Литмир - Электронная Библиотека

– Якая вы здагадлівая, Сабіна!

– Не забывайце, што я вас калісьці любіла, Антуан… Гэта абвастрае зрок… Падтрымайце мяне, калі ласка… Гэты пад'ём даволі круты… Скажыце мне, Антуан, калі вы нарэшце агледзеліся? Калі вы ўбачылі Франсуазу такой, як яна ёсць? Бо як жаніліся, вы былі сам не свой, яна вам свет завязала.

– Баюся вам пярэчыць, Сабіна, але нязгоды між намі і цяпер няма… Зразумейце мяне правільна… Я і сёння адчуваю вялікую прыхільнасць да Франсуазы… «Прыхільнасць» – слова смешнае, слабае, – я люблю Франсуазу… Але, як вы толькі што трапна сказалі, першыя два гады пасля нашага шлюбу, я быў сам не свой ад пачуццяў, каханне наша было моцным, непарушным і, маю ўсе падставы сцвярджаць, узаемным.

– Вось як!..

– Што «вось як»?.. О не, Сабіна, вы заходзіце надта далёка… Але вам не ўдасца знішчыць маіх успамінаў… Франсуаза дала мне такія доказы кахання, што сляпы і той бы пераканаўся. Яна жыла для мяне, а я – для яе… Удваіх мы былі шчаслівыя і не шукалі нікога… Вы мне не верыце?.. Але я кажу праўду, Сабіна… Я кажу тое, што ведаю… Я быў з ёю… а вы не былі.

– Бедны мой друг, я з ёю была раней за вас… Я знаю вашу жонку з дзяцінства. Яе сястра Элен і яна вучыліся разам са мной… Помню, як Франсуаза, з ракеткай у руцэ, стаяла на двары Сэн-Жана і гаварыла нам, Элен і мне: «Я павінна выйсці замуж за старэйшага Кеснэ, і я выйду за яго абавязкова».

– Гэтага не можа быць, Сабіна. Сям'я Паскаль-Бушэ і мая радня ніколі не былі ў дружбе; Франсуаза мяне не ведала. Я пазнаёміўся з ёю выпадкова ў 1917 годзе, калі прыехаў у водпуск на папраўку.

– Выпадкова?.. Ну вось… Вы і ў гэта паверылі. Але ж мне Элен усё дакладна растлумачыла. Справа ў тым, што, калі пачалася вайна, пан Паскаль-Бушэ, яе бацька, дайшоў да галечы. Гуляка быў і калекцыі збіраў, а гэта дарагі занятак. Дочкі празвалі яго пашой, і ён гэтага заслугоўваў. Гнаўся за раскошай. Рэстаўрацыя замка Фларэ яго канчаткова даканала… «Дочанькі мае, – сказаў ён Элен і Франсуазе, – тут у нашай акрузе толькі два шлюбы могуць выратаваць нас: адзін з дэ Тыянжам, другі з Кеснэ». Спрытныя дочанькі злавілі і таго і другога.

– Хто вам расказаў гэту гісторыю?

– Самі сёстры. Хто ж яшчэ?..

– І вы мяне не папярэдзілі?

– Не магла ж я выдаць сяброўку… І потым я не хацела перашкаджаць… Гэта быў яе адзіны шанс. Таму што Франсуазу ні ў Луўе, ні ў Пон-дэ-Лёры ніхто, апроч такога наіўнага донкіхота, як вы, не ўзяў бы замуж. Нармандскія сем'і не любяць банкрутаў.

– Але ж пан Паскаль-Бушэ ніколі не быў банкрутам…

– Гэта праўда, але чаму?.. У часе вайны яго падтрымліваў урад, дзякуючы яго другому зяцю Марысу дэ Тыянжу, які быў дэпутатам… Пасля вайны, вы гэта лепш за мяне ведаеце, вашаму цесцю быў вымушаны памагаць ваш дзед. А на гэта ён якраз і разлічваў… А!.. Ізноў гэты цудоўны водар… Мы набліжаемся да тэрасы… Пачакайце хвілінку, Антуан, – я задыхаюся.

– Вы многа гаварылі падымаючыся.

– Пакладзіце мне на сэрца руку… Чуеце, як б'ецца ў грудзях, ледзь не выскачыць… Вазьміце… Вось мая хустачка… Вытрыце губы, Антуан… Жанчыны – жудасныя істоты, адразу ж заўважаць чырвоны след… Не, сваю хустачку схавайце, а то яна вас выдасць… Каб вы былі больш спрактыкаваным мужам, вы б гэта ведалі даўным-даўно… І вось што… Абмахніце левае плячо, там, мабыць, засталося трошкі пудры… Так, добра… Цяпер мы можам выйсці на святло.

