«Гора, гора. Калісьці ты сачылася ў маё прыстанішча, прыжмурыўшы легкадумнае вока, і вада свістала праз ўсе шчыліны. Ты абкручвала мае ногі хітраю хваляй і загадвала ў мегафон з крэсла ля прайгравальніка: “Дождж і затапленне! Дождж і затапленне!” І тады мы прымалі суровы выгляд і дэманстравалі адно аднаму стылі плавання. A ты патэтычна крычала: “Мы маем шанец супраць паражэння: нас папярэдзілі, што паводка ўсё ж спадае, таму мы дасягнем мора загадзя”. Я пярэчыў у адказ: “Яно забітае мясцовымі аўтарытэтамі, a нам так добра ў сваім сховішчы. Але. Паспешлівасць загубіла й нас з табой: цяпер вось варушым пясочак ды пускаем бурбалкі за нясцерпным шклом”».
Яна пстрыкнула пазногцем па слоіку і прапанавала, нібы паскардзілася:
— Куплю сабе рыбак. Усё ж нейкая забава. Раты круглыя. Ён згадзіўся, выпусціўшы дым:
— Купі. Яны будуць дохнуць з голаду, і ніводная не паспее цябе абразіць сваім маўчаннем. І без таго тонкія вусны Яе зусім запалі ўсярэдзіну, скранулі рэзкае падбароддзе, што вытыркнулася, бы грувасткі прас.
«Маўчаннем. Як растлумачыць яму, што ён адзіны, хто прыходзіць сюды? Як вытрымаць? Мяне ўдарылі кійком пад калені — я звалілася, але паспела сказаць: “Напэўна, гэта сэрца”. Цяпер глебу размыла, і вось ужо чужыя абцасы топчуць мяне, a я — то тварам у гразь, то з тварам у гразі. І нікога, каб дапамагчы, і тэрмін убірае ў сябе новую вільгаць, і выйсце — толькі ў дзверы тваёй безвыходнасці. Зачыні іх, дружа, бо я не дапаўзу!»
«…Марнасць, поўная недарэчнасць дзеяння. Куды ж яна так сутаргава імкнецца, нашто кратаецца, калі ведае, што не ўмее больш хадзіць? Час спыніцца. Сядзь побач, сонца, — ля маёй вады, адчуй, як нябесная кропля драпане цёплую скуру, аблізніся на грымоты — усё роўна навальніца пройдзе бокам. Няўжо ты не хочаш гэтага заспакаення? Хоць… Ты маеш рацыю: мы задушылі тваю радасць, цяпер валочым яе за горла й цябе ж вінавацім у вечным адчаі. Але ж… Я ім не вораг».
«Ведаеш, на іх марудна-адсутнае “як справы” так і карціць пахваліцца: “У мяне добры сон апошнім часам, калі-нікалі я сплю нават удзень…”».
Ён нечакана голасна пазяхнуў, і раптам стала заўважная лянівая шчэць, якая раўніва адштурхнула ад поўных вуснаў Яе дбайную далонь. Ён расслаблена засмяяўся, і шорсткае брыво Яго выгнулася, як разварушаны кот, якога паклікалі есці:
— He змянілася. Усё клапоцішся пра дробязную прыстойнасць, a ў кватэру тваю небяспечна пускаць дзяцей: нейкі вядзьмарскі прытулак.
— Затое ў лазенцы чыста. У сястры рамонт — зрэдку забягае сюды. Я ўсе астатнія пакоі зачыняю, яна й не зазірае — спяшаецца.
Шляхетныя пальцы Яго затрэсліся, і попел таннай цыгарэты прагна й раздражнёна заглынула гарбата.
— A зрэшты… Хутка вернуцца бацькі, вось тады сапраўды пачнеш марыць аб чараўніцтве. Цесната, пыл выціраць, галёканне. Зноў блукаць па горадзе. Шукаць… І нічога ўжо не знойдзеш.
Ён задуменна схаваў пяшчоту агню запалкі, a Яна зайздросна захінулася ўласнымі рукамі, учапіўшыся імі ў плечы.
«Немагчыма ажыццявіць. І ты, і я…».
Яна пашкрэбла па кнопачцы настольнае лямпы, разгублена падняла галаву — светлыя валасы гультаявата папаўзлі ніжэй да рэменя… «Новага…».
— Слухай, Дзіна… — прадчувальна-недаверлівае мычэнне абмылкам слізганула па языку. — Слухай, давай заўтра. Заўтра ўсё вырашыцца. Павер, так лягчэй.
Ён вымавіў гэта ненатуральна бадзёра, быццам паўтараў показку, якую яна не магла зразумець, a толькі вінавата-разгублена запіхвала блізкі плач за каўнер.
«Заўтра… Заўтра тут будзе трупны пах ад дыму й ніхто не прыйдзе. Санлівасць захныча аб літасці, a я без перапынку буду ўставаць з канапы й адказваць на памылковыя званкі па аб’явах, якіх ніколі не давала. Ах, як не трэба. Не трэба прадвызначанасці…».
…Ён старанна супакоіў на грудзях шалік, прыструніў паліто, самавіта пабразгаў кішэнямі.
— Ну, пакуль.
— Паку-у-уль.
Запаволены й вызвалены, Ён расцвяліў сцішаныя прыступкі, учадзела тыцнуў світанку няўважлівую руку. Белыя дзверы адчужана замуравалі адыход, заспаная электрычнасць замармытала правілы адзіноты, a Яна забаўлялася сваім злавесным сёрбаннем, каб не адляцець у цішыню. І толькі ў кутку, на банкетцы, крыўдаваў змораны Гасподзь і ўмудрана ўзіраўся ў сваё змучанае, непрыкаянае дзіця.
