Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Яшчэ адно соўганне клямкi.

— Што Вам тут трэба? — спытала яна.

— Мне патрэбны мой сын.

— Гуга — Ваш сын?

— Менавiта. Гуга, адчынi.

"Першы раз не сказаў "калi ласка", — падумаў Гуга; ён павярнуў ключ у замку i адчынiў дзверы.

— Хадзем, хлопча, пойдзем адсюль.

— Добра, бацька, iду.

— Болей рэчаў у цябе няма?

— Hе.

— Хадзем.

Гуга падняў свой чамаданчык i быў рады, што бацькава спiна засланiла твар авечай капяланкi. Ён яшчэ пачуў, як яна заплакала, калi яны абодва iшлi па службовых сходах.

— Hе плачце, дзецi, — сказаў стары Фэмель, — яна ж вернецца i застанецца ў нас; яе б вельмi засмуцiла, калi б яна даведалася, што мы дазволiлi вiну зрабiцца кiслым; ён цяжка паранены, i я спадзяюся, што вялiкае здзiўленне ўжо нiколi не знiкне з яго твару; яны ўсе лiчаць сябе неўмiручымi, i гэткi цiхi i сухаваты гук можа зрабiць цуды. Дзяўчаты, паклапацiцеся, калi ласка, пра падарункi i кветкi; Леанора зоймецца кветкамi, Рут — вiншавальнымi паштоўкамi, Марыяна — падарункамi. Парадак гэта палавiна жыцця… з чаго можа складвацца другая палавiна? Нiчога з сабою не зраблю — не магу быць сумны. Гэта — вялiкi дзень: ён вярнуў мне маю жонку, падарыў мне сына — цi можна мне так называць Вас, Шрэла? — брата Эдыт; нават унука я займеў, праўда, Гуга? Я ўсё нiяк не наважуся сапраўды называць цябе ўнукам; хоць ты i сын майго сына, але ж не мой унук; не магу растлумачыць, якi голас мне гаворыць не называць цябе сваiм унукам?

Сядайце, дзяўчаты зробяць нам бутэрброды; рабуйце кашы з далiкатэсамi, дзецi, i не паперакульвайце тых стосаў, якiя ўпарадкавала тут Леанора; лепш за ўсё няхай кожны сядае на асобны год: бярыце сабе стос «А», Шрэла: ён самы высокi; Роберт, цi можна прапанаваць табе стос "1910 год", другi па вышынi? Ёзэф, выберы сабе якi-небудзь iншы, "1921 год" неблагi. Ну вось, добра, цяпер сядайце. Першы глыток вып'ем за пана М. - каб з ягонага твару нiколi не знiкла здзiўленне; другi глыток — за маю жонку: няхай Бог благаславiць яе памяць. Калi ласка, Шрэла, не маглi б Вы паглядзець, хто гэта там стукае ў дзверы?

А, вядомы нам спадар Грэц жадае выказаць мне свае ўшанаваннi? Спадзяюся, ён не прынёс дзiка з сабою на карку? Hе? Дзякуй Богу. Калi ласка, Шрэла, скажыце яму, што прыняць яго не магу; цi, можа, ты мяркуеш, Роберт, што цяпер адпаведны дзень i адпаведны час, каб прыняць вядомага нам пана Грэца? Праўда, што не? Дзякуй, Шрэла. У гэты дзень i ў гэты час належыць адмовiцца ад непраўдзiвых суседскiх пачуццяў; два словы могуць каштаваць жыцця: "Грэх i ганьба", — сказала старая фраў Грэц; жэст рукi можа каштаваць жыцця, i адно няправiльна зразуметае прыжмурванне вока; ага, Гуга, прашу, далi мне вiна — спадзяюся, ты не пакрыўдзiшся, калi мы тут, у сямейным коле, ацэнiм i выкарыстаем набытае табою ўменне абслугоўваць клiентаў.

