– Безумоўна, але мне яна не патрэбна.
– Вы адчуваеце, што ў вас хопіць сілы, каб змагацца.
– Больш дакладна, я адчуваю, што ў мяне хопіць сілы, каб змагацца ў жыцці разам з усімі людзьмі добрай волі… працаваць разам з імі, каб зрабіць свет больш мірным і шчаслівейшым… ці хоць паспрабаваць зрабіць яго такім.
– Можа, было б не так гэта цяжка, каб вам памагала сяброўка. Вядома, яна павінна верыць у тое, што вас натхняе. Але калі яна вас любіць…
– Гэтага мала. Я ведаў жанчын, якія, закахаўшыся, як самнамбулы, ішлі за любімым чалавекам. Потым, прачнуўшыся, з жахам заўважалі, што стаяць над прадоннем і могуць упасці. І тады ў іх з'яўлялася адзіная мэта: хутчэй спусціцца ўніз на роўную дарожку звычайнага жыцця… Мужчына, кахаючы такую жанчыну, спускаўся таксама. Пасля чаго, як гаворыцца, яны засноўвалі сямейны ачаг… Воін складваў зброю.
– Вы хочаце змагацца адзін?
Ён далікатна абняў мяне:
– Мне вельмі балюча выказваць, але гэта праўда… Я хачу змагацца адзін.
Я ўздыхнула:
– Шкада! Я гатова была дзеля вас адмовіцца ад Джэка.
– Лепш адмовіцца і ад яго і ад мяне.
– Чаму?
– Каб застацца сабой.
Я надзела капялюш перад люстэркам. Пітэр падаў мне паліто.
– Правільна, – сказаў ён, – трэба ехаць. Аэрапорт далёка адгэтуль, і лепш, калі мы прыбудзем раней, чым пасажыры аўтобуса.
Ён патушыў у кухні лямпу і, перад тым як выйсці, не стрымаўся і па-брацку абняў мяне. Я не супраціўлялася, мне было прыемна адчуваць яго сілу і ўладу. Але ён хутка адпусціў мяне, адчыніў дзверы і выйшаў следам за мной.
На вуліцы нас чакала яго невялічкая машына, і я села з ім побач, не сказаўшы ні слова.
Ішоў дождж, і вуліцы начнога Лондана танулі ў змроку і смутку. Праз хвіліну Пітэр загаварыў. Ён мне апісаў людзей, што жывуць у гэтых дробных доміках стандартнай будоўлі, іх аднастайны побыт, убогія радасці і сціплыя надзеі. Яго ўяўленне было на дзіва вобразным. Ён мог бы стаць вялікім раманістам.
Потым мы апынуліся ў заводскім прадмесці. Мой спадарожнік змоўк. Я моцна задумалася… Думала аб заўтрашнім дні, аб сваім прыездзе ў Ню-Ёрк, пра Джэка, які, напэўна, пасля гэтай незабыўнай ночы мне будзе здавацца чужым і трошкі смешным. Раптам я сказала рашуча:
– Стойце, Пітэр!
Ён рэзка затармазіў і запытаў:
– Што такое? Вам нядобра?.. Ці, можа, у мяне што забылі?
– Не. А толькі я не хачу ехаць у Ню-Ёрк… Я не хачу яшчэ раз выходзіць замуж.
– Што?
– Я перадумала. Вы мне раскрылі вочы. Вы мне сказалі, што ў жыцці бываюць моманты, калі рашаецца ўсё, і надоўга… У мяне якраз такі момант… Я перадумала. Я не выйду замуж за Джэка Паркера.
– Вы ўскладаеце на мяне страшэнную адказнасць. Мне здаецца, я вам даў добрую параду. Але я магу памыліцца.
– Вы не можаце памыліцца. І асабліва я не магу памыліцца. Я цяпер ясна бачу, што збіралася зрабіць глупства. Я не паеду.
– Дзякуй богу! – павесялеў ён. – Гэта вам збавенне. Іначай, папалі б у бяду. А вам не боязна вяртацца ў Парыж, даваць тлумачэнні?..
– А чаго баяцца? Мае бацькі і сябры не хацелі, каб я ехала. Яны лічылі гэта капрызам і будуць рады, што я вярнулася.
– А містэр Паркер?
– Джэк паходзіць засмучаны колькі дзён ці колькі гадзін… Пабаліць крыху ўшчэмленае самалюбства, але ён скажа сабе, што вельмі цяжка жыць з такой наравістай жанчынай, і ўцешыць сябе тым, што развод адбыўся да шлюбу, а не пасля… Трэба толькі паслаць яму зараз жа тэлеграму, каб заўтра не шукаў мяне дарэмна.
Пітэр уключыў матор.
– Што будзем рабіць? – запытаў ён.
– Паедзем на аэрадром. Ваш самалёт вас чакае. А я сяду на другі, вярнуся ў Францыю. Скончыўся сон.
– Сон быў прыгожы.
– Але без вынікаў.
Прыехаўшы ў аэрапорт, я зайшла на тэлеграф і напісала тэлеграму Джэку: «Прыйшла да вываду шлюб неразумны кропка шкадую бо моцна люблю вас але не змагу жыць у чужым далёкім краі кропка лепей незалежнасць кропка пасылаю нескарыстаны білет апраўдаць выдаткі кропка прывітанне Марцэла».
