Грэюцца коткі на капотах машын. Празрысты ранак. * * * На дым гаркавы дзівуецца малеча. Бульбоўнік паляць. * * * Апала лісце, ды скрозь вецце яблыні ледзь бачны кляштар. * * * Кошка-прыблуда жаласліва яўкае… Дачы спусцелі. * * * Пабагацелі прыбіральшчыцы ў двары – важкія гурбы залатое лістоты шторання намятаюць. * * * Аж да гарышча па цаглянай сцяне плюшч ускараскаўся! Асфальт у лодачках барвістых лісточкаў. * * * Мабыць, утульна будзе ўзімку засынаць і чайным ружам пад лапнікам яловым дый пахкім пілавіннем. * * * Заструменіўся дымок па-над комінам у хаце напроці — напэўна ж, заначуе Віталь Мікалаевіч… * * * Выкруцілася на аўчынным халаце, які я скінуў, трохколерная Тайга… Сніць роднасную блізкасць? * * * Ідзём далёка... Хто падкажа, дзе канец гэтага шляху? З дрэў на зямлю сцякае лісце бясконцым дажджом. Зіма * * * Глінтвейн згатую – брат абяцаў пад вечар з-за гары прыйсці. * * * Яшчэ імгненне не раставай у хмарах, кволы маладзік!
* * * У творы чужым угледзеў сваю думку – прыкра і ўсцешна. * * * Кудзеркі хмараў падсвечвае малочны ліхтар месяца. * * * Святы – хвіліны, калі адчуваю: праца ўдаецца. * * * Яблык самотны між галінак свеціцца Бетлемскай зоркай… * * * Ранішні водар. Джэзва вабіць спакусна – кава з бальзамам. * * * Сённяшні смутак, нібы шэрань, што ранкам кладзецца ў двары. * * * Мо застануцца нікім не пачутыя словы і думкі? * * * Колькі сядзібаў змянілі гаспадароў на дачах! Сумна… * * * Ці не халодна табе, плюшч, туліцца да бетоннай сцяны? * * * Неспадзеўны снег – святочны і маркотны на смагардзе дрэў. * * * О, немаўлятка, што табе прыснілася?! Аж здрыгануўся... * * * Патушыў святло і пачуў – снег падае. Ноч па-над краем. * * * Воран вяшчуе на бляшаным вільчыку |