Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ён падняўся па сходах, прайшоў праз бурыя шафы, пракраўся па маўклiвых калiдорах пад самае гарышча, дзе апошняя прыступка сходаў замяняла перадпакой каморкi; тут чуцён быў пах цыгарэт, патаемна выкураных санiтарамi. Пах вiльготнай пасцельнай бялiзны, развешанай на гарышчы; цiшыня прыгнятала, запаўняючы сабой каморку, падымаючыся вышэй i вышэй, нiбы дым у камiне. Праз акенца ў даху Роберт паглядзеў на тапалёвую алею, што вяла да аўтобуснага прыпынку: дагледжаныя градкi, цяплiца, мармуровы фантан, справа пад мурам каплiца: усё гэта рабiла ўражанне iдылii, было iдылiяй i пахла ёю; за агароджай, праз якую прапускаўся электраток, пасвiлiся каровы, свiннi капалiся ў адкiдах, каб самiм потым ператварыцца ў адкiды; работнiк вылiваў у карыта кублы тлустага булёну: чулася гучнае булькатанне; здавалася, што прасёлак вядзе ў бязмежжа цiшынi…

Колькi ўжо разоў ён стаяў тут, на гэтай станцыi, куды яна зноў i зноў пасылала яго, каб не парушыць цэласнасцi сваiх успамiнаў? Ён зноў быў дваццацiгадовы Роберт, якi вярнуўся дадому, вырашыўшы маўчаць; ён павiнен быў паздароўкацца з Эдыт i са сваiм сынам Ёзэфам; Эдыт i Ёзэф — гэта быў сiгнал тае станцыi; яны абое былi чужыя яму, мацi i сын, i яны абое збянтэжылiся, калi ён зайшоў у iхнi пакой — Эдыт яшчэ больш за яго; цi ўвогуле яны калi-небудзь казалi адно аднаму «ты»?

Калi яны прыйшлi пасля той гульнi ў лапту да Шрэлы, Эдыт паставiла на стол ежу: бульбу з нейкай незразумелай падлiўкаю i зялёную салату; пасля яна налiла слабай гарбаты, а Роберт не мог тады цярпець слабай гарбаты; ён уяўляў сабе, што яго будучая жонка будзе ўмець запарваць добрую гарбату; Эдыт вiдавочна таго не ўмела, i ўсё ж, калi яна ставiла бульбу на стол, ён ужо ведаў, што пацягне яе ў кусты, у Блесэнфэльдскiм парку, калi яны будуць вяртацца дамоў з Цонавай кавярнi; Эдыт была светлавалосая, выглядала на шаснаццаць год; але яна ўжо не смяялася без дай прычыны, як смяюцца падлеткi; у яе вачах, позiрк якiх цяпер адразу ж спынiўся на iм, не было фальшывага чакання шчасця; яна прамовiла малiтву, што чытаюць перад ежай: "Божа… Божа…", i ён падумаў: трэба есцi пальцамi; вiдэлец, што быў у яго ў