Божа літасцівы! Калі б ты абгарнуў мяне мякаццю, нацягнуў на мяне лупіну — зрабіў мяне звычайнай сліваю і тым самым пазбавіў мяне магчымасці кахання, якой бы ўдзячнай я табе была! A так мая страсць з яе няпэўным вытокам, як шалёны ваўкалак, ліжа мне сэрца, і я не паспяваю дыхаць. І ўсё, што за вакном, і мужчынская патыліца наперадзе, прыгожая… Сапраўдная Філіпава патыліца…
— Каця?
Я не пачула, здаецца, ад каго ён тады вяртаўся, не ўлавіла, дзе ён на гэты момант жыў. Я не зразумела, каго ён тады кахаў. Гэта была адна з тых размоваў, якія надзвычайна значныя, але якія потым ніколі не памятаеш. Чаму? Можа, таму, што яны занадта мы самі? Так бывае ў сне або ў дзіцячых марах, калі ты кажаш нешта суразмоўцу, ён адказвае, але словаў не чуваць — толькі бачна, як варушацца вусны. Ты пабочны назіральнік, ты схопліваеш толькі погляды і жэсты. І яшчэ сутнасць, адчуванне таго, што цябе разумее самы важны чалавек, разумее ўпершыню і да канца. Гэта, як у кіно, калі героі мітусяцца, сварацца, расстаюцца, і ўрэшце паказваюць, як яны гамоняць на фоне кляновага лісця, трамвайных рэек, сажалкі або іншай рамантычнай драбязы. І, можа, акцёры ў гэты час балбочуць пра грошы, пра бутэльку віна, пра кантралёра ў трамваі, але зразумела, што тыя, каго яны ўвасабляюць, нарэшце разам.
Але потым ужо, калі мы ехалі на дзедава лецішча, я думала, што не павінна была цябе сустракаць. Гэта была проста залішняя выпадковасць, хаця і заканамерная: звычайная матэрыялізацыя думкі. Ты быў, Філіп, надзіманым чоўнам, які трымаў мяне на паверхні, але ў рэчаіснасці ты быў мне чужым. Ты быў чужародным целам, якое цвёрдым шматграннікам уваходзіла тады ў мяне і якое я вымушаная была прыняць, бо сама звіла сваімі марамі для яго гняздо. Зневажальны здзек над самой сабою, і я за яго адказная, але, тым не менш, гэты гвалт падаўся мне тады выратавальным.
Вятрыцкая сказала потым, што калі я пачувалася няўтульна, то мусіла адкінуць Філіпа, як яшчарка — хвост, і збегчы. Спосабаў хапае заўсёды. Напрыклад, калі маю прабабку і прадзеда-святара арыштавалі як ворагаў народа і везлі на станцыю, ім наладзілі ўцёкі. Ля канавы, парослай малінай, бабка папрасілася па малой патрэбе і сіганула праз кусты, калючкі, кулі ў лясок да сына. A прадзед застаўся. He хацеў губляць годнасці. Альбо чаму?
Прабабка памерла ад гора, прадзед загінуў невядома дзе. Іхні хутар на Нарачы адабралі, зрабілі школку — гадоў праз дваццаць вёска паўвымерла і школка засталася пустой. Цяпер гэта нашае лецішча. У паўзмроку мяне чакаюць там авальныя партрэты прадзеда і прабабкі. У мяккай цішы, над пазразаным піянерамі піяніна з дзедавага дзяцінства…
Хоць-калі ўвосень дзед просіць мяне з’ездзіць з ім на лецішча і грае там што-небудзь чуллівае для мяне. Я сяджу на высокім ложку насупраць вакна, прыціскаю да плячэй прыцемак і плачу. A дзед, у шырокім раблёным швэдры на гузіках, націскае на клавішы, як на вейкі чыіхсьці вачэй, якія ён ніяк не здолее закрыць. Цёмны гаротны вецер цалуе роспачна шыбы, знадворку пахне яблыкамі і мокрай зямлёй, і я загадзя ведаю, пра што запытаецца дзед: «Чаму ён застаўся? Можа, мне трэба было забіць таго канваіра?..»
Паўп’яная Наташа з выбітымі зубамі гарланіць нешта прыязнае ў сенцах (а можа, лямантуе, што прыгарэла бульба?), і радасная тоўстая трыццацігадовая жонка трактарыста падае з літровікам малака на парозе. Белыя клавішы, белы швэдар, «прабачце, канпазітар», белае малако…
— Так смешна, Філіп. Аднойчы на вечарыне нейкі хлопец даводзіў мне, што ты «найлепшы кампазітар і выканаўца нашага часу». Мне зрабілася так няёмка тады. І не праз тое нават, што ён не падумаў, што мы з табой знаёмыя, — проста ў мяне такое ўражанне, што кампазітарамі называюць толькі нябожчыкаў.
— Я б больш за «выканаўцу» пакрыўдзіўся. Ты, спадзяюся, разумееш, што…
— …ты мастак.
Мы смяемся, але праз момант я дранцвею і, як скурчаны ў прадчуванні вернай смерці жук, збочваю з асфальту. Божа літасцівы, толькі не гэта! Цяпер, калі я ўжо амаль атрымала тое, чаго так прагнула апошнія гады, праз што так пакутавала, ты хочаш мне перашкодзіць! Хаця… ён жа не Бог. Пашкадуй нас! У яго ж, пэўна, таксама ёсць сэрца. Божа, дапамажы яму, як гэта ты робіш для нас. Дай яму прасвятлення. Можа, ён і не зачэпіць нас сёння?
