Сонца яму на скуры малюе зоркі і свастыкі, а ён, паслаўшы апёкі да самай яснай халеры, паказвае найвышэйшую клясу мастацкай гімнастыкі, калі размотвае стужкай рулён туалетнай паперы. Плыве за вадою й зрабіўся крыху цырульнікам, бо неабачлівым рыбкам галовы стрыжэ да шыек, хвасты падстрыгае русалкам, палескі унікум, ператвараючы іх у спартсмэнак-паралімпіек. Воўну з аблокаў стрыжэ і сплаўляе паверхняй ракі, а рэшткі ўначы сабе цягне ў намёт пад голаў; смак хлеба, якім ён корміць мясцовых дзяўчат з рукі, аддае сродкам ад камароў – зрынутых зь неба анёлаў. Ён ведае, дзе бярозкі растуць скрозь старыя пні, нібы на голае цела мераюць фенечкі і маністы. Калі ён заходзіць мыцца ў раку, у мыльнай пене сьляпні канаюць, быццам замерзлыя ў горных сьнягах альпіністы. Гарэлку ператварае ўначы ў навальнічны сок, які цячэ лістотаю дуба ў жывым электрычным праменьні, і кроплі здаюцца сухімі, як жоўты палескі пясок, быццам сябры й сяброўкі кінулі зь неба па жмені. Сьцьвіга, ліпень 2005 Аб дзьверы яе хлапцы разьбівалі лбы, пасьля залівалі раны з рыльца за ровам. А сонца хавалася ў шатах яе вярбы, а вецер ганяўся па лузе за ейным роварам. Цёткі казалі: “Надта ж любіць сябе”. Дзеўкі казалі: “Хопіць фарсіць, карова!” Хлапцы маўчалі. Адзін выразаў імя на вярбе, іншы лісты пакідаў на багажніку ровара. Дні цяклі, як заўжды: касьба, малацьба, рыбнадзор, браканьерства, схаваны бровар. А малец пісаў у рыфму: “Вярба – судзьба”, а іншы таксама ў рыфму: “Ровар – гейм овэр”. Дзяўчыну зьвязуць у горад – і ўсё, труба! Мужык яе, кухар (па-гарадзкому “шэф-повар”), нядаўна купіў круты рэстаран “Вярба” і мае крутую тачку маркі Land Rover. Палова вёскі нап’ецца – у знак журбы, другая ўжо будзе пад мухай, а мух тут прорва... А вецер пляце на прутках ейнай вярбы, а сонца вяжа на сьпіцах ейнага ровара. каб меў я мабільнік, зараз было б на ім безь сямі тры ноч – і мы сьнім адно аднаго, але без сымэтрыі ты сьніш, быццам я на верш для цябе не шкадую паперы я сьню, быццам ты мне звоніш, і я званю – табе ў дзьверы ты сьніш, бы вязеш з бацькамі знаёміць, а я – што іх дома няма і ты са мной застаесься зусім нечакана сама ты сьніш, нібы я сарамлівы, а я – што нахабны і дужы ты – быццам кахаю ў душЫ, а я – што кахаю ў дУшы ты сьніш, нібы кажаш: каго яшчэ ў свае запішу я абраньніцы а я – што лаві імгненьне і хопіць згадваць аб раніцы ты сьніш, бы звоніць мабільнік і мы спыняемся ў выніку а я – што за кайф, калі табе не ламаюць кайф па мабільніку я сьню, нібы вучыш мяне такім рэчам, якім не вучылі ў школе ты сьніш, нібы я нарэшце кажу, чаго не казаў ніколі я сьню, што мы разам з табой парушаем да раніцы цішыню у сьне, дзе ты проста ню, а я цябе проста сьню ДЗЕСЯЦЬ СПОСАБАЎ БЫЦЬ ВЫЦЯГНУТЫМ З ЛОЖКА ДЗЯЎЧЫНЫ Ты ўжо разьдзеў і цябе ўжо разьдзелі. Хто ж цябе выцягне зь цёплай пасьцелі? Шмат перашкод у інтымным жыцьці. Спынімся на дзесяці. Першы спосаб банальны. Сусед прыходзіць пазычыць крэслы для застольля, а заадно й запрасіць на бяседу. І нецярплівы чытач, што чакае тут рыфмы “чрэслы”, будзе расчараваны – яна адчыніць суседу. Другі. Разам з ложкам вы расхісталі й кніжную шафу, і – бля- кбастэр зь бібліятэкай адразу даходзіць да кульмінацыі, бо зьверху на вас сыпецца поўны збор з творамі Васіля Быкава. Першыя восем тамоў. Магло быць і чатырнаццаць! Трэці. Ты заўважаеш, што вас у пакоі ня двое: хтосьці варожа шыпіць за стосікам “Нашае Нівы”. “Гэта мой коцік, – тлумачыць яна, – бо я люблю ўсё жывое”. І, выціраючы кроў табе з твару: “Ну так, ён вельмі раўнівы”. Чацьверты. Усё было клас. Яна грызла падушку зубамі. Толькі ў самы разгар інтымнасьцяў вашых: “Стой! Там жа па тэліку інаўгурацыя прэзыдэнта Абамы! Пойдзем глядзець! Што значыць “лепш ідзі да мяне”? Ты што, фашык?!” Пяты. Звоніць мабільнік. “Танечка, прывітаньне! Так, толькі вельмі хуценька. Я размаўляць ня ў стане”. І размаўляе гадзіну, радасная, як слон. З гора вылазіш з ложка і йдзеш глядзець біятлон. Шосты. Толькі яна прашаптала: “ну ўсё, цяпер я цяжарная”, як вас, уварваўшыся ў дом, паліваюць са шлянгаў пажарныя. Паўбудынку згарэла, і ты вінаваты, каўбой: сьвечку запальвалі? Трэба гасіць за сабой! У параўнаньні зь сёмым, папярэднія – дробязі, бо яна, пасярод любошчаў, кажа: “З табой так добра! З раніцы напішу пра гэта ў жывым часопісе...” Ты ўцякаеш так хутка, быццам у ложку – кобра. Восьмы. Суворыя людзі ўламіліся ў хату пад раніцу, і забіраюць, але не цябе, а тваю абраньніцу. Трэ было ў войска самой ісьці, як сяброўкі раілі. Ледзь не забыўся: падзеі разгортваюцца ў Ізраілі. Дзявяты. Раптам – сьвятло і хтось шасьцікрылы з трубою. Ты думаў, што апакаліпсіс і сьвету настаў хэпі-энд. “Дзяўчына! У нашай галяктыцы ўсе трызьняць толькі табою! А ты брысь адсюль, распусьнік, ты лішні тут элемэнт!” Дзясяты – і самы надзейны – спосаб такі: у дзьверы звоняць яе бацькі. |