Смех. Пазвоньванне кiлiшкаў. Тэлефонны званок.
— Ага. М. каля тэлефона. Цi так я зразумеў? Выказаць сваю сiмпатыю? Добра.
— Пан К. прыняў станоўчае рашэнне, панове, давайце паставiм стол i крэслы на балкон.
— А што падумаюць за мяжой?
— Няхай сабе думаюць. Усё адно яны думаюць не тое, што трэба.
Смех. Пазвоньванне кiлiшкаў.
— Я сыду на вулiцу i скажу кiраўнiку парада, каб яны звярнулi ўвагу на Ваш балкон, — сказаў другi пан.
— Hе, не, — сказаў стары, — я не хачу класцi галаву табе на каленi, не хачу глядзець на блакiтнае неба; цi сказала ты ў Кронэравай кавярнi, каб яны прыслалi Леанору сюды? Яна будзе зусмучоная; ты ж яе не ведаеш, гэта Робертава сакратарка; мiлае дзiця, i я не хацеў бы, каб гэтая ўрачыстасць з яе ўдзелам не адбылася; не, ува мне няма чыстага сэрца, i я добра ведаю, колькi лiха ёсць на гэтым свеце; я адчуваю сябе чужанiцам, яшчэ большым чужанiцам, чымся тады, калi мы хадзiлi ў «Якар», што ў Верхнiм Порце, i насiлi грошы кельнеру, прозвiшча якога было Гроль; там, унiзе, яны становяцца ў шыхты для парада — цёплы летнi вечар, сутонее; аж сюды далятае смех — табе дапамагчы, мая дарагая? Ты, вiдаць, забылася, што ў машыне паклала сваю сумачку мне на каленi; яна цяжкая, але не досыць цяжкая — што ты, уласна, хочаш з гэтым зрабiць?
— Хачу застрэлiць таго тоўстага на сiвой клячы. Бачыш яго, пазнаеш?
— Думаеш, я магу яго забыць? Гэта ён забiў ува мне смех, паламаў схаваную спружыну ў схаваным гадзiннiкавым механiзме; ён загадаў знiшчыць бялявага анёлка, забраць бацьку Эдыт, Гроля i хлопчыка, чыйго iмя мы так i не ведаем; ён навучыў мяне, што адзiн жэст рукi можа каштаваць жыцця; ён зрабiў з Отам тую яго абалонку — i ўсё ж… я не стаў бы забiваць яго. Я часта пытаўся ў сябе самога: дзеля чаго я прыехаў жыць у гэты горад — можа, каб разбагацець? Hе — i ты ведаеш гэта? Дзеля таго, што я цябе кахаў? Hе, тады я цябе яшчэ не ведаў i не мог кахаць. Можа, у мяне былi амбiцыi? Hе. Мяркую, што я хацеў адно пасмяяцца з людзей, крыкнуць iм напрыканцы: "Гэта ж было несур'ёзна". Можа, я хацеў мець дзяцей? Хацеў. I ў мяне яны былi: двое памерла ў маленстве, адзiн загiнуў — i ён быў мне чужы, чужэйшы за тых вунь маладых паноў, што ўнiзе падымаюць свае харугвы. А другi сын? "Як маешся, бацька?" — "Добра, а ты?" — "Добра. Дзякуй, бацька". — "Цi магу я што-небудзь для цябе зрабiць?" — "Hе, дзякуй; нiчога не трэба…" Абацтва Святога Антонiя? Прабач, што я смяюся, дарагая. Усё гэта — пыл, не абуджае ўва мне нават сентыментальнасцi, тым больш — нiякiх пачуццяў; цi хочаш вiна?
— Налi, калi ласка.
Я аддаюся на мiласць пяцьдзесят першаму параграфу; законы гнуткiя… паглядзi: там, унiзе, наш стары сябар Нэтлiнгер; у яго досыць розуму на тое, каб нацягнуць на сябе гэтую форму, але ўсё ж ён паявiўся, каб пацiскаць руку, паляпаць па плячы, памацаць харугвы; ужо калi каго i застрэлiць, дык, можа, лепей гэта Нэтлiнгера — але яшчэ падумаю; можа, не буду страляць па гэтым музеi, што там унiзе, на вулiцы; забойца майго ўнука сядзiць побач на балконе — бачыш яго? У цёмным гарнiтуры, прыстойны, прыстойны; гэты мыслiць iначай, дзейнiчае iначай, плануе iначай i сяму-таму ўжо навучыўся: вольна гаварыць па-французску i па-ангельску, ведае лацiну i старажытнагрэцкую i назаўтра паклаў ужо закладку ў адпаведнае месца хрысцiянскага календара Шота: пятнаццатая нядзеля па Сёмусе: якая ўсхваляльная малiтва сёння? Крыкнуў ён сваёй жонцы ў спальню. Hе, я не буду забiваць гэтага тоўстага мяшка на сiвой клячы; не буду страляць па гэтым чалавеку-музеi… толькi крыху павярнуць i — будзе ўсяго шэсць метраў, абсалютная гарантыя, што не прамахнуся; на што яшчэ можа прыдацца маё сямiдзесяцiгадовае жыццё? Забойства не тырана, а прыстойнага чалавека; смерць верне на ягоны твар вялiкае здзiўленне; хадзем, не трэба дрыжаць, мой даражэнькi; я хачу заплацiць выкуп; гэта будзе для мяне забава; дыхаць спакойна, нацэлiцца, разлiчыць, калi нацiскаць на курок… можаш не затыкаць сабе вушэй, мой дарагi; стрэл не будзе надта гучны: проста нiбы лопне шарык з паветрам; пярэдадне пятнаццатай нядзелi па Сёмусе.
