Пасля начнога спаткання былі яшчэ пісьмы: адно ад яго і адно ад яе. Байран пісаў стрымана, мабыць, думаў пра мужа, які мог выпадкова прачытаць пісьмо. Чарнавік Пандоры выдаваў яе ўзрушанасць, яе прытоены гнеў. Далей у дзённіку яна яшчэ сям-там успамінала Байрана ў сувязі з новай паэмай, альбо новым скандалам. Пападаліся іранічныя намёкі, якія выразна сведчылі, што яна не забыла зла. Потым пасля 1815 года, вобраз паэта перастаў трывожыць Пандору.
Праз акенца ў сцяне бледнае святло прасачылася ў склеп. Пачало днець. Эрвэ, нібы ачнуўшыся пасля трансу, доўга аглядаўся. І вось ён ізноў у дваццатым стагоддзі. Якую цудоўную гісторыю перажыў ён за гэтую ноч! З якой прыемнасцю ён яе апіша! Работа і бяссонніца стамілі яго. Ён пацягнуўся, пазяхнуў, патушыў свечкі і падняўся ў свой пакой.
Званок паклікаў на позняе снеданне. Эрвэ знайшоў у холе руплівага дварэцкага, і той праводзіў яго ў салон, дзе маладога чалавека чакала ўжо лэдзі Спенсэр-Свіфт.
– Добры дзень, пан Марсена, – прамовіла яна моцным мужчынскім голасам. – Мне далажылі, што вы мала спалі. Ну, як вам працавалася?
– Выдатна. Я ўсё прачытаў і зрабіў выпісак дваццаць старонак. Нечуваная гісторыя… Я не магу вам выказаць…
Яна мяне спыніла.
– А што, праўда? Я ж вам гаварыла. Мне заўсёды здавалася, гледзячы на партрэт, што гэтая малютка Пандора створана для кахання.
– Так, яна была створана для кахання. Але пікантнасць падзей у тым, што яна ніколі не была палюбоўніцай лорда Байрана.
Твар лэдзі Спенсэр-Свіфт наліўся чырванню.
– Што? – запытала яна.
Француз, прыхапіўшы з сабой выпіскі, расказаў гаспадыні ўсю гісторыю і паспрабаваў тут жа прааналізаваць характары двух галоўных персанажаў.
– Вось так, – закончыў ён, – першы і апошні раз у сваім жыцці лорд Байран уступіў дэману спагады, і гэтай слабасці прабабка вашага мужа ніколі не магла яму дараваць.
Лэдзі Спенсэр-Свіфт слухала француза не перабіваючы, але тут не вытрымала:
– Нонсэнс! – абурылася яна. – Вы дрэнна чыталі ці дрэнна зразумелі… Не была палюбоўніцай лорда Байрана! Але ж увесь свет ведае, што яна была. Няма ніводнай сям'і ў нашым графстве, куды не дайшла б гэта гісторыя… Не была палюбоўніцай лорда Байрана!.. Я ў засмучэнні, пан Марсена, і, калі такое ваша апошняе слова, я не магу дазволіць вам карыстацца дакументамі… Падумаць толькі!.. Вы збіраецеся расказаць у Францыі і ў нашай краіне, што ніякага фізічнага збліжэння між імі не было! Ды вы што? Пандора ў труне перавернецца, пане мой!
– Чаму? Пандора ж ведае сябе больш, чым хто іншы. Яна сама напісала ў дзённіку, што спатканні іх былі самыя нявінныя.
– Гэты дзённік, – сярдзіта прамовіла лэдзі Спенсэр-Свіфт, – вернецца назад у сейф, і ходу яму адтуль не будзе. Дзе вы яго пакінулі?
– На стале ў падвале, лэдзі Спенсэр-Свіфт. Не было ключоў, а то я паклаў бы яго на месца.
– Паснедаўшы, мы туды зараз жа спусцімся і адновім усё, як было. Я не павінна была паказваць вам фамільны архіў. Небарака Аляксандр заўсёды быў супраць і меў рацыю… хоць у гэтым меў рацыю… Што датычыцца вас, пане мой, я вымушана прасіць вас захоўваць абсалютнае маўчанне наконт вашага… так сказаць… адкрыцця.
– Безумоўна, я не апублікую ні радка без вашага дазволу, лэдзі Спенсэр-Свіфт, ні за што на свеце я не пасмеў бы зрабіць вам прыкрасць. Аднак, павінен прызнацца, што не разумею…
– І не трэба, каб вы разумелі. Я прашу толькі аднаго – забыць.
Ён уздыхнуў:
– Няхай будзе так. Я адмаўляюся ад гэтых успамінаў… і ад маёй кнігі.
– Вельмі пахвальна і вельмі разумна. Меншага ад француза я і не чакала. А цяпер пагаворым аб іншым. Скажыце, пан Марсена, ці падабаецца вам ангельскі клімат?
Пасля снедання яны спусціліся ў склеп у суправаджэнні Мілера. Цяжкія дзверцы сейфа расчыніліся. Старая лэдзі ўласнаручна далучыла да скураных каробак і сярэбраных кафейнікаў белы альбом і пакет пажоўклых пісем, перавязаных ружовай стужкай. Пасля чаго Мілер замкнуў сейф.
– Тут ім ляжаць вечна, – весела прамовіла яна.
Калі яны вярнуліся, першая група турыстаў, вылезшы з аўтобуса, накіроўвалася ў хол купляць уваходныя білеты і паштоўкі. Мілер падрыхтаваўся разыграць сцэну з партрэтамі.
