Неўзабаве становішча БНС істотна зьмянілася. 29 чэрвеня Кубэ «дзеля забесьпячэньня плённага ўдзелу беларусаў у кіраваньні краем» надаў Ермачэнку, шэфу БНС, званьне дарадчыка і мужа даверу «беларускага народу, прадстаўніком якога ёсьць БНС». Ён абвясьціў, што прызаве яшчэ трох мужоў даверу на службу ў генэральным камісарыяце і па адным — на кожны акруговы камісарыят. Адначасова Кубэ абвясьціў стварэньне беларускага т. зв. Вольнага корпусу самааховы. Дзеячам БНС даручалася выдаць адозву да беларусаў з заклікам добраахвотна ўлівацца ў яе шэрагі. Праз два-тры тыдні на Беларусі быў створаны інстытут мужоў даверу пры органах акупацыйнай улады. У яго склад увайшлі:
Генэральны камісарыят
аддзелы:
- палітыкі — Іван Ермачэнка
- школьніцтва — Яўхім Скурат
- культуры — Іван Касяк
- прэсы і прапаганды — Антон Адамовіч
Акруговыя камісарыяты
Менск (акруга) — Юліян Саковіч
Баранавічы — Юры Сабалеўскі
Наваградак — Барыс Рагуля
Ліда — Рыгор Зыбайла
Слонім — Аляксандар Сівец
Ганцавічы — [Антон] Сокал-Кутылоўскі
Вялейка — Аляксандар Калодка
Барысаў — Станіслаў Станкевіч
Глыбокае — ?
Слуцак — ?
У новай сытуацыі Кубэ дазволіў стварыць у ліпені 1942 г. 12-асабовую Галоўную раду БНС на чале зь Ермачэнкам.[95] Да таго ж у кожнай акрузе былі створаны 10-асабовыя акруговыя рады БНС. Пры Галоўнай радзе быў арганізаваны шэраг ведамасных аддзелаў: палітычны, вайсковы, школьны, культурны, а таксама прапаганды і аховы здароўя — усе яны мелі адпаведнікі ў акруговых Радах. Такім чынам, на Беларусі быў створаны цэлы апарат, які ў адпаведным часе змог бы пераняць зь нямецкіх рук кіраўніцтва. А Кубэ рабіў усё новыя і новыя саступкі. Было арганізавана Беларускае навуковае таварыства, прафсаюзы, Жаночая ліга, беларускае судаводзтва. Выдадзены дазвол на ўжываньне нацыянальных сымбаляў — беларускіх штандараў і гербу «Пагоня». Арганізаваны Цэнтральны каапэратыўны саюз, які падпарадкоўваўся БНС. У верасьні выйшла ў сьвет распараджэньне Кубэ аб зьмене адміністрацыйнай тэрміналёгіі. У адпаведнасьці зь ім, раёны перайменавалі ў паветы, а бурмістры (раённыя, валасныя) атрымалі тытулы начальнікаў паветаў, воласьцяў, гарадоў, вёсак і г. д. У жніўні Генэральны камісарыят дазволіў адкрыцьцё гімназій. Вяліся перамовы наконт адкрыцьця ўнівэрсытэту ў Менску.
Кубэ надаваў вялікае значэньне прапагандзе прынцыпаў сваёй палітыкі ў беларускім і нямецкім друку. Таму ён запрашаў зь Нямеччыны ў Менск шматлікіх журналістаў, сачыў, каб адпаведныя карэспандэнцыі і інтэрвію своечасова траплялі на старонкі газэт. Гэтыя яго прынцыпы можна рэзюмаваць наступна: ува ўмовах, свабодных ад польскага і расейскага палітычнага дамінаваньня, якія стварыла нямецкая акупацыя, беларускі народ займеў шанец за кароткі гістарычны пэрыяд запоўніць прагалы ў разьвіцьці нацыянальнай самасьвядомасьці. Дзейнасьць акупацыйнай адміністрацыі ў галіне палітыкі скіравана на тое, каб паскорыць гэты працэс, перамагчы чужацкія ідэалягічныя наносы і ўзмацніць уласна беларускі нацыянальны элемэнт. Гэтай мэце павінны былі паслужыць разьвіцьцё школьніцтва, культуры, праца сярод моладзі. Новы шлях разьвіцьця зможа прывесьці Беларусь да эўрапейскай супольнасьці дзяржаў і нацыяў. Генэральная акруга Беларусь, — сьцьвярджаў далей Кубэ, — павінна ня толькі выконваць адміністрацыйныя заданьні, прадыктаваныя ваеннай неабходнасьцю, ёй «наканавана стаць Бацькаўшчынай для беларускай нацыі». Таму беларуская нацыя «ў пэўнай ступені дзяржаўная нацыя». Не выпадкова праз год шэф СД у Менску Эдуард Штраўх абвінаваціў Кубэ ў тым, што ён сьвядома падтрымліваў курс на стварэньне беларускай дзяржавы зь Ермачэнкам як яе прэм’ерам.
У атмасфэры эўфарыі, выкліканай саступкамі Кубэ, пад канец ліпеня 1942 г. у Менску адбыўся чатырохдзённы зьезд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС. На ім адзначалася, што за кароткі час БНС зьмяніла характар сваёй дзейнасьці і зь першапачатковай сьціплай дабрачыннай арганізацыі ператварылася ў агульнакраёвую ўстанову, якая зграмадзіла ў сваіх руках школьніцтва, культурную дзейнасьць, прапаганду, палітыку, справы самааховы і перайшла да кіраваньня гаспадарчым жыцьцём, адраджэньня краю і т. п. У справаздачы зьезду сьцьвярджалася:
Як відаць з гэтага, БНС сталася цэнтрам пачынаньняў усяго беларускага жыцьця, і яна ж ставіцца яго галоўным кіраўніцкім штабам.
