Литмир - Электронная Библиотека
ЛитМир: бестселлеры месяца
Содержание  
A
A

Паколькі атрад не напаткаў ні чырвонаармейцаў, ні камуністаў, расстрэльвалі галоўным чынам габрэяў і людзей, якія займаліся камуністычнай дзейнасьцю.

У гісторыі акупацыі асобны разьдзел займае зьнішчэньне габрэйскага насельніцтва, якое ў межах сучаснай тэрыторыі рэспублікі складала да вайны 700–750 тыс. чалавек.

Значная частка габрэяў, асабліва з Усходняй Беларусі, пасьпела эвакуявацца на Ўсход, аднак пераважная іх маса апынулася ў зоне акупацыі. Летам 1941 г. іх загналі ў гета. Паступовая ліквідацыя габрэйскага насельніцтва пачалася восеньню 1941 г., але ўжо ў ліпені і жніўні немцы перайшлі да вынішчэньня габрэйскай інтэлігенцыі, асабліва — настаўнікаў, адвакатаў і савецкіх службоўцаў.

Трэба, нарэшце, адзначыць спэцыфічнасьць сытуацыі, у якой апынуліся беларусы — салдаты Чырвонай Арміі, што трапілі да немцаў у палон. Летам 1941 г. Вярхоўнае камандаваньне Вэрмахту выдала загад аб іх вызваленьні зь лягераў ваеннапалонных, а 8.9.1941 г. пацьвердзіла гэтае распараджэньне, патрабуючы як мага хутчэй адаслаць палонных дадому. У аднолькавай ступені гэта датычыла і палонных іншых нацыянальнасьцяў, асабліва немцаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў і эстонцаў, але не закранала расейцаў, габрэяў і інш. У выніку, тысячы былых чырвонаармейцаў вярнуліся на Беларусь, тут яны некалькі месяцаў маглі жыць цалкам спакойна. У гэты самы час іх таварышы, асабліва расейцы, масава гінулі ў лягерах з голаду, зьнясіленьня і хвароб. Нельга, аднак, адназначна лічыць гэта вынікам пэўнай нацыянальнай палітыкі. На думку Даліна, свой уплыў тут аказвала вялізарная лічба савецкіх ваеннапалонных, якія апынуліся ў нямецкай няволі: у сярэдзіне сьнежня 1941 г. іх налічалася 3,8 млн. чалавек.

У часе вайсковага кіраваньня акупацыйныя ўлады не праводзілі на Беларусі сыстэматычнай гаспадарчай дзейнасьці, замест гэтага займаючыся хаатычнымі рэквізыцыямі харчовых прадуктаў. Пагалоўе свойскай жывёлы, асабліва сьвіньняў і кароў, зьменшылася таму яшчэ больш. Вялікія страты панесьлі навуковыя ўстановы, бібліятэкі і музэі, панішчаныя і разрабаваныя Вэрмахтам і СС. Непапраўнай бядою станавіліся акцыі масавага зьнішчэньня, што вяліся ў адпаведнасьці з ідэалягічнымі прынцыпамі гітлерызму.

Пачаткі акупацыйнай цывільнай адміністрацыі

(верасень — сьнежань 1941)

Праекты новага палітычнага рэжыму на ўсходзе ведамства Розэнбэрга распрацоўвала ўжо з красавіка 1941 г., але да тае пары, пакуль іх не зацьвердзіў бы Гітлер, яны не маглі выкарыстоўвацца на практыцы. Фюрэр тым часам не сьпяшаўся прымаць рашэньне. У сярэдзіне траўня, г. зн. незадоўга да нападу на СССР, ён адклаў «да пазьнейшага разгляду» прапанаваны Розэнбэргам праект дэкрэту аб арганізацыі цывільнай адміністрацыі, не пагадзіўся і на перадачу Літвы і Латвіі цывільным уладам, якую плянаваў правесьці Кэйтэль ужо пасьля двух тыдняў ад пачатку ваенных дзеяньняў. І толькі 17 ліпеня, калі нямецкія войскі знаходзіліся ў Смаленску, Гітлер выдаў некалькі дэкрэтаў адносна арганізацыі цывільнага кіраўніцтва на акупаваных тэрыторыях СССР. Аднак перадача гэтых земляў цывільным уладам зацягвалася, Гітлер адкладаў гэтае рашэньне на пасьля. Варта зазначыць, што новастворанае міністэрства акупаваных усходніх тэрыторый на чале з Розэнбэргам (Reichsministerium fur die besetzten Ostgebiete — далей RMfdbO, або OMi) першыя чатыры месяцы працавала неафіцыйна, паведамленьне аб яго арганізацыі было распаўсюджана толькі ў сярэдзіне лістапада.

Найпершай умовай увядзеньня цывільнага рэжыму на акупаваных землях было дастатковае аддаленьне лініі фронту. Але для распрацоўкі неабходных дэкрэтаў і распараджэньняў гэты фактар ня меў прынцыповага значэньня. Справа вырашалася марудна з палітычных прычын, у прыватнасьці, праз адсутнасьць пэўнай, адназначнай канцэпцыі наконт будучага статусу занятых земляў. Пытаньне «вольных ад Сталіна рэспублік», да якога так часта зьвяртаўся Гітлер у недалёкім мінулым, летам 1941 г. было знята з парадку дня бэрлінскай палітыкі. З таго часу фюрэр яўна пазьбягаў якіх-небудзь афіцыйных дэкларацыяў адносна будучыні гэтых земляў, хоць ня раз выказваў сярод найбліжэйшых супрацоўнікаў свае анэксійныя, калянізатарскія і да т. п. пляны.

