Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Практычныя захады толькі пацьвярджалі, што ОМі ставіцца да Беларусі як да другараднай тэрыторыі ў складзе Остлянду. У прыватнасьці, пра гэта сьведчыла далейшае зьмяншэньне абшару Генэральнай акругі Беларусь, якое міністэрства акупаваных усходніх земляў праводзіла ня толькі без паразуменьня з Кубэ, але нават і безь яго ведама. У студзені 1942 г. на карысьць райхскамісарыяту Украіны адышоў Бярозаўскі раён. У красавіку даволі значныя беларускія тэрыторыі былі далучаны да Літвы, пры гэтым нацыянальны склад насельніцтва толькі ў невялікай ступені мог апраўдваць такі крок. Куды большую ролю тут адыграла жаданьне ўзнагародзіць літоўцаў за стварэньне шматлікіх паліцыйных батальёнаў, якія дзейнічалі таксама і на Беларусі.

На Беларусі існавалі вялікія абмежаваньні ў выдавецкай і журналісцкай дзейнасьці. У траўні 1942 г. на тэрыторыі Генэральнай акругі выходзілі толькі 4 беларускія часопісы, тады як у Літве — 11, Латвіі — 21, Эстоніі — 14. Больш суровыя ў параўнаньні з Прыбалтыкай абмежаваньні захоўваліся і ў галіне народнай асьветы. Аднак найважнейшым сярод усяго было прыняцьце ў канцы сакавіка 1942 г. пункту, які забараняў стварэньне цэнтральнага беларускага органа самакіраваньня. Розэнбэрг растлумачыў, што

у выніку 23-гадовага панаваньня бальшавікоў насельніцтва Беларусі да такой ступені аказалася заражана бальшавіцкім сьветапоглядам, што для стварэньня мясцовага самакіраваньня не стае арганізацыйных і пэрсанальных перадумоў.

Ён не прымаў пад увагу, што 4/5 падпарадкаванага яго кампэтэнцыі беларускага абшару займалі раёны, дзе савецкая ўлада дзейнічала толькі 20 месяцаў. Гэта была папросту яшчэ адна праява недаверу да беларусаў, якім Розэнбэрг па сутнасьці няшмат мог абяцаць. Пра гэта можа сьведчыць наступны факт: у паперах ОМі захаваліся праекты адозваў да народаў усходу, якія Розэнбэрг паклаў Гітлеру на разгляд у студзені 1943 г. (фюрэрам яны не былі прынятыя). Сярод гэтых праектаў былі адозвы да расейцаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў і народаў Каўказу, затое аніякай — да беларусаў.

Мэтады акупацыі на Беларусі

Стаўка Кубэ на беларускі нацыяналізм

Розэнбэрг іначай ставіўся да Беларусі, чым да Ўкраіны — апошняй ён аддаваў перавагу. Затое падначаленыя Розэнбэрга — камісары Кох і Кубэ — не падзялялі сымпатыяў свайго шэфа і прытрымліваліся цалкам супрацьлеглых поглядаў. Сытуацыя выглядала парадаксальна: Кох, напрыклад, абмяжоўваўся амаль толькі голай эканамічнай эксплуатацыяй сваёй тэрыторыі і ўпарта адмаўляўся выконваць інструкцыі ОМі ў галіне школьніцтва і культурнага жыцьця. Між іншым, ён заваліў праект Розэнбэрга па адкрыцьці ўкраінскага ўнівэрсытэту ў Кіеве. Ён поўнасьцю ігнараваў сымпатыі і інтарэсы насельніцтва ў сваіх палітычных захадах. У адказ паўстала ўкраінская нацыянальная апазыцыя, а ўвосень 1942 г. зьявілася падпольная Ўкраінская паўстанцкая армія. Затое Кубэ дзейнічаў наадварот, ён імкнуўся дабіцца падтрымкі беларусаў і часта браў на сябе адказнасьць, парушаючы інструкцыі ОМі. Гэта прыводзіла да канфліктаў з Розэнбэргам.

На пачатку 1942 г. Кубэ рашуча падтрымаў зямельную рэформу, у адрозьненьне ад Кола ён палічыў яе за вельмі важны сродак для здабыцьця прыхільнасьці і гаспадарчай актывізацыі беларускага сялянства. У выніку, вясною 1942 г. усе калгасы былі распарцэляваны, а іх зямля і інвэнтар перайшлі ў сямейны ўжытак сялян у рамках т. зв. зямельных каапэратываў. Такім чынам, Кубэ пайшоў далей за інструкцыі Розэнбэрга: паводле міністэрскага дэкрэту, у першай фазе рэформы калгасы павінны былі ператварыцца ў супольныя гаспадаркі, а іх парцэляцыя павінна была пачацца толькі на другім этапе.

Адначасова Кубэ распачаў беларусізацыю царкоўнага жыцьця. Ён імкнуўся да стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай нацыянальнай царквы, незалежнай ад расейскіх уплываў. Вясною 1942 г. ён узаконіў дзейнасьць беларускага экзархату Грэка-каталіцкай царквы, які існаваў падпольна з таго моманту, як яго стварыў мітрапаліт Шаптыцкі (кастрычнік 1939 г.). Падтрымаў Кубэ і пачынальнікаў паступовай беларусізацыі Рыма-каталіцкай царквы.

