Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Hе, Леанора. Вялiкае «А» на папках, скрутках з планамi i каштарысах не абазначае «атрымана». Гэта значыць «Антонi»: абацтва Святога Антонiя.

Цiха ступаючы па падлозе, яна рабiла сваiмi далiкатнымi рукамi парадак, якi стары Фэмель заўсёды любiў, але нiколi не ўмеў падтрымлiваць. Занадта шмат было ўсяго: зашмат даручэнняў, зашмат грошай.

Калi я вар'ят, дык я iм быў ужо тады, калi там, на вакзальнай плошчы, правяраў, цi ёсць у кiшэнях дробныя грошы, маленькi нататнiк, зялёны футаральчык з алоўкамi, цi добра завязаны мой аксамiтны гальштук; калi я абмацваў брылi свайго чорнага мастакоўскага капелюша, абмацваў адно i другое крысо пiнжака ў маiм гарнiтуры — адзiнай, якую я меў, прыстойнай вопратцы, што засталася мне ў спадчыну ад дзядзькi Марзiля, настаўнiка, якi памёр яшчэ малады ад сухотаў; ужо аброс мохам надмагiльны камень у Мэзе, дзе ён, дваццацiгадовы, стаяў з дырыжорскаю палачкай перад касцельным хорам, дзе ўбiваў у галовы сялянскiм дзецям патройнае правiла, дзе вечарамi ў сутоннi рабiў праходкi па сцежках уздоўж багнiстага балота, марачы пра дзявочыя губы, пра хлеб, вiно i пра славу, якую яму павiнны былi здабыць удалыя вершы; мары на сцежках каля балота доўжылiся два гады, аж пакуль паток крывi не залiў iх i не панёс да цёмных берагоў; засталiся па iм вершы ў сшытку на чвэрць аркуша, чорны гарнiтур, у спадчыну хроснаму, дзве залатыя манеты i на зялёнай фiранцы ў школьным класе крывавая пляма, якую не здолела вывесцi жонка ягонага настаўнiка; песня, якую праспявалi дзiцячыя вусны над магiлаю галоднага настаўнiка: "Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?"

Я зноў азiрнуўся ў бок вакзала; яшчэ раз убачыў плакат, што вiсеў над бiлетнаю касай, каб яго маглi лепш разгледзець навабранцы: "Тым, хто служыць у войску, раiм набыць правераную ва ўжытку на працягу доўгага часу натуральную споднюю бялiзну сiстэмы доктара Густава Егера, бялiзну з натуральнай тканiны «Палас», запатэнтаваную ва ўсiх цывiлiзаваных краiнах, i арыгiнальную рэфармаваную споднюю бялiзну сiстэмы доктара Лямана". Надышоў час пачынаць свой танец.

Я перайшоў цераз трамвайныя рэйкi, прамiнуў гатэль "Прынц Генрых" i Модэстгасэ i на хвiлю завагаўся, перш чым пераступiць парог кавярнi Кронэра: шкляныя дзверы, знутры занавешаныя зялёным шоўкам, паказалi мне маё аблiчча: я быў драбнаваты, малаваты ростам, выглядаў як нешта сярэдняе памiж равiнам i акторам-цыганам — чорнавалосы i апрануты ў чорнае, з неакрэсленым адценнем вясковасцi на твары; я зноў засмяяўся i адчынiў дзверы; афiцыянты якраз пачыналi расстаўляць на сталах вазоны з белымi гваздзiкамi; яны папраўлялi карткi з меню ў зялёных вокладках; кельнеры ў зялёных хвартухах, чорных жылетах, белых кашулях з белымi гальштукамi; дзве маладыя дзяўчыны, адна бландзiнка з ружовым тварам, другая — цёмнавалосая i бледная, раскладалi ў буфеце печыва, бiсквiты, падпраўлялi крэмавыя фiгуркi, адчышчалi да бляску срэбраныя лапаткi для пiрожных. Гасцей не было, а чысцiня панавала, як у лякарнi перад вiзiтам галоўурача; балет кельнераў, сярод якога я рухаўся лёгкiмi крокамi, нiбы салiст; статысты i дэкарацыi чакалi мяне; гэта была дрэсiроўка, прытым дасканалая, i мне падабалася тое, як тры кельнеры iшлi да столiка, робячы строга акрэсленыя рухi: сальнiчка, вазон, лёгкiм жэстам папраўленая картка, якая вiдавочна павiнна была ляжаць пад пэўным вуглом адносна сальнiцы; папяльнiчка, снежна-белая парцаляна з залатой аблямоўкаю; добра; гэта мне падабалася; я быў прыемна ўражаны; гэта быў сапраўдны горад, нi ў адным закутку, дзе мне дагэтуль даводзiлася тырчаць, нiчога такога не было.

Я пайшоў да крайняга левага кута залы, кiнуў на крэсла капялюш, побач з iм — нататнiк i футаральчык з алоўкамi; потым сеў; кельнеры мiж тым вярталiся з кухнi, бясшумна падпiхваючы перад сабою чайныя столiкi, пачалi расстаўляць бутэлечкi з прыправамi, прычапляць газетатрымальнiкi; я разгарнуў свой нататнiк, перачытаў — якi ўжо раз? — газетную выразку, наклееную на франтыспiсе вокладкi: "Адкрыты конкурс на пабудову новага абацтва бенедыктынцаў, у далiне Кiса, памiж паселiшчамi Штэлiнгерс-Гротэ i Гёрлiнгер-Штуль, на адлегласцi прыкладна 2 км ад сяла Кiслiнген; у конкурсе можа ўзяць удзел кожны архiтэктар, якi адчувае, што здольны да гэтага. Умовы конкурсу можна атрымаць пасля ўнясення сумы 50 (пяцьдзесят) марак у натарыяльную канцылярыю доктара Кiльба; Модэстгасэ, 8. Апошнi тэрмiн надаслання праектаў: панядзелак, 30 верасня 1907 г., 12-я гадзiна дня".

Я пералазiў цераз гурбы сухога муравальнага раствору, памiж прызмамi навюткай цэглы, правяраў яе на якасць абпальвання, абмiнаў цэлыя горы базальтавых камлыгаў, з якiх рабiлiся дзвярныя i аконныя каробкi; на калашыны маiх штаноў паналiпалi камякi гразi, на жылеце былi плямы вапны; тут, на будоўлi, раз-пораз чулiся моцныя слоўцы; цi камянi для мазаiкi, якая мне была патрэбная для выявы божае авечкi, усё яшчэ нiяк не прывезлi? Выбух гневу, сварка; крэдыты былi спыненыя, а потым зноў пачалi паступаць; майстры стаялi ў чацвер па абедзе ў чарзе каля маёй будкi, выдавалiся грошы за пятнiцу; а ўвечары, змораны, я сядаў у Кiслiнгене ў праз меру напалены вагон другога класа пасажырскага цягнiка, валiўся ў мяккае крэсла; цягнiк валачыўся ў цемры праз сумныя абшары сялянскiх бурачных палёў, праваднiк сонным голасам выкрыкваў назвы станцый: «Дэнклiнген», "Додрынген", «Кольбiнген», "Шаклiнген"; бурты буракоў, у цемры шэрыя, нiбы горы чалавечых чарапоў, ляжалi на пагрузачных пляцоўках, гатовыя пад пагрузку; i далей цягнулiся i цягнулiся бурачныя палi; на вакзале я валiўся ў каламажку, а дома — