Литмир - Электронная Библиотека

Але ўсё ж я шкадавала свайго маньяка. Калі Андрэй запозна вяртаўся дахаты, я патурала маньякавым дзікунскім дамаганням і вярзла ўсю тую бязглуздзіцу, пра якую ён мяне прасіў. Тады я й сама ўжо больш не псіхавала да раздзірання скуры на далонях, a клалася суцішана ў ложак і спала сабе спакойненька, ажно пакуль Андрэй не прыходзіў і не пачынаў цалаваць мне пальцы на нагах. Я тады адразу прачыналася, бо баялася, што, па-першае, лак на пазногцях аблупіцца, a па-другое, што Андрэй проста хоча ўзяць мяне за мезены палец і даведацца пра ўсе мае сакрэцікі (што і ў тым, і ў іншым выпадку было б выключна неэстэтычна). Што зробіш — усе мы не без граху.

A што да маньяка, дык ён мне нават падабаўся. Абсалютна гуманна, без ніякага там скажэнства, смяшыў мяне анекдотамі, байкі ўсё нейкія баяў пра псіхалагічныя тыпы людзей. Мне дык што — абы толькі слухаў, як мне тут дрэнна. Як я пакутую тутака і паказваю карцінам фігі. Што я гатовая сашпурнуць на галаву Андрэю, калі ён робіць прабежку вакол дому, усе вазончыкі з падваконня, бо наперадзе цэлы бессаромна-нахабны дзень, які мусіць адабраць у мяне майго мужчыну. І што я захлынаюся, захмялелая ад свайго ізноў недарэчнага кахання, набрынялая і пацяжэлая, як тоўстая пчала, якая патанае ў куфлі з півам. Файным куфлі, з густым цёмным півам, але ж патанае, і назаўжды.

He, я не гнала свайго маньяка: як казала мая бабуля — хай будзе. Да таго ж я думала, што аднойчы наважуся зрабіць тое, што маньяк заўсёды творыць, калі размаўляе са мной. Я спадзявалася, што калі я змагу крыху Андрэю як бы здрадзіць, то й не крыху таксама змагу, і выратую сябе такім чынам ад сваёй балючай страсці. A яшчэ: я не ведаю, ці можна гэта вось так проста выкласці, але я падсвядома хацела прабалбатацца і прызнацца, што забіла чалавека.

У такіх выпадках звычайна кажуць нешта накшталт: «Я не хацела яго забіваць» — але гэта было б няпраўдай. Усё здарылася так неспадзявана, што я не паспела нават падумаць, хачу я таго альбо не хачу. Андрэй прыехаў тады раней, і мы сядзелі пілі гарбату, і я праз гэта потым увесь час хацела ў прыбіральню. Я толькі й думала, што калі мяне стукнуць у жывот, то здарыцца нешта жахлівае і Андрэй мяне праз гэта кіне. A той бландзін, з каторым мы біліся, так заўсміхаўся разгублена, калі я перастала драць ягоныя кудлы, пацягнула іх да сябе і прасіпела: «Пачакай хвіліначку, я толькі схаджу ў туалет». Са мной насамрэч нешта такое сталася. Я проста забыла, што паміж намі адбывалася, a хлопчык той, напэўна, падумаў, што я ўсё знарок падстроіла, каб Андрэй мог знянацку на яго наскочыць. Відаць, тыя некалькі хвілінаў, якія бландзін яшчэ быў жывы, ён быў абсалютна расчараваны ў жанчынах. Але ж я сапраўды незнарок! Можа… гэта ўсё праз гарбату?

Канечне, хлопчык той зусім не ад расчаравання памёр. Я яго ўласнаручна забіла. Андрэй яму тады неяк даў ззаду, і ў таго бландзіна выпаў пісталет. Я падумала, што трэба дапамагчы Андрэю, узяла пісталет і стрэліла. Я не ведала, што ў мяне гэта можа атрымацца. A ў белабрысага такі твар тады быў! Здзіўлены нейкі. Па-шалёнаму здзіўлены. Мне здаецца, ён быў упэўнены, што пераможа і мы зоймемся каханнем. Проста нейкі дурань. Я ж не люблю бландзінаў!..

Я потым яшчэ тыдзень у сябе прыходзіла. Я ж сама найбольш пацярпела: «ворагі» мёртвыя, Андрэю шнары толькі да твару, a я сабе ўсе ногі падрапала, пакуль мы па пажарнай лесвіцы на гарышча лезлі! Андрэй мяне, дзякаваць гэтаму, вельмі шкадаваў: мы цэ-э-элымі днямі былі разам! У рэстарацыях штодзень вячэралі — Андрэй мне фісташкі чысціў, a яшчэ падарыў файненькі касцюмчык, туфлі і процьму бялізны. Сказаў, што моцна раўнуе за тое, што я ў сукенцы на гарышча караскалася. A ўвогуле, ён глядзеў на мяне так, як быццам бы я з’ела запар сем порцый марозіва альбо прасадзіла семдзесят баксаў на жуйкі. Няхай. Абы толькі глядзеў. Можа, мне цяпер ізноў каго забіць, каб Андрэй адклаў свой бізнес хаця б на дзень?..

A сорамна мне ні крышанкі не было. Ані звання. Нават няёмка неяк: я ў школе ніколі чацвёрак за чвэрць не атрымлівала — адны пяцёркі, у ізастудыю хадзіла, харэаграфіяй займалася, a тут — такая дрэнь.

Андрэй нават болей за мяне перажываў. Дарэчы, я ўсё хацела спытацца, што ён з тым каўказцам зрабіў, які з белабрысым да нас прывалокся, але столькі клопатаў было, што да гэтага часу не здолела. Да таго ж Андрэй надумаў мяне да споведзі адвесці. Ледзь не сілком у свой джып запіхаў — завёз аж у Пількаўшчыну: «свой бацюшка, свой бацюшка». Але ж я хоць і забойца, але не вар’ятка. Я таму бацюшку ні ў чым не прызналася, акрамя таго, што Андрэй жанаты і што ў яго ёсць дзіця — васьмігадовы хлопчык, але Андрэй яго зусім не любіць, бо сыны вырастаюць і пачынаюць камандаваць сваімі бацькамі. І ў рэшце рэшт Андрэева сям’я за мяжой, a я тут, і нараджу Андрэю малюпасенькую ласкавую дачушку, і ён будзе яе любіць, a таму я важнейшая. Сонны бацюшка на мяне тады так вылупіўся, як быццам бы я прызнаюся ў забойстве. Што ты ім ні распавядзі, усё ім не падабаецца! A яшчэ казаў: «свой».

Я цяпер падыходжу да люстэрка і шукаю на твары сляды граху. І калі я што-небудзь такое падазронае знаходжу, то бываю вельмі й вельмі задаволеная: значыць, ёсць яшчэ Бог на небе. Інакш як жа яшчэ растлумачыць, што ў мяне зморшчынкі на лобе, кругі пад вачыма, a яшчэ крыжык пацямнеў? Гэта ўсё папярэджанне аб тым, што мой грэх зафіксаваны. A калі ён зафіксаваны, значыць, грэх ёсць, і, выходзіць, Бог таксама існуе.

Я наконт граху нават Грышкевічу патэлефанавала, бо маньяк мне нічога больш-менш уцямнага не прапанаваў. Грышкевіч — выкшталцоны пляткар, і на дванаццаць гадоў старэйшы за мяне, так што мне й сяброўкі не трэба заводзіць. Праўда, Андрэй лічыць, што лепшая сяброўка не можа быць мужчынам, і таму мы з Грышкевічам сустракаемся дзе-небудзь у метро, бо наверсе нас лёгка заўважыць. A так мы сыходзімся на якой-небудзь станцыі, стаім за калонамі альбо ў пераходах ці катаемся сюды-туды па ўсіх напрамках. Размаўляем пра першае-лепшае, маўчым альбо крычым адно аднаму на вуха: «Гэта добра, што ты сёння ад яго збегла. Ты мусіш паказаць яму свой характар». Альбо: «Гэта добра, што я сёння ад яго ўцякла: я маю права на асабістае жыццё!» Толькі гэта мне не дапамагае: па-першае, я ў пакаранне яшчэ радзей бачу Андрэя, a па-другое, у мяне ніякага асабістага жыцця няма. Я ўсё спрабую пераканаць сябе ў адваротным — раз нават адна на «Вольную сцэну» на таксоўцы з’ездзіла — але мне ад гэтага толькі горш. Я ўвесь спектакль тады сядзела, ледзь не губляючы прытомнасці ад адной думкі, што Андрэй, можа, раней прыехаў дамоў і мы маглі б зараз займацца каханнем.

Так што я заўжды дома — чакаю. Я ведаю, што ў мяне развіваецца німфаманія, але не магу даць сабе ніякай рады. Сноўдаюся па хаце, мыю, прыбіраю — абы час мінаў, але кінуць усё і пайсці не магу. Ужо ўсё да дзірак працерла, a душу сваю ад чорнага гэтага кахання ніяк адцерці не ўдаецца. Я раней была ўпэўненая, што ніколі не буду спаць з жанатым, не заб’ю чалавека і не зраблю аборту. Але чаму ўсё гэта здарылася са мной? Як усё гэта магло стаць мною? І чаму нічога асабліва жудаснага не адбылося? Чаму ўсё застаецца такім, як раней? Тыя ж рукі і ногі, тыя ж валасы — толькі, можа, больш дагледжаныя. І чаму з люстэрка на мяне глядзіць ашалелая няшчасная жанчына, якую трасе не з-за таго, што яна нарабіла, a з-за таго, што яе мужчына не прыйшоў на палудзень і будзе толькі a дзясятай гадзіне вечара?

Гэтыя ненавісныя дні чакання цёмна-сінімі хмарамі абвіваюць маю галаву, скручваюцца ў вяроўкі і душаць мяне бязлітасна. Злавесныя й паскудныя, як сінякі на маім целе пасля бойкі. Цікава, чаму ў мяне дагэтуль ніколі не было бландзіна?..

Я разумею: нармальная жанчына, калі б не магла зусім кінуць альбо забыць свайго каханка, завяла б сабе другога палюбоўніка. Але ж я — дурніца і завяла сабе дзіця. Як высветлілася, гэта быў «звычайны шантаж». І добры доктар мяккай пухлай рукою нястомна торгаў мяне за локаць і ўсё даводзіў: «Мы не можам даць ніякай гарантыі. Зразумейце, мы толькі хочам вам дапамагчы». Вядомая рэч: за Андрэевы грошы яны маглі б зманіць, што ў мяне каза рагатая ў жываце, a не хворае дзіця, і вокам не міргнуць.

41
{"b":"828985","o":1}