Литмир - Электронная Библиотека

«Пакуль», «шчасліва», «бывайце», смех… Дзверы ляскаюць, і знадворку Соню з Мізэрыяй прымае ў абдымкі вечар. Мяккім ветрам, бы рукою, гладзіць іх па галовах і, як бацька, дакарае: «Дарослыя, а жывяце, як дзеці…».

«І сапраўды! Што мы як малыя? Пойдзем да мяне! Мой з’ехаў дадому, а ў нас ёсць бутэлька “кампары”, і поўна ўсялякай смакаты. Пойдзем! Няхай сабе тутака сядзяць і плеснеюць! “Ні-іна”. Хіба гэта ймя? Не бядуй!..»

* * *

А я й не бядую: стаю сабе на балконе ў Мізэрыі й пыхкаю дымам у кручоныя вочкі кратаў. Я ведаю, што ўсё яшчэ наперадзе. Што ўсе мужчыны, якія былі ў мяне дагэтуль і будуць пазней, — гэта проста цягнікі на шляху да майго суджанага, і я толькі час ад часу мушу рабіць перасадкі, каб дапасці да яго. Я як вынаходнік і даследчык карысных выкапняў: адкрываю мужчыну й рухаюся затым далей. Але няўжо маё жыццё мусіць стаць бясконцай экспедыцыяй з невялікімі прываламі на стаянках падчас распрацоўкі месца пакладаў? Няўжо ж я так і буду шукаць сабе аб’екты страсці замест таго, каб знайсці ўзаемную страсць альбо… роднасную адасобленасць? І ці ёсць ён, гэты суджаны? Ці не атрымаецца так, што калі Бог дасць мне той самы, «бяспройгрышны» варыянт, я не змагу затрымацца з гэтым мужчынам, а ўсё роўна ўцяку, як і раней, каб пазбегнуць неабходнасці канчатковага выбару? Канцовасці. Ахвярнасці. Кампрамісу. І чаму я так свята веру ў неабходнасць сям’і, але разумею, што маё жаданне аб’яднацца з некім — гэта насамрэч гульня ў хованкі са сваёй сутнасцю? Чаму я разрываюся паміж прагай свабоды й у той жа час застаюся звычайнай жанчынай, якая не можа пражыць сама па сабе? І чаму я так зашмат кахаю, і кожны раз назаўжды? Хаця… Чаму «зашмат»? Можа, ува мне заўсёды жыло толькі адно каханне, дадзенае мне спрадвеку? Можа, яно рухалася ўва мне цэласнай плынню і толькі аказвалася накіраваным на таго, хто ў гэты струмень ступаў?

А цікава было б даказаць, што кахання няма? Таго, якое людзі ўважаюць за нейкую знешнюю сілу. Даказаць, што каханне — гэта індывідуальная ўласцівасць кожнага чалавека, а не нешта наканаванае, непазбежнае, на нябёсах вызначанае. Патрэба арганізма ў эмацыянальным узрушэнні, прага стварэння, творчасці, самаздзяйснення. І жахліва было б даказаць адваротнае: што каханне як вышэйшая моц існуе, прычым незалежна ад нашых жаданняў, памкненняў, волі. Жахліва й прыгожа адначасова. І дзіўна, што людзі так просяць сабе кахання, а потым прыніжаюць яго, як могуць, альбо, наадварот, гвалцяць, як заўзятыя некрафілы, старое, памерлае, пачуццё, бо «так трэба»…

Не, не трэба, Мізэрыя. Дзякуй. До мне ўжо піць «кампары». Пасля яго мне заўсёды хочацца смяяцца, а ў мяне ж зараз такі адказны, сур’ёзны момант у жыцці — трэба трымаць марку. Што зробіш — узрост. Цягне ўжо на паслядоўнасць, сталасць, стабільнасць. Ну што ты? Не варта плакаць! А што болей рабіць? Ды нічога. Ну вось хаця б намаляваць цыгарэтай у паветры вялікую літару Z і спакойна пайсці спаць. А назаўтра…