Таму зьезд патрабаваў зьмяніць статут БНС і дабіцца фармальнага прызнаньня яе самаўрадавых паўнамоцтваў. У сваёй заключнай прамове Ермачэнка так акрэсьліў матывы ўсіх гэтых пачынаньняў:
Гэтае натхненьне і ўздым сьведчаць аб тым, што беларуская нацыя выяўляе сваю волю да самастойнага жыцьця і поўнага адраджэньня свайго краю ды пераможа ўсе перашкоды, якія стаяць на дарозе да рэалізацыі гэтае мэты.
Найважнейшым, хоць, несумненна, не адзіным матывам у дзейнасьці Кубэ было стварэньне беларускіх узброеных сілаў для барацьбы з савецкімі партызанамі. Кубэ апублікаваў гэты праект 29 чэрвеня. Варта разгледзець яго больш падрабязна: па-першае, ён нарадзіўся пасьля таго, як пацярпелі няўдачу ўсе ранейшыя беларускія і нямецкія спробы стварэньня вайсковых часьцей на Беларусі. А па-другое, гэты праект на два месяцы апярэдзіў дырэктыву Гітлера № 46 ад 18.8.1942 г., якую Кубэ атрымаў у канцы жніўня — яна давала дазвол на стварэньне мясцовых антыпартызанскіх фармаваньняў. Ня менш цікава выглядае і той факт, што ў першай палове чэрвеня Кубэ і SSPF Цэнэр сфармулявалі свае прапановы па барацьбе з партызанамі, пры гэтым ні адзін, ні другі яшчэ ня згадвалі пра беларускія фармаваньні. Такім чынам, рашэньне аб іх стварэньні нарадзілася толькі ў апошнія дні чэрвеня 1942 г.
Імаверна, што Кубэ прыняў рашэньне аб арганізацыі Вольнага корпусу Беларускай самааховы (далей — БСА) бяз згоды Гімлера ці Розэнбэрга. Гімлер яшчэ ў траўні лічыў, што праект стварэньня літоўскіх, латыскіх і эстонскіх часьцей СС хоць і вельмі спакусьлівы, але небясьпечны. Паказальна, што пры гэтым ён ня згадваў беларускіх часьцей. Нарэшце, у чэрвені Гімлер пагадзіўся з пэўнымі агаворкамі на фармаваньне латыскіх і эстонскіх легіёнаў, якія павінны былі падначальвацца HSSPF Остлянду — Екельну. Магчыма, улады Остлянду палічылі, што гэтай падставы дастаткова, ваб стварыць падобныя часьці і на Беларусі. Паводле інфармацыі Кубэ, прызыў беларусаў да зброі адбыўся з згоды Лёзэ.
Не было яснасьці ня толькі з фармальным дазволам на стварэньне беларускіх часьцей — пад пытальнікам заставаліся іх велічыня і структура. Кубэ абвясьціў, што гэта будзе Вольны корпус (Freikorps). Паводле нямецкай традыцыі, гэта былі атрады добраахвотнікаў бяз строга акрэсьленай колькасьці байцоў. Затое ў кіраўніцтве БНС гэта ўспрынялі як намер стварыць армейскі корпус (Armee-Korps) — у многіх краінах гэта была найбуйнейшая вайсковая адзінка, якая звычайна складалася з трох дывізій. Пры азанізацыі БСА гэта выклікала вялікія непаразуменьні. Шмат клопату нарабіла і другая праблема; каму павінны падпарадкоўвацца гэтыя часьці? 29 чэрвеня Кубэ даручыў іх фармаваньне Ермачэнку і адначасова папярэдзіў, што яны будуць падпарадкоўвацца камандзіру СС і паліцыі на Беларусі. Ніякіх іншых дэталяў ён не зазначыў — іх распрацоўкай павінна было заняцца кіраўніцтва БНС.
Па даручэньні Ермачэнкі праект арганізацыі корпусу БСА апрацаваў маёр Францішак Кушаль, які дагэтуль быў начальнікам навучальных курсаў беларускай паліцыі ў Менску. У праекце прадугледжвалася стварэньне корпусу ў складзе трох дывізій разам з дапаможнымі службамі. Разьмясьціцца ён павінен быў наступным чынам: у Менску — штаб корпусу і адна дывізія, яе апэрацыйная зона ахоплівала Менскую і Слуцкую акругі; другую дывізію плянавалася раскватараваць у Баранавічах (акругі Баранавіцкая, Наваградзкая і Слонімская), трэцюю — у Вялейцы (акругі Вялейская, Лідзкая і Глыбоцкая). Гэты праект Ермачэнка прапанаваў Цэнэру, які 15 ліпеня выдаў загад на стварэньне корпусу БСА. Галоўным яго камандзірам быў прызначаны Ермачэнка, які сіламі БНС павінен быў арганізаваць набор добраахвотнікаў і забясьпечыць іх харчамі, жыльлём і абмундзіраваньнем. Для ажыцьцяўленьня гэтых задач Ермачэнка атрымаў права на стварэньне ў рамках БНС вайсковай камісіі (аддзелу) і прызначэньне акруговых камэндантаў БСА. Загад Цэнэра прадугледжваў стварэньне ў кожным раёне адзінкі БСА сілаю ад роты да батальёну. Нямецкая паліцыя павінна была забясьпечыць іх зброяй і кіраваць вучэбнай падрыхтоўкай і апэрацыйнай дзейнасьцю.