Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Пачуўся цiхi звон, калi ордэны, кiнутыя iм, звалiлiся са стромага даху ў вулiчны равок; яны ўпалi туды матавым бокам дагары.

— Чаму Вы так спалохалiся, дзiця маё? Яны ж належаць мне, i я магу зрабiць з iмi ўсё, што захачу; запозна, але ўсё ж, напэўна, i своечасова. Будзем спадзявацца, што неўзабаве пойдзе дождж, якi знясе ўсю гразь з даху ў равок; позна раблю я гэтую ахвяру памяцi па маiм бацьку. Далоў гонар бацькоў, дзядоў i прадзедаў.

Я адчуваў сябе досыць моцным i быў гэткiм, з маiх формулаў вычытваў алгебру будучынi, i формулы гэтыя ператваралiся ў фiгуры; абаты i архiбiскупы, генералы i кельнеры — усе былi мне за статыстаў; толькi я адзiн выступаў як салiст. Нават тады, калi штовечара ў пятнiцу ў Нямецкiм Гурце Аматараў Спеваў разаўляў рот i спяваў разам з iншымi хорам: "Што ў промнях сонца там зiхацiць?" Я спяваў добра, навучыўся спевам ад свайго бацькi; з лёгкай усмешкаю дэманстраваў сваю барытонавую палiтру; дырыжор, размахваючы палачкай, нават не ўсведамляў, што ён падпарадкоўваецца маёй палачцы; i яны запрашалi мяне да свайго абавязковага хаўрусу; мне давалi даручэннi; смеючыся, паляпвалi па плячы. "Таварыскiя сувязi, малады дружа, гэта — соль жыцця". Сiвавалосыя калегi з кiслаю мiнаю пыталiся: "адкуль?" "куды?", але я адно спяваў: "Том, вершавальнiк…" — ад восьмай да дзесятай, нi хвiлiны больш. Мой мiф павiнен быў стварыцца, перш чым выбухне скандал. "Кветкавая капуста не псуецца".

Я вандраваў з жонкаю i з дзецьмi ўверх па далiне Кiса, хлопчыкi спрабавалi лавiць стронгу; мы iшлi памiж вiнаграднымi плантацыямi i палеткамi з пшанiцаю, палямi буракоў i кавалкамi лесу; на вакзале ў Дэнклiнгене пiлi пiва i лiманад — а я ж ведаў, што толькi гадзiну таму я аддаў эскiзы, узяў распiску, самотнасць ахiнала мяне, як вялiкi ратавальны круг: я ўсё яшчэ плыў па часе, апускаючыся ў далiны хваляў, перасякаючы акiяны мiнуўшчыны i цяпершчыны, i, ратаваны самотнасцю, я не патанаў, а глыбока ўцiнаўся ў ледзяны холад будучынi; пры мне была жалезная порцыя майго смеху, якую я скарыстоўваў вельмi ашчадна — я працiраў вочы, вынырнуўшы на паверхню, выпiваў шклянку вады, з'ядаў кавалак хлеба i з цыгараю ў зубах падыходзiў да акна: там, на другiм баку вулiцы, яна шпацыравала па тэрасе, з'яўлялася раз-пораз у адкрытым месцы альтанкi; схiлiўшыся над бар'ерам, выглядвала на вулiцу, дзе яна бачыла тое ж самае, што бачыў я — практыкантаў, грузавыя вазы, манашак, вулiчны рух; яна мела дзевятнаццаць год, звалася Ёганна, чытала "Падступнасць i каханне"; я ведаў яе бацьку — у гурце спеваў то быў магутны бас, якi, на маю думку, не надта падыходзiў да бездакорнага выгляду ягонай канторы: у iм не было нiзвання таемнасцi, духу, у якiм выхоўвалi практыкантаў; гэты голас быў створаны дзеля таго, каб наводзiць на каго-небудзь жах, меў у сваiм гучаннi таямнiчы грэх. Цi ён ужо ведаў, што яго адзiная дачка стане маёй жонкай? Што мы цiхiмi надвячоркамi раз-пораз дорым адно аднаму ўсмешкi? Што я ўжо думаю пра яе з палкасцю законнага жанiха? Яна была цёмнавалосая, бледнатварая, i я не дазволiў бы ёй насiць сукенак колеру рэзеды; ёй будзе пасавац усё зялёнае; выходзячы каля пятай на свой штодзённы шпацыр, я падбiраў ужо ёй сукенкi, капелюшы ў вiтрынах крамы Гэрмiны Горушкi, каля якой я праходзiў штодня a шаснаццатай сорак — i ў дождж, i ў ветраныя, i ў сонечныя днi; я вызвалю Ёганну з тае прастадушнасцi, што нiяк не дапасоўвалася да голасу бацькi, i буду купляць ёй цудоўныя капелюшы — велiчынёю з кола павозкi, сплеценае з грубай зялёнай саломкi; я не хацеў быць яе ўладаром, я прагнуў яе кахаць i не хацеў чакаць болей. Ранiцай у нядзелю, узброены кветкамi, я пад'еду ў дылiжансе — прыкладна гэтак каля паловы на дванаццатую, калi яны скончаць снедаць па вяртаннi ад ютранi, i мужчыны пяройдуць у кабiнет, каб выпiць кiлiшак гарэлкi… — "Прашу рукi Вашае дачкi". Штодня па абедзе, калi я вынырваў са сваiх акiянаў, я паказваўся тут, у акне майго кабiнета, рабiў ёй паклон; мы слалi адно аднаму ўсмешкi, i я зноў адступаў у паўзмрок; я паказваўся ў акне таксама, каб пазбавiць Ёганну ўпэўненасцi, што за ёю нiхто не сочыць; я не дазваляў сабе хавацца, нiбы павук у сетцы; не мог трываць, каб глядзець на яе i каб яна мяне не бачыла: ёсць рэчы, якiх не робяць.