13
У аднае дзяўчыны валасы былi бялявыя, у другой — каштанавыя; абедзве былi танклявыя, зграбныя; абедзве ўсмiхалiся, абедзвюм добра пасавалi касцюмы з чырванавата-карычневага твiду, у абедзвюх ладныя шыйкi падымалiся са снежна-белых каўнерыкаў, нiбы сцяблiнкi кветак; абедзве добра, зусiм без акцэнту, гаварылi па-французску i па-ангельску, па-фламандску i па-дацку; абедзве добра i без нiякага акцэнту гаварылi на сваёй роднай, нямецкай, мове; гэта былi гожыя законнiцы неiснуючага баства; яны авалодалi таксама лацiнай; i цяпер у асобным пакойчыку паблiзу касы яны чакалi, пакуль каля бар'ера збяруцца групы па дванаццаць чалавек; вось яны танюткiмi абцасамi чаравiкаў пагасiлi недакуркi цыгарэт, спрактыкаванымi рукамi падмалявалi сабе губы i, выйшаўшы за бар'ер, пачалi высвятляць нацыянальнасць наведнiкаў; з усмешкай, без анiякага акцэнту, яны пыталiся пра краiну, адкуль госцi прыехалi, i пра мовы, якiмi яны валодаюць; турысты адказвалi на пытаннi, падымаючы палец: сямёра гаварылi па-ангельску, двое па-фламандску, трое — па-нямецку; потым яшчэ вясёла заданае пытанне: хто валодае лацiнай? Рут, вагаючыся, падняла палец; толькi адзiн чалавек? Лёгкi цень шкадавання на прыгожым твары — з прычыны гэткай малой колькасцi экскурсантаў з гуманiтарнай адукацыяй; толькi тая адзiная паненка належным чынам здолее ацанiць дакладнасць, з якой дзяўчына задэкламуе вершаваныя надпiсы надмагiльных камянёў? Усмiхаючыся, схiлiўшы лiхтар на кiйку, нiбы шаблю, дзяўчына пачала першая спускацца па сходах; пахла муравальным растворам i вапнаю; потым стаў адчувацца пах магiльнага склепа, хоць лёгкi шум выдаваў, што тут дзейнiчае вентыляцыя; без нiякага акцэнту гучалi ангельская, фламандская i нямецкая мовы; турыстаў iнфармавалi пра памеры шэрых блокаў, пра шырыню рымскай вулiцы — вось сходы з другога стагоддзя, вось тэрма — з чацвёртага; паглядзiце, вунь там знуджаныя ахоўнiкi, надрапаўшы на блоку з пясчанiку квадраты, гулялi ў «млын» (як казаў кiраўнiк курсаў, "заўсёды падкрэслiваць агульначалавечыя, побытавыя дэталi"); вось тут рымскiя дзецi гулялi ў каменьчыкi; звярнiце ўвагу на тое, што камянi брукаванкi бездакорна дапасаваныя адзiн да аднаго; вадасцёк, па iм у часы Старажытнага Рыма сцякала брудная вада, пасля мыцця рымскага посуду, пасля мыцця рымскай бялiзны; рэшткi маленькага прыватнага храма Венеры, якi загадаў пабудаваць для сябе пан рымскi консул; у неонавым святле былi вiдны ўсмешкi турыстаў: фламандскiя, ангельскiя ўсмешкi; цi трое маладых немцаў i праўда нi разу не ўсмiхнулiся? Чым растлумачыць глыбiню закладкi падмурка? У тыя часы глеба, на якой вялася будоўля, была яшчэ забалочаная, зялёныя грунтавыя воды, якiя напаўнялi раку, булькаталi ў шчылiнах скалiстай пароды. Цi чуеце вы праклёны германскiх нявольнiкаў? Пот сцякаў са светлых броваў на белыя твары, рабiў вiльготнымi светлыя бароды; з вуснаў варвараў выходзiлi поўныя алiтэрацый праклёны: "З ран i гора, прынесенага праклятымi прыхаднямi, народзiцца выснаваная Вотанам помста-адплата — гора iм, гора iм, гора!"
— Крыху цярпення, шаноўныя панi i панове, яшчэ некалькi крокаў; вось тут — рэшткi будынка суда, а вось i яны — рымскiя дзiцячыя магiлкi.
("Тут, — казалi на курсах, — вы павiнны першыя моўчкi спынiцца i пачакаць з тлумачэннямi, пакуль у iх пройдзе першае хваляванне; гэта ўжо выключна залежыць ад вашага чуцця, як доўга варта працягваць маўчаць, засведчваючы гэтак вашую ўзрушанасць; напэўна, гэта залежыць ад складу групы; i прашу не ўвязвацца ў дыскусiю наконт самiх рымскiх дзiцячых магiл што гэта зусiм не рымскiя дзiцячыя магiлы, а толькi надмагiльныя камянi, прычым знойдзеныя зусiм у iншым месцы…")
Надмагiльныя каменныя плiты, абапёртыя аб шэрыя муры, утваралi паўкола. Калi прайшло першае хваляванне, здзiўленыя госцi пачыналi глядзець угору: па-над неонавымi лямпамi вiднелася цёмна-блакiтнае неба: цi гэта на iм ужо паблiсквала ранняя зорка, а можа, гэта проста быў водблiск пазалочанага цi пасрэбранага шарыка агароджы, якi, мякка адбiваючыся, уваходзiў у круглы калодзеж, складзены з пяцi вянцоў?