Литмир - Электронная Библиотека
БЕЛАРУСКІЯ МУЖЧЫНЫ
Беларускі мужчына прыходзіць на сьвет
у камарыных укусах замест радзімак
і таму добра ведае: дзе больш балотаў, там больш радзімы.
Беларускі мужчына ўмее апынуцца ў такой багне,
што адтуль ні халеры ня выцягнеш, але беларускі мужчына цягне.
Беларускі мужчына выдатна ведае дзесяць бульбяных страваў
і сто дзесяць адмазак ня чысьціць бульбы,
бо мае шмат іншых справаў.
Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Эўропы,
калі верыць мапе:
ў гэтым цэнтры стаіць канапа і беларускі мужчына
ляжыць на канапе.
Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.
Беларускі мужчына купляе машыну, прыгнаную з-за мяжы, і другую палову жыцьця шчасьліва жыве зь ёй у гаражы.
Беларускі мужчына – футбольны фанат. Калі раптам заб’юць мазілы, шматкватэрны дом патрасаюць пякельныя сілы.
Беларускі мужчына ня чуў пра паліткарэктнасьць ніколі
і таму жартуе так сьмешна, што лепей ня слухаць без алькаголю.
Кожны трэці п’е піва, другі кожны трэці – гарэлку, а трэці трэці
разумее: гарэлка бязь піва – грошы на вецер.
Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.
Беларускі мужчына падасьць жанчыне руку і набудзе кветак, і аднойчы паабяцае не раскідваць па доме шкарпэтак!
Беларускі мужчына аматар праводзіць выходныя дома.
Часам выйдзе на дзесяць хвілін і вяртаецца ўночы.
Дзе быў, невядома.
Засынае ў таксоўцы, што едзе дамоў,
прачынаецца ў незнаёмым трамваі…
І нікому ня ясна, за што яго жонка трывае,
выбачае футбол і канапу, гараж і буханьне?
Беларускі мужчына – чысты аб’ект каханьня.
Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.
ВЕРШЫК ПРА САНКІ
калі мама з татам табе куплялі першыя санкі
ты ведаў, што будзеш катаць усіх дзяўчат у двары
потым, калі жыватом аб ваду навярнуўся з тарзанкі
ты ведаў, што ёй цікава – патонеш ці не ў віры
калі ў школьным ціры наўмысна паліў па мішэні
ад якой не пасьпеў яшчэ адысьці ваянрук
ты ведаў, што будзе адразу пасьля, а потым твае кішэні
стануць сховам ад ветру для самых прыгожых рук
калі крэмзаў парту сьцягнутым дома сьцізорыкам
і зь непераможным кампом змагаўся ў шахматы й го
калі на мяжы скандалу спрачаўся ў класе з гісторыкам
адзін гісторык у класе ня ведаў, дзеля каго
і хай аднакласьнік з парыжу сёньня глядзіць з дакорам на
“баралускага” лузэра, што робіць ня тое з жыцьцём
а ты глядзіш, як дачка глядзіць на хлапцоў – і ня сорамна
перад ейнаю мамай – ты быў нармальным дзіцём
ПСІХААНАЛІЗ
Упершыню цалаваўся ў дзіцячым садку:
сярэдняя група, сярэдзіна ціхай гадзіны.
Дзеўчына доўга трымала мяне за руку,
потым прызналася: я ў яе не адзіны.
Упершыню мяне моцна пабілі ў старэйшай
групе – тая дзяўчынка, зь якой цалаваўся ў сярэдняй.
Я наглядзеўся tv – і назваў яе гейшай.
Гейша таксама глядзела tv. Бойка была канкрэтнай.
Упершыню пасварыўся зь сябрам у першым класе,
дзеля дзяўчынкі, зь якою біўся ў старэйшай групе:
“Ты ж мне пакляўся! Я ж на цябе паклаўся!
Што робіць ейны волас у гэтым гарохавым супе?!”
Упершыню спавядаўся, мыючы сходы за шатняю,
сябру сяброўкі на тэму сяброўкі сябра.
“Сёньня дала мне…” – кажу. Патлумачыць “…дала сьпісаць хатняе”
я не пасьпеў – перашкодзіла сябрава швабра…
Дваццаць гадоў мінула – і вось, ляжу на кушэтцы
сябра-псіхааналітыка, што зламаў аб мяне
некалі швабру: “Ты тут ні пры чым. Я ня верыў Сьветцы.
Дзеўкі няверныя. Здрада не абміне.
Я таксама герой. На тую цягне, да гэтай хіліць.
Хоць ты жаніся зь першаю выпадковаю.
Пабяруся з балгаркай – і хай мяне піліць!
Пазнаёмлюся зь фінкай – і хай падколвае!
Сьветка ж (ты сьведка!) заўжды карысталася попытам.
У адзінаццатым класе скокнула ў даўжыню.
Прызямляецца. З попы пясок атрасае. А попа там!..
Дваццаць гадоў мінула, а бачу, бы ўпершыню”.
Хутка пясок будзе сыпацца, а ён пра дзіцячыя дупы.
Слухаеш – і ня ведаеш, хто аналітык, хто псіх.
Раскажы пра садок. Інвалідам сярэдняй групы
хопіць кушэтак. На ўсіх.
ВЫХАВАНЬНЕ ПАЧУЦЬЦЯЎ