Назаўтра я даведаюся, хто я такi. Скандал. Яна будзе смяяцца, а праз год будзе чысцiць мае нагавiцы, запэцканыя вапнаю; i яна будзе рабiць тое самае, калi мне будзе сорак, пяцьдзесят, шэсцьдзесят; яна будзе прывабнай старой жанчынаю побач са мною; я прыняў канчатковае рашэнне 30 верасня 1907 года каля паловы чацвёртай дня.

— Заплацiце, Леанора, заплацiце; вазьмiце грошы з маёй шкатулкi, там вунь, i дайце дзяўчынцы дзве маркi на чай, так, дзве маркi; свiтэр i спаднiца ад Гэрмiны Горушкi для маёй унучкi Рут, якая сёння павiнна была вярнуцца з вакацый; зялёнае ёй да твару; шкада, што цяпер маладыя дзяўчаты ўжо не носяць капелюшоў: я заўсёды любiў купляць капелюшы. Таксi ўжо заказанае? Дзякуй, Леанора. Цi не досыць працы на сёння? Як самi захочаце; вядома, тут ёсць крыху цiкаўнасцi, праўда? Ну, чырванець зусiм не варта. Кавы яшчэ, вядома, вып'ю з ахвотаю. Я павiнен быў даведацца, калi канчаюцца вакацыi; але Рут ужо вярнулася? Мой сын Вам нiчога не казаў? Пэўна, ён не забыўся на маё запрашэнне да ўрачыстае вячэры? Я распарадзiўся, каб прыдзвернiк унiзе прымаў кветкi i тэлеграмы, падарункi i вiзiтоўкi, даючы ад мяне кожнаму пасланцу па дзве маркi на чай, i каб ён казаў усiм, што я з'ехаў; калi маеце ахвоту, можаце выбраць сабе самы прыгожы букет альбо два букеты i ўзяць iх сабе дамоў; а калi гэта Вам сапраўды будзе даспадобы, можаце правесцi тут рэшту часу да вечара.

Фiлiжанка, толькi што зноў напоўненая каваю, болей не дрыжала; вiдавочна было спынена друкаванне будаўнiчых дакументаў альбо выбарчых плакатаў на белай паперы; у раме малюнак не змянiўся: насупраць — пустая тэраса Кiльбавага дома; каля альтанкi — стомленая квецень настурцый; профiль лiнii дахаў, на даляглядзе — горы пад прамянiстым небам: у гэтай раме са зменнымi малюнкамi мне даводзiлася бачыць сваю жонку, пазней — сваiх дзяцей; даводзiлася бачыць цесця i цешчу, калi я часам падымаўся ў рабочы кабiнет, каб калi-небудзь зазiрнуць цераз плячо руплiвым маладым архiтэктарам, што дапамагалi мне, i спраўдзiць iх калькуляцыi, вызначыць тэрмiны; праца закранала мяне гэтаксама мала, як i слова «мастацтва»; iншыя маглi выконваць яе так, як i я; я добра iм плацiў ды нiколi не разумеў фанатыкаў, што ахвяравалi сябе слову «мастацтва»; я дапамагаў iм, пасмейваўся з iх, даваў iм працу, але зразумець iх? Hе, я не мог гэтага: я разумеў толькi, што ёсць рамяство, хоць лiчыўся мастаком, i мяне шанавалi як мастака; хiба вiла, якую я пабудаваў для Гральдуке, не была сапраўды арыгiнальнаю, сучаснаю? Была, вядома: i нават мае па-мастацку здольныя калегi захаплялiся ёю i хвалiлi; я ж падрыхтаваў праект, пабудаваў вiлу, не ведаючы нават увогуле, што такое мастацтва; яны ўспрымалi гэта занадта сур'ёзна — мажлiва, таму, што яны добра разбiралiся ў гэтым, аднак будавалi брыдкiя скрынi, якiя — я ведаў гэта добра ўжо тады — праз дзесяць год будуць выклiкаць ва ўсiх толькi пачуццё агiды; а я ўмеў часам закасаць рукавы, стаць пры гэтым рысавальным стале i спраектаваць, напрыклад, адмiнiстрацыйны будынак для фiрмы "Сас'етас" — "самай карыснай з усiх карысных грамадству"; тады гэтыя прыдуркi, што лiчылi мяне за прагнага да багацця i славы вясковага лапця, разяўлялi раты ад здзiўлення, i мне да сённяшняга дня не сорамна за гэтую скрыню, збудаваную мною сорак шэсць год таму; цi гэта мастацтва? Няхай сабе гэта будзе мастацтва, але я нiколi таго не ведаў, хоць, магчыма, несвядома i ствараў яго; але гэтага слова я нiколi сур'ёзна не ўспрымаў — гэтаксама як не мог зразумець шалёнай злосцi, якую мелi на мяне тыя тры карыфеi архiтэктуры; Божа мой, цi можна было не дазволiць гэткай маленькай гульнi, цi Галiяфы былi цалкам пазбаўленыя пачуцця гумару? Яны верылi ў мастацтва, а я — не; iх пачуццё гонару было абражанае якiмсьцi прыблудам. Але ж кожны павiнен быў аднекуль прыблудзiцца! Я адкрыта смяяўся, бо ўцягнуў iх у сiтуацыю, дзе нават маё паражэнне магло зрабiцца перамогаю, а перамога трыумфам.

24
{"b":"107318","o":1}