Литмир - Электронная Библиотека

Грошы зараблялі палітычна-экалагічна-карэктным чынам: распісвалі ў спецыяльнай тэхніцы пераробленую з макулатуры паперу і прадавалі ў скверыку ля кансерваторыі. He зараблялі амаль нічога.

Купілі сінія посцілкі на канапу з фатэлямі і васільковы дыван. Сцены абклеілі фіялетавымі шпалерамі. Мне чамусьці хацелася выць.

Гном уладкаваўся санітарам у Навінках у нейкай нямецкай місіі. Я захварэла. Думаю, на сухоты — да лекара не хадзілі, лячыліся зёлкамі.

Раз на месяц атрымлівалі пасылкі ад Гномавых бацькоў: грошы, расліннае мыла, свечкі і культурны часопіс — штотыднёвы дадатак да «FAZ»*. Часопісы акуратненька складаліся пад сталом, і, калі я выцягвала які-небудзь нумар, a потым кідала яго недачытаным на канапе, Гном метадычна запіхваў яго ў патрэбнай паслядоўнасці ў стосік. На трыццаць другім нумары я ўзбунтавалася: апранулася ва ўсё чорнае і абула чаравікі на гіганцкіх абцасах. Гном падарыў мне «Сітраен-Качку».

* «FAZ» — «Frankfurter Allgemeіne Zeіtung» — штодзённая кан- серватыўная  газета.

Чаравікі адклалі да лепшых часоў, але ў ложку я налаўчылася будаваць маленечкі і, на жаль, трывалы «берлінскі мур».

Гном у адказ распрацаваў асабістую баявую тактыку: панадзіў моду вывешваць сінія папяровыя гірлянды. Казаў — каб зняць напружанасць, прадухіліць скандал. «Каця, ты сляза ў маіх вачах». Адна сляза на два вокі — ну і шанцуе ж мне на скнараў.

Хутка гірлянды вывешваліся штодзень. Гном перастаў весці са мной дыскусіі — ён адразу хапаўся за сінія паперкі ў знак аб’яўлення вайны. Асабліва смешна гэта было раніцай: Гном бег на сваіх карацюсенькіх ножках спачатку ў прыбіральню, a потым чапляў за карніз, мэблю, кветкі напаўпарваныя гірлянды. Пры гэтым, як гарохам з трубачкі, ён страляў у мяне абуранымі і абражальнымі позіркамі. Я ж сімулявала прыступы сухотаў: каб не быць выкрытай і крыху пасмяяцца, я вынайшла спецыфічны храп з павіскваннем і кашлем. Да таго ж гэта павялічвала мае шанцы развіць у Гнома агіду да сябе і справадзіць яго адсюль. Але дзе там! Гном не толькі мяне не кінуў, але яшчэ й прыцягнуў Міхаіла.

Спачатку Гном прыцёгваўся аднекуль дадому, сядаў за вячэру і важка вяшчаў: «Сёння зноў з Міхаілам бачыўся. Ён музыкант, я табе казаў. У яго такія шчодрыя творы. Дарэчы, чаму морквачкі сюды не паклала?»

«He паспела нашпігаваць іх атрутай», — адказвала я пра сябе, але засяроджана прадумвала свой убор для першай cycтрэчы з «маэстра».

«Маэстра» аказаўся алкашом з суседняга дому.

Аднойчы ў чацвер, якраз пасля дажджу (мой чорны лёс! Чаму ў ім усё так літаральна?), Гном і «музыкант» прыцягнуліся да нас п’яныя і мокрыя. Гном пачаў радасна распранацца і распавядаць пра перавагі расліннага мыла. Міхаіл даверліва ікаў. Гэтыя пачвары пацалаваліся і папаўзлі ў душ разам, але, дзякуй Богу, Міхаіл учапіўся ў гірлянды і застаўся на подступах да прыбіральні.

Пасля я прысутнічала на акардэонным канцэрце. «Каця, танчаць усе!» Мой ты Бог… Толькі на момант, на невялічкае такое гномаўскае імгненне, з’явілася ў мяне надзея на выратаванне: калі Міхаіл зняў шкарпэткі і я, удзячная, падумала, што ён залепіць сабе пашчу кляпам. Уявіце сабе — не! Ён развесіў іх на падлакотніку фатэля і добразычліва, з яўнай сімпатыяй, схапіў мяне за рукаво. Калі меркаваць па расчараваным твары Гнома, то мне пашанцавала, калі пазванілі ў дзверы. Мае бацькі.

— О ё-опсель-мо-опсель! Новыя госці! A я ўжо тут якраз развіўся, угрэўся!

— Ой, Табіяс ужо з такім мілым акцэнтам гаворыць.

— Ну што ты, мама. Як жа ён мог за тыдзень навучыцца. Гэта ён працу на дом узяў. У іх у Навінках конкурс самадзейнасці. Даводзіцца аднаго хворага па класе гульні на акардэоне падцягваць.

…Праз пяць хвілінаў задыханая мама зноў пазваніла ў дзверы: «Ты толькі флейту яму сваю не давай, a то ён цябе заразіць можа», — заплакала і пабегла за бацькам.

Гэта была ідэя. Ва ўсякім разе з’ехаць з глузду і падыгрываць на флейце скажэнцу Міхаілу аказалася больш прыемна, чым уяўляць, як я тыцну Гнома… ну, добра, няхай будзе — тварам у маё зняслаўленае рукаво.

