Литмир - Электронная Библиотека

«У той год, Вятрыцкая, мы кахаліся паміж маімі здрадамі. Maе раманы былі як дзіркі, прапоратыя ў нацягнутай газеціне, альбо змена часінаў году ў паскоранай здымцы. Можа, Цыдлоўскі пра што і здагадваўся і, напэўна ж, разумеў, што я яго хутка кіну. Смех сказаць, але я ад яго на досвітку ў піжаме, той жоўтай, пад паліто ўцякала. Гуляла і ўжо тады так марыла пра Гнома, так марыла! Халоднае ўсё яшчэ, шэрае, сцятае пасля ночы — от, каб пацягнуцца, здаецца. Хто-ніхто ўжо ў вокнах корпаецца. Ранак — a ў іх святло. Цыдлоўскі мяне нават да Філіпа раўнаваць перастаў. Вяртаюся, бывала, каву яму вару, a ён з лазенкі выпаўзае і ўсміхаецца: “Распусніца ты, Кузьміч. Хаця б паліто зняла”. Весела з ім было. Толькі скупы ён нейкі. На ўсё. He, ты не кажы, Вятрыцкая, што не была я яму вернай жонкай. Тры гады… Я яго, здаецца, так кахала, толькі…».

Толькі той вясной я стала шукаць выйсце, хаця й сама не ведала, адкуль. Я не ведала, куды мне бегчы, ад каго, прынамсі, уцякаць, але адчувала, што — трэба. Тады я ўжо ўспомніла, што я да ўсяго яшчэ і перакладчыца, і што навошта я столькі гадоў вучылася, каб цяпер быць мужавай жонкай, і што якога чорта мне штораніцы смяшыць людзей, калі Гном рэальна існуе і калі я магу зноў паехаць туды, дзе яго сустрэла.

…І не падобны ён да Філіпа, і не заканамернае гэта супадзенне, і не таму, што Філіп у Амерыцы, a проста сябар. Пачуццё. Дазволь сабе заснуць. Даўгавая яма. Мая. Ёсць ты. Пачуццё абавязку. Цяпер ужо не спаць. Шэпт. Мяккая скура. ..? Так, вельмі. Накрый мяне цёплай коўдрай. Не тонкай тканінай, не шоўкам. Не мокрыя ў мяне валасы. Не кроплі сцалоўваць з ключыцы. Не горача. І фортку. He капрызнічаю. Проста кладзіся. Заўтра. Інакш яго не будзе. Будзе толькі пацяжэлае сёння. Накрый мяне коўдрай. Захапі ногі шчыкалаткамі. У салодкім. «Паклапаціся пра нас…». He малюся з табой ніколі. Вачэй Божых? He баюся — саромеюся. He размаўляй словамі. Позна. He перахацець спаць. Ведаю, што самотна. Сама нічога не ведаю. Мімаходзь. Адказныя за пустату размоваў. Давай спаць. Пяшчотна…

Мама сказала, што ад сябе нельга збегчы, a тaтa — што свайго лёсу канём не аб’едзеш. А, можа, у мяне лёс такі — ратавацца ўцёкамі? Вось я і з’ехала ў Дойчлянд: не да Гнома ж, вядома, a працаваць. На мора. Перакладаць экскурсіі для турыстаў. A муж? Былы. Да таго ж ён сам захацеў застацца ў Менску? A Менск? Што Менск — там нават ружы прадаюць, як шлюх: у чырвоным падманным святле…

A на Балтыйскае мора я ўзяла з сабой машынку. Ніколі не мела моды друкаваць, a тут вырашыла сталець, сур’ёзнець. Мне так патрэбная была агароджа, каб розум не бадзяўся па чужых кутах і дабрадзейнасць не франціла дзіркамі на пятках. Падумай толькі: чэрвень, a я шарсцяныя шкарпэткі прадзёрла і праз холад не магла памыць куслівую клятчастую сукенку. Пакуль не было працы, я выходзіла ў пазычаным паліто на пляж. Ішла, здавалася, па ільняной посцілцы, a набірала поўныя чаравікі пяску. Як каханак, прымала мяне плеценае пляжнае крэсла, рыпела нешта па-хатняму, клапатліва. Я саджала сабе на прыпол машынку і здымала з яе белы пластмасавы футарал — вызваляла, як з мяшка — котку. Яна плаціла мне заспакаяльнай важкасцю і, калі я парола яе ўпарта пальцамі, выцягвала доўгія жалезныя кіпцюры — паўкруг маёй ненадзейнай абароны. Так і сядзелі мы ўтраіх: перад санлівымі абрысамі Даніі, сярод закругленага морам жоўтага шкла, на п’яным нахабным ветры…

A Гном прыехаў проста: на маленькі вакзальчык з двума шляхамі, у маленькае мястэчка з распухлаю назваю Зюдабраруб. Я стаілася ў закінутай залі чакання, і, калі цягнік выстрымнуў аднаго-адзінага пасажыра, я высачыла толькі касавокага стомленага мужчыну з завялікай галавой і нядбайна змайстраваным целам. Подлая мая каціная натура выцягнула ўздоўж зямлі шыю, напружыла рухавыя лапаткі і на мяккіх учэпістых лапках, паціху, ужо хацела была збегчы, але… Але мая гаспадыня і таварышка тыцнула ў цябе ўрачыста пальцам, і я, прыладзіўшы па-элеганцку хвост, спружыніла, каб абняць твой пляцак і (не самыя магутныя ў маім жыцці) плечы. У мяне было дзесяць тваіх лістоў, і я зналася з табою ўсяго тры дні ў сакавіку, калі дзень спачываў у нарцысах…

Ля мора твае вусны аказаліся нячулымі і сухімі, як налыганыя на нітку грыбы, і я сябе жахліва шкадавала. Гэта ўжо было зусім несправядліва! Што за лёс — адзін толькі месяц ніколі не падманваў маіх чаканняў. У якой бы краіне я ні была, адкуль бы ні глядзела на поўню, заўсёды яна адказвала мне нямым крыкам роспачнай жанчыны, і я суцяшалася: ёй было горай.

