Цяпер Калекцыянер дакладна быў асуджаны на ад пачатку добрае, але не на жаданае. Снабісцкі лёс клапатліва выкрасліў стылёвыя памылкі і нават нязначныя сентыментальныя банальнасці. О не, Калекцыянер не быў адзінокі — яму бясконца дапякалі карагоды разнастайных дабрадзеяў, але ніхто з ягоных прыяцеляў не падазраваў, што ён меў патрэбу ў іхніх пустых кватэрах, але не ў спачуваннях. Можа, гэтая цяга да замкнёных бязлюдных памяшканняў і зрабіла Калекцыянера начным вартаўніком у аптэцы, дзе ён спаў нераспрануты на чорнай дэрмацінавай канапе. A зранку (калі снег слязліва бурчэў на святло) яго вытачаная, быццам спісаная з дыпілонскай амфары пастава атручвала лекавым пахам трамвай. Стомленыя вочы колеру поўні счышчалі з мяне пыл, як пэндзаль археолага, калі я цікавала за «ой-якім-бледным-вытанчаным-хлопчыкам… -напэўна-распуснікам» з апошняга сядзення. Тады я яшчэ не спрабавала намаляваць, як Калекцыянер вяртаецца ў трохпакаёвую кватэру, дзе бегаюць мама, тата й сястра. Я не ўяўляла, як ён прымае душ, п’е каву, чытае свежыя газеты і ўключае «Радыё Рокс». Гэта пазней я даведалася, што пакой Калекцыянера — зборышча прыгожых шматзначных рэчаў і нават на заплечніку, з якім ён ідзе на вечаровы архітэктурны факультэт, — рэпрадукцыя Пікаса. І, бадай, адзінае, чаго мне не ставала месяцы праз тры, — гэта пракрасціся ў дом Калекцыянера і падгледзець, як ён чытае, паліць, думае й засынае на зялёнай канапе да чарговага тэлефоннага званка.
A пакуль… Калекцыянер дабрадзейна нанізваў кампаніі, джазавыя кавярні, напаўэлітарныя клубы, «постэлітарнае» кіно… Былая прыязнасць да людзей, музыкі перайшла ў любоў да прыязнасці, і ўжо цяжка было разабрацца, ці сутнасць гэтыя густы, ці «прафесія». Прынамсі, гульнёй у бізнес жыццё ўсё-ткі стала. І ў гэтым свеце штучных умоваў аднойчы мела адбыцца здзелка. Нават відавочна было, што Галоўны Гандляр Рабамі ніколі не дасць Калекцыянеру тое нясцерпнае Нешта, што лунала побач, але не знаходзіла ўвасаблення. Ды й якая-небудзь суджаная Яна ніяк не хацела ступіць у халодны ручай падрыхтаванага вобразу.
З прыкрасці Калекцыянер сціснуў у кішэні нерасколаты каштан, калючкі яго супакоілі й суцешылі небараку. Ён пачуўся змоўшчыкам у цёмным горадзе жаданняў: усе тут мелі каханне альбо поўную яго адсутнасць, a ён, Калекцыянер, — шчаціністы каштан.
Але хвароба ўжо цалавала паветра, і прадбачанне зусім не прадухіліла, a паскорыла Яе надыход. A менавіта… наступным днём. Калі валасы аптэкара яшчэ не абсохлі пасля душа. І далікатная парфума апраўдана песціла фанабэрыю. Разам з яго сябрамі ў дзверы ўшчамілася трамвайная дзяўчына з тварам коткі.
— He палі…
Яна пачынала рухацца так рэзка, быццам Яе казыталі, a працягвала ляніва, нібы паблажліва да ўласнага ўмення хадзіць. Яна размаўляла так хутка і такім мятным голасам, што Калекцыянер пачырванеў. Яна была непрадказальная, але сказаць паспявала ўсё. Яна назвалася ўсімі, кім толькі можна: перакладчыцай, студэнткай, геніем, удавой, мастачкай і, здаецца, журналісткай. Сапраўды, Яна рабіла ўражанне ачумелай коткі, якую бесперапынна то гладзілі, то тузалі за хвост.
— Але ж не палі.
…Дома, на апошнім, трэцім, паверсе белага будынку, Яна ўвесь час спакушала саксафон і падалася не такой мітуслівай, хаця шапялявай і досыць з’едлівай. Калекцыянеру падабалася, што ўсё, што Яна ні рабіла, выглядала неяк культава, хоць і высветлілася потым, што абрадавая засяроджанасць — ад дрэннага зроку. Наогул жа герой крыху асцерагаўся Яе розуму, але зацята прасоўваўся ў напрамку Яе прывіднасці. Успрымальная да ліслівасці, Яна ацаніла такую дагодлівую настойлівасць і ўзвяла Калекцыянера ў каханкі. Вас гэта рассмяшыць, але яшчэ два гады мы абодва былі ўпэўненыя, што сустракаемся ўпотай. Употай адзін ад аднаго. Далібог, не ведаю, нашто я згадзілася на гэтую свядомую памылку, але прызнаюся, Калекцыянер — адзіны чалавек, які мяне перахітрыў. Прасвятленне не каштавала мне ні жыцця, ні веры, але, прыхаваная здзічэлым павуціннем парку, я разамкнула вусны:
— He палі.
— Але чаму, урэшце?
— Проста мне патрэбны твой пах.
— Пах?!
— Пах сліваў і апельсінаў.