Праз некалькі хвілін госці паехалі. Жанчыны пажадалі адна адной здароўя і развіталіся, як родныя сёстры.

Гатэль «Танатос Палац»

– Як акцыі «Стыл»? – запытаў Жан Манье.

– Пяцьдзесят дзевяць з чвэрткай, – адказала адна з дваццаці машыністак.

У стракатанні пішучых машынак было нешта ад джазавага рытму. За акном вырысоўваліся гіганцкія будынкі Манхэтэна. Хрыпелі тэлефоны, і папяровыя стужкі, раскручваючыся з неймавернай хуткасцю, напаўнялі кантору злавесным дажджом серпантыну, спярэшчанага літарамі і лічбамі.

– Ну як «Стыл»? – ізноў запытаў Жан Манье.

– Пяцьдзесят дзевяць, – адказала Гертруда Оўэн.

На хвіліну яна перастала друкаваць і глянула на маладога француза. Ён сядзеў нерухома ў крэсле, абхапіўшы галаву рукамі, сам не свой.

«Яшчэ аднаму не пашанцавала, – падумала яна. – Тым горш для яго… І тым горш для Фані…»

Бо Жан Манье, прадстаўнік ню-ёркскай канторы банка Хольмана, гады два назад ажаніўся са сваёй сакратаркай, амерыканкай.

– А «Кэнікот»? – ізноў запытаў Жан Манье.

– Дваццаць восем, – адказала Гертруда Оўэн.

За дзвярамі пачуўся гучны голас. Увайшоў Гары Купер. Жан Манье падняўся.

– Справы – дрэнь! – паведаміў Гары Купер. – Курс акцый упаў на дваццаць працэнтаў. І знаходзяцца ж дурні, якія не вераць, сцвярджаюць, што гэта не крызіс!

– Гэта крызіс! – прашаптаў Жан Манье і выйшаў.

– Пагарэў, небарака! – сказаў Гары Купер.

– Так, – згадзілася Гертруда Оўэн. – Абанкруціўся. Мне пра гэта гаварыла Фані. Яна сёння ж кіне яго.

– Нічога не зробіш, – прабурчаў Гары Купер. – Крызіс.

* * *

Прыгожыя бронзавыя дзверы ліфта бясшумна зачыніліся.

– Уніз! – загадаў Жан Манье.

– Ну як «Стыл»? – пацікавіўся хлопчык-ліфцёр.

– Пяцьдзесят дзевяць, – адказаў Манье.

Ён купляў гэтыя акцыі па сто дванаццаць даляраў. Пяцьдзесят тры даляры страты на кожнай. І з другімі яго акцыямі не лепш. Ён уклаў у іх усю сваю невялікую маёмасць, набытую ў Арызоне. У Фані ж ніколі не было і цэнта. Так, гэта канец… Апынуўшыся на вуліцы, ён шпарка пайшоў да метро, прабуючы ўявіць сабе будучыню. Пачынаць усё спачатку? Гэта магчыма, калі б Фані праявіла цярпенне і мужнасць. Ён успомніў, як ён змагаўся, як пасвіў жывёлу ў стэпах Арызоны і даволі скора разбагацеў. Зрэшты, яму ўсяго толькі трыццаць год. Але ён ведаў, што ў Фані літасці няма.

Так яно і здарылася.

Калі назаўтра раніцай Жан Манье прачнуўся ў поўнай адзіноце, ён адчуў, што сілы яго пакідаюць. Хоць Фані была і бяздушная жанчына, але ён яе любіў. Негрыцянка прынесла яму снеданне – рэдзенькую кашу ў талерачцы, лустачку дыні, і папрасіла грошай.

– Дзе гаспадыня, містэр?

– Паехала.

Ён даў ёй пятнаццаць даляраў і падлічыў, што ж у яго засталося. Даляраў шэсцьсот, нават меней. Можна пражыць месяцы два, нават тры… А потым? Ён паглядзеў у акно. Апошнім часам, амаль кожны дзень, у газетах пісалася пра самагубствы. Банкіры, служачыя, біржавыя спекулянты, пацярпеўшы крах, выбіралі смерць як адзіны ратунак. Скінуцца з дваццатага паверха? Колькі секунд? Тры? Чатыры? Кроў на асфальце і раструшчанае цела… А калі не памрэш адразу? І ён уявіў сабе страшэнныя пакуты, паламаныя косці, садранае мяса… Уздыхнуўшы, ён узяў пад паху газету і пайшоў у рэстаран. І вельмі здзівіўся, што з апетытам з'еў блінцы, палітыя кляновым сіропам.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

13
{"b":"80533","o":1}