Уладзімір Мікалаевіч Сіўчыкаў (3 мая 1958, Жодзіна, Смалявіцкі раён, Мінская вобласць — 21 ліпеня 2021) — беларускі пісьменнік, перакладчык, мастак, выдавец.
Нарадзіўся 3 мая 1958 года ў Жодзіна ў сям’і служачых. Скончыў педагагічнае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча (1977).
Працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў Траянаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна. Служыў у арміі (1977—1979). Быў мастаком-афарміцелем у Мінскім палацы культуры і спорту чыгуначнікаў (1979—1983). У 1981 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (пад час вучобы праходзіў стажыроўку ў Тбіліскім дзяржаўным універсітэце, дзе вывучаў грузінскую мову і літаратуру). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1986) — рэдактар аддзела літаратуры і мастацтва, у 1989—1990 гг. — адказны сакратар часопіса для дзяцей і падлеткаў «Бярозка». З 1990 г. — прэзідэнт Беларускай асацыяцыі дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана, з 1994 г. — дырэктар выдавецтва «Радыёла-плюс».
З 2004 года як індывідуальны прадпрымальнік займаўся ўласнай выдавецкай справай. Удзельнік літаратурна-грамадскага таварыства «Тутэйшыя» (1986—1990). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1990, Беларускага ПЭН-Цэнтра з 2004, Беларускай асацыяцыі журналістаў з 2009 года. Грамадскі дзеяч. Вёў актыўную краязнаўчую працу найперш па родным Жодзіне, па ўшанаванні памяці князя Багуслава Радзівіла.
Памёр 21 ліпеня 2021 года.