– Зойдзем на хвілінку, – прапанавала лэдзі Спенсэр-Свіфт свайму госцю.
Яна стала ў куток, далей ад турыстаў, але слухала вельмі ўважна.
– Вось гэта, – сказаў дварэцкі, – сэр Уільям Спенсэр-Свіфт (1775–1835). Ён прымаў удзел у бітве пры Ватэрлоо, быў асабістым другам Велінгтона. Малюнак пэндзля сэра Томаса Лоўрэнса, гэтак жа, як і партрэт лэдзі Спенсэр-Свіфт, жонкі сэра Ўільяма.
Нейкая дзяўчына, каб лепш разгледзець, жвава высунулася наперад і з павагай прашаптала:
– Тая самая…
– Так, – адказаў ціха дварэцкі, – тая самая, што была палюбоўніцай лорда Байрана.
Старая лэдзі кінула на маладога француза пякучы позірк і з трыумфам прамовіла:
– Ага, чулі!..
Часовы прыпынак
– Самае дзіўна здарэнне ў маім жыцці? – запытала яна. – Вы паставілі мяне ў тупік. У маім жыцці было шмат усякіх здарэнняў і прыгод.
– І, мабыць, яшчэ будуць.
– О не! Я старэю, не лятаю арлом пад нябёсамі… Іначай кажучы, мне патрэбен спакой… Мяне цалкам задавальняе, калі я вечарам застаюся адна і магу перачытаць даўнейшыя лісты альбо паслухаць пласцінку.
– Быць не можа, каб ад вас адвярнуліся кавалеры… Ваш твар захаваў усю сваю прыгажосць, а сляды багатага вопыту і, магчыма, перажытых пакут нават надаюць яму нешта ўзвышанае… Гэта чаруе, прываблівае…
– Ласкавае слова прыемна чуць… Так, у мяне яшчэ ёсць паклоннікі. Але бяда ў тым, што я ім не веру. На жаль, я надта добра ведаю людзей: пакуль дабіваюцца, гараць як агонь, потым абыякавасць… альбо рэўнасць. І я сабе кажу: нашто мне яшчэ раз ублытвацца ў камедыю, развязка якой мне зараней вядома?.. У маладосці – іншая справа. Кожны раз мне здавалася, што я знайшла чалавека цудоўнага, які мяне вырве з няпэўнасці. Я імкнулася да яго з чыстым сэрцам. Ды вось, усяго пяць гадоў назад, калі я пазнаёмілася з Рэно, маім мужам, у мяне было ўражанне быццам новы свет мне адкрыўся. Ён быў дужы, нават звераваты. Ён развеяў усе мае падазрэнні, смяяўся з маіх страхаў, з маёй пераборлівасці. Я ўбачыла ў ім збавіцеля. І зусім ён не быў ідэальны – культуры мала, грубасці многа – але ён мне прынёс тое, чаго я ніколі не мела: цвёрдую глебу… Выратавальны круг… Ва ўсякім разе, тады я так думала.
– А цяпер так не думаеце?
– Не пытайцеся, самі ведаеце. У Рэно былі страшэнныя няўдачы. Я павінна была яго падбадзёрваць, супакойваць, падтрымліваць. Абараняла абаронцу… Людзі сапраўды моцныя – вялікая рэдкасць.
– А вам даводзілася сустракаць такога?
– Аднойчы даводзілася. І не вельмі даўно, у абставінах выключных… Ах, так!.. Вы ж просіце, каб я вам расказала самую дзіўную гісторыю з майго жыцця… Тады слухайце!
– Калі ласка, калі ласка.
– Божа мой! Вось яшчэ мне клопат! Капайся, разварушвай успаміны… І потым гэта даволі доўга, а вы заўсёды спяшаецеся. Ёсць у вас час ці вы проста так?..
– Ёсць, ёсць. Я вас слухаю.
– Ну што ж, паспрабую… Скінем дваццаць гадоў. Была я тады ўдава, і вельмі маладая… Вы памятаеце майго першага мужа? Я выйшла замуж па волі бацькоў за чалавека значна за мяне старэйшага, да якога я адчувала прыхільнасць, ну так, прыхільнасць, як дачка да бацькі. Я любіла яго, мабыць, ад вялікай удзячнасці, але радасці асаблівай не мела. Праз тры гады ён памёр, пакінуўшы мне немалы дастатак, так што раптам, пасля апекі радні і пасля мужавай апекі, я вырвалася на прастор, стала гаспадыняй сваіх учынкаў і свайго лёсу. Без пахвальбы магу сказаць, была я тады нішто сабе, даволі прыгожая.
– Я сказаў бы: вельмі прыгожая.
– Дапусцім, калі вам так хочацца… Але як бы там ні было, кавалеры круціліся каля мяне роем. Маім абраннікам стаў малады амерыканец Джэк Паркер. Некаторыя з французаў, яго сапернікі, падабаліся мне больш. Яны падзялялі мае густы, умелі дагаджаць, гаварыць кампліменты. Джэк чытаў мала, у музыцы не разбіраўся, прызнаваў толькі джаз і блюзы, а ў жывапісе трымаўся за моду, як дзіця за няньку. У каханні прызнавацца не ўмеў, хоць ты яго за язык цягні. Заляцаўся ён прымітыўна: возьме мяне за рукі ў кіно, у тэатры альбо вечарам у парку пры святле месяца і скажа: «Сімпатычная вы…»