Литмир - Электронная Библиотека

Андрэ Маруа

Навелы

© ІП Янушкевіч А. М., 2016

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Асабняк

Два гады назад, калі я цяжка хварэла, кожную ноч сніла аднолькавы сон. Мне здавалася, што я гуляю ў сельскай мясцовасці, і перада мной здалёк вырысоўваўся белы дом, нізкі і доўгі, а вакол яго маладыя ліпы. Злева ад дома абсаджаны таполямі луг прыемна парушаў аднастайнасць малюнка, і верхавіны стромкіх таполяў калыхаліся над ліпамі.

У сне гэты белы дом прыцягваў мяне як магніт і я набліжалася да яго. Белы шлагбаўм перагароджваў дарогу. Потым трэба было ісці па алеі, якая паступова і вельмі хораша закруглялася. Абапал алеі зелянелі дрэўцы, а пад імі безліч веснавых кветак: прымулы, барвенак і анемоны, якія адразу ж вялі, калі я іх зрывала. У канцы алеі – прагал і там белы дом, перад домам – шырокі газон, пастрыжаны па-ангельску, амаль голы, усяго што ўсеяны, як макам, дробнымі фіялкамі.

Дом быў пабудаваны з белага каменю, дах крыты дахоўкаю. Невялічкі ганак, і там дзверы са светлага дубу са скульптурнай разьбой на панелях. Мне хацелася зайсці ў гэты дом, але ніхто не адклікаўся. Мяне гэта пужала, трывожыла, я званіла, я крычала і нарэшце прачыналася.

Такі быў мой сон, і ён паўтараўся некалькі месяцаў запар з такой дакладнасцю і падабенствам дэталей, што я пачала думаць – ці не бачыла я калі-небудзь у дзяцінстве гэты парк і гэты асабняк. Аднак нічога не магла ўзгадаць, і жаданне знайсці гэты дом, паглядзець на яго стала такім моцным, што аднаго разу ўлетку, калі я навучылася сама вадзіць малалітражку, вырашыла правесці вакацыі на дарогах Францыі і знайсці дом, які бачыла ў сне.

Не буду распавядаць вам аб сваім падарожжы. Я аб'ездзіла Нармандыю, Турэнь, Пуату і, вядома, нічога не знайшла. У кастрычніку я вярнулася ў Парыж, і ўсю зіму не выходзіў з маёй галавы белы дом. Гэтай вясной я аднавіла свае вандраванні на гэты раз па суседству з Парыжам. Аднойчы, калі я праязджала нізінай каля гарадка Ліль-Адан, у мяне раптам соладка заныла сэрца, я адчула тое радаснае хваляванне, што ахоплівае вас, калі пасля доўгай разлукі вы сустракаецеся з людзьмі ці мясцінамі вельмі дарагімі для вас.

Хоць я ніколі і не была тут, аднак, зірнуўшы направа, адразу пазнала пейзаж. Вяршыні таполяў падымаліся над ліпавым паркам. І праз кволае лісцейка маладых ліп прасвечваў знаёмы мне асабняк. Я была ўпэўнена, што гэта менавіта ён, той самы дом, які я сніла. Я ведала, што, метраў цераз сто, шашу перасякае вузкая дарога. Так яно і было. Я павярнула машыну і праз некалькі хвілін апынулася перад белым шлагбаўмам.

Там пачыналася алея, па якой я так часта хадзіла.

Едучы ў засені дрэў, я любавалася стракатымі кілімамі знаёмых мне кветак – барвенак, прымулы, анемоны… Выбраўшыся на прагал, я ўбачыла зялёны газон і ганак з адмысловымі дзвярамі. Я выйшла з машыны, узбегла на ганак і пазваніла.

Больш за ўсё я баялася, што ніхто не адклікнецца, але амаль у тую ж хвіліну выйшаў слуга, заклапочаны стары чалавек у чорным пінжаку. Убачыўшы мяне, ён страшэнна здзівіўся і доўга моўчкі мяне разглядваў.

– Можна мне звярнуцца да вас з просьбай не зусім звычайнай, – прамовіла я, крыху разгубіўшыся. – Я не ведаю гаспадароў гэтага дома, але палічыла б за шчасце, калі б яны мне дазволілі пабываць у іх.

– Асабняк здаецца ў наймы, мадам, – адказаў слуга са смуткам. – Мне даручана паказваць яго наведвальнікам.

– Здаецца ў наймы? Якая нечаканая ўдача!.. Чаму ж гаспадары самі не жывуць у такім прыгожым доме?

– Гаспадары ў ім жылі, мадам. Яны яго пакінулі, бо ў маёнтку завялася здань.

– Здань? Ну, гэта мяне ані не турбуе. Вось не думала, што ёсць яшчэ ў Францыі куткі, дзе вераць у нячыстую сілу…

– Я б не паверыў, мадам, – прамовіў зусім сур'ёзна слуга, – каб гэтая здань, ад якой збеглі мае гаспадары, не намазоліла вочы мне самому… Тут у парку, начамі…

– Выдумалі байку! – усміхнулася я.

– Байка, кажаце? – пакрыўдзіўся стары. – Каму-каму, а вам няма чаго смяяцца, мадам, бо гэтая здань – вы.