Гітлер імкнуўся поўнасьцю падпарадкаваць сваёй уладзе вырашэньне будучага лёсу ўсходніх народаў і тэрыторый. Ён разьлічваў, што перамога над СССР прыйдзе хутка, і таму ня бачыў патрэбы ў палітычным супрацоўніцтве з насельніцтвам занятых земляў. Гэтыя меркаваньні ляглі ў падмурак арганізацыі і дзейнасьці акупацыйнага цывільнага кіраўніцтва. Такім чынам, замест папярэдне заплянаваных адміністрацыйных адзінак — Прыбалтыкі, Беларусі і Ўкраіны — дэкрэт Гітлера ад 17 ліпеня прадугледжваў стварэньне новых райхскамісарыятаў на чале зь нямецкімі чыноўнікамі. На думку Мадайчыка, гэта азначала, што Гітлер адмовіўся ад ідэі пераўтварэньня гэтых земляў у васальныя тэрыторыі на карысьць беспасярэдняга, поўнага нямецкага панаваньня каляніяльнага тыпу.

Напачатку быў створаны райхскамісарыят Остлянд зь сядзібаю ў Рызе. Узначаліў яго прызначаны Гітлерам райхскамісар Гэнрых Лёзэ. У склад Остлянду ўвайшлі прыбалтыйскія краіны — Літва, Латвія, Эстонія, а разам зь імі — Беларусь, якая яшчэ ў чэрвені, паводле пляну Розэнбэрга, павінна была вылучыцца ў асобную адміністрацыйную адзінку. Цяжка сказаць дакладна, чаму адбылося гэтае аб’яднаньне. Дакумэнтальныя архівы міністэрства Розэнбэрга не даюць на гэта адказу. Паводле апублікаваных пасьля вайны ўспамінаў Ота Бройтыгама, кіраўніка палітычнага аддзелу ў гэтым міністэрстве, ідэя злучэньня прыбалтыйскіх краін і Беларусі ў адным райхскамісарыяце Остлянд нарадзілася з імкненьня стварыць на ўсходзе больш-менш роўныя па велічыні і значэньні адміністрацыйныя адзінкі. Бо інакш, пры захаваньні адасобленасьці паміж Прыбалтыкай і Беларусьсю, узьніклі б дыспрапорцыі ў параўнаньні зь вялікім райхскамісарыятам Украіна.

І сапраўды, нялёгка знайсьці нейкія іншыя матывы такога аб’яднаньня: паміж Прыбалтыкай і Беларусьсю існавала шмат адрозьненьняў у многіх галінах. Карэньні гэтых адрозьненьняў сягалі ў гісторыю міжваеннага дваццацігодзьдзя. У гэты пэрыяд Літва, Латвія і Эстонія існавалі як асобныя самастойныя дзяржавы. Усходняя Беларусь тады ўваходзіла ў склад СССР, а яе заходнія землі былі часткаю Польшчы. Адсюль вынікала неаднароднасьць гаспадарчых структур, якая не пасьпела зьнікнуць за час кароткага існаваньня савецкай улады перад гітлераўскім нашэсьцем. Немалую розьніцу можна было назіраць і ў этнічным складзе тутэйшага жыхарства, і ў яго нацыянальнай сьвядомасьці.

Такім чынам, Остлянд быў задуманы як штучнае аб’яднаньне разнародных тэрыторыяў. Гэты факт усьведамлялі на ўсіх ступенях нямецкай чыноўнай герархіі. Асабліва важкія прычыны для незадавальненьня такой сытуацыяй былі ў Лёзэ — ён беспасярэдне адказваў перад бэрлінскім кіраўніцтвам за дзейнасьць адміністрацыі на гэтых землях. У сваім артыкуле, апублікаваным у студзені 1942 г., ён сьцьвярджаў, што трэба ўлічваць тэрытарыяльную неаднароднасьць і адпаведна прыстасоўваць тактыку адміністрацыі — на Беларусі яна павінна быць інакшая, чым у Прыбалтыцы. У траўні 1944 г., г. зн. напрыканцы акупацыі, аб’яднаньне гэтых дзьвюх земляў Лёзэ ацаніў як «вельмі шкоднае». У Бэрліне таксама ставіліся адмоўна да гэтага зьліцьця. Ужо ў кастрычніку 1941 г. Розэнбэрг адзначаў, што райхскамісарыяты — гэта часовае адміністрацыйнае рашэньне, а ў сярэдзіне 1942 г. сьцьвярджаў, што саюз Беларусі і Прыбалтыкі існуе да пары.

Апрача таго, паўставала спэцыфічнае пытаньне прызначэньня гэтых тэрыторыяў у нямецкіх пэрспэктыўных плянах. Паводле праекту, апрацаванага Розэнбэргам і зацьверджанага Гітлерам 16 ліпеня 1941 г., Прыбалтыка ў будучыні павінна была стаць нямецкай правінцыяй. Так лічылася да канца акупацыі. Затое будучыня Беларусі не была прадвызначана канчаткова і адназначна. Адсутнасьць пэўнай, акрэсьленай канцэпцыі ў нямецкіх кіраўнічых колах дала падставу для ўзьнікненьня ў пазьнейшай пасьляваеннай літаратуры разнастайных поглядаў на гэтае пытаньне: адны дасьледчыкі меркавалі, што зь цягам часу Беларусь стала б часткаю Нямеччыны, іншыя ўважалі яе за калёнію.

19
{"b":"643435","o":1}
ЛитМир: бестселлеры месяца