Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Ты – следчы? – усё тым жа строгiм i адначасова заклапочаным голасам спыталася гаспадыня.

– Так, – кiўнуў Хмара i, убачыўшы, як тонкiя пальчыкi з чырвонымi кiпцюркамi пачалi расшпiльваць гузiкi на плюшавым халаце, iмгненна пачырванеў. Ён хацеў запярэчыць, абурыцца, але даўкi саладкаваты камяк нечакана перастрэў у гарляку, з грудзей лейтэнанта вырвалася дзiўнае i дзiкае: «У-у-ух!» Ён стаяў, як спаралiзаваны, глядзеў на прыгажуню шырока расплюшчанымi вачыма i чамусьцi кiваў галавой, быццам падбадзёрваючы i прыспешваючы.

– Перадай твайму прыдуркаватаму Баране, што ты – апошнi… Маёр абнаглеў. Я што, да самай пенсii буду абслугоўваць сталiчных мiлiцыянераў? Хiба ва ўсiм Мiнску iншых баб няма?..

Халат саслiзнуў на падлогу, засланую мяккiм варсiстым дываном. Казакова, не зважаючы, пераступiла праз яго i, на хаду распускаючы валасы, сабраныя на патылiцы пад перламутравай шпiлькай, нават не азiрнуўшыся на Хмару, паплыла да канапы. Крок, другi, пантоплi нячутна саслiзнулi са стройных ножак.

– Што стаiш, як нецалаваны? – кiнула цераз плячо Казакова i жвава шмыганула пад бялюткую прасцiну. – У цябе трыццаць хвiлiн, я гасцей чакаю…

Хмары здалося, што на яго вылiлi вядро кiпеня, стала горача, кашуля iмгненна прылiпла да спiны. Ён кiнуўся да выхаду, iстэрычна затузаў дзвярную ручку, паспрабаваў адамкнуць замок, але гэта яму не ўдалося. «Во ўлiп дык улiп… – затахкала ў скронях. – Пастка, правакацыя…»

– Яшчэ не распрануўся? Можа, ты не адзiн? – зразумеўшы паводзiны Хмары па-свойму, здзiвiлася Казакова.

Хмара не мог павярнуць галавы, ён баяўся натыкнуцца на смяшлiвае вочка вiдэакамеры, але яшчэ больш баяўся ўбачыць голую Казакову.

– Ды адчынiце Вы гэты замок! – нарэшце прарвала лейтэнанта. – Чорт ведама што!..

– Ты, пэўна, i сапраўды, нецалаваны.

У наступны момант гарачае дыханне апякло Хмары шыю, жаночыя грудзi пругкiмi бугаркамi дакранулiся да здранцвелай спiны, i ён адчуў, як часта-часта тахкае жаночае сэрца. Лейтэнант i вокам не паспеў мiргнуць, а цёплыя пальчыкi далiкатна расшпiлiлi гузiкi на кашулi i пажадлiва лашчылi ягонае цела. У галаве ў Хмары ўсё пераблыталася, ён адчайна адштурхнуў рукi Казаковай, iмпэтна крутнуўся, закрычаў:

– Не ведаю я нiякага маёра Бараны! Сюды мяне прывяла смерць Шапавалава. Не веру, што ён памёр сам!..

Апошняе вырвалася мiжвольна, Хмара так не думаў, але чамусьцi сказаў. Гэта падзейнiчала на жанчыну. Яна войкнула, прыкрыла грудзi рукамi i кiнулася да канапы.

– Дык Вы не?.. – нацягнуўшы прасцiну да самай шыi, няўпэўнена i расчаравана перапытала Казакова. У наступны момант у вялiкiх блакiтных вачах заскакалi гарэзлiвыя смяшынкi. – Вы ручку адарвалi…

Хмара нават не заўважыў, як адарваў дзвярную ручку, i цяпер стаяў у позе карацiста, якi чакае нападу i гатовы даць адпор. Ён апусцiў рукi, нiякавата зiрнуў на Казакову, iх вочы сустрэлiся.

– Ну i дзела! – уздыхнуў лейтэнант i адчуў, як iстэрычны смех рвецца з грудзей, не ўтрымаць.

– А я, – пырснула Казакова, – прыняла Вас за…

Хмары было цiкава даведацца, за каго прыняла яго сястра Шапавалава, але смех праглынуў прызнанне жанчыны. Хвiлiн пяць яны глядзелi адно на аднаго i рагаталi.

– Ад мяне ўпершыню ўцякае мужчына! Нават ручкi паадрываў!

– А я думаю, правакацыя… усё – трапiў у пастку…

Першай ачомалася Казакова. Яна ўвiшна, не зважаючы на Хмару, устала з канапы, загарнулася ў прасцiну, знайшла халат, выцягнула ключы i адамкнула дзверы, якiя пяць хвiлiн таму штурмаваў Хмара. З ваннай данеслася плескатанне вады. Казакова вярнулася апранутая, быццам нiчога не здарылася, прывяла ў парадак канапу, падбiла падушкi i, прыладзiўшы на ранейшае масца перламутравую шпiльку, зiрнула на гадзiннiк.

– Я i сапраўды чакаю гасцей.

– Пагаворым на кухнi, – прапанаваў Хмара i зноў адчуў няёмкасць. У гэтай жанчыне было столькi спакуслiвай жыццёвай сiлы, што лейтэнант вымушаны быў хаваць вочы, каб не выдаць свайго душэўнага стану.