Бедная мама

Бертран Шміт праглядаў сваю пошту. Яго жонка Ізабэла, стоячы побач, з цікавасцю назірала, як мяняўся яго твар: рабіўся то хмурным, то радасным, у залежнасці ад таго, што ён у лістах вычытваў.

– Ага! – прамовіў ён. – Ліст з Пон-дэ-Лёра… Нешта адтуль вельмі рэдка…

Ён адшукаў подпіс:

– Жэрмэна Герэн?.. Ну так! Яна… Маці Дэнізы Гальман… Чаго ж яна ад мяне хоча?

Мадам Герэн паведамляла аб смерці сваёй маці, баранесы Дакенвіль, Руан, вуліца Даміет, на васьмідзесятым годзе жыцця: «Мне хацелася самой паведаміць вам гэту сумную навіну, вам, сябру маёй дарослай дачушкі, які некалі ведаў і маю бедную маму. Я ўзгадваю той час, калі Дэніза вадзіла вас на вуліцу Даміет, і маёй беднай маме было так прыемна слухаць, як вы двое дружна шчабечаце. Дэніза цяпер цудоўная дзяўчына. Вы… Не збіраюся казаць кампліментаў, а толькі спашлюся на тое, як высока цаніла вас мая бедная мама і не рабіла з гэтага сакрэту… Перада мной цяпер усё спустошана. Больш як трыццаць гадоў я кожны тыдзень прыязджала ў Руан, каб яе пабачыць. Яна такая старэнькая, але мела светлы розум і магла даць добрую параду. Я, мабыць, не перанесла б свайго болю, каб не падтрымка майго вернага Жоржа і не любоў маіх мілых дзетак… Калі выпадкова вам давядзецца быць у нашай Нармандыі і вас не палохае балбатня пажылой жанчыны, заходзьце да мяне, калі ласка, і я вам пакажу некаторыя сувеніры, пакінутыя маёй беднай мамай…»

– Вы яе ведалі, гэтую баранесу Дакенвіль? – запытала Ізабэла.

– Бадай-што не… Помню, нейк раз ці два ў Руане заходзіў туды з Дэнізай. Непрытульны, страшэнна запушчаны дом…

– Тады чаму яе дачка вам піша, і ў такім сентыментальным тоне?

– Каб ёй паспачувалі. Яна адна з тых істот, што нават няшчасце выкарыстоўваюць для самарэкламы… І тым больш камічна, што пры жыцці яна гэту «бедную маму» адно што не біла, так люта з ёю абыходзілася.

– Чаму люта?

– Дакенвілі разарыліся; у мадам Герэн, якая, раз за разам, двойчы выходзіла замуж, было шмат грошай… Яна падкідвала сёе-тое сваёй маці, але скупа, толькі на пражыццё, і за гэтую сваю падачку крыўдзіла яе і зневажала, як хацела… Жахлівая рэч!..

Крыху падумаўшы, Бертран дадаў:

– І не толькі зневажала, а нахабна выкарыстоўвала ў сваіх інтарэсах.

– Як гэта?

– Даўняя гісторыя… Першы раз мадам Герэн выйшла замуж за нейкага беднага хлопца, па прозвішчу Герпэн, бацьку Дэнізы… Яна яго абдурвала спачатку з афіцэрам, потым з Герэнам, тады халасцяком… А каб спатканні не кідаліся ў вочы, трэба было напусціць туману… Бедная мама, выдрэсіраваная як мае быць, прыкрывала грахі сваёй дачушкі і, я амаль упэўнены, наладжвала любоўныя гульні ў сваім доме. Карацей кажучы, стала зводніцай.

– Жанчынам падабаецца зводзіць, разводзіць, – летуценна прамовіла Ізабэла. – Не адна яна.

– Але ў баранесы Дакенвіль такое патуранне было ў характары. Яшчэ ў маладосці яе празвалі «Падатлівыя ножкі»… Мой дзед, чалавек строгіх звычаяў, пляваўся, гаворачы аб ёй. Ну, гэта ўжо занадта. Проста яна была дурная, як бот.

– Але ж, Бертран, трэба напісаць нейкае слова спачування.

– Вы думаеце? І што мне сказаць?.. Мне гэтая смерць, як пазалеташні снег…

– Ну так, я разумею, але ж нельга адступаць ад формы.

Бертран уздыхнуў, сеў за стол і ўзяў аркуш паперы:

«Шаноўная пані, – напісаў ён, – ваш ліст крануў мяне да глыбіні душы. Як гэта далікатна з вашага боку падумаць пра мяне ў вашым бязмежным горы і самой паведаміць аб гэтай сумнай падзеі! О так, я са смуткам узгадваю мае нячастыя візіты на вуліцу Даміет. Хараство навакольных мясцін, грацыёзная, зусім яшчэ юная жвавасць вашай беднай мамы, яе дабрата да мяне, тады яшчэ дзіцяці, – усё гэта пакінула ў маёй памяці цудоўныя, незабыўныя вобразы. Я ведаю, як самаахвярна вы былі прывязаны да сваёй маці, і спадзяюся, што сардэчная прыхільнасць вашага мужа і дочак паможа вам ізноў прывыкнуць да жыцця. Калі мне давядзецца праязджаць цераз Пон-дэ-Лёр, абавязкова зайду да вас, і мы пагаворым аб нашым мінулым. Застаюся, шаноўная пані, з самымі пачцівымі і найлепшымі да вас пачуццямі…»

1
{"b":"80533","o":1}