Гэтым бадай што і абмяжоўваліся захады Кубэ, скіраваныя ў першай палове 1942 г. на здабыцьцё прыхільнасьці сярод насельніцтва. Асабліва вялікі супраціў Розэнбэрга выклікалі спробы па стварэньні ў Менску цэнтральнага органа беларускага самакіраваньня. Усе адміністрацыннна-гаспадарчыя заданьні павінны былі выконваць нямецкія чыноўнікі. Беларускія дзеячы балесна ўспрынялі забарону на стварэньне ўласнага кіраўнічага органа. Яны палічылі гэта за ігнараваньне справы беларускай дзяржаўнасьці. Кубэ спрабаваў загладзіць гэтае ўражаньне з дапамогай уласных ініцыятыў: ён меў паўнамоцтвы на тое, каб прыстасоўваць прысланыя зьверху дырэктывы да мясцовых спэцыфічных умоў. На практыцы гэта давала яму немалую свабоду дзеяньня. У сваю чаргу гэткія самыя правамоцтвы ён перадаў сваім падначаленым — акруговым камісарам. Адной з найважнейшых ініцыятыў Кубэ ў гэтай галіне было стварэньне т. зв. мяшанай адміністрацыі, што азначала спалучэньне нямецкай кіраўнічай улады і беларускай выканаўчай у акруговых і генэральным камісарыятах. Такая сыстэма давала магчымасьць беларускім, а часам і польскім службоўцам прымаць удзел у працы гэтых устаноў. З другога боку, гэта часта ўскладняла дзейнасьць органаў мясцовай адміністрацыі.

Улетку 1942 г. становішча на Беларусі карэнным чынам зьмянілася. З аднаго боку, гэта было зьвязана з актывізацыяй савецкага партызанскага руху, а з другога — Галоўная ўправа бясьпекі Райху акурат тады ў надзеі вырашыць польскае пытаньне распачало т. зв. «польскую кампанію». І хаця галоўнай прычынай гэтай акцыі былі антынямецкія ўзброеныя выступленьні польскага падпольля ў Остляндзе і на Украіне і яго супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, удар быў скіраваны ўвогуле супраць палякаў, і ў першую чаргу — супраць інтэлігенцыі. Арышты, расстрэлы і вываз на працу ў Нямеччыну закранулі таксама і польскае насельніцтва на Беларусі. Паводле ацэнкі намесьніка генэральнага камісара Беларусі, гэтая кампанія набыла «катастрафічнае» разьвіцьцё, многіх палякаў яна прымусіла пакінуць ранейшыя месцы працы і шукаць прытулку ў партызанаў.

Савецкі партызанскі рух набываў пагрозьлівыя памеры. Вынішчэньне польскай інтэлігенцыі спустошыла адміністрацыю. На фоне такіх падзеяў Кубэ вырашыў актывізаваць сілы беларускага нацыяналізму. Яго ранейшая палітыка, хоць і непараўнальна адрозьнівалася ад украінскай сытуацыі, дзе зь мясцовым нацыянальным рухам вялася зацятая барацьба, да гэтага часу ўсё ж ня вельмі заахвочвала беларусаў да супрацоўніцтва. Адозва Кубэ «Да жыхароў Беларусі!», апублікаваная ў верасьні 1941 г., у якой дэкляравалася свабоднае разьвіцьцё краю, толькі кампрамэтавала ў вачох грамадзтва яе аўтара, бо, нягледзячы на ўплыў часу, рэальныя дзеяньні акупацыйных уладаў аніяк не пацьвердзілі дадзеных абяцаньняў. Таму Кубэ разумеў, што без дадатковых палітычных саступак ён ня зможа дабіцца падтрымкі беларускага нацыяналізму. Аднак дырэктывы бэрлінскага кіраўніцтва фармальна не давалі на гэта падстаў. Таму ён павёў гульню вельмі асьцярожна, верагодна, загадзя паразумеўшыся зь Лёзэ.

Арганізацыйнай апорай у ажыцьцяўленьні намераў Кубэ павінна была стаць БНС — зрэшты, адзіная, калі не лічыць рэлігійных суполак, легальная грамадзкая арганізацыя на Беларусі. Зь цягам часу гэтая арганізацыя здолела стварыць свой мясцовы апарат: акруговыя і раённыя аддзяленьні і валасныя гурткі. І хаця статутнай мэтай БНС лічылася толькі сацыяльнае забесьпячэньне і ахова здароўя, тым ня менш Кубэ пагадзіўся на яе ўдзел у арганізацыі школьніцтва і культурнай дзейнасьці, між іншым, на адкрыцьцё дамоў культуры, чытальняў і бібліятэк, стварэньне аматарскіх драматычных гурткоў, курсаў, лекцыяў, распаўсюджаньне друкаваных выданьняў і г. д. Паступова дзейнасьць БНС пачала змыкацца з адміністрацыйным апаратам, у выніку ўдзельнікам гэтай арганізацыі сталі даручаць розныя службовыя абавязкі — пачынаючы з валасных упраў аж да генэральнага камісарыяту ўлучна. Тэндэнцыі да стварэньня Галоўнай рады БНС, паводле задумы — цэнтральнага кіраўнічага беларускага органа, таксама выявіліся даволі рана. Гэтая рада была абрана 26.1.1942 г., але Кубэ да пары пакінуў яе незацьверджанай.

35
{"b":"643435","o":1}