Annotation
Ёсць яна, ёсць (!) — прастора маральнай устойлівасці, у якой жывуць малюнкі разважлівых эмоцый і нараджаюцца адпаведныя гэтым малюнкам словы, і ў выніку з’яўляюцца запісы, пазбаўленыя непатрэбнага зместу. Менавіта з прасторы маральнай устойлівасці прыйшло да нас нацыянальнае хараство, і прыйшлі тыя творцы, для якіх непарушны закон: спачатку неабходна стаць чалавекам, а потым ужо паэтам, пісьменнікам... Палоннік гэтае прасторы, Уладзімір Сіўчыкаў напісаў кнігу “Высакосны год”, якой характэрна вабнасць дакладных занатовак, а таксама ўвага да сціплага, простага і чалавекалюбнага. Кніга дастаткова тужлівая па інтанацыі, але ў тузе, як аднойчы заўважыў яе аўтар, жыве „нязведаная слодыч...” (Л. Дранько-Майсюк, Шляхетны стыль, фрагмэнт)
Сіўчыкаў Уладзімір
Шляхетны стыль
Вясна
Лета
Восень
Зіма
Пра аўтара
Сіўчыкаў Уладзімір
Высакосны год
Хоку і танка
Шляхетны стыль
Мілая, згадай:
Веяла цёплай вясной,
І вішні цвілі.
Калыхнуў я галіну, —
Белы цвет асыпаў нас.
Максім Багдановіч
Ёсць яна, ёсць (!) — прастора маральнай устойлівасці, у якой жывуць малюнкі разважлівых эмоцый і нараджаюцца адпаведныя гэтым малюнкам словы, і ў выніку з’яўляюцца запісы, пазбаўленыя непатрэбнага зместу.
Менавіта з прасторы маральнай устойлівасці прыйшло да нас нацыянальнае хараство, і прыйшлі тыя творцы, для якіх непарушны закон: спачатку неабходна стаць чалавекам, а потым ужо паэтам, пісьменнікам...
Палоннік гэтае прасторы, Уладзімір Сіўчыкаў напісаў кнігу “Высакосны год”, якой характэрна вабнасць дакладных занатовак, а таксама ўвага да сціплага, простага і чалавекалюбнага.
Кніга дастаткова тужлівая па інтанацыі, але ў тузе, як аднойчы заўважыў яе аўтар, жыве “нязведаная слодыч...”
І разам з тым душэўны склад “Высакоснага года” святочна-бачлівы.
Паэт успрымае будзённае жыццё, як свята, якое дадзена дзеля асалоды, працы і мастацкага асэнсавання.
Адсюль і разуменне: творчасць павінна быць менавіта святочна-бачлівай (г.зн. — дапытлівай).
Уладзімір Сіўчыкаў ведае, што творчасці шкодзіць шматслоўе і ўпэўнены, што ў спасціжэнні жаданага дастаткова некалькі радкоў.
Ён па-майстэрску выкарыстоўвае сціслую вершаваную форму і, цудоўна адчуваючы гукавую пластыку трох- і пяцірадкоўяў, пакідае ў чытацкай памяці яскравыя знакі запамінальнае красы:
Пралескі сумна
палетак аглядаюць
ля руін Крэва.
Новая кніжка Уладзіміра Сіўчыкава — своеасаблівы каляндарны сшытак, слоўны памінальнік, лірычна-прыватны дыярыуш, маляўнічы дзённік:
Пярэсты мятлік
і восенню хоча жыць
— п’е паспешліва
з хрызантэмы расінкі
марознаю раніцай.
Уладзімір Сіўчыкаў умее выштукоўваць узоры стылявой абачлівасці і кампазіцыйнай дыпламатычнасці.
Складнасць мыслення — выяўная рыса гэтай кніжкі.
Яна створана мастаком, якому ўласцівы шляхетны стыль паводзін, самавіты выгляд, паважнасць у гаворцы і маўчанні, этычныя адносіны да людзей, вера ў нацыянальнае хараство, шанаванне фамільнай прыгажосці, захапленне ўніверсальнасцю беларускай прасодыі, выбудоўванне свайго жыцця паводле сумленных правілаў...
Вясна
* * *
На крыжавінах
срэбных тэлеантэнаў
сумуюць гракі.
* * *
Стрэліў вугольчык
на бляху каля грубкі.
Стома сыходзіць…
* * *
У хвалях Плісы
цеплаэлектрацэнтраль
рабацініцца...
* * *
Дочкі заўзята
гуляюць у класікі.
Прасохлы асфальт.
* * *
Пралескі сумна
палетак аглядаюць
ля руін Крэва.
* * *
Прачыненая
грубка – ссівелы попел.
Рукапіс згарэў.
* * *
Сустрэў суседа
з паўнюткімі вёдрамі
пры Нехаёўцы.
* * *
Кроплі з-пад крана
марна ў бяссонні лічу...
Схібіў, зноў пачаў…
* * *
Звіняць жаўрукі…
Ляжу на ўскрайку поля.
Прыемна вельмі.
* * *
Бярозавы гай.
Смак гаркавых лісточкаў.
Важкі хрушч гудзе.
* * *
Нат і хвіліны
спакою не зазнала
маці ў самоце.
* * *
Шматгалосы гуд
базарнай Камароўкі.
Лопат галубоў.
* * *
Разгарнуў дзённік...
Дзень адышоў у нябыт,
бы кропля ў пясок.
* * *
Чытаю Басё,
Такубоку – скла-да-юц-
ца танка й хоку.