Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Цябе б'юць?

— Hе, нi разу не бiлi. Я толькi вось вельмi хацеў бы даведацца, што такое — вайна, бо школу ж я мусiў пакiнуць, перш чым мне тое растлумачылi. А Вы ведаеце, што такое вайна?

— Ведаю.

— Вы былi на вайне?

— Быў.

— А што Вы там рабiлi?

— Мая спецыяльнасць была — выбухi, Гуга. Цi гэта табе што-небудзь гаворыць?

— Ну, бачыў, як падрывалi каменяломнi за Дэнклiнгенам.

— Якраз тое самае, Гуга, рабiў i я; адно што я падрываў не скалы, а дамы i цэрквы. Пра гэта я нiкому не расказваў, апроч маёй жонкi, але яна ўжо даўно памерла; таму цяпер нiхто пра гэта не ведае — нi мае бацькi, нi мае дзецi. Табе вядома, што я архiтэктар i, уласна, я быў бы павiнен будаваць дамы, але нiколi iх не будаваў, а толькi падрываў, i таксама цэрквы, якiя я яшчэ ў дзяцiнстве рысаваў на добрай рысавальнай паперы, бо я марыў будаваць iх, ды нiколi не будаваў. Калi мяне забралi ў войска, у маiх дакументах яны знайшлi звесткi, што я пiсаў сваю дыпломную працу па адной з праблем статыкi. Статыка, Гуга, — гэта навука, якая даследуе раўнавагу сiл, навука аб стане напружанняў i перамяшчэннi элементаў-носьбiтаў пад уздзеяннем пэўных сiл; не ведаючы статыкi, не пабудуеш нават негрыцянскай хацiны; а супрацьлегласць статыкi ёсць дынамiка, гэта назва нагадвае дынамiт, якi выкарыстоўваецца для падрываў i мае сёе-тое агульнае з iм. Усю вайну я меў дачыненне толькi з дынамiтам. Я трохi разбiраўся ў статыцы, Гуга, меў пэўнае ўяўленне пра дынамiку i добра разбiраўся ў дынамiце: "праглынуў" усе кнiгi, што закраналi гэтую тэму. Калi нешта хочаце падарваць, трэба толькi ведаць, куды памясцiць ладунак i якая павiнна быць сiла выбуху. Я ўсё гэта ведаў, Гуга, i гэтак вось падрываў: падрываў масты i шматпавярховыя гмахi, цэрквы i чыгуначныя вiядукi, раскошныя вiлы i скрыжаваннi шасэйных дарог; за гэта мяне ўзнагароджвалi ордэнамi i падвышалi ў званнi: з лейтэнанта на обер-лейтэнанта, з обер-лейтэнанта на гаўптмана; мне давалi таксама дадатковыя адпачынкi i выносiлi падзякi — бо я так добра ведаў, як трэба падрываць. А напрыканцы вайны я быў падначалены ў пэўнага генерала, у якога ў галаве сядзелi толькi два словы: сектар абстрэлу. Цi ведаеш ты, што такое — сектар абстрэлу? Hе?

Фэмель падняў бiльярдны кiй вышэй ад пляча i пачаў цэлiць iм, нiбы карабiнам, у напрамку вежы сабора Святога Севярына.

— Бачыш, — сказаў ён, — калi б я зараз захацеў абстраляць мост там, за Святым Севярынам, дык сабор знаходзiўся б у сектары абстрэлу i яго трэба было б падарваць — хутка, як найхутчэй, каб я мог пацэлiць у мост; i я скажу табе, Гуга, я падарваў бы гэты сабор, хоць i ведаў добра, што мой генерал вар'ят i што сектар абстрэлу — гэта таксама вар'яцтва; бо, разумееш, зверху не трэба мець нiякага сектара абстрэлу; зрэшты, кожны самы нават тупагаловы генерал павiнен быў ведаць, што пэўны час таму былi вынайдзеныя самалёты; ды мой генерал быў вар'ят i ўмеў толькi таўчы адно: "сектар абстрэлу" — i я забяспечваў яму гэты сектар абстрэлу; у мяне была добрая каманда: фiзiкi i архiтэктары, i мы падрывалi ўсё, што паўставала на нашым шляху; апошнi аб'ект быў асаблiва вялiкi; нешта такое агромнiстае i магутнае, цэлы комплекс вялiзных i вельмi салiдных будынкаў: царква, стайнi, манаскiя цэлi, адмiнiстрацыйны будынак, фальварак — цэлае абацтва, Гуга; яно апынулася якраз памiж дзвюма армiямi, нямецкай i амерыканскай, i я забяспечваў нямецкай армii сектар абстрэлу, якi ёй, уласна, не быў патрэбны; муры ўкленчвалi перада мною, у хвалях i кароўнiках раўло быдла, мнiхi праклiналi мяне, але нiшто не магло мяне стрымаць; я пусцiў у паветра цэлае абацтва Святога Антонiя ў далiне Кiса, падарваў яго за тры днi перад канцом вайны. Узорна, заўсёды як трэба — ты ж ведаеш мяне, хлопча.

Ён апусцiў кiй, якiм дагэтуль усё яшчэ цэлiў ва ўяўную мiшэнь, паклаў яго зноў на сагнуты палец i ўдарыў па бiльярдным шары; белае пакацiлася па зялёным, вострым зiгзагам адбiлася раз i другi ад чорных борцiкаў.

Званы сабора Святога Севярына глуха выцiскалi з сябе час, але калi, калi прабiла адзiнаццатую?

