Литмир - Электронная Библиотека

A адбылося ўсё гэта звычайна. Патэлефанавала, сказала, што затрымаецца на некалькі гадзінаў, a сама не прыйшла. Як не прыйшла ні назаўтра, ні наступнай ноччу, ні на трэці дзень. І калі праз тыдзень яна прыцягнулася, каб забраць свае манаткі й «адкараскацца» ад мяне, я быў ужо ў сваім уяўленні заторганым, сівым і зарослым барадою. Праз страх за яе, a потым праз крыўду й роспач. І я ўжо не баяўся прызнацца сабе, што «так, я паводзіў сябе, як апошні дурань, як тысячы іншых пакінутых мужыкоў». Спачатку мерз на прыпынку, зазіраў, як сабака, у вокны тралейбусаў. Тэлефанаваў у міліцыю, апісваў прыкметы й прыкрываў рукою вочы, калі ўзгадваў тыя рысы, якія, здавалася, былі прызначаныя толькі для мяне. Я шчаміўся ва ўсе куты й шчыліны, каб знайсці яе пах ці валасы. Абнюхваў спінкі фатэляў, канапу, падушкі й ручнікі. Апускаў у іх твар, праводзіў вуснамі па шорсткай паверхні, каб затрымаць Вераніку. Прагульваў працу. Я чакаў званку ці Веранічынага з’яўлення. Не прыбіраў у хаце, бо як я мог сцерці маленькія часцінкі яе скуры альбо поту? Я хадзіў басанож, каб ступаць па брудзе й пяску, што раней абсыпаліся з ейных абцасаў.

І калі яна прыдзяўблася дадому, вы думаеце, яна хаця б крыху ацаніла маю дбайнасць, альбо мае хваляванні кранулі яе? He. Я «ўсяго навыдумляў». Да таго ж я «канечне, добры й спагадлівы, але не ідэал», і тым больш, не ейны. І калі яна ўжо не знайшла ўва мне свайго аднаго-адзінага мужчыну, то вымушаная мець некалькіх. І з цягам часу ўсе разам яны як бы складуць архетып таго мужчыны, які ёй патрэбны. Проста як Адам Кадман альбо Рухані ў хазараў. Дзіва што. Магу вас запэўніць: былі ў яе потым і Кадымон, і Адам, і вусаты Рухані — усіх хапала. Усякай масці сабе кавалераў награбла.

І, пэўна, мне варта было выгнаць яе тады, у той студзеньскі вечар, але я хацеў давесці ёй і найперш, відаць, самому сабе, што я ўсё ж такі найлепшы мужчына, які толькі можа трапіцца. І я пакінуў яе. Яе ўзяў яе халодныя рукі ў свае й сказаў, што мы проста стаміліся. Што мы павінны сёе-тое змяніць. Што мы яшчэ не зведалі адно аднаго да самых глыбіняў, не паказалі адзін аднаму, на што мы здольныя. Што яна мусіць мець камфорт, a не бадзяцца па чужых людзях. Што я пайду на яе ўмовы, што буду служкам, рыцарам. плюшавым мішкам, братам — кім заўгодна, абы яна пагадзілася не рваць усяго таго, што было паміж намі раней. І што я хачу яе, што я невыносна хачу яе, і што маё жаданне прымусіць яе забыцца на ўсе яе часовыя ідэалы.

Сапраўды, ідэалы аказаліся часовымі, але яны саступілі новым, і жыццё маё пераўтварылася ў суцэльнае пекла. Па начах, пасля таго, як я ўжо адкрыта быў прызнаным «толькі адным з», я ляжаў побач з Веранікай і разважаў пра ўсіх гэтых людзей: пра заможнага каўказца — кандыдата навук, пра баяніста, пра падлетка-француза, пра кіроўцу грузавіка, пра настаўніка роднай мовы й пра ўсіх астатніх, пра каго яна мне распавядала. Я ляжаў побач з усёй гэтай вар’яцкай калодай картаў і, не паверыце, нават ганарыўся, што на сённяшнюю ноч змог выбіцца на першае месца ў гэтым балагане. І я зноў ды зноў пытаўся ў сябе, што адчувала яна ў дачыненні да кожнага з нас (я ўжо станаўлюся салідарным з імі — дзіва, што я не надумаў утварыць разам з імі прафсаюз), ці кахала яна каго-небудзь з нас на самой справе. Ці меў для яе хто асаблівае значэнне. І я амаль кожны раз маладушна адказваў сабе, што гэта быў я. І ніякія знікненні, ніякія пагулянкі не змаглі пераканаць мяне ў адваротным.