– Ручку адарвалi! – са скрухай упiкнула лейтэнанта гаспадыня. – Можа, i ў агульны калiдор дзверы адамкнуць? Там ручка дарагая, зробленая на заказ.

– Я адкуплю замок, – вiнавата буркнуў Хмара i, спадылба зiрнуўшы на Казакову, прапанаваў: – Калi спяшаецеся, я пакiну позву, пагаворым заўтра ў аддзеле.

– На гэта не разлiчвайце, – Казакова крутнулася да плiты, бразнула чайнiкам, чыркнула электрычнай запальнiчкай. – Будзем гаварыць сёння, госцi пачакаюць.

Хмару гэта задавальняла, напэўна, больш чым гаспадыню. Ён уздыхнуў вальней, падсунуў да акна крэсла, уладкаваўся так, каб свежае паветра з расчыненай форткi абвявала твар.

– Вы на самай справе лiчыце, што Iван памёр не сваёй смерцю? – стоячы спiнай да лейтэнанта i нешта штукуючы над плiтой, насцярожана спыталася Казакова.

– Мы правяраем розныя версii, – адказаў Хмара i адчуў сябе нiякавата.

Версiя пра тое, што Шапавалава маглi забiць, што легкадумна зляцела з языка, цяпер патрабавала тлумачэнняў, а гэта не ўваходзiла ў планы следчага. Няўпэўненасць – дрэнны памочнiк, асаблiва ў выпадку з Казаковай.

– Вы мне туману ў вочы не напускайце, каб так сцвярджаць, трэба мець факты! – з завiднай упэўненасцю брала iнiцыятыву гаспадыня.

«Лепш было б перанесцi размову на заўтра, за апошнiя пятнаццаць хвiлiн яна другi раз заганяе мяне ў кут», – са скрухай падумаў лейтэнант. Ён хацеў сказаць нешта пра магчымых ворагаў Шапавалава, пра тое, што ў гэтай гiсторыi не зразумелая роля Александровiч, але, замацоўваючы сваю перавагу, Казакова iшла ў наступ.

– Толькi не трымайце мяне за дурнiцу. Па адукацыi я – урачтэрапеўт i вынiкi судова-медыцынскай экспертызы чытала, кумекаю што да чаго… Гэта – першае, а другое i асноўнае ў тым, што мiлiцыя нiколi не шукала i не будзе шукаць работу, асаблiва там, дзе эксперты сказалi сваё.

«Каб твае словы ды Мiкулiчу ў вушы!» – падумаў Хмара, а ўголас запярэчыў:

– Усе пад Богам ходзiм, эксперты – таксама людзi.

– Згодна, – пагадзiлася Казакова, – але ж памылкi, наколькi вядома, няма. Што вы накапалi такога, каб адпрацоўваць версiю забойства?

Хмара марудзiў. Ён дачакаўся, пакуль гаспадыня напоўнiць вадой кубачак з растваральнай кавай, ад цукру адмовiўся i, прымаючы пахучы напой, спакойна, але цвёрда зазначыў:

– Прапаную памяняцца ролямi. Я, Марыя Васiльеўна, буду задаваць пытаннi, а Вы – адказваць.

Казакова ўзняла на Хмару вялiкiя здзiўленыя вочы. Нечакана ў iх заскакалi няўрымслiвыя, гарэзлiвыя агеньчыкi.

– Паўгадзiны таму Вы былi зусiм iншы!..

– Час мяняе людзей, – буркнуў Хмара i зрабiў невялiкi глыток. Кава была своечасова, яму даўно хацелася прамачыць горла. – Такiм чынам, я хачу ведаць, хто выклiкаў Вашага хворага брата дваццаць шостага лiпеня ў клуб «Каму за трыццаць».

– Напэўна, той, хто прынёс Iвану грошы…

– Семсот баксаў?

– Семсот… І хто ж гэта? – Казакова неяк здзiўлена паглядзела на Хмару. – Навошта ж даўжнiку было пазбаўляцца ад Iвана? Аддаць, каб праз гадзiну забiць?

– А калi дапусцiць, што вярнулi толькi частку? – загарэўся лейтэнант.

– Выключана, – запярэчыла Казакова. – Напярэдаднi мы сустракалiся, i Iван казаў пра семсот долараў. Ён сядзеў за гэтым самым сталом i радаваўся, як дзiця: лiчыў, што грошы прапалi, аж не – вярталiся, i менавiта семсот… А вось пра даўжнiка змаўчаў, хоць я i пыталася.

– Вядома, што Шапавалаў у той вечар быў з Александровiч.

– Толькi не Галька! – ускрыкнула, замахала рукамi Казакова. – Яна мужыкам даўгi не вяртае, iншым разлiчваецца…

– Нават так? – здзiвiўся Хмара. – Мабыць, Вы Галiну Вiктараўну добра ведаеце?

– Са студэнцкiх часоў, разам у медiнстытуце вучылiся.

– Сябравалi?

– Цяжка сказаць, – Казакова на iмгненне задумалася, спахмурнела. – Быў час, i сябравалi.

– А калi дапусцiць, што новы кавалер Галiны Александровiч быў вiнен Шапавалаву грошы? Быў жа выпадак, што яны пабiлiся. Можа, зусiм i не грошы таму прычынай, а рэўнасць?

– Хто гэта Вам пра рэўнасць наплявузгаў? – пляснула ў далонi сястра Шапавалава. – Цi не плямяш мой?

7
{"b":"774075","o":1}