Пасьля вайны Кушаль пісаў:
Загад гэты зрабіў на нас вельмі непрыемнае ўражаньне. Зь яго ясна вынікала, што роля д-ра Ермачэнкі і людзей, пакліканых д-рам Ермачэнкам, зводзілася толькі да таго, каб паклікаць людзей, адзець іх, закватараваць і накарміць, а рэшта належала ўжо да немцаў.
Аднак Ермачэнка адразу ж узяўся за справу. Неўзабаве пасьля атрыманьня загаду Цэнэра ён распачаў арганізацыю штабу БСА і прызначыў яго шэфам падпалкоўніка Язэпа Гуньку. У канцы ліпеня ён склікаў зьезд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС, на якім распрацаваў плян забесьпячэньня войска харчамі, абмундзіраваньнем і жыльлём. На пачатку жніўня ў Менску адкрыліся афіцэрскія курсы, начальнікам якіх стаў Кушаль. Да паловы лістапада тут было падрыхтавана каля 260 афіцэраў царскай, польскай і савецкай арміі. Адначасова ў Баранавічах, Наваградку, Вялейцы, Глыбокім, Браславе, Паставах і іншых гарадох адкрыліся падафіцэрскія курсы, на якіх было падрыхтавана колькі тысяч падафіцэраў.
Пытаньнем спрэчным, але і асабліва цікавым, выглядае рэкрэацыя ў БСА: паводле праекту, яна павінна была весьціся згодна з прынцыпам добраахвотнасьці. Савецкія крыніцы сьцьвярджаюць, што добраахвотнікаў увогуле не было, таму акупанты распачалі прымусовую мабілізацыю, аднак супраціў партызан і мірнага насельніцтва пазбавіў яе плёну. Але тагачасныя крыніцы не пацьвярджаюць такіх ацэнак. Як паведамляў Кушаль, паведамленьне пра стварэньне БСА выклікала ў насельніцтва «надзвычайны энтузіязм» і перакананьне, што ёй удасца зьнішчыць партызаншчыну і стаць зародкам будучага беларускага войска. Паводле Канстанціна Езавітава, наплыў добраахвотнікаў быў такі вялікі, што ня ўсе зь іх маглі быць прынятыя. Аднак гэтыя выказваньні трэба ацэньваць крытычна, улічваючы тэндэнцыйнасьць аўтараў і зьвязаную з гэтым схільнасьць да перабольшаньняў. Кубэ, у сваю чаргу, у кастрычніку заявіў, што служыць у БСА пажадала каля 15 тысяч беларусаў. Напэўна, частка зь іх пайшла на гэта не па сваёй волі, аб чым сьведчыць прымусовая мабілізацыя ў Ганцавіцкай акрузе. З паведамленьняў прэсы вынікае, што добраахвотнікаў усё ж было нямала, нават у Нямеччыне і Беластоцкай акрузе, дзе БНС не разгортвала сваёй дзейнасьці.
Праект стварэньня корпусу БСА нават у такім выглядзе, як гэта прадугледжваў Цэнэр, выклікаў незадавальненьне вышэйшых нямецкіх паліцыйных уладаў. Праўда, яны разумелі, якую карысьць можа прынесьці ўзмацненьне антыпартызанскіх сілаў на Беларусі, аднак, з другога боку, не жадалі ўмацаваньня палітычнай пазыцыі Ермачэнкі, якога ўважалі за сапраўднага ініцыятара і натхніцеля праекту. У канцы ліпеня шэф СД Остлянду паведамляў Лёзэ:
У папярэдніх штодзённых справаздачах ужо гаварылася пра тое, што беларускія нацыянальныя колы інсьпіруюць стварэньне «беларускага легіёну» зь беларускім камандаваньнем. Кіраўнік мясцовай самапомачы (БНС), ад якога зыходзіць праект фармаваньня БСА, разьвівае ў гэтай галіне актыўнасьць, характэрную для плянаў, якія беларуская інтэлігенцыя ў Менску зьвязвае з стварэньнем самааховы. Прымаюцца захады, каб забясьпечыць будучыя часьці Самааховы адзіным абмундзіраваньнем і ўзбраеньнем, у тым ліку лёгкай пяхотнай і аўтаматычнай зброяй, каб адразу надаць ім рэгулярны вайсковы характар; а пазьней, пасьля правядзеньня першых апэрацыяў, мець права выстаўляць свае патрабаваньні.
Такім чынам, пазыцыя паліцыйных уладаў Остлянду адлюстроўвала палітычнае гледзішча, згоднае з прынцыпамі Гімлера, якое можна трактаваць як неўхваленьне дзеяньняў Кубэ ня толькі ў справе БСА, але і ўсёй яго беларускай палітыкі. Таму Цэнэр, які занадта падпарадкоўваўся Кубэ, у канцы ліпеня быў адкліканы з пасады шэфа СС і паліцыі на Беларусі. Яго пераемнік, Вальтэр Шымана, кіруючыся ўказаньнямі Екельна, адразу ж пачаў выпраўляць «памылкі» свайго папярэдніка: у верасьні Ермачэнку пазбавілі тытулу галоўнага камандзіра БСА, штаб яе быў распушчаны, афіцэрскія чыны скасаваныя. Батальёнам БСА, якія ўжо пасьпелі сфармавацца, не далі зброі — ім прапанавалі перайсьці на статус паліцыйных батальёнаў (Schutzmannsckaften) пад камандаю нямецкіх афіцэраў. Аднак кіраўніцтва БНС і камандаваньне БСА не пагаджаліся з такімі прапановамі — перш за ўсё яны імкнуліся захаваць сваю адасобленасьць.