…Мой мілы Калекцыянер. Ты памрэш на сваёй канапе ў пантофлях, агорнутых пылам, і гэта будзе не пыл падарожжаў, a пыл здзейсненага жадання, дасягнутай мэты, блазнаватай задаволенасці. Гэта будзе след няпройдзенага, непражытага, непераадоленага — ці то ўсяго, што ты вылучыш сваім запаветным спакоем сярод дробных экспанатаў. Твой твар скамянее, каб адбіць паталагічную прагу адзіноты і свабоды. Як шкляр, яны выдзьмулі тваю надзвычайную непранікальнасць, і яна няцямна бянтэжыцца перад чужым дрыжаннем. І ў гэтай дрыготкай неспасціжнасці ты выбіраеш свае калекцыйныя штучкі: адчыненае вакно, канапу, птушак і кнігу. Ты нават не хаваешся — ты проста разводзіш рукамі. A я — у самоце, сухой і нервовай, глынаю адраджальную й ненавісную непазбежнасць… адчыненай форткі, канапы, птушак і кнігі. І няхай я даследую ў недарэчнасці смак віна, але ўсё ж дачакаюся тваёй добраахвотнай уважлівасці і гарбаты. Як кадкамі з фікусамі, я дапамагу табе засадзіць маім імем дом, каб яно пацямнела й знікла. І сярод жудаснай абыдзёншчыны, з мяккай булкай, зморшчаная старая, я ўсё-ткі застагну ад жадання, калі выстрымну крошку на твой мёртвы рот. Hі зганеная, ні ўзнагароджаная. За ўсё жыццё — твой адзіны перл.
1996
КЛІНІЧНЫ ВЫПАДАК, альбо ДАРЭМНЫЯ ЎЦЁКІ
У мяне другі год «Сітраен-Качка». Чорны, з белымі сядзеннямі. Я прыязджаю на ім да Дому настаўнікаў і вучуся любіць народ. Бязглуздая задума, але ўсё ж штовечар я стаўлю машыну за скрыняй для смецця і сачу, як вы боўтаецеся ў піўным святле трамваяў. Так, проста назіраю, як вы хістаецеся і чамкаеце ратамі, як выгінаецеся і спакушаеце шыбы, як сціскаеце поручы і цягнеце рукі да нябачных багоў, але яны глядзяць вам якраз у вочы.
A я прыязджаю да вас у даўгой бурштынавай сукенцы і чышчу яблык. Цені дрэваў разбэшчана шнараць па сценах. Старое заюзганае неба сядае на дах майго аўто, і сіні пачок «Галуаз» прытульваецца да каленяў. Кажэрына яблыка зняможана выкручваецца перад нажом, але з’ядаю яе я і думаю, што хутка восень. Чаму гэты самы яблык з выразаным гніллём павінен быць з’едзены мною? МНОЮ? Таму…
Што я не ўмею быць такой, як птушкі, і як зоркі — не ўмею. Я ўсё шукаю лучнасці і несамоты. Але ж я страшэнна адзінокая. У пятнаццаць гадоў я перажывала, што калі ў мяне будзе мала кахання альбо не тое, што трэба, то я захварэю на сухоты. Можа, гэта сапраўды нейкая хвароба, якую я пусціла ў сябе? Але ж я была такой пільнай! Хаця… Чаму здзіўляцца: мая галава — гэта колба з матылямі. Праз іх усё, што я пішу, — спалучэнне колераў, гукаў, пахаў і смакаў. Усё, што я добра ўмею, — гэта граць на альт-флейце. Мая сціплая надзея — сумнеўная пяшчота адданага розуму альбо цела. Мая душа — маленькая кіслая кропля, якая чакае, што яе зліжуць. Дурніца: хто ж ёй сказаў, што гэта шчасце?
І я блытаюся. У парасонах, шаліках, пальчатках, сумках.
Жамярою яны лятуць мне ў твар, лезуць у нос, у рот, у воочы. Ты не думай — я проста грымаснічаю, a не саромеюся, што мушу жангляваць такімі слухмянымі ў тваіх руках рэчамі.
A пальчаткі я ўжо ўсё адно згубіла. У далёкім нямецкім горадзе з бадзяжнымі трусікамі, адсутнай балбатнёй званоў і сапраўдным Гномам: даўгавалосым, у замшавай куртачцы і зялёным капелюшы.
У тую вясну, увечары, калі чайкі жахліва пакрыквалі над штучным возерам, Гном злазіў з ровара і выглядаў кагосьці праз шкляныя дзверы гатэля. A потым у светлым пакоі на мансардзе сцягнуў з пальцаў завялікую чорную скуру і без мяне піў цёмнае піва. Каханне маё, каханне, ты падобнае да ягадзіны, якую ціснеш на языку. Спаліў бы ты тады лепш гэтыя пальчаткі.
І ў чым бы я магла тады спавядацца бацюшку? У тым, што ішоў снег і падаў на гарачыя нарцысы? Альбо ў тым, што прыйшоў чалавек і размаўляў ласкава? Альбо ў тым, што я не пазнаёмілася з Гномам, a пазнала яго, калі нас прадставілі ў семінарскай залі таго гатэлю? Ці, можа, у тым, што Гном быў як нечакана зялёнае дрэва, якое глытае сонца ў чорна-белым кіно? Альбо распавесці пра тое, што я вырвалася тады з апантанасці болем і ўпала ў здранцвенне, але ў гэтай непарушнай зашклёнасці мяне сталі гнясці пяшчота і страх? І ці здолела б я растлумачыць, чаму мае ўцёкі сканчаліся толькі новаю пасткай і непазбежным вяртаннем да самой сябе?..