Пастаў спакойна гэтыя вялiкiя букеты перад малюнкам абацтва, меншыя — з абодвух яго бакоў, на палiцу з планамi; ты можаш пазнiмаць i выкiнуць гэтыя скруткi: у iх нiчога няма, яны тут як дэкарацыi; хiба што сярод нас ёсць нехта, хто мае намер яшчэ выкарыстаць гэтую каштоўную паперу? Можа, ты, Ёзэф? Чаму ты гэтак нязручна сеў? Ты ўзяў сабе 1941 год — гэта зусiм танюткi стос, хлопча. 1945 год быў бы лепшы, заказы тады сыпалiся, нiбы град — амаль як у 1909 годзе, але я адмовiўся ад iх, хлопча. Слова «sorry» забiла ўва мне ахвоту займацца будаўнiцтвам. Рут, складзi вiншавальныя паштоўкi i тэлеграмы на маiм рысавальным стале; я распараджуся надрукаваць адказы з падзякай, а ты дапаможаш мне заадрасаваць iх; за гэта я куплю табе што-небудзь прыгожае ў фраў Горушкi; якi будзе тэкст гэтых адказаў? "Гэтым выказваю сваю самую сардэчную падзяку за Вашыя вiншаваннi з нагоды майго васьмiдзесяцiгадовага юбiлею". Можа, да кожнай падзякi далучыць уласнаручны малюнак — што ты думаеш наконт гэтага, Ёзэф? Якога-небудзь пелiкана цi вужакi — а што, калi б гэта быў бык? Калi ласка, Ёзэф, паглядзi, хто там яшчэ так позна хоча ўвайсцi?

Чатыры супрацоўнiкi Кронэравай кавярнi? Прынеслi падарунак, ад якога, на тваю думку, я не павiнен адмовiцца? Добра, тады няхай заходзяць.

Два кельнеры i дзве буфетчыцы асцярожна прайшлi ў дзверы, несучы з сабою прастакутную дошку, даўжыня якой была нашмат большая за шырыню; тое, што стаяла на ёй, было накрыта снежна-белым палатном; стары здрыгануўся: можа, труп? Цi тое, што тырчала, нiбы кiй, угару было носам нябожчыка? Яны неслi дошку асцярожлiва, нiбы гэта быў найкаштоўнейшы мярцвяк; запанавала поўная цiшыня; рукi Леаноры, якая складала букет, знерухомелi ў паветры; Рут трымала ў руках вiншавальны адрас з залатою аблямоўкаю, Марыяна забылася адставiць убок парожнi кош.

— Hе, не, — цiха сказаў стары, — калi ласка, на падлогу ставiць не трэба; дзецi, прынясiце сюды дзве падстаўкi для планаў.

Гуга i Ёзэф прынеслi з кута дошкi-падстаўкi, паставiлi iх пасярэдзiне кабiнета на стосы 1936–1939 гадоў; зноў запанавала цiшыня, пасля таго як абодва кельнеры i абедзве буфетчыцы паставiлi дошку з невядомым прадметам на падстаўку, потым сталi каля ўсiх чатырох яе вуглоў, узялiся за рагi палатна i па кароткай, рэзкай камандзе старэйшага кельнера паднялi яе.

Стары пачырванеў, падскочыў да мадэлi з цеста, падняў рукi, як барабаншчык, што збiраецца пачаць адбiваць гнеўныя гукi марша, i нейкую хвiлю ўсiм здавалася, што ён расчаўпе кулакамi гэты салодкi твор мастацтва; але тут ён раптам апусцiў кулакi, рукi бяссiльна павiслi з абодвух бакоў цела; пасля стары цiха засмяяўся, пакланiўся дзяўчатам-буфетчыцам, потым абодвум кельнерам, а выпрастаўшыся, выцягнуў з пiнжака свой кашалёк i даў усiм чатыром па купюры на чай.

— Калi ласка, — сказаў ён спакойна, — перадайце фраў Кронэр маю шчырую падзяку i таксама скажыце, што надзвычай важныя акалiчнасцi прымушаюць мяне адмовiцца ад маiх сняданкаў… важныя акалiчнасцi — каб ад заўтрага больш не снедаць у Вашай кавярнi.

Ён перачакаў, пакуль кельнеры i буфетчыцы выйшлi з дому, а потым голасна прамовiў:

— Ну, дзецi, а цяпер падайце мне вялiкi нож i талерку пад тарты!

Ён адрэзаў кавалак ад вежы касцёла Святога Антонiя i перадаў талерку Роберту.

64
{"b":"107318","o":1}