Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Якраз у гэтыя хвiлiны парцье вельмi датклiва адчуваў адсутнасць гатэльнага служкi: на адмiнiстратарскiм прылаўку перапляталiся рукi — рукi, што чакалi рахунку, рукi, што бралi праспекты, — i ён увесь час якраз у гэтую хвiлiну — пару хвiлiн пасля паловы дзесятай — заўважаў, што робiцца няветлiвы: вось якраз да гэтай настаўнiцы, восьмай цi дзевятай, калi палiчыць, якая пыталася ў яго, як прайсцi да рымскiх дзiцячых могiлак; яе ружовы колер твару сведчыў пра тое, што яна паходзiць з вёскi, а рукавiчкi i плашч — не пра той узровень даходаў, якi належала чакаць ад гасцей гатэля "Прынц Генрых", i парцье пытаўся ў сябе, якiм гэта чынам яна магла трапiць у кампанiю экзальтаваных асоб, нiводная з якiх не лiчыла патрэбным пытацца пра кошт нумароў; а можа, тая, што цяпер збянтэжана скубе свае рукавiчкi, здзейснiць зараз "нямецкi цуд", за якi Ёхэн вызначыў узнагароду: "Дам дзесяць марак таму, хто пакажа мне немца, якi б спытаўся пра кошт хоць чаго-кольвечы". Hе, i яна не здабудзе для яго Ёхэнавай прэмii, парцье прымусiў сябе паспакайнець i ветлiва растлумачыў ёй, як прайсцi да рымскiх дзiцячых могiлак.

Большасць гасцей патрабавала якраз таго гатэльнага служку, якi цяпер на паўтары гадзiны знiкаў у бiльярдавым пакоi; усiм хацелася, каб менавiта ён занёс iхнiя валiзы ў вестыбюль, да аўтобуса авiякампанii, да таксi, адправiў на вакзал; незадаволеныя турысты-валацугi, што, чакаючы сваiх рахункаў, размаўлялi ў вестыбюлi пра час прылёту i адлёту самалётаў, жадаючы менавiта ад Гугi лёду ў свае вiскi, агню, каб прыпалiць цыгарэту, наўмысна трымалi гэтыя цыгарэты ў роце незапаленымi, каб выпрабаваць Гугаву вымуштраванасць; толькi яму яны хацелi дзякаваць нядбалым жэстам далонi, толькi ў прысутнасцi Гугi iхнiя твары скурчвалiся ў таямнiчыя грымасы; нецярплiвасць была напiсана на тварах, уладальнiкi якiх не маглi дачакацца, каб як найхутчэй завезцi свой дрэнны настрой у найдалейшыя куткi свету; яны былi гатовыя да старту, каб у люстрах баварскiх альбо персiдскiх гатэляў вызначыць, наколькi задубiлася iх скура. Кабеты пранiзлiва крычалi, успомнiўшы пра нешта забытае альбо незнарок пакiнутае: "Гуга! Мой пярсцёнак…", "Гуга! Мае пальчаткi…", "Гуга! Мая памада…"; i ўсе яны чакалi, што Гуга зараз маланкаю кiнецца да лiфта, без анiякага шуму ўзляцiць наверх i ў пакоi 9, у пакоi 32, у пакоi 46 будзе шукаць пярсцёнак, касметычку альбо памаду; а тая старая бабiзна прыцягнула свайго дварняка, якi ўжо выхлябтаў малако, зжэр мёд, грэбуючы смажанымi яйкамi, i вось цяпер яго трэба было абавязкова весцi на вулiцу, каб ён мог справiць сваю натуральную сабачую патрэбу i аднавiць свой ужо зусiм слабы нюх пад сценамi вулiчных кiёскаў, каля стаянак аўтамашын, трамвайных прыпынкаў; вiдавочна было, што толькi Гуга мог дагадзiць стану сабачае душы; а тут зноў тая старая бабуля Блезiк, якая штогод прыязджае, каб пагасцяваць якi месяц у дзяцей i наведаць унукаў, колькасць якiх няспынна большае; вось яна, ледзь пераступiўшы парог гатэля, пыталася ўжо пра Гугу: "Цi ж ён яшчэ ў вас, той хлапчына з тварам псаломшчыка, той хударлявы, бледны, рудавалосы, з такiм сур'ёзным паглядам?" Гуга павiнен быў пад час яе снедання, калi яна ела мёд, пiла малако i не грэбавала смажанымi яйкамi, чытаць ёй уголас мясцовую газету: старая з захапленнем падымала вочы, калi пападалiся назвы вулiц, вядомыя ёй з маленства: няшчасны выпадак на Эрэнфельдскiм Кальцы; напад з рабункам на Фрызенштрасэ. "У мяне былi гэткiя доўгiя косы, калi я гойсала там на ролiкавых каньках — гэткiя доўгiя, мой даражэнькi…" Бабуля была вельмi далiкатная i ўпартая — хто ведае, можа, яна дзеля Гугi ляцела сюды праз вялiкi акiян?

