— Hе, не, — адказаў ён. — Марыяна Шмiц, я раскажу табе пра ўсё.
Яна адняла руку ад ягоных вачэй; ён выпрастаўся, паглядзеў на яе; яна намагалася не ўсмiхацца.
— Чагосьцi такога кепскага твой бацька, напэўна, зрабiць не змог бы, сказала Марыяна.
— Hе, — адказаў Ёзэф, — то не было гэтак кепска, ды ўсё-ткi досыць кепска.
— Хадзем, — сказала яна, — раскажы мне пра ўсё ў машыне; ужо амаль пятая, i яны нас чакаюць; калi б у мяне быў дзядуля, я не прымушала б яго чакаць, а калi б у мяне быў такi, як у цябе, дзядуля, я рабiла б дзеля яго ўсё на свеце.
— А дзеля майго бацькi? — спытаўся ён.
— Я яшчэ не ведаю яго, — адказала яна. — Хадзем, i не круцiся, скажы яму, як толькi надарыцца мажлiвасць. Хадзем.
Яна падняла яго за руку; ён абняў яе за плячо, i яны пайшлi да машыны.
9
Малады банкаўскi служка спачувальна паглядзеў на Шрэлу, калi той падсунуў да яго па мармуровым прылаўку пяць ангельскiх шылiнгаў i трыццаць бельгiйскiх франкаў.
— Гэта ўсё?
— Усё, — адказаў Шрэла.
Малады служка пачаў круцiць ручку лiчыльнай машынкi — у малой колькасцi яе абаротаў ужо заключалася пагарда, — хутка напiсаў дзве цi тры лiчбы на бланку i падсунуў Шрэле пяцiмаркавую купюру, чатыры манеты па дзесяць пфенiгаў i тры пфенiгавыя манеткi.
— Прашу, хто далей…
— А ў Блесэнфэльд, — цiха спытаў Шрэла, — …цi яшчэ ходзiць туды адзiнаццаты, не падкажаце мне?
— Цi ходзiць туды адзiнаццаты? Я ж не трамвайная даведачная, — адказаў малады служка, — i, апроч таго, я i праўда не ведаю.
— Дзякуй, — сказаў Шрэла, укiнуў грошы ў кiшэнь, саступiў месца каля акенца наступнаму клiенту — мужчыне, якi паклаў на прылавак тоўсты пачак швейцарскiх франкаў; ён пачуў, ужо выходзячы, як лiчыльная машынка з павагаю накручвала абароты адзiн за адным.
"Ветлiвасць — гэта самая дзейсная форма, у якую можна заключыць пагарду", — падумаў ён.
Вакзальная пачакальня. Лета. Сонца. Вясёлы настрой. Канец тыдня. Гатэльныя служкi пхаюць валiзы да перона; маладая жанчына трымае высока падняты плакат "Тут збiраюцца тыя, хто ад'язджае ў Лурд". Прадаўцы газет, кiёскi кветак. Маладыя хлопцы i дзяўчаты з каляровымi ручнiкамi пад пахамi.
Шрэла перайшоў праз вакзальную плошчу, спынiўся на пешаходнай выспачцы i пачаў вывучаць трамвайныя маршруты; адзiнаццаты па-ранейшаму хадзiў у Блесэнфэльд, i цяпер якраз чакаў пад святлафорам памiж гатэлем "Прынц Генрых" i саборам Святога Севярына; вось ён пад'ехаў да прыпынку, спынiўся, усе пасажыры павыходзiлi; Шрэла стаў у чаргу перад кандуктаравым бар'ерам, потым прайшоў на месца, сеў, зняў капялюш, абцёр пот з iлба i брывей, працёр шкельцы акуляраў i, калi трамвай рушыў, дарэмна чакаў з'яўлення нейкiх пачуццяў; нiчога такога; школьнiкам ён чатыры тысячы разоў ездзiў адзiнаццатым трамваем да школы i назад; запэцканыя чарнiлам пальцы, дурнаватая балбатня хлопцаў, што ехалi ў школу на тым самым трамваi; гэтая балбатня заўсёды была яму прыкраю, яны балбаталi пра сячэнне шара, плюсквамперфект, умоўны лад, бараду Фрыдрыха Барбаросы, якая прарасла наскрозь цераз стол; "Падступнасць i каханне", Лiвiй, Авiдзiй у шэра-зялёнай каленкоравай вокладцы: i чым далей трамвай ад'язджаўся ад цэнтра горада, тым цiшэйшаю рабiлася балбатня; ужо ў канцы Старога горада сыходзiлi тыя, хто ўмеў надаваць свайму голасу самы нiзкi тэмбр; яны расцякалiся па шырокiх вулiцах, на якiх стаялi салiдныя дамы; у канцы Новага горада сыходзiлi тыя, хто меў ужо не такi нiзкi тэмбр голасу; яны расцякалiся па вузейшых вулiцах, дзе было менш салiдных дамоў; заставалася толькi двое цi трое тых, хто ехаў да Блесэнфэльда, дзе было найменш салiдных дамоў; размова рабiлася нармальнаю, калi трамвай, пагойдваючыся, ехаў паўз малыя гародчыкi i жвiроўнi, наблiжаўся да Блесэнфэльда.
— Цi твой бацька таксама бастуе? У Грэсiхмана даюць ужо чатыры з паловай працэнты скiдкi… маргарын стаў таннейшы на пяць пфенiгаў.
Вось парк, у якiм летняя зелянiна даўно ўжо вытаптаная, дзе пясчаны грунт вакол невялiкай сажалкi ўзараны тысячамi дзiцячых ног, змяшаны з гразёю, смеццем, паперкамi, шклом ад бутэлек; Груфэльштрасэ, дзе сховы гандляроў старызнаю запаўнялiся бляхай, старымi анучамi, макулатурай i разбiтым шклом, дзе стаяў убогi лiманадны кiёск, у якiм паспрабаваў выявiць свае гандлярскiя здольнасцi схуднелы беспрацоўны, а неўзабаве ён раз'еўся, аббiў сваю будынiну нержавейнай сталлю, аздобiў шклом, паставiў блiшчастыя аўтаматы: ён нажэрся пфенiгамi, набыў панскi выгляд, хоць яшчэ два месяцы таму прынiжана скiдаў кошт шклянкi лiманаду на два пфенiгi, спалохана шэпчучы клiенту:
— Ты ж глядзi, нiкому больш не кажы.
Пачуццi так i не з'яўлялiся, хоць адзiнаццаты трамвай, пагойдваючыся, праехаў ужо Стары горад, Новы горад, прамiнуў гародчыкi i жвiроўнi; чатыры тысячы разоў ён чуў, як кандуктар выкрыкваў тыя назвы прыпынкаў: «Буасэрэштрасэ», "Паўночны Парк", "Блесэнскi вакзал", "Унутранае Кальцо"; яны гучалi адчужана, гэтыя назвы — нiбы са сноў iншага чалавека, якi беспаспяхова спрабуе пераказаць iх; яны гучалi як крыкi аб дапамозе з густой iмглой, а тым часам амаль пусты трамвай тым сонечным летнiм надвячоркам пад'язджаў да канцавога прыпынку. Там, на рагу Паркавай Лiнii i Ўнутранага Кальца, калiсь стаяла будка, дзе яго мацi спрабавала гандляваць смажанай рыбаю; ёй не пашанцавала, бо мела занадта мяккае сэрца: "Як я магу не даць кавалка рыбы згаладалым дзецям, калi яны так прагна глядзяць, як я яе падсмажваю? Як гэта мажлiва?" А бацька казаў: "Натуральна, ты не можаш не даць, але нам трэба спынiць гандаль: крэдыту больш няма; банкруцтва; гандляры не хочуць падвозiць там тавару". Выкачаныя ў сухарах кавалкi рыбнага фiле смажылiся ў гарачым алеi, а мацi тым часам клала адну, дзве, тры лыжкi бульбянай салаты на кардонную талерачку; сэрца мацi, спачуваючы, цвёрдым не заставалася; слёзы цяклi з яе блакiтных вачэй, суседкi перашэптвалiся: "Яна выплача ўсю сваю душу"; мацi больш нiчога не ела i не пiла; з мажнай, са здаровым колерам твару жанчыны яна ператварылася ў худую бледную кабецiну; нiчога ў ёй не засталося ад прывабнай буфетчыцы вакзальнага буфета; яна адно шаптала: "Госпадзе, Госпадзе", гартала пацёртыя сектанцкiя малiтоўнiкi, якiя абвяшчалi хуткi канец свету; а тым часам на вулiцы пыльны вецер развяваў чырвоныя сцягi, i тут жа неслi выявы Гiндэнбургавай галавы; крыкi, бойкi, стралянiна, фанфары, бiццё барабанаў. Калi мацi памерла, яна выглядала зусiм як слабенькая, бледная i хударлявая дзяўчынка; магiла такая ж, як дзесяткi iншых, на ёй некалькi астраў; тонкi драўляны крыж з надпiсам: "Эдыт Шрэла. 1896–1932"; душа выплаканая, прах перамешаны з зямлёю Паўночных могiлак.
— Канцавы прыпынак, шаноўны пане, — абвясцiў кандуктар, вылез са сваёй каморы i, прыкурваючы бычок ад цыгарэты, прайшоў у перад вагона. — На жаль, вагон далей не iдзе.
— Дзякуй.
Чатыры тысячы разоў ён заходзiў i выходзiў з гэтага трамвая; канцавы прыпынак адзiнаццатага; заржавелыя рэйкi гублялiся сярод ямаў, што засталiся пасля экскаватараў i баракаў, якiя трыццаць год таму павiнны былi служыць будоўлi далейшага адрэзку трамвайнай лiнii; лiманадны кiёск: нержавейная сталь, шкляныя шары, блiшчастыя аўтаматы; акуратна, паводле гатункаў раскладзеныя плiткi шакаладу.
— Калi ласка, мне — шклянку лiманаду.
Зялёная вадкасць у бездакорна чыстай шклянцы мела смак марзаны.
— Калi Вам, шаноўны пане, будзе няцяжка, укiньце рэшткi паперы ў сметнiцу. Смачна?
— Дзякуй.
Курыная ножка была яшчэ цёплая, як i мяккае мяса з-пад шыi, засмажаныя з корачкай у самым лепшым тлушчы, цэлафанавы пакуначак, зашпiлены спецыяльнаю шпiлькаю ад набору для пiкнiкоў.
— Пахне знакамiта. Яшчэ шклянку лiманаду?
— Дзякуй, не трэба. Дайце, калi ласка, шэсць цыгарэт.
У растаўсцелай гаспадынi кiёска яшчэ можна было распазнаць прыгожую зграбную дзяўчыну, якой яна некалi была: блакiтныя дзiцячыя вочы, якiя пад час першай канфiрмацыi давалi нагоду летуценнаму каплану ўжываць эпiтэты накшталт «анёлападобная», "нявiнная", цяпер зрабiлiся застылымi, жарсткаватымi вачыма гандляркi.