* * * Ноч, прыслухаўся — стракочуць гадзіньнікі; ці то конікі… * * * Па-над сасною поўні жоўты дыск плыве на хмарах сініх. * * * Падае зьнічка за далёкі чорны лес; забыў жаданьні. * * * Плывуць аблокі у ласкавай цеплыні, месячная ноч. * * * Успамінаю далёкае каханьне пад платанамі. * * * Чужы, чорны дом. Бясконцы глухі паркан. Бразнула клямка. * * * Джаз разгойдвае карабельны рэстаран… Ці наадварот? * * * Кураць і танчаць маладзіцы п'яныя. Весела глядзець. * * * Цёмная поўня шэпты кляновых шатаў слухае ў цемры. * * * Прытаіліся, як пачвары марскія, на пяску карчы. * * * Вугаль на зубах, печанае бульбы смак, салёны дымок. * * * Залаты агонь, моўчкі з братам сядзелі, блакітны попел. * * * Гудзеньне мора. Моцны, пякучы вецер. Чорная вада. * * * Бездапаможны матылёк на шыбе шукае выйсьце. * * * Дзьверы на гаўбец адчыніў, а мой сябра, месяц, не прыйшоў. * * * Гарадзкая ноч, шчыльная гарачыня, кропелькі зорак. * * * Не памылюся — назваўшы запальнічку любімай кветкай. * * * Ціхі шум машын. Ноч. Гадзіньнік. Я і ты. Цёпла. Споры дождж. * * * Патушы сьвятло, чуеш — бьецца-бьецца ў шкло шэры матылёк. * * * Срэбная хмара стала побач з поўняю, вецер стаміўся. * * * Шчупака сасьніў. Не, не жывога, на — маляванага. * * * Прачынаюся, пью халодную ваду і засынаю. * * * У сінім садзе цяжарная жанчына сьпелы яблык есьць. * * * Халодны вецер, празрыстае паветра, аголены сад. * * * Сьліва на стале, побач востры нож ляжыць; зараз сьліву зьем. * * * Дворнік пад вакном, ён мяце-мяце асфальт, ён бліжэй-бліжэй. * * * Як непрыемна вільготную адзежу раніцай надзець. * * * Гуляю з дачкой пад жоўтымі ліпамі старога сквэра. * * * Ральля, груганы, гара пад нізкім небам, салодкі вецер. * * * Аса на шыбе — дзынкнае пажаданьне вярнуць свабоду. * * * Ляснула шыба, шкло блішчыць на падлозе, стаю басанож. * * * Чырвань рабіны ў зеляніне дваровай, вось спаткаў восень. * * * Вербы па рацэ пасылаюць у нябыт сумныя лісты. * * * Туманны ранак, над сівою рэчкаю лунаюць кірлі. * * * Сонны смоўж паўзе па падасінавіку маладзенькаму. * * * Чародка сітавак пабудзіла ціўканьнем навакольны лес. |