— Дык што? — спыталася яна з расчараваннем. — Гуга вызвалiцца толькi пасля адзiнаццацi?

Падняўшы рукi, просячы гасцей да выхаду, у дзвярах-круцёлцы стаяў шафёр аўтобуса авiякампанii, а ў касе яшчэ падлiчвалiся рахункi за надта ж складаныя сняданкi: там сядзеў, напрыклад, нейкi тып, што замаўляў сабе палову смажанага яйка i вельмi абураўся, атрымаўшы да аплаты рахунак, у якiм налiчана было за цэлае; ён з яшчэ большым абурэннем зрэагаваў на прапанову метрдатэля адлiчыць ад усяе сумы кошт паловы яйка, дамагаючыся таго, каб яму ў рахунку быў указаны кошт менавiта паловы яйка. "Прынцыпова настойваю!" казаў ён. Вiдаць, гэты госць рабiў сваё падарожжа вакол свету толькi дзеля таго, каб калекцыянiраваць рахункi, у якiх зазначана плата за палову смажанага яйка.

— Калi ласка, — сказаў парцье. — Першая вулiца налева, потым другая направа, трэцяя — зноў налева, а пасля, шаноўная панi, вы ўбачыце шыльду: "Да рымскiх дзiцячых магiлак".

Нарэшце шафёр аўтобуса авiякампанii здолеў сабраць усiх сваiх пасажыраў, нарэшце ўсе настаўнiцы ведалi, кудою iм iсцi, а ўсе тлустыя дварнякi былi выведзеныя на вулiцу, туды, дзе яны маглi справiць сваю патрэбу. Але госць у пакоi нумар адзiнаццаць усё яшчэ спаў, ужо шаснаццаць гадзiн, павесiўшы звонку на дзвярах шыльду "Прашу не турбаваць". Няшчасце цi то ў адзiнаццатым, цi то ў бiльярдавым пакоi; звыклы цырыманiял сярод iдыёцкага вэрхалу, выклiканага ад'ездам гасцей; зняць ключ з дошкi, адчуць дотык далонi, зiрнуць у бледны твар, на чырвоны шнар над пераноссем, пачуць Гугава: "Як заўсёды?", убачыць кiвок галавы: бiльярд ад паловы дзесятай да адзiнаццацi. Але гатэльная ўнутраная iнфармацыйная служба не магла яшчэ нiчога паведамiць пра магчымае няшчасце альбо нейкi грэх: гэты чалавек напраўду ад паловы дзесятай да адзiнаццацi гуляў у бiльярд, сам з сабою, пiў каньяк, ваду, казаў Гугу распавядаць пра сваё дзяцiнства, не злаваў нават, калi пакаёўкi цi прыбiральшчыцы, iдучы з бялiзнаю да лiфта, спынялiся каля адчыненых дзвярэй, заглядвалi ў пакой; заўсёднiк гатэля тады адрываў позiрк ад бiльярдавых шароў i ўсмешлiва паглядаў на iх. Hе, не, ён зусiм бясшкодны.