Я перачытала і замест «жыць у чужым далёкім краі» напісала «жыць на чужыне». І ясна, і карацей.
Пакуль я складала тэлеграму, Пітэр высвятляў, калі адправяць яго самалёт. Вярнуўшыся, ён сказаў:
– Усё – як мае быць ці лепш, нядобра ўсё: матор наладзілі. Я вылечу праз дваццаць хвілін. Вам давядзецца чакаць да сямі гадзін. Мне непрыемна пакідаць вас адну. Хочаце, я куплю вам кніжку?
– Не, – адказала я. – У мяне ёсць над чым падумаць.
– Вы ўпэўнены, што не будзеце шкадаваць? Яшчэ ёсць час, але, паслаўшы ўведамленне, позна будзе перайначваць.
Не прамовіўшы ні слова, я падала тэкст тэлеграмы чыноўніку.
– Звычайная? – запытаў той.
– Спешная.
Потым я ўзяла Пітэра пад руку.
– Дарагі Пітэр, у мяне такое ўражанне, нібы я праводжу да самалёта свайго самага блізкага друга.
Я не змагу паўтарыць вам усяго, што ён мне гаварыў у гэтыя апошнія дваццаць хвілін. Ён вызначыў некалькі важнейшых жыццёвых правіл. Вы не раз казалі мне, што ў мяне ёсць чалавечнасць, што я верная сяброўка і не ўмею хлусіць. Калі хоць частка гэтых добрых якасцей спраўдзілася ва мне, я найбольш абавязана Пітэру. Нарэшце ў дынамік абвясцілі: «Пасажыры да Ню-Ёрка. Рэйс шэсцьсот трыццаць два…» Я праводзіла Пітэра да выхаду. Абняла яго там і моцна, ад душы, пацалавала. Больш мы ніколі не бачыліся.
– Ніколі не бачыліся? Чаму? Хіба вы не пакінулі яму адраса?
– Пакінула, але ён мне ніколі не пісаў. Відаць, яму падабалася ўвайсці вось гэтак у жыццё людзей, паказаць ім дарогу і знікнуць.
– А прыязджаючы ў Лондан, вы не прабавалі яго знайсці?
– Навошта? Ён сам прызнаўся, што аддаў мне сваё самае лепшае. Натхнёнага настрою тае ночы мы б не вярнулі ніколі. Не, тады нам было вельмі добра… Шчаслівыя моманты мінулага не аднаўляюцца… Цяпер скажыце, мела я прычыну сцвярджаць, што гэта прыгода была самай дзіўнай у маім жыцці? Ці ж не цуд, што чалавек, які перайначыў мой лёс, прымусіў жыць у Францыі, а не ў Амерыцы, які зрабіў на мяне такі моцны ўплыў, быў незнаёмы ангелец, выпадковы сусед у лонданскім аэрапорце?
– Гэта нагадвае, – заўважыў я, – антычныя міфы, калі бог у вобразе жабрака альбо чужаземца размаўляе са смяротнымі… Але, сказаць па праўдзе, Марцэла, гэты незнаёмы не надта перавыхаваў вас, паколькі ўсё скончылася тым, што вы выйшлі замуж за Рэно, які, хоць і носіць іншае імя, але па сутнасці той самы Джэк.
Падумаўшы, яна сказала:
– Ну так… Чалавечую прыроду змяніць нельга, яе можна толькі падправіць.
Фіялкі ў сераду
– Ах, Жэнні, пабудзьце яшчэ!
Жэнні Сарб'е на званым снеданні трымалася бліскуча. Анекдоты і гісторыі, расказаныя з артыстычным запалам і скампанаваныя, як у лепшых белетрыстаў, чаргаваліся безупынна. Госці Леона Ларана, узрушаныя, зачараваныя, пераможаныя, здавалася, жылі па-за межамі часу ў палоне шчаслівых хвілін.
– Не, ужо амаль чатыры гадзіны, і сёння якраз серада… Вы ж ведаеце, Леон, што ў гэты дзень я нашу фіялкі свайму кавалеру.
– Які жаль! – прамовіў ён гучным абрывістым голасам, што так падабаўся на сцэне. – Знаю, знаю вашу вернасць!.. Прымушаць не буду.
Яна пацалавала жанчын, мужчыны пацалавалі ёй руку. Развітаўшыся, Жэнні выйшла, і ўсе хорам пачалі яе хваліць.
– Гэта проста дзіва! Колькі ёй гадоў, Леон?
– Пад восемдзесят. Калі я быў дзіцем і мая маці вадзіла мяне на класічныя ранішнікі ў Камедзі-Франсэз, Жэнні была ўжо славутай мальераўскай Селіменай. А я, самі бачыце, не юнак.
– Талент не мае ўзросту, – прамовіла Клер Менетрые. – А што гэта за гісторыя з фіялкамі?
– О, ды тут цэлы раман, які яна мне аднойчы расказала і нідзе ёю не запісаны… Але я не адважваюся выступаць пасля яе. Параўнанне будзе не на маю карысць.
– Вядома! Параўнанні – рэч шкодная. Але мы вашы госці, вы абавязаны нас займаць і павінны замяніць Жэнні Сарб'е, якая нас кінула.
– Добра! Я паспрабую… Раскажу вам гісторыю з фіялкамі ў сераду. Баюся толькі, што вы знойдзеце яе занадта сентыментальнай для сучаснага густу…