руцэ, здаваўся яму недарэчным, лыжка — чужою, i ён упершыню ў жыццi ўсвядомiў, што такое ежа — блаславенне заспакаення голаду — i нiчога больш; толькi цары i беднякi ядуць пальцамi. Яны нiбыта не казалi адно аднаму, калi iшлi Блесэнфэльдскiм паркам да Цонавай кавярнi, i ён баяўся, даючы на яе руцэ клятву нiколi не каштаваць бычынага прычасця; глупства: ён баяўся, як пад час канфiрмацыi ў касцёле; калi ж яны вярталiся назад праз той самы парк, ён узяў Эдыт за руку, затрымаў яе, даў Шрэле адысцiся далёка ўперад, глядзеў, як яго цёмна-шэрая постаць знiкае на фоне вечаровага неба, i пацягнуў Эдыт у кусты; яна не баранiлася i не смяялася, а спрадвечнае веданне, як гэта трэба рабiць, ажыло ў яго вуснах, яго руках i рамёнах; у яго памяцi захавалiся толькi яе светлыя валасы, серабрыстыя ад летняга дажджу, вяночак срэбных кропляў на яе бровах — нiбы шкiлет нейкай мiнiяцюрнай марской жывёлiны, знойдзены на ржавага колеру ўзбярэжным пяску, у памяцi захавалiся абрысы яе вуснаў, што памнажалiся ў незлiчоныя хмаркi аднолькавай велiчынi, калi яна, прытулiўшыся да яго грудзей, прашаптала: "Яны цябе заб'юць!" Значыць, яны з Эдыт усё-ткi былi на «ты» там, у кустах, у парку, i назаўтра, пасля паўдня, у таннай мэбляванай кватэры; ён цягнуў Эдыт за сабою, трымаючы за запясце: iшоў па горадзе, нiбы сляпы, нiбы яго вяла чароўная палачка; iнстынктыўна ён знайшоў патрэбны дом, пад пахай у яго быў скрутак з порахам для Фэрдзi, з якiм яны павiнны былi спаткацца ўвечары. Тады ён зрабiў адкрыццё: яна ўмее ўсмiхацца; яна ўсмiхнулася, паглядзеўшыся ў люстэрка — самае таннае, якое здолела купiць у краме са стандартнымi цэнамi гаспадыня дома; Эдыт усмiхнулася, адкрыўшы i ў сабе тое спрадвечнае веданне; а ён ужо тады дапяў, што скрутак з порахам, якi ляжаў на падаконнi, — дурасць, якую трэба было зрабiць; розум не быў прыдатны нi да чога ў гэтым свеце, у якiм за жэст рукi можна было заплацiць жыццём; усмешка Эдыт на твары, нязвычным да ўсмешак, здавалася яму цудам, а калi яны потым сышлi ў пакой гаспадынi, Роберт здзiвiўся, як танна iм абышоўся пакой: ён заплацiў за ўсё марку i пяцьдзесят пфенiгаў, а гаспадыня адмовiлася ўзяць пяцьдзесят пфенiгаў, якiя ён хацеў пакласцi ёй "на чай":