— Зiрнi, хлопча, што гэта за шум там, за дзвярыма?

Ён яшчэ раз ударыў па шары: чырвонае пакацiлася па зялёным; вычакаўшы, пакуль шары спыняцца, адклаў кiй.

— Гэр дырэктар просiць Вас прыняць нейкага гэра Нэтлiнгера.

— Цi прыняў бы ты кагосьцi, хто носiць прозвiшча Нэтлiнгер?

— Hе.

— Пакажы мне, як выйсцi адсюль не праз тыя дзверы.

— Вы можаце прайсцi цераз рэстаранную залу, пане доктар, i адтуль — на Модэстгасэ.

— Да пабачэння, Гуга, да заўтра.

— Да пабачэння, пане доктар.

Балет кельнераў, балет гатэльных служак: яны збiралi на сталы да абеду, перасоўвалi, у дакладна вызначаным парадку, чайны столiк ад стала да другога, раскладвалi срэбранае начынне, мянялi вазончыкi з кветкамi, замест белых гваздзiкоў у высокiх вузкiх вазах — сцiплыя фiялкi ў круглых вазонах; забiралi са стала мармеладавыя сподачкi, ставiлi кiлiшкi пад вiно: нiзкiя пад чырвонае, высокiя — пад белае; з адным-адзiным выключэннем: малако для авечай пастыркi; у крышталёвым графiнчыку малако мела шараватае адценне.

Фэмель лёгкай хадою прайшоў памiж радамi столiкаў, рассунуў фiялетавыя фiранкi i — апынуўся насупраць вежы сабора Святога Севярына.

4

Крокi Леаноры супакойвалi яго; яна асцярожна хадзiла па кабiнеце, адчыняючы шафы, падымаючы вечкi скрыняў, развязваючы шнуркi на пасылках, разгортваючы эскiзы; яна толькi зрэдку адрывала яго ад думак, падыходзячы да акна — толькi калi на якiм-небудзь дакуменце не стаяла дата альбо эскiз не быў падпiсаны. Стары Фэмель любiў парадак i нiколi не падтрымлiваў яго. Леанора зробiць гэта за яго; на падлозе вялiкага кабiнета яна раскладвала ў стосы дакументы i эскiзы, лiсты i рахункi, упарадкаваныя па гадах; i сёння, як i пяцьдзесят год таму, падлога дрыжала ад грукату друкарскiх машын; тысяча дзевяцьсот сёмы, восьмы, дзевяты, дзесяты — па ўкладзеных Леанораю стосах ужо было вiдаць, што яны з цягам гадоў стагоддзя большаюць: тысяча дзевяцьсот дзевяты быў вышэйшы за тысяча дзевяцьсот восьмы, дзесяты вышэйшы за дзевяты. Леанора выведзе крывую яго працы: яна прывучаная да дакладнасцi.

— Слухаю? — сказаў ён. — Вы можаце перашкаджаць мне, калi захочаце, маё дзiцятка. Гэта? Гэта — лякарня ў Вайдэнхамеры; я пабудаваў яе ў 1924 годзе: у вераснi яе адчынiлi.

Леанора напiсала сваiм добра чытэльным почыркам на палях эскiза: "1924.09".

Зусiм тонкiя стосiкi ўтварылi ваенныя гады, з чатырнаццатага па васемнаццаты: тры, чатыры эскiзы: лецiшча для генерала, паляўнiчая хатка для бургамiстра, каплiца пад апекаю Святога Себасцьяна — для брацтва стралкоў; адпускныя паперы, ганарары, выплачаныя такiмi каштоўнымi адпускнымi днямi; каб магчы пабыць з сваiмi дзецьмi, ён бы задарма будаваў генералам замкi.

— Hе, Леанора. Гэта было ў трыццаць пятым годзе. Кляштар францысканак. Сучасны стыль? Вядома, сучасныя гмахi я таксама будаваў.

Фрамуга вялiкага акна ў кабiнеце заўсёды здавалася яму рамаю, якую запаўнялi кожны раз iншыя вобразы; мянялiся колеры неба, дрэвы на падворках шарэлi, чарнелi, зелянелi; цвiлi, адцвiталi кветкi на тэрасах, што на дахах дамоў. На гэтых бляшаных дахах дзецi бавiлiся, рабiлiся дарослымi, станавiлiся бацькамi, а iх бацькi — дзядулямi i бабулямi; толькi профiль лiнiй дахаў заставаўся нязменны, заставаўся мост, заставалiся горы, што ў ясныя днi вiднелiся на даляглядзе — аж пакуль другая сусветная вайна не змянiла профiль лiнiй дахаў, не зрабiла ў ёй пярэрваў, у якiх вiдзён быў серабрысты ў пагодныя днi i шэры — у пахмурныя Рэйн, а таксама перасоўны мост у Старым Порце; пярэрвы былi даўно ўжо зноў запоўненыя, дзецi бавiлiся на бляшаных дахах, на процiлеглым баку вулiцы на Кiльбавай тэрасе з падручнiкамi ў руцэ хадзiла туды i сюды яго ўнучка — гэтаксама як пяцьдзесят год назад там хадзiла туды i сюды ягоная жонка… цi гэта, можа, не Ёганна чытала там у сонечныя днi, па абедзе, "Падступнасць i каханне"?

Зазванiў тэлефон; як гэта прыемна, што Леанора падняла слухаўку, што яе голас адказаў незнаёмаму чалавеку на другiм канцы дроту:

15
{"b":"107318","o":1}