Литмир - Электронная Библиотека

— Зарангіты абяцалі нам сваю падтрымку, — голас Тэрэсы так рашуча гучаў у вялізнай залі, нібы адразу некалькі горцаў-шакрэнаў зайгралі на сваіх пуна-рантаках. Яна павярнула да Форана свой поўны жарсьці юны твар. Гэткую гордую ўпэўненасьць магла захоўваць у гэты момант толькі дачка Сангаруны. Тэрэса зазірнула Форану ў самыя вочы, і ён зь пяшчотнай падзякаю адчуў, як яе погляд уносіць у ягоную сьвядомасьць гэтак патрэбны яму цяпер спакой. Змагацца…»

Кніга худзела, як пакет чыпсаў. Пацыент сёньня йшоў усё больш жаночага полу. Спачатку за шклом дзьвярэй нехта засланяў нэонавую шыльду мэблевай крамы, якая адразу замест «мебели» пачынала гандляваць «елью», падпарадкоўваючыся кан'юнктуры блізкага Новага году. Затым у прыёмны пакой падазрона зазіраў парасон — паўза — і карцінка складваў вострыя локці, нібы гучаў фінальны акорд страснага танга. Папраўляючы грудзі, уваходзіла пацыентка. Падыгрываючы пальме, яна ажыўляла чорна-белы нэгатыў прыёмнага пакою на некалькі хвілінаў, пакуль Жана бегала да доктара дакласьці. Пацыентку запрашалі ў кабінэт, Саша зноў паглыбляўся ў кнігу, за якой Жана казала па тэлефоне сяброўцы, гэткай жа сакратарцы: «Вось ахоўніка ўзялі… пасьля таго, як „Супэрмэд“ абрабавалі… шэф спалохаўся… так, сядзіць, на мяне верыцца», хаця зерыўся Саша выключна ў кнігу. Часам пацыенткі спазьняліся альбо прыходзілі раней прызначанага, і тады дзялілі цесны вагон прыгараднай электрычкі Часу, вывучаючы адна адну па-над Сашынай галавой. Бывала, праўда, што ён сапраўды глядзеў на ножкі юных пацыентак, і тыя таксама ўтаропліваліся ў ножкі — сашынага фатэлю. Няпыльная праца.

«…змагацца — іншага адказу быць ня можа. Відаць, Парамозг Ленк заўважыў перамену, якая адбылася на твары Ўладара — увесь затрэсься, потым абурана ўзмахнуў рукой і адправіўся да экрану, па якім паўзьлі жоўтыя мухі даруканскіх караблёў. Карлікі ўзрушана завішчалі. Форан дастаў лазэрны меч і падняў яго высока над галавою. У залі раптам успыхнула ўрачыстае сьвятло, у купале нешта загрымела, быццам старажытны палац адчуў, як ягоны новы ўладальнік, гэты бязвусы гігант, прыняў адзінае магчымае рашэньне.

— Змагацца! Вось якім будзе мой загад! — усклікнуў Форай. — Наша перамога забяспечыць Энгоне мір на стагодзьдзі!

Усё навокал стала для маладога Ўладара ясным, дасяжным, непарушным. Тэрэса таксама дастала меч. Узяўшыся за рукі, яны спусьціліся па прыступках у залю. Парамозг Ленк панура маўчаў.

— Няхай здраднікі Энгоны ведаюць, што…»

Дзьверы адчыніліся, упусціўшы ў прыёмны пакой на гэты раз зялёны парасон і за ім — па-анёльску белае стварэньне гадоў васьмідзесяці. Пад вэльвэтавым плашчом у стварэньня была караценькая сукенка, больш падобная на балетную пачку, пад капялюшыкам зьзяў асьляпляльна пунсовы рот на шэрым, з брунатнай корачкай твары. У вачох пляскалася забрадзіўшае захапленьне жыцьцём і самой сабою. «Маё прозьвішча Краўчук,»— сказала балетная бабуля какетліва. «Я на сем запісвалася.» Жана ветліва ўсьміхнулася: «Прысядзьце, калі ласка, сюды, пагартайце часопісы, я пайду паведамлю доктару Жаўткову.»

Жана зьнікла за дзьвярыма кабінэту.

— П-прабачце, — не ўтрымаўся Саша. — Ваш касьцюм — ён сапраўды ад Ніжынскага? Або ад Станіслаўскага? Сьпісаны рэквізыт?

— Хамло, — без усялякае крыўды сказала Балетная Бабуля.

Жана вярнулася. «Прашу вас, доктар Жаўткоў чакае.» Бабуля прайшла ў кабінэт, пакінуўшы свой парасон, які ўжо пасьпеў добра нагадзіць у куце.

— Бываюць жа кліенткі,— пазяхнуў Саша, і адначасова з гэтым дзьверы адчыніліся зноў. Без усякага папярэдняга парасону ў прыёмны пакой убегла маладая жанчына, прыгожа-незапамінальная — яна ўчэпіста агледзела памяшканне й спытала хутка й роўна, быццам адрэзаўшы кавалак шкла:

— Прабачце, Краўчук ужо на прыёме ці яшчэ не прыходзіла?

— У доктара, — напружыўшыся й непрыязна паглядзеўшы на незнаёмку, адказала Жана.

— Будзьце так ласкавыя, я яе ўнучка, перадайце ёй, калі ласка, што я буду чакаць яе дома. Усяго найлепшага.