Потым ужо, калі мае вусны не маглі больш трымаць флейту, a толькі ўсміхаліся ад гарэлкі, я расплакалася. У адной руцэ ў мяне была чамусьці чарка з гарбатай, a кулаком другой з флейтай наперавес я сціскала левае вока, таму што з яго неяк больш лілося слёз. І ні Гном, ні Міхаіл мяне не пашкадавалі, a больш мне няма каму было й паскардзіцца, бо ніхто не паверыў бы. Для іх я была шчаслівая: з сябрам-немцам, кватэрай, грашыма, машынай, рамантычнымі прыгодамі і свечкамі падчас вячэры.

A мне здавалася, што ўсё гэта — выпадкова прачытаная кніга, знойдзеная ў цягніку і наўмысна пакінутая для іншага пасажыра. У мяне было такое адчуванне, што сама я завісла ў паветры, сярод шуму лістоты, a на зямлі адбывалася нешта, у чым я не магу прыняць удзелу. І мне дазволена будзе спусціцца, толькі калі ўсе дэкарацыі будуць падрыхтаваныя. Ведаць бы, да чаго…

A тут яшчэ высветлілася, што ў мяне раздваенне асобы. З Гномавага дзённіка. У жыцці я ўсё рабіла дзеля Гномавай карысці — у яго запісах я яму шкодзіла. На самой справе я бачыла Гнома наскрозь і дапамагала здзейсніць яго самае запаветнае жаданне: пазбавіцца мяне. У дзённіку я яго не разумела. Адтуль таксама я даведалася і пра Гномаў ад’езд за тры дні да таго, як ён мне пра гэта паведаміў. Нічога — памыла што было з яго адзежы і адклала грошай на дарогу. Апошняя бязглуздзіца, якую я прачытала ў мемуарах гэтага інжынера чалавечых душаў, была, вядома ж, пра мяне: «Калі-нікалі мне здаецца, што яна зробленая з воску. Часам мне нават хочацца падпаліць яе валасы: убачыць, як яна гарыць і плавіцца, як мякчэе твар, як расплываецца яе худое цела…».

Таму, калі Гном прапанаваў мне паехаць у яго любімую Нямеччыну, «дзе нам было так добра», я адмовілася. A вы б захацелі згарэць жыўцом?

A вось цяпер чакаю. Ужо й прадпрымальніцкі аўтобус з Нямеччыны прыходзіў, a Гном не прыехаў, як не прыехаў і ў тыя дваццаць дзён, што я стаяла тут ля Дома настаўнікаў. Мне і не надта што шкада, толькі дзіўна, чаму я так выяўна адчуваю, што хутка павінна ўбачыць яго.

A трамваі адзін за адным ідуць на вакзал, a потым вяртаюцца. І гэтак па коле, каторы дзень, як і я. Стары зачытаны сцэнар, кожны раз той самы маршрут — толькі пасажыры крыху іншыя. A як мне сысці? Як перастаць ненавідзець гэтых шалёнікаў і тым самым адасобіцца ад іх? І як пераканацца, што я не з імі, a сапраўды ў паўразбітай шкарлупіне свайго «Сітраена» і разумею Гнома? Як мне запэўніць сябе, што нашыя адносіны падмыла не розніца менталітэтаў, a сексуальная несумяшчальнасць?

Але ж я ведаю, што гэта мана і што я такая самая, як Міхаіл, як Цыдлоўскі і гэтыя людзі, што невядома чаму так позна вяртаюцца на «сямёрцы» дамоў. Адзінае, што адрознівае мяне ад іх, — гэта мой, відаць, няправільны светапогляд: наіўны, адцягнены, дзівацкі — такі, як быццам я гляджу праз заштрыхаванае марозам шкло, хаця для астатніх за трамвайным вакном — жнівень. Мне хоць-калі нават здаецца, што калі б вокны, якія заўсёдна цікуюць за мной, маглі смяяцца, то наўкола стаяў бы непераносны рогат.

Лепш, пэўна, падацца дахаты, дзе я з’ява ўжо даўно натуральная і будзённая — нават для сваіх агрэсіўных шпалераў.

Пап’ю гарбаты, прыму душ, апрану новую піжаму і, можа, хоць сёння засну.

…Калі я заходжу вечарам у сваю кватэру, у мяне з’яўляецца пачуццё цягніка: адчыняю-зачыняю ўваходныя дзверы, затым лазенку, зачыняю кухню, запальваю цыгарэту і п’ю гарбату.

«Я гэта ўжо недзе бачыла, я гэта ўжо сто разоў рабіла». Такі аўтаматызм заканчваецца тым, што перастаеш успрымаць свае паводзіны як рэальнасць. Глядзіш на сябе як быццам збоку і міжволі каментуеш свае ўчынкі ў трэцяй асобе. Часам гэта нават падбадзёрвае, асабліва калі кажаш: «Каця, здаецца…». Так і адчуваецца, што летуценнае «здаецца», індульгенцыя ўсіх манюкаў, будзе працягненае чымсьці загадкавым і грандыёзным. Што ні кажы, a гэта адна з гаючых перавагаў адзіноты, і ніхто не падловіць цябе на тым, што ты размаўляеш сама з сабой.

«Мама, я не звар’яцела — я проста складаю ўголас».

38
{"b":"828985","o":1}