Некалькі хвілін усе маўчалі, потым Бертран Шміт сказаў:
– На свеце заўсёды знойдзецца крыху рамантыкі для тых, хто яе варты.
Добры вечар, дарагая
– Ты куды, Антуан? – запытала мужа Франсуаза Кеснэ.
– Пайду на пошту. Здам заказное і выведу пагуляць Маўглі… Дождж перастаў. Хмары над Ментонай распаўзліся. Бярэцца на пагоду.
– Доўга не баўся. Я запрасіла на абед Сабіну Ламбер-Леклерк з мужам… Ну так, я прачытала ў «Эклерэры», што яны прыехалі ў Ніццу на некалькі дзён. Вось я і напісала Сабіне…
– Ах, Франсуаза! Навошта?.. Палітыка, якую праводзіць яе муж, мне агідная, і сама Сабіна…
– Не бурчы, Антуан… Ты ж не скажаш, што Сабіна табе не падабаецца!.. Да таго як мы пажаніліся, яе лічылі тваёй нявестай…
– Вось іменна… І яна мне ніколі не даруе, што я аддаў перавагу табе. А потым я гадоў пятнаццаць яе не бачыў; цяпер яна, мабыць, дзябёлая матрона…
– І зусім яна не матрона, – адказала Франсуаза. – Сабіна толькі на тры гады старэй за мяне. І ва ўсякім разе шкадаваць позна ўжо… Сабіна і яе муж будуць тут а восьмай гадзіне.
– Ты хоць бы параілася са мной… Чаму ты так зрабіла?.. Ты ж ведаеш, што мне гэта непрыемна.
– Шчаслівай прагулкі! – весела пажадала яна і выскачыла з пакоя.
Гэта сутычка з жонкай сапсавала Антуану настрой. Яе звычайны манеўр – ухіляцца ад спрэчак. Ідучы па дарожцы над морам сярод пахілых вуглаватых сосен, ён разважаў:
– Разбэсцілася Франсуаза… Проста нельга цярпець… І добра ж ведае, што я не жадаю сустракацца з гэтай парай. Пра свой намер мне ні слова… Усё часцей і часцей яна ўжывае тактыку гатовага факта… І навошта было запрашаць Сабіну Ламбер-Леклерк? Відаць, ёй нудна са мной і дзецьмі… Але каму захацелася пасяліцца тут, у гэтай глушы? Хто мяне прымусіў пакінуць Пон-дэ-Лёр, свае справы, сваіх блізкіх і ў маладыя гады супроць сваёй волі зашыцца ў гэтым кутку?..
Калі ён пачынаў успамінаць асабістыя крыўды, ім канца не было. Аднак Антуан моцна любіў сваю жонку; ён быў перапоўнены пачуццямі і любіў яе, я сказаў бы, эстэтычна. Мог цэлы вечар нястомна любавацца яе зграбным носам, яе светлымі вясёлымі вачамі, тонкімі рысамі твару. Але як яна часам умела яго даводзіць! Выбраць мэблю, плацце, кветкі, – на гэта Франсуаза была мастак. Што датычыцца людзей, тут у яе не хапала такту. Антуану было вельмі балюча, калі яна зневажала каго-небудзь з яго сяброў. Ён адчуваў і сваю адказнасць і сваё бяссілле. Потым доўга асыпаў яе папрокамі, яна моршчылася, але не звяртала асаблівай увагі, ведаючы, што вечарам каханне возьме верх і ёй будзе ўсё даравана. Потым ён прызнаў яе такой, як яна ёсць. А гадоў праз дзесяць пасля жаніцьбы пераканаўся, што яна ўжо не зменіцца.
– Маўглі, сюды!..
Ён зайшоў на пошту. Па дарозе назад яго думкі аб Франсуазе сталі яшчэ болей змрочнымі. Хоць бы яна была верная. У гэтым ён не сумняваўся, аднак яе какецтва і нават неасцярожнасць надта ўжо кідаліся ў вочы. А ці быў бы ён шчаслівейшы з Сабінай Ламбер-Леклерк? Ён уявіў сабе сад у Пон-дэ-Лёры, дзе яго, маладога хлопца, прымала Сабіна. Увесь горад сцвярджаў, што яны жаніх і нявеста, і самі яны, нічога аб гэтым не гаварыўшы, былі ўпэўнены, што пажэняцца.
«У Сабіны быў агнявы тэмперамент», – падумаў ён, успомніўшы, як некалі на танцах яна тулілася да яго.
Яна была першай дзяўчынай, з якой ён трымаўся смела, мабыць, таму, што адчуваў узаемнасць. Яна была жаданай і любай. Потым з'явілася Франсуаза, і тады ўсе іншыя дзяўчаты перасталі для яго існаваць… Цяпер ён прывязаны да Франсуазы. Дзесяць гадоў сямейнага жыцця. Трое дзяцей. Канец мелодыям вясны.
Сустрэўшы яе ў гасцінай, прыгожую, свежую, у муслінавым плацці ў яркія кветкі, ён забыў пра свой гнеў. Гэта яна, Франсуаза, стварыла іх дом, іх сад, якімі так захапляюцца госці. Гэта яна, Франсуаза, угаварыла яго кінуць завод і выехаць з Пон-дэ-Дёра незадоўга да эканамічнага крызісу. Так што, калі ўсё па справядлівасці ўзважыць, то яна прынесла яму болей шчасця, чым гора.
– Мішлін і Бако абедаюць з намі? – запытаў ён.