Пакінуўшы ў прыёмным пакоі нейкі мэнтолавы халадок, незнаёмка выйшла. Усё адбылося вельмі хутка, і гэткая празьмерная дзелавітасьць унучкі Балетнай Бабулі прыйшлася Жане не да спадобы. — Схадзі Антонаўну пакліч, падлога зусім брудная, — кінула яна Сашы й выйшла на вуліцу, схапіўшы цыгарэты.

«…што літасьці ім ня будзе! — усклікнула Тэрэса, патрасаючы ў паветры мечам. Яе рухі, якія можна было параўнаць хіба што з грацыёзнымі рухамі знакамітых энгонскіх пантэраў, выклікалі раптам у маладым Форане жаданьне зьліцца зь ёю ў вадзін тугі клубок, стварыць кулак, поўны сціснутай моцы і энэргіі, кулак, які пераможа любога ворага. Вось хто мог бы заняць трон каралевы стражытнай плянэты! Усё яшчэ не выпускаючы руку Тэрэсы, Форан павярнуўся да яе тварам, вочы іхныя сустрэліся. „Усё атрымаецца, галоўнае: падаві ў сабе страх,“— адправіла яна яму мысленнае пасланьне. Ён нахіліўся да яе духмяных валасоў, і тут жа ў залю ўбег афіцэр Кінакс.

— Барлісы толькі што высадзіліся на верхнім ярусе, — крыкнуў ён, задыхаючыся. — Іх занадта шмат, адданыя нам войскі ўжо прынялі першы ўдар, але дыстрактары зьнесеныя…

— Уладар, загадай ахове палацу заняць пазыцыі на сьценах цытадэлі,— спакойна сказала Тэрэса. — Я на фляйстары паспрабую адшукаць Гіпэрхрыбэт Барлісаў. І прыбяры ногі, дай я пад фатэлем памыю.

Форан з захапленьнем паглядзеў на Антонаўну. Хаця іхныя рукі ўжо разлучыліся, думкі яе ўсё яшчэ ўзбуджалі ягоную сьвядомасьць. Іх няспынная плынь не давала яму часу для ваганьняў ды сумненняў.— Кінакс, ахову палацу на муры ў два шэрагі. Уключыце сілавыя бар'еры. Цэліцца ў хвасты.

Антонаўна, схаваўшы лазэрны меч у ножны, рашучым крокам выйшла з залі. Глава сёмая. Хаця Форанава войска стрымала клятву, увечары Барлісам удалося прарвацца ў самае сэрца сталіцы. Пад кантролем Форана заставаўся толькі вялізны палац, які займаў чвэрць гораду, і Эбандавае прадмесьце. Калі на горад апусьцілася ноч, па палацы прайшла чутка — зьнік Парамозг Ленк. Што ж, калі…»

Дзьверы пазяхнулі, вярнулася Жана, села за свой стол, схавала пад ім тоўстыя ногі, пакруціла ў руках маркер. Па цёмным вакне прабягалі каламутныя пісягі, як блікі на вадзе, мігцелі замерлыя па нечай прыхамаці выпадковыя сьвячэньні. Узбуджаная мокрым сьнегам гарадзкая гразь памнажалася, чапляючыся за падэшвы, узьбіралася на прыступкі, таяла. Позьняя восень даводзіла, што і ў белага колеру маюцца свае разнавіднасьці. Вуліца і прыёмны пакой, здавалася, памяняліся мейсцамі; калі паглядзець у вакно, узьнікала гэткае адчуванне, што фіранкі гайдаюцца з таго боку, сярод машынаў і трамваяў. З кабінэту доктара Жаўткова не даносілася ані прыглушаных галасоў, ані звону інструмэнтаў, як магло б прымроіцца рэжысэру Сашы, і ня чулася ані крыкаў болю ці чвяканьня напаўзжаваных кляпаў, як магло ўявіцца пісьменніцы Жане. Хутчэй — музыка. Жана, прымружыўшыся, глядзела на сябе ў люстэрка, і, мусіць, надта доўга ўжо глядзела, бо задумалася пра нешта, погляд зьнік, у пустуючых вачох пачалі адлюстроўвацца, атабарвацца стол і — па дузе — журнал наведванняў, каляндар, асадка, тэлефон, дзьверы, кут, столь, падобная на жаночыя грудзі лямпа, якая хутка растварылася ва ўласным зьзяньні, зноў кут, пальма, коратка стрыжаная галава…

— Саш, — сказала Жана задуменна. — Вось скажы… толькі бяз гэтых тваіх жарцікаў дурацкіх… ну вось зноў… «Доктар Жаўткоў» слухае, — сказала яна, зьняўшы слухаўку тэлефона, які нечакана яе перабіў.— Добры дзень. Так. Не. Толькі па панядзелках. Можна. Так, ведама ж, прыходзьце. Дзесяць за кансультацыю. Да трохсот. Кружын? Крутыя? Крутыя. На шаснаццаць. Усяго добрага.

— «калі ён напраўду здраднік…» —

— Скажы, у цябе вось так бывае: скажаш нешта, і тут жа… Ну вось, напрыклад, ідзе тэлевізар, а ты ў гэты час адгадваеш крыжаванку. І ты, напрыклад, адгадаў слова «більярд». І ў гэты ж момант па тэлеку перадача, навіны спорту, і там у гэты самы момант распавядаюць пра більярд… Ці, дапусьцім, ты едзеш у мэтро, думаеш пра тое, чым будзеш займацца ў нядзелю, а побач стаіць баба якая-небудзь незнаёмая й кажа сваёй сяброўцы: ты ў нядзелю якія маеш пляны?

5
{"b":"825743","o":1}