І толькі ў хваляваньні скуб рукаў,

Калі цябе да дошкі выклікалі.

Рыгор Барадулін
Школа, дзе я вучыўся, была сярэдняй –
якраз пасярэдзіне між кальцавой і цыганскім пасёлкам.
Бяжыш папаліць у лясок, а там ужо вучні суседняй:
маглі пазнаёміць зь цёлкамі, маглі і аттырыць з толкам.
Ваенрук па мянушцы Дзот калашом наводзіў парадак,
фізрук па прозьвішчы Пшонка
трапляў ува ўсе баскетбольныя кольцы,
піянэры на лесьвіцы ціскалі акцябратак,
піянэрак за шатняю ціскалі камсамольцы.
Школа ігнаравала нашы дурныя жарты.
Вучні ўдавалі, што не разумеюць кпінаў.
Але аднойчы мой аднаклясьнік запусьціў у настаўніцу партай –
і былі тыя, хто шкадаваў, што ён не дакінуў.
Мы добра ведалі, што ў нас называюць капустай,
а вось пра дзяцей у капусьце бацькі нам не расказалі.
У нас не было басэйну для знаёмства з распустай,
таму хараство дзяўчатак мы адкрывалі ў спартзалі.
Раз на фізры, калі мы ўсёй клясай поўзалі па канаце, я завіс – ні туды, ні сюды – паміж падлогай і стольлю, і ты раптам спыніла ўвагу на маёй клаўнадзе:
а хто там вісіць дагары нагамі й не наракае на долю?
Я пачуў тваё рагатаньне – і ляснуўся долу на маты.
Покуль Пшонка нешта крычаў, а пасьля перайшоў на маты, ты пяшчотна сказала “прыдурак”, унушыўшы адной ухмылкай, што маё зьяўленьне на сьвет не было фатальнай памылкай.
Я ня мог да цябе павярнуцца сьпінай і не наважваўся тварам, адчуваў сябе закаханым у прыгажуню пачварам.
Сэрца білася ў захапленьні, варта толькі вачыма сустрэцца, як –
уваскрэсьлі боства й натхненьне, і жыцьцё, і сьлёзы, й эрэкцыя.
Каб цябе ўратаваць ад адказу з двойкаю немінучай,
я гатовы быў зьесьці твой дзёньнік і крэйду разам з анучай.
Я табе падказаў усе даты па гісторыі Рыма і Грэцыі,
а потым катаў на раме – на злосьць дзяржаўтаінспэкцыі.
Мы езьдзілі разам трамваем, пасьля ў падземным вагоне
(якраз нядаўна пусьцілі мэтро), палілі ў цябе на балконе, на тваім дні нараджэньня я насьмяшыў тусоўку
і – вяршыня інтымнасьці – пазычыў табе насоўку.
Ты плакала – я выціраў. Ты мне казала: “Ня трэба”.
Казала, што хутка зьедзеш, бо тут савок і імпэрыя.
А потым: “Дурны, я кахаю іншага. Табе да яго, як да неба”.
Я паглядзеў на неба, халоднае, нізкае, шэрае.
17
{"b":"551915","o":1}