Ён гэтага хацеў. Прысутнасць дзяцей развеяла б няёмкасць сустрэчы з чужымі людзьмі.
– Не, – адказала яна. – Дзеці лішнія. Будзе прыстойней, калі нас сядзе чацвёра… Ідзі папраў гальштук, Антуан.
«Прыстойнасць» – вось яшчэ слова, якога ён цярпець не мог. «Што ж тут прыстойнага? – разважаў Антуан Кеснэ, завязваючы гальштук перад люстэркам. – Сабіна пачне да ўсяго прыдзірацца, Франсуаза будзе какетнічаць з Ламбер-Леклеркам, міністр пыхліва вымаўляць свае догмы, а я сам, нікому не патрэбны, буду сядзець паміж імі, як сыч».
– Прыстойнасць!..
Пад'ехаў аўтамабіль. Рэзка прытарможаныя колы заскрыгаталі на гравійцы. Антуан і Франсуаза Кеснэ прыціхлі з выглядам нядбайнай дзелавітасці. Праз хвіліну Ламбер-Леклеркі ўвайшлі ў дом. У Сабіны былі чорныя, крыху кучаравыя валасы, гладкія плечы і прыгожыя вочы. Яе муж страшэнна аблысеў, тры валаскі тырчалі на яго чэрапе, як бар'еры на іпадроме. Відаць было, што ён не ў гуморы. Мабыць, гэты званы абед для яго быў, як костка ў горле.
– Добры вечар, дарагая, – прамовіла Франсуаза, абдымаючы Сабіну. – Добры вечар, пан міністр…
– Ах, не, дарагая! – адазвалася Сабіна, – ты не называй майго мужа «міністрам», называй яго проста – Альфрэд, а мяне – Сабіна. Добры вечар, Антуан…
Вечар быў такі цёплы, такі празрысты, што Франсуаза загадала падаць каву на тэрасе. Гаворка за абедам не клеілася. Жанчынам рабілася нудна. Антуан, незадаволены сабой, ні на кога не зважаючы, упарта спрачаўся з Ламбер-Леклеркам, а той, лепш інфармаваны, разбіваў яго па ўсіх пунктах.
– Вы аптыміст, бо ў вашых руках улада, – наступаў Антуан. – А ў сапраўднасці становішча Францыі трагічнае…
– Што вы, галубчык!.. Не, не… Пытанне фінансаў ніколі не бывае трагічным. Бюджэт Францыі мае дэфіцыт ужо шэсць стагоддзяў, і гэта вельмі добра. Час ад часу трэба працэджваць капіталы, аблапошваць ранцье… Іначай тупік… Уявіце сабе мільёны ў банку пры складаных працэнтах з часоў кардынала Рышэлье…
– А як жа ангельскі бюджэт!.. Пазітыўны баланс… – грымеў Антуан. – Ёсць нават лішкі… І ад гэтага ангельцам, наколькі я ведаю, горш не жывецца.
– Галубчык мой, – тлумачыў Ламбер-Леклерк, – я ніяк не разумею празмернай запальчывасці, з якой французы параўноўваюць дзве краіны з неаднолькавай гісторыяй, рознымі звычаямі і рознымі патрэбамі… Калі б Францыя пажадала мець збалансаваны бюджэт, мы б яго далі заўтра… Але яна яго не хоча… Альбо, калі вас больш задавальняе такая формула, яна яго не асабліва хоча, беручы пад увагу спосабы дасягнення гэтай мэты… Падрыхтоўка бюджэту – пытанне не фінансавае, а палітычнае… Скажыце мне, з якой большасцю вы мяркуеце кіраваць, і я вам скажу, які бюджэт вы можаце скласці… Апарат міністэрства фінансаў з гатоўнасцю падрыхтуе вам бюджэт сацыялістычны, бюджэт радыкальны, бюджэт рэакцыйны… Патрэбен толькі загад!.. Усё гэта прасцей простага, і сумнявацца можа толькі прафан.
– Вось яно як!.. Прасцей простага! І вы б асмеліліся сказаць такое вашым выбаршчыкам!
Франсуаза адразу здагадалася па ледзь улоўных адзнаках, па раптоўнай жорсткасці позірку мужа, што ў ім закіпае гнеў. Яна ўмяшалася:
– Антуан, ты павінен пайсці з Сабінай да манастыра, паказаць ёй віды…
– А мы ўсе чацвёра пойдзем.
– Не, не, – запярэчыла Сабіна. – Франсуаза прапануе разумна… Трэба аддзяліць мужоў ад жонак… Весялей будзе.
Яна паднялася. Антуан быў вымушаны суправаджаць яе, люта глянуўшы на Франсуазу. Тая і вокам не павяла, быццам не заўважыла.
«Здарылася тое, чаго я найбольш баяўся, – думаў ён. – Вытурылі мяне на добрыя паўгадзіны аднаго з гэтай жанчынай… Яна, напэўна, скарыстае момант і будзе патрабаваць ад мяне тлумачэння, якога чакае ўжо дзесяць год… Забаўна!.. Уліп, называецца… І няўжо Франсуазе хочацца, каб гэты міністр, надзьмуты, як індык, пусціўся да яе ў залёты?»
– Як цудоўна пахне! Што гэта? – запытала Сабіна Ламбер-Леклерк.
– Гэта цытрусавыя. Альтанка, дзе мы былі, абсаджана апельсінамі, лімонамі, гліцыніямі і ружамі… Але нашы ружы здзічэлі, прыйдзецца зноў іх прышчапляць… Калі ласка, уніз па гэтай дарожцы…