Праблема, па сутнасьці, зводзілася да таго, каб захаваць у часьцях БСА беларускую мову і камандзірскія кадры (weissruthenischer Selbstschutz) — г. зн. іх нацыянальны характар. У паліцыйных батальёнах (Schutzmannsckaften) пад камандаваньнем нямецкіх афіцэраў гэта было немагчыма. Такім чынам, канфлікт набываў палітычнае адценьне. Кубэ рашуча падтрымаў імкненьне лідэраў БНС забясьпечыць адасобленасьць часьцей Самааховы, бо гэта адпавядала яго ўласным нацыянальным канцэпцыям. Ён неаднаразова зьвяртаўся да Лёзэ з просьбаю забясьпечыць беларускія атрады зброяй і хадайнічаць у гэтай справе перад камандаваньнем Вэрмахту, Розэнбэргам і нават самім Гітлерам. Кубэ даводзіў, што зрабіў усё, каб настроіць беларускае насельніцтва супраць партызан, і падкрэсьліваў:
Як мага хутчэйшае ўзбраеньне беларускіх добраахвотнікаў— першачарговая задача ў барацьбе з бандамі.
Рэальны рост партызанскай актыўнасьці быў самым важкім аргумэнтам у гэтай спрэчцы — праігнараваць довады «беларускага гаўляйтара» было ня так лёгка.
Заступніцтва Кубэ прынесла некаторы, хоць і вельмі сьціплы, плён. У лістападзе вышэйшыя паліцыйныя ўлады мусілі, хаця і неахвотна, прызнаць два факты: па-першае, што «ідэя Беларускай самааховы супраць бандытызму на самай справе знайшла даволі шырокі водгук сярод мясцовага насельніцтва», а па-другое, што маладыя беларусы выразна супраціўляліся іх пераводу ў паліцыйныя батальёны. Пра гэта сьведчыла іх масавае дэзерцірства з т. зв. батальёну № 49 — першага фармаваньня такога тыпу на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь, стварэньне якога Шымана распачаў у жніўні 1942 г. Таму — насуперак уласнаму нежаданьню і адгаворкам — давялося пагадзіцца нарэшце на тое, каб захаваць Беларускую самаахову. У рамках БНС пакінулі вайсковы сэктар і ў другой палове лістапада прызначылі яго шэфам Кушаля. Ён кіраваў дзейнасьцю акруговых і павятовых рэфэрэнтаў БНС па справах самааховы. Паводле Кушаля, было сфармавана ўсяго каля 20 батальёнаў БСА і некалькі меншых падразьдзяленьняў. Аднак цяжка акрэсьліць іх фармальны статус. На думку Кушаля, яны падначальваліся ня толькі мясцовым рэфэрэнтам БНС, але і акруговым камандзірам нямецкай паліцыі, тым ня менш у некаторых акругах часьці БСА лічылі сябе за незалежныя ад немцаў беларускія фармаваньні.[96]
Але гэтая «незалежнасьць» стварала немалыя праблемы. Паліцыйныя ўлады, ня маючы даверу да беларускіх атрадаў, адмаўляліся забясьпечваць іх абмундзіраваньнем, таму салдаты і камандзіры мусілі хадзіць ува ўласнай вопратцы — вонкава яны мала чым адрозьніваліся ад партызан. Счакаўшы некалькі месяцаў, пад канец 1942 г. часьцям БСА выдалі невялікую колькасьць зброі. Гэта не вырашала пытаньня з узбраеньнем, але і не стварала вялікай праблемы: зброю здабывалі ўласнай рукой, у т. л. куплялі ў нямецкіх салдат. Як піша Кушаль, такім чынам узброіўся цэлы батальён у Рудзенску Менскай акругі. Сяргей Хмара, апавядаючы пра сытуацыю ў Слонімскай акрузе, надае нават цэны, па якіх рабіліся такія ўгоды. Так, напрыклад, кулямёт, які купляўся ў нямецкіх або італьянскіх салдат, што вярталіся з фронту, каштаваў 9 кг саланіны і 5 літраў самагону. Звычайныя аўтаматы куплялі нават… у савецкіх партызан — за іх плацілі пару бутэлек гарэлкі. Такім чынам, — зазначае далей Хмара, — адзін з слонімскіх батальёнаў неўзабаве займеў восем кулямётаў і нават мінамёты.
Карныя акцыі і канфлікт Кубэ з СС
Барацьба з партызанамі — гэта вайна зь невызначаным праціўнікам, які атаясамліваецца з насельніцтвам. Яна закранае гэтае насельніцтва беспасярэдне, без увагі на пазыцыю, занятую ім у барацьбе. Улада звычайна перакладае адказнасьць за партызанскія выступленьні на плечы навакольнага цывільнага люду. Такім чынам, насельніцтва прымушаюць улучыцца ў антыпартызанскую барацьбу, бо ў адваротным выпадку яно само становіцца ахвярай карных акцыяў. Гэта клясычны мэтад, стасаваны і да Другой сусьветнай вайны, і пасьля яе, які незалежна ад ваенных апэрацыяў і тэрору як сродкаў запалохваньня павінен быў пазбавіць партызан апоры ў мясцовага насельніцтва. У залежнасьці ад варункаў мэта дасягалася рознымі сродкамі. Адным з самых туманных была прапаганда (такую ролю эфэктыўна адыграў падчас паўстаньня 1863 г. царскі маніфэст аб скасаваньні прыгону для сялян Літвы і Беларусі), а да найбольш радыкальных належала «ачыстка» пацыфікаванай тэрыторыі (напрыклад, скіраваная супраць УПА[97] акцыя «Вісла») ад насельніцтва.