Памятаю адну дзяўчыну, якая напілася, села на ровар і панеслася насустрач месяцу, супраць цемры — тое, што я не зрабіла праз цвярозасць і страх. He, яе не забілі, не згвалтавалі, праз віно яна не спужалася нават — проста замерзла.

Халодныя жнівеньскія ночы — прыдатны час, каб падкідваць на далоні дробненькія каменьчыкі расчараванняў. Хаця… Расчараванне — занадта моцна. Гэта ўжо стала натуральным, лёгкім, са звужаным вокам — смуткам… …Ты засмяяўся і прымружыўся — так, як рабіў Філіп. Ты быў падобны да паўночнага шкіпера, a вецер, бы абрабаваны вікінг, выдзіраў мяне з тваіх абдымкаў. Я ўчапілася мацней за тваю шыю, і ты прымхліва паскардзіўся, што нейкія містычныя перліны коцяцца па тваёй спіне. (Я, відаць, раздзерла тваю сандалавага дрэва феньку.) Ашалелае вока ў небе пралівала на пясок і хвалі жудасна яркія д’ябальскія слёзы. Можа, вада, a можа, святло абгарнула мае плечы, прабегла дрыготкай плынню ўніз і апусціла мяне на дол.

Уверсе не было зорак — разам з хмарамі ў мяне ўтаропіўся толькі чужы цікаўны позірк, і калі я сціснула нешта круглае і гладкае, гэта было звычайнае бутэлечнае шкло.

Падарыла Цыдлоўскаму запінкі з бурштынам на дзень нараджэння. Каб ён ведаў… A можа, і не варта было з ім разыходзіцца? Можа, ён і не такі дурань, калі здагадаўся, што я кахаю ў табе Філіпа, раней за мяне?

A ў мяне якраз наспеў злачынны план. Вакно лазенкі сушыла на траве шматок святла, і хітрыя кветкі прыкінуліся мёртвымі касматымі жукамі. Я так баялася, што яны расплюшчаць вочы, і тады мае намеры будуць выкрытыя. Маме гэта не спадабалася б, але фіранкі ў лазенцы так спакушальна рассунуліся пасярэдзіне, што я проста не магла не падгледзець за Гномам. Нарэшце, амаль з богабаязным раскаяннем, ледзь не перахрысціўшыся, я ўперылася-такі пераможна ў вузенькую шчыліну і… Божа мой, ты чысціў зубы!

Пазней, калі я жыла ў тваім шыкоўным доме, у сінім пакоі, поўным арыентальных упрыгожанняў і паху духмяных палачак, ты смяяўся і паўтараў, што такой злачыннай праявы кахання табе ўжо не зведаць…

A тады, пасля душа, мы атрымалі пасцельную бялізну, пакінулі сямейку маіх сяброў і міма белага сабакі рушылі ў жылы вагончык. Заспеты знянацку сад маўчаў, a можа, і злаваў, хто ведае, і застаялая вада па-вар’яцку аблізвала мне ногі.

Унутры, у вагончыку, смярдзела старымі канапамі і мокрым абуткам. Мы пілі нейкае піва, Гном са смешным дзіцячым акцэнтам чытаў Бродскага, я мерзла, прыціскала пальцам да стала крошкі ад печыва і нервова здымала іх кончыкам языка. Дождж танчыў басанож на даху, і нейкая жывёліна пішчэла і сапла за вакном. Бліжэй да ранку я перастала ад яе ратавацца з гэтым чалавекам і заснула.

Назаўтра Гном ад’ехаў да сябе дамоў, і яшчэ паўтары гады тваё, Філіп, імя не шчыкала мне, бы кіслая карамелька, рот…

* * *

Гномаў звычайна любяць, a карлікаў пабойваюцца — я свайго шкадавала. Ён быў такім мілым і падатлівым, такім бесхарактарным і някемлівым, што я ўважала яго за хворага, за паўдурка, якога трэба было ўратаваць і захаваць ад неспрыяльных уражанняў. (Нездарма ж варажбітка сказала, што на руцэ ў мяне выяўны знак медыцыны!)

Для зручнасці лячэнне было перанесенае ў Менск, дзе жыватворны ўплыў маёй асобы павінен быў даць найлепшыя вынікі. Але…

Мы знялі аднапакаёўку і абставілі яе кветкамі. Слухалі джаз, елі вегетарыянскую ежу і пілі гарбату з карыцай. Праз тыдзень купілі мне туфлі без абцасаў і ўсялякае чырвонае адзенне — «палягчае зносіны з людзьмі».

37
{"b":"828985","o":1}