнні, дык можа, гэта сапраўды я?

Наступным днём у пакоі пахла не мною. Не мёдам ад майго цела й нават не мачой з пляцоўкі, як звычайна, а цёплай крывёю. Крывёю, не сапсаванай яшчэ тытунём і алкаголем. Крывёю не салёнай. Крывёю маладой, салодкай. Дзявочай крывёю. Я не магла зразумець, адкуль ідзе гэты пах. Ён не быў непрыемным — ён быў чужым і праз яго чамусьці рабілася сумна. А яшчэ — шкада некага. Некага бязвіннага, маладога, некага, хто пры іншых абставінах мог бы зрабіцца табе лепшым сябрам, а замест таго наводніў твой пакой сваёй крывёй. І можа, дзеля гэтай дзеўкі ты выварочвала б у транспарце ўсе кішэні, каб знайсці талончык, бо тая спадзяецца на цябе, бо едзе зайцам, а зайшла кантралёрка. І ты дапаможаш ёй, а потым пазнаеш, узгадаеш, дзе й з кім яе бачыла, і праз гэтую сітуацыю, праз гэты момант узрушэння, калі трэба дапамагчы маладзенькай хітрай дурніцы, ты будзеш адчуваць салідарнасць, шкадаванне й ніякай нянавісці. Але зараз яна нахабненька едзе зайцам па тваім жыцці, борздзенькай вершніцай на тваім мужчыну, і ўсё, што ты хочаш, — гэта яе забіць. Для цябе больш няма асобных дзяўчат: для цябе ўсе яны — яна адна, суперніца. І калі ты выходзіш з вагону метро й гатовая ўчапіцца ў валасы зграбнай дзяўчыне, якая стаіць спіной да цябе ля супрацьлеглай платформы, ты разумееш, што гэта — мяжа, і што далей цябе выратуе ад забойства толькі Бог. І тады ты молішся, каб Бог пазбавіў цябе ад гэтага жудаснага жадання, ад нянавісці, ад рэўнасці, і на светлае свята Раства цябе адпускае. Адпускае канчаткова, вызвольна, лёгка. Дзяўчаты горада Менску ўратаваныя, ты прыгадваеш, што ведаеш сваю суперніцу ў твар, і ўсё, што ты потым кажаш пра яе — гэта не злосць, а самаіронія. Ты выратоўваешся, бо можаш жартаваць. Ты робішся ўсё больш прыгожай і вясёлай. Цяпер ты — прывабная, годная жанчына, ты зноў любіш сябе й людзей, і людзі любяць цябе. І няхай некаторыя з гэтых людзей — гістарычныя маньякі, але тваё жыццё змянілася ў лепшы бок. Ты перажыла цэлую восень і зіму без яго, і вось ужо ідзе другі вясновы месяц, а ўсё не так дрэнна й нават шчасліва. Да таго ж сёння свеціць сонца, цёпла й па-прыемнаму пуста. Недзе адсыпаецца пасля сваіх цёмных спраў Габрусь, прыглядаецца да інтэнсіўнасці святла твой каханы, ты падыходзіш да новага й вельмі важнага рашэння — карацей, жыццё ўяўляе сабой заканамерную, непазбежную гармонію. Толькі вось гэты пах — цёплы, салодкі пах чужой дзявочай крыві.

Раптам мне хочацца кіслага альбо салёнага — каб прагнаць гэты салодкі крывавы пах з роту. Дзіва што — трэба ж было ўчора навыдумляць гэтулькі жарсцяў: таму й здаецца цяпер. Я іду ў мясцовую краму й купляю піва. Піва стаяла ў цяньку — яно прахалоднае, цёмнае, як і рака насупраць вінакурні. Я радуюся, што змагу пачаставаць ім Габруся, і вырашаю спытаць яго наўпрост, ці маньяк ён і як нам быць далей. Альбо нешта адно. Не. Нешта адно будзе гучаць куртата — трэба ўжо высвятляць усё адразу. Тым больш, невядома, што ў Габруся на ўме й што яго напужае мацней. Можа, ён закаханы ў галоўнага рэстаўратара альбо ў абарыгена з целам спецназаўца ў адстаўцы, а тут я са сваім золатам і шостай гадзінай раніцы. А шторы трэба зняць: калі ён мяне дагэтуль не знайшоў, то ён ужо, відаць, і не прыйдзе. І ўвогуле, можа, мне лепей з’еха…

5
{"b":"828985","o":1}