«Эх, Божа. Схапіць бы цябе за крысо і папрасіць: “He ўцякай, застанься са мною, пакуль мне будзе страшна. A я абавязкова засну. Да таго ж потым прыцягнецца ранак, і я не затрымаю цябе колькі-небудзь даўжэй.
Няхай ніхто цябе тут не знойдзе, але ж заставайся…”».
1993
КАЛЕКЦЫЯНЕР
Цяпер сцеражыся, каб не памерці раптам… Разанаўская «Гліна» спаўзла з паперы ўніз, распласталася белым на доле, сабрала нябачным магнітам у дбайную варону два чорныя слупкі штрыхоў. Бессаромная, дзяўбла скандальная асоба лёд і не чула, што слухае яе зверху ўніклівае вуха Калекцыянера.
Заспаны, ён называў сваё імя: дрыготка-шурпатае, з шапаценнем падсмажанага на ветры лісця. Але мяне занадта спакушалі выцягнутыя ўперад вусны, таму не маю моцы ўзгадаць гэтую таямніцу, што раскрыла б вам карты альбо перасцерагла. Усё ж абяцаю, што навучу вас хадзіць па цнатліва скурчаных сцежках, хаця… Баюся, што цнота — менавіта тая рэч, якую згубіў на іх Калекцыянер…
A на пяць паверхаў вышэй за варону, у пустой аўдыторыі ін’язу з адным стомленым чаканнем мяне госцем, горад глуха загучаў. Перастаралася настырная нашая сяброўка: скубанула-ткі балючага нерву — ажно званы ліхтароў пахіснуліся на дратах. Ганарлівая вулка войкнула, сцялася, тарганула знянацку горад, пацягнула старыя струны — спудзіла немы сон. Горад крутануўся пашарпанай плытаю, і прызначэнне не ўстояла: расціснула старэчыя пальцы, выпусціла ручку ад грамафону — дзынь. Апладысменты дзвярэй, апантанасць тралейбусаў, істэрычнасць тэлефонаў, флегматычнасць лядоўняў, сутаргавасць відэльцаў у шуфлядзе, прывітанні, пацалункі, маланкі, шампанскае, пырскі… зайгралі невыносны катастрафічны джаз. Ён ірваў нутро на словы і ўзрушваў імі, як румбай, у гонар першаадкрывальніка…
Сказаць праўду, цяжар славы мучыў Калекцыянера яшчэ ў дзяцінстве. Уявіце сабе, якая гэта пакута для дзіцяці ў клятчастай кашульцы і памаранчавых калготках — не марыць, a ведаць, што ты станеш знакамітым мастаком, пісьменнікам, музыкам… Таму, калі аднагодкі ў «Планетарыі» глыталі ад захаплення зоркі, бедны Калекцыянер са скрухай шаптаў сабе: «Вам дык добра дзівіцца, a мне туды сапраўды ляцець…». Але ўсё ж наканавана яму было застацца ў вялізнай каробцы з чалавечкамі, з якімі забаўляліся няўмольныя і адчужаныя волаты.
Па сутнасці, яны не перашкаджалі маленькаму Калекцыянеру і нават дазволілі, гадоў праз дзесяць, абазваць сябе прымхамі. Калекцыянер жа крыўдзіўся, калі ліхтугі адскубалі жывое мяса з яго душы, і ўсё гадаў, чаму волаты такія несумленныя і несправядлівыя да любага хлопчыка. Паверце, ён бы здаўмеўся, каб не адна супярэчлівая асаблівасць: Калекцыянер адчуваў, што ведае ўсё, таму нічога не дадумваў да канца. Наш празарлівец навучыўся толькі злёгку дакранацца да клавіятуры, бо кожная ідэя абяцала быць удалай і кожная загадка самааддана скідвала чаравікі, Але паступова сэнсы зашыліся ў шкляную глыбіню, на паверхні якой ужо немагчыма было ўтвараць разгадкі. Раней шчыры й непасрэдны, творца злякаўся альбо проста аступіўся і паспяхова саслізнуў на шахматную дошку. Там ён перыядычна займаў то чорныя, то белыя клеткі — абы жыць паводле правілаў, шчаслівым падданым Яе Вялікасці Неабходнасці.
Наваяўлены пераможца ў шахматах і файны артыст, Калекцыянер прыхільна прыняў сяброўства Заведзенага Парадку. Па-брацку падзяліўшы ўтульны фатэль (Калекцыянер — ленавата, у атачэнні трох мяккіх сценаў, Парадак — груганом на спінцы), яны каціліся па аб’езджанай вузкакалейцы (дзякуй Богу, не пад адхон), маўчалі, вылуплівалі вочы на сонца, ніколі не бачылі месяца і наогул славіліся як самыя дабрадзейныя персоны. (Сумняюся, праўда, што на іх калі-небудзь глядзеў свет.) Але, як прынята, аднойчы рэйкі скончыліся, і пад руку не трапіла ніякай мапы, акрамя ўласнай далоні. І ці то сэнсы варухнуліся ў сненні, ці то смутак па іх уткнуўся ў шыю, аднак нешта далікатнае й кіслявае здрыганулася, прашкраблося па горле і выскачыла вонкі. Прэч. Прэснае бяссілле расплылося ў душы й роце. Раптоўная спустошанасць абясквеціла выратавальныя семафоры й апрасціла смерць. Тытры з акцёрамі-агучвальнікамі й імёны перакладчыкаў-былых паэтаў угрызліся пячаткай у «Сертыфікат Калекцыянера». Ды й што заставалася чалавеку, які больш не ўмеў жыць, калі не калекцыяніраваць? Адчуванні, уражанні, дні, думкі…