— Hе, шаноўны пане, на чай не бяру, бо не хачу нi ад кога залежаць.

Значыць, ён усё ж быў на «ты» з тою жанчынаю, што сядзела тут, трымаючы на каленях дзiця — Ёзэфа: Роберт узяў хлопчыка, нязграбна патрымаў яго якую хвiлiну, паклаў дзiця на ложак, i спрадвечнае веданне зноў вярнулася да яго — у яго рукi, рамёны, губы. Яна так i не навучылася запарваць гарбату нават пасля таго, як яны займелi сваю кватэру з мэбляю, нiбы лялечнай, калi ён вяртаўся дамоў з унiверсiтэта альбо ў водпуск як унтэр-афiцэр сапёрных войскаў; ён вывучыўся на спецыялiста па выбухах, пазней сам рыхтаваў каманды выбухоўцаў, сеяў формулы, у якiх было якраз тое, чаго хацеў — руiны i прах, помсту за Фэрдзi Прогульске, за кельнера Гроля, за хлопца, што ўкiдаў яго цыдулкi ў паштовую скрыню. Эдыт з сеткаю на пакупкi, з кнiжачкай iльготных талонаў; Эдыт, якая гартае кухарскую кнiгу; яна давала хлопчыку бутэлечку з малаком, кармiла грудзьмi Рут; малады бацька, маладая мацi; яна прыходзiла з дзiцячым вазком па яго, пад браму казармы; яны разам прагульвалiся берагам ракi, iшлi праз футбольныя палi i палi для лапты; яны сядзелi каля запруды, на дамбах, пакуль Ёзэф забаўляўся на рачным пяску, а Рут вучылася рабiць першыя крокi; два гады яны гулялi ў гэтую гульню, што называлася «шлюб»: ён нiколi не здаваўся самому сабе жанатым мужчынам, хоць разоў семсот, калi не болей, зайшоўшы дамоў, вешаў у пярэднiм пакоi фуражку i шынель, знiмаў кiцель, сядаў да стала; Ёзэф на каленях, а Эдыт тым часам чытала малiтву: "Божа… Божа…"; толькi нiякiх прывiлеяў, нiякай звышарыгiнальнасцi; фельдфебель сапёрных войскаў д-р Роберт Фэмель, з выдатнымi матэматычнымi здольнасцямi; ён еў гарохавы суп, калi суседзi прымалi з радыёпрыёмнiка бычынае прычасце; яго водпуск з часцi доўжыўся да пабудкi; першым трамваем ён вяртаўся ў казарму; пацалунак Эдыт каля дзвярэй i дзiўнае адчуванне, нiбыта ён зноў яе зганьбаваў — гэтую маленькую светлавалосую жанчыну ў чырвоным шлафроку; Ёзэф трымаўся за яе руку, Рут ляжала ў вазку; нiякай палiтычнай дзейнасцi — хiба ён калi-небудзь займаўся палiтычнай дзейнасцю? Амнiсцiравалi, даравалi яму ягоную юначую дурноту; ён належаў да найбольш здольных кандыдатаў на афiцэра; тупасць заварожвала яго, бо яна несла ў сабе формулы; ён сеяў наўкол прах i разбурэнне, убiваў у галовы формулы выбухаў. "Ад Альфрэда нiчога няма?" — Ён не ведаў, пра каго яна пыталася, забыўшы, што яе дзявочае прозвiшча было Шрэла. Час вымяраўся падвышэннямi ў званнi: праз паўгода яфрэйтар, яшчэ праз паўгода унтэр-афiцэр, праз паўгода фельдфебель, а яшчэ праз паўгода лейтэнант; потым атупелая, шэрая, зусiм бязрадасная маса пацягнулася да вакзала; нi кветак, нi смеху на ўзбочынах вулiц, нi кайзеравай усмешкi па-над iмi, нi пыхi пасля доўгага цiхамiрнага жыцця; раздражнёная, але тупа-пакорлiвая маса; ён пакiнуў свой лялечны пакой, дзе яны бавiлiся ў шлюб, i на вакзале зноў паўтарыў клятву нiколi не прымаць бычынага прычасця.

Ад чаго ён мерзнуў — ад вiльготнай пасцельнай бялiзны цi ад вiльгацi муроў? Цяпер ён ужо мог пакiнуць станцыю — пост, якi яму вызначыла мацi. Пароль — "Эдыт, Ёзэф". Ён прытаптаў на падлозе цыгарэту, зноў сышоў унiз па сходах; павагаўшыся хвiлю, нацiснуў на клямку, убачыў, як яго мацi гаварыла па тэлефоне; яна рукой паказала яму маўчаць, гаворачы адначасна ў тэлефонную трубку: "Я вельмi цешуся, святы айцец, што вы можаце абвянчаць iх у нядзелю; мы сабралi ўсе паперы; цывiльная цырымонiя ўзяцця шлюбу адбудзецца заўтра".

Цi ён сапраўды пачуў адказ пробашча, цi гэта ён прыснiў — "шаноўная панi, я буду надзвычай рады, калi гэтая крыўдная недарэчнасць будзе нарэшце лiквiдаваная".

Эдыт не схацела ўбiрацца ў белыя строi i адмовiлася пакiнуць Ёзэфа дома; яна трымала яго на руках у тую хвiлю, калi святар запатрабаваў ад iх абаiх слова згоды на шлюб; граў арган; Роберт таксама не быў у чорным гарнiтуры; няма чаго перапранацца — час iсцi; шампанскага не было: бацька не любiць шампанскага, а бацька нявесты, якога ён бачыў толькi адзiн раз у жыццi, бясследна знiк, ад швагра ўсё яшчэ анiякiх вестак; яго шукалi за спробу забойства, хоць ён пагарджаў порахам у скрутку i хацеў не даць адбыцца замаху.

30
{"b":"107318","o":1}