Сірэна вые ўжо далёка наперадзе, і я аджываю. Чорт, застрэміш сабе ўсе пальцы з гэтымі запалкамі! Правільна — толькі прасвятлення! Горш ты яго, пэўна, не зможаш пакараць!
Хаатычная ў мяне душа, непаслядоўная, занадта душэўная нейкая. Суперажыванне ўсяму жывому. Я вунь зайздрошчу дарозе, якую лашчыць туман. Яны ўжо перайшлі мяжу, да якой мы ніяк не зможам даехаць. Але яны ўсвядомілі пачатак і тым самым скарыліся перад канцом. A я так не хачу. He хачу, каб прадчуванне стала здзяйсненнем. He хачу прачнуцца заўтра ранкам побач з табой толькі таму, што табе не будзе куды збегчы. He хачу, таму што мне трэба будзе нешта сказаць табе і я, відаць, ізноў памылюся, як і колькі гадоў таму. І калі ты, надзьмуты і злосны, пакрыўджаны цяпер ужо ўспамінам — не мной, вымавіш прыніжальнае «ты кахаеш мяне?», я, баюся, прасіплю табе «не». Чаму? Таму, што я не ўмею быць такой, як птушкі, і як зоркі — не ўмею. І ўсё, што адбудзецца, можна будзе назваць потым так проста — усяго пяць літараў — «учора».
…Учора паветра ў Халмоўцы было ўзбуджана вільготным. Вёска, бы вялікі стары сабака, бразгала спрасонку ланцугом, і дрэвы ў нашым садзе пляткарылі пра былых гаспадароў. Паснулыя кроплі падалі са сценаў студні у ваду і адбівалі нейкі іншы, невядомы нам з Філіпам час.
Пад страхой над ганкам я знайшла бадмінтонную ракетку і ўглядалася праз яе ў зняволеную поўню. Так яна выглядала нашмат больш эфектна, і мне самой стала неяк спакайней: магчыма, праз пачуццё ўмоўнасці, якое выклікала гэтая карціна.
Філіп сядзеў за тоненькімі кратамі на лаўцы, і я ніяк не магла даўмецца, што асвятляла гэты куток: яго цыгарэта, твар або месяц. Сукамернікі. Значна зручней. Цыгарэта з роту; абыякава адрынуты дым; голас, больш умяшчальны за сны:
— Гном сказаў, што ты сур’ёзна займаешся толькі каханнем.
— Ён табе ўсё наманіў. Я нават не ведаю, што гэта такое.
— A чаму пісала, што не магла мяне «кахаць так, каб не граць ролі»?
— Я не ведала, як гэта назваць словамі.
— A цяпер?
— A цяпер разумею, што я проста памірала ў табе. Памірала, як муха памірае ў мёдзе: павольна, салодка і цяжка.
— Значыць, я яшчэ і забойца.
— Ну, не я ж.
— Добра. Я лягу ў машыне.
— Гэта немагчыма.
— Чаму?
— У мяне паталогія: я не магу спаць адна.
— Сапраўды… паталогія.
— Толькі не ўяўляю, як я цябе вытрываю побач.
— A ты не трывай. Проста думай, што гэта, калі хочаш, жахлівы сон.
— A потым?
— Потым я спытаю ў цябе, ці добра табе спалося.
— І што я павінна буду табе адказаць?
— Так.
— «Так». Значыць, гэта я тут тады памылілася. Ну, што ж, дубль два?
І я пакуль не магу распавесці пра тое, што было далей: барані Бог, яшчэ хто сурочыць.
«А ўвогуле, Вятрыцкая, вось так жывеш, жывеш і даводзіш сабе, што тваё пачуццё да некага зусім не сур’ёзнае — так, паляўнічы запал, незадаволеная фанабэрыя. Цябе лёс пераследуе, a ты ўсім вярзеш: “Ды я яго ўсім сэрцам ненавіджу”. A сэрца? Што сэрца?.. Дарэчы, хочаш рэцэпт бліноў з пячонкі?
Бярэш свежую пячонку, рэжаш, перакручваеш у мясарубцы, дадаеш мукі, солі, перцу… Ну добра, добра. У пятніцу мы з Філіпам шпалеры пераклейваем, a ў суботу прыходзь — спяку».
1997
A ВЫ ДУМАЛІ, ПРА ШТО?
Я тады мела справу толькі з адным тэлефонным маньякам. Ён званіў мне кожную раніцу і дакладваў, што паснедаў і ўжо йдзе на працу. Удзень ён зусім па-будзённаму скардзіўся, што на дварэ горача і ў офісе няма чым дыхаць. Увечары я мусіла распісваць яму, што збіраюся апрануць назаўтpa — літаральна ўсё, да драбніц. Іншы раз ён нават спрабаваў здагадацца сам, якія калготкі я падбяру пад бэзавы касцюм і як будзе паступова мяняцца іх колер: спачатку цёмна-шакаладны на лытках і потым святлейшы на сцёгнах. A позна ўначы мне так карцела пачуць, што ён не хоча і не можа заснуць без мяне. Што ён адзін, і толькі слухае, як завешваюць вокны суседзі і як рыпае чыясьці канапа. І што яму самотна, надзвычай самотна, і што няма каму прыйсці і пакласці яго спаць. І, ці паверыце, я была яму такой удзячнай. Я пачувалася гранічна жаданай і патрэбнай некаму, хаця й разумела, што ён размаўляе не са мною, a з нейкай выдуманай ім самім жанчынай. І я то падыгрывала яму, каб ён мог хоць неяк пераскочыць праз гнюсныя яміны свайго страху, то кпіла й здзекавалася, наколькі мне гэта дазваляла ўсё маё прыроднае і набытае каварства.