1998

ПЯСНЯР ПАТАЛАГІЧНАГА КАХАННЯ

Яна сноўдае пад самымі маімі вокнамі. Яна не зважае на тое, што я жыву на першым паверсе й выдатна бачу яе. Недзе a сёмай, калі я па шматгадовай звычцы сядаю да вакна папіць гарбаты, яна выходзіць з тралейбуса й накіроўваецца ў двары. Падцягвае вялікім пальцам сумачку на левым плячы, a правай рукою закладвае за вуха растрапаную пасму. A потым яна ўваходзіць у арку, злева ад маіх вокнаў, і я ўжо не магу віжаваць за ёю. Гэтак яна знарок мяне дражніць. He. Яна не мае намеру нешта змяніць альбо пачаць спачатку — яна ўсяго толькі забаўляецца гэткім чынам.

О так! Яна ўсё пралічыла! Арка знаходзіцца за два пад’езды ад майго, і я дакладна памятаю, колькі ёй трэба часу, каб прайсці паўз іх, збочыць у мой пад’езд, падняцца па прыступках, пакурчыць люстэрку грымасы, прыпудрыць нос, уздыхнуць і націснуць на званок. Ну хіба гэта не здзек? Яна хоча, каб я думаў, што яна збіраецца да мяне. Каб спадзяваўся й чакаў, як раней. Альбо яшчэ горш: каб кідаўся пераапранацца ці прыбіраць у хаце.

Па-праўдзе, я некалькі разоў усё ж такі трапляў на гэты кручок — асабліва ў першыя дні, калі яна толькі пачала блытацца тутака. І калі мінаў час і было ўжо й дзевяць гадзінаў, і дзесяць, я суцяшаў сябе, што яна, бадай што, не наважылася зайсці.

Але ў такім разе ўсё гэта цягнецца занадта доўга: яна прыязджае сюды тыдні са тры, a пры яе характары такая нерашучасць мала праўдападобная. Нешта яна цямніць. Хаваецца. Задумвае. Хоча звесці мяне з глуздоў. Мяркуе, што я буду лётаць за ёй, як і раней. Што буду ўсё прабачаць. Што буду завіхацца вакол яе й не дбаць пра сябе, абы толькі ёй было добра. Што буду даваць грошай, рамантаваць аўто, абслугоўваць кампутар. Што туфелькі будуць падбітыя, a парваныя пацеркі нанізаныя на новую лёску. Што карніз і дзверы ў лазнічку будуць пафарбаваныя, a туалетная папера своечасова купленая. Што ўсё будзе на сваім месцы, і Вераніцы трэба будзе толькі запытацца: «А ці ёсць у нас батон? А ці будзем мы сёння вячэраць?» — і ўсё з’яўлялася б само па сабе. Калі б так. A яна б толькі сябе даглядала, толькі б сабою была занятая й пра мяне ўзгадвала, калі ў яе бяспечныя дні былі (хаця я б усё роўна гайсаў на ёй з цэльным пачкам прэзерватываў напагатове). Альбо калі б яе кінуў чарговы палюбоўнік.

Так, я й пра гэта ведаў. Усё разумеў, усё заўважаў, але адмовіцца ад яе не мог. Яшчэ й вінаватым пачуваўся. Як бачыў яе пакрыўджаны позірк, дык адразу мог на што заўгодна пагадзіцца й заўсёды толькі на сябе наракаў.

Хаця ўвогуле яна й не такая ўжо дрэнная была — мілая нават, пяшчотная. Па нядзелях пірагі з капустай пякла, вясной перад святамі вокны мыла. Памятаю, стаяла на каленях на падваконні, церла шкло газецінай і гучна-гучна спявала, каб віску не было чуваць. На яе ўсе людзі з прыпынку ды й з транспарту заглядаліся. Яна яшчэ й сукенку кароткую ў такіх выпадках апранала. Ну, хіба не сцерва? Але гэта я пазней усвядоміў. A тады я яе па-страшэннаму раўнаваў і сам сваіх брыдкіх падазрэнняў саромеўся. Асуджаў сябе. Нізкім, нявартым яе чалавекам сябе называў, бо вось жа яна шчыруе, бедная, і ніякіх ганебных думак не мае, a я яе, такую чыстую й цнатлівую, падазраю. Божа! Малады я тады быў. Жанчын не ведаў. Яе не ведаў. Нават не ўяўляў, што ў яе на душы. Ідэалізаваў, карацей. A ёй што? «Секс, мяса, грошы на цыгарэты й пральная машына» — вось і ўсё, што ёй ад мужчыны трэба. A астатняе — не яе сфера ўплыву, так бы мовіць. He яе сфера інтарэсаў. Усё! «Зрабі мне добра й пакармі мяне, калі я з гуляў варочаюся». Нічога іншага яна ў цябе не просіць!

«Вы сваю місію выканалі, цяпер можаце адпачываць. Дзякуй». А! Яшчэ — «пагаварыце са мной па-беларуску: гэта для мяне істотна!» Ну, як? Хіба яе нармальны чалавек вытрывае?

Так што я яе цяпер нават не раўную — я спачуваю таму няшчаснаму (калі ён ёсць), які зараз з ёю. Хаця я й моцна сумняваюся, што нехта на яе, такую невыносную, паквапіўся. Ну, можа, забулдыга які. Бяздомны. Былы зняволены. Альбо нехта з перыферыі. Хто яшчэ на яе можа спакусіцца? Ой, ну няхай, няхай — але нават калі з ёю й прыстойны чалавек, так добра, як са мной, ёй ніколі не будзе. A хіба не? Хто аб ёй будзе клапаціцца гэтак, як я? Хто будзе сачыць за тым, каб у яе тампоны заўсёды загадзя ў шуфлядзе з бялізнай ляжалі? Хто яе будзе на прыпынку, які за два крокі ад дому, пасля працы ўвечары сустракаць? Хто ёй будзе банкі ставіць, a потым з гэтымі ейнымі чорнымі кругамі каханнем займацца? Хто, акрамя мяне, на ўсё гэта ахвяруецца? Хто, дарэчы, стане гэтак слугаваць бландзінцы, калі ягоны тып — брунеткі? Хто? Ды ніхто. Ніхто, калі ён не вар’ят.

Сам дык я цалкам нармальны — проста ў мяне асаблівы выпадак: я яе яшчэ іншай памятаю. Мы з ёю са школы знаёмыя — яна тады такая забаўная была. Сціплая, уважлівая, ветлівая такая. Бог яго ведае, ці бачыў я яе раней, але ў дзясятым класе, у калідоры, кажа мне неяк прыяцель: «Глядзі, якая пухленькая. Вось бы з такой ажаніцца». Я тады яе неяк і прыкмеціў. Ззаду. Думаю: «І праўда, нічога сабе дзяўчынка». Так і пачаў заляцацца. Да таго ж я ў яе трэці мужчына. Так, трэці. Але «тры» — лічба не абы якая. Сімвалічная. Да таго ж першы мужчына — гэта так, проба пяра, можна сказаць. Клякса. Другі — дзеля размінкі, дзеля вопыту. A трэці — гэта ўжо абдуманае рашэнне, тут ужо адчуваецца стыль, індывідуальнасць, тэхніка. Так што на мне ляжала падвойная адказнасць за Веранічын лёс, за яе дабрабыт, за яе шчасце. Я мусіў быць мужчынам, і я быў ім да самага канца, нават пасля таго, як яна паказала ўсім свой сапраўдны нораў, сваю сутнасць, сваю паскудную, здрадлівую натуру.

47
{"b":"828985","o":1}