Але я памыляўся тады не праз дурноту сваю, a праз тое, што ведаў Вераніку настолькі добра, наколькі добра можна ведаць вечна цёмны пакой, у якім заўсёды рухаешся навобмацак. Я ведаў Веранічына цела, яе звыклыя жэсты, але нават яны мяняліся з кожным новым мужчынам, і я ледзь паспяваў высачыць новую рысачку-злодзея. І калі мы запозна вячэралі разам і Вераніка намазвала батон маслам і палівала яго вішнёвым сочывам, я ўсё гадаў, чаму яе кахаюць усе мае супернікі. Чаму яны жадаюць менавіта яе, і што ім у ёй так падабаецца. Бо сам я ўжо не бачыў у ёй нічога, акрамя чарады адбіткаў чужых мужчынскіх твараў на ейным. Чужых поглядаў, усмешак, словаў, мімікі, пластыкі, валасоў. Усе гэтыя мужчыны былі надзейна заспіртаваныя ў Вераніцы, і нават з’яўленне новага кавалера не пагражала б ім нічым. Яны засталіся б некранутымі, і толькі які-небудзь нязвыклы прыжмур вока дадаў бы пакутаў мне. Мне — чалавеку, які столькі часу быў нязменным назіральнікам яе перажыванняў, тэлефонам даверу, гарантыяй гарбаты па вечарах, калі ў Веранікі нешта абламвалася альбо, наадварот, яшчэ толькі пачыналася. І тады, у першым выпадку, яна сядзела са зморшчаным ілбом, з ценямі ўсіх былых перамог і пройгрышаў на твары. І мне хацелася пахапаць усіх гэтых дакучлівых чорных птушак сумнення, што кідаліся ёй у твар, запіхаць іх пад накрыўку ў рондаль, зварыць іх неабскубленымі, неабсмаленымі й паказаць Вераніцы. Паказаць, што гэта ўсяго толькі мяса й пер’е, a не нешта, што мусіць так мучыць яе й замінаць ёй жыць шчасліва.

Але бывалі й такія дні, калі Вераніка вярталася дахаты пад раніцу, гарэзлівая й задаволеная, і была выключна прыязнай да мяне. Тады яна, са смехам, абдымала мяне й заспакойвала: «Нічога, не бядуй. Аднойчы ты таксама знойдзеш сваю жанчыну, якая будзе пасаваць табе больш за мяне, і мы станем сябраваць сем’ямі». Але Вераніка не была злой. Так, эгаістычнай, разбэшчанай, жорсткай, але не злой. І калі ёй сапраўды шанцавала, і яна сустракала некага вартага, Вераніка рабілася ледзь не анёлам. Але іскры агню, якія літаральна пырскалі з яе тады, праціналі мяне дратамі, бы змочанымі ў пякельнай серы. І я трываў, трываў бясконца, бо разумеў, што быць Веранікай — цяжар нашмат большы за мой боль. І я рабіўся саўдзельнікам Веранічынай безразважнасці, бо хоць і не патураў, але ж суперажываў. Тым больш, што заўважыў нейкую незразумелую заканамернасць: калі Вераніка йшла на повадзе ў сваёй зусім не дабрадзейнай натуры, усё ладзілася й у яе, і ў мяне. Але як толькі Вераніцы сніліся яе дзіцячыя сны альбо прыходзілі ў голаў думкі пра нейкі «няспраўджаны абавязак перад грамадствам» (Бог яе ведае, што яна мела на ўвазе), яна ледзь не захворвала, бо спрабавала быць «прыстойнай». Вераніка даводзіла, што яе йснаванне — заганная паталогія. І, не паверыце, я сам пераконваў Вераніку, што, магчыма, гэта ёсць цалкам натуральным для яе, і што па апошніх вестках ад паліткарэктнасці паталогія не можа лічыцца заганнай. О так, тут ужо маёй беднай Вераніццы не было як сумаваць, і яна казала палымяныя прамовы пра тое, што «так, яна мусіла аддаваць сябе, дзяліцца сваёй жыццёвай моцай, бо інакш тая душыла й раздзірала яе знутры».

Мана. Нічога яна не мусіла нікому аддаваць. Насамрэч яна ўжо не магла спыніцца, затрымацца з нейкім пэўным мужчынам. Таму што яна баялася. Баялася перайсці тую мяжу, за якой бы ёй прыйшлося ўбачыць ужо не сябе й сваю страсць, a мужчыну, на якога яна цэбры той страсці вылівала. He кажу ўжо пра каханне. Тым больш узаемнае. Яно б Вераніку проста забіла.

У тым і парадокс: нягледзячы на ўсе яе прыгоды, каханне й мужчыны ўвогуле былі для Веранікі самай небяспечнай рэччу, страшэннай пагрозай. Бо яны, калі сканцэнтравацца на іх у той ступені, у якой яны таго заслугоўваюць, адрывалі б Вераніку ад яе самой. Ад адзінай і непаўторнай крыніцы яе жыцця, як сама Вераніка гэта ўспрымала. Яны б зруйнавалі яе асобу, зламалі яе ўнутраны стрыжань, зніштожылі б яе духоўны досвед. A хіба дзеля гэтага яе Бог стварыў? Зусім не. І ніхто, кажу вам, ніхто з тых дурняў, з якімі яна круціла, не быў для яе важным. Вераніка прыслухоўвалася толькі да сваіх пачуццяў, толькі да сваіх тактыльных адчуванняў. І калі я нарэшце насмеліўся спытацца ў яе, ці аддавала яна перавагу каму з тых, з кім была разам, Вераніка з усёй сваёй непадробнай шчырасцю адказала мне, што «так, два-тры з іх былі больш тэхнічныя ў гэтым плане, чым астатнія». Так што відавочна, што яна была засяроджаная цалкам на сабе. Яна толькі хацела папеставаць сваю натуру, сябе, такую каштоўную й прыгожую. І калі гэтыя добраахвотнікі стараліся на Вераніцы, яны нават не здагадваліся, што проста сціралі з яе парцалянавага цела пыл, які назбіраўся за тыдзень-другі пастаяннай сувязі альбо самоты. Так што, я мяркую, Вераніка рабіла ўсё гэта ў мэтах асабістай гігіены. І не больш.

48
{"b":"828985","o":1}