Ёхэн, накульгваючы, выйшаў з лiфта, у руцэ ў яго быў лiст, якi ён падняў угару, трасучы галавой. Той самы Ёхэн, якi жыў пад самай галубятняю, побач са сваiмi крылатымi дружбакамi, якiя прыносiлi яму пасланнi з Парыжа i Рыма, Варшавы i Капенгагена; Ёхэн хадзiў у неверагодным мундзiры, што паказваў ранг прыблiзна памiж кронпрынцам i унтэр-афiцэрам, i гэты мундзiр немагчыма было скласiфiкаваць; ён быў трохi нечай правай рукою, трохi шэрым кардыналам; яму ўсе давяралi, ён разбiраўся ва ўсiм, не парцье i не кельнер, не кiраўнiк i не служка, i ўсё-ткi — i гэта перш за ўсё — нават гатаваць ён умеў не абы-як; менавiта ён быў аўтарам сентэнцыi, якую вымаўляў заўсёды, калi ўзнiкалi якiя-кольвечы сумненнi маральнага кшталту: "Навошта нам была б тая славутая гарантаванасць таямнiц, калi б мараль была зусiм непарушная якая карысць ад тых гарантый тайны, калi няма больш нiчога, што павiнна захоўвацца ў тайне?"; у iм было штосьцi ад спавядальнiка, штосьцi ад асабiстага сакратара i штосьцi ад звадыяша; Ёхэн, зласлiва ўсмiхаючыся, пальцамi, пакручанымi рэўматызмам, разрывае канверт.

— Ты мог бы зберагчы тыя дзесяць марак; я б расказаў табе ў тысячу разоў болей — i задарма, — чым гэты плюгавы балбатун, Iнфармацыйнае бюро «Аргус». "Гэтым падаём жаданую Вам iнфармацыю, што датычыць пана архiтэктара, д-ра Роберта Фэмеля, якi жыве па Модэстгасэ, 7. Д-р Фэмель мае 42 гады, удавец, двое дзяцей. Сын: 22 гады, архiтэктар, жыве ў iншай мясцовасцi. Дачка: 19 год, навучэнка. Маёмасць д-ра Ф. значная. З боку мацi мае роднаснае дачыненне да Кiльбаў. Нiякiх адмоўных звестак наконт д-ра Фэмеля не знойдзена".

Ёхэн iранiчна ўсмiхнуўся:

— Нiякiх адмоўных звестак. Як быццам можна знайсцi нешта адмоўнае пра маладога Фэмеля, ды нiколi пра яго не будзе нiякiх адмоўных звестак. Гэткiх людзей няшмат, i ён адзiн з тых, за каго я гатовы ў любую хвiлiну пакласцi ў агонь, чуеш, во гэтую старую, прадажную, пакручаную раматусам руку. З iм ты можаш спакойна пакiдаць хлопца сам-насам, ён не такi — а нават калi б ён быў такi, я не бачыў бы прычын не дазваляць яму рэчаў, якiя дазваляюць педэрастам-мiнiстрам; але ж ён не такi: калi яму было дваццаць, ён ужо меў дзiця з дачкою нашага калегi, магчыма, ты прыгадваеш — таго Шрэлы, якi колiсь адзiн год тут працаваў. Hе ўспомнiў? Пэўна, цябе тут яшчэ не было. Хачу сказаць табе толькi адно: дай маладому Фэмелю спакойна гуляць у бiльярд. Гэта прыстойная сям'я. Сапраўды. Добрага роду. Я ведаў яшчэ яго бабулю, дзядулю, ягоных мацi i дзядзькоў: яны яшчэ гадоў пяцьдзесят таму гулялi тут у бiльярд. Кiльбы — ты, мусiць, гэтага не ведаеш — жывуць ужо трыста год на Модэстгасэ… жылi, бо цяпер нiводнага з iх не засталося. Мацi звар'яцела, страцiўшы двух братоў на вайне, i ў яе памёрла трое дзяцей. Яна не змагла стрываць усяго гэтага. А была цудоўная жанчына. Ведаеш, адна з цiхiх кабет. Яна не з'ела нi на грам больш за тое, што было вызначана ў прадуктовых картках, i дзецям больш не давала. З'ехала з глузду. Яна раздавала налева i направа ўсё, што ёй прыносiлi i прывозiлi, а гэтага было нямала: у iх былi сельскiя маёнткi, i абат са Святога Антонiя, што ў далiне Кiса, дасылаў ёй цэлыя бочкi з маслам, слоiкi з мёдам; але яна нiчога таго не ела i не давала нiчога таго сваiм дзецям: яны мусiлi есцi хлеб з пiлавiннем i з падфарбаваным мармеладам, у той час як мацi раздавала ўсё налева i направа — нават залатыя манеты; я сам бачыў, як яна — гэта было ў шаснаццатым цi семнаццатым годзе — выходзiла з дому з булкамi i слоiкам мёду ў руках. Мёд у 1917 годзе! Ты можаш сабе гэта ўявiць? Э-э, ды ў вас кароткая памяць, вы не можаце сабе ўявiць, што гэта значыла: мёд у тысяча дзевяцьсот семнаццатым i мёд зiмою сорак першага — сорак другога; альбо як яна пабегла на таварную станцыю i пачала там патрабаваць, каб яе вывезлi разам з жыдамi. Вар'ятка… Яны засадзiлi яе ў псiхлякарню, ды я не веру, што яна звар'яцела. Гэта жанчына, якiх можна цяпер убачыць хiба што на святых абразах у музеях. За яе сына хай мяне парвуць на кавалкi, i, калi яго тут не будуць абслугоўваць належным чынам, я тут учыню такое, чаго свет не бачыў; i няхай нават дзевяноста пяць старых баб будуць пытацца пра Гугу, а ён будзе патрэбны Фэмелю, дык ён застанецца ў Фэмеля. Iнфармацыйнае бюро «Аргус». Плацiць дзесяць марак гэтым iдыётам! Можа, яшчэ скажаш, што ты не ведаеш ягонага бацьку, старога Фэмеля, а? Вiншую, ты ўсё-ткi ведаеш яго, i табе нiколi не прыходзiла ў галаву, што ён — бацька таго, хто гуляе там наверсе ў бiльярд? Ага, старога Фэмеля ведае, мусiць, кожнае дзiця. Ён прыехаў сюды пяцьдзесят год таму ў перанiцаваным дзядзькавым гарнiтуры, маючы ў кiшэнi пару залатых манет — i гуляў тут у гэтым гатэлi ў бiльярд: ты яшчэ тады не ведаў, што такое гатэль. Во гэткiя вы, парцье! Пакiнь яго ў спакоi. Ён не зробiць нiякага глупства, не прычынiць шкоды, самае горшае, што ён можа ўчынiць, дык гэта таксама памалу з'ехаць з глузду. Ён лепш за ўсiх гуляў у лапту, лепш за ўсiх бегаў на сто метраў за ўсю гiсторыю нашага горада — быў цягавiты, а калi было трэба, i цвёрды як сталь; ён не мог трываць несправядлiвасцi; а таго, хто не трывае несправядлiвасцi, вельмi хутка зацягвае палiтыка; яго палiтыка зацягнула, калi яму было дзевятнаццаць; яму б адсеклi галаву цi кiнулi за краты гадоў на дваццаць, каб ён не выслiзнуў у iх з рук. Так, так, не глядзi гэтак на мяне: ён уцёк i тры цi чатыры гады быў за мяжой — не ведаю дакладна, як i што там было; нiколi не ведаў; мне вядома толькi, што ў гэтую справу ўблыталiся стары Шрэла i яго дачка, з якой пасля ён нажыў дзiця; ён вярнуўся дамоў, i нiхто нiчога яму не зрабiў; потым ён служыў у войску, у сапёраў; у мяне яшчэ стаiць перад вачыма, як ён прыехаў у адпачынак у мундзiры з чорнымi нашыўкамi. Hе вылупвай на мяне вочы, як дурань… Цi ён быў камунiстам? Hе ведаю — але нават калi i быў, дык што з таго? Кожны прыстойны чалавек калi-небудзь быў з камунiстамi. Ну, iдзi ўжо снедаць, я разбяруся тут з гэтымi бабулямi.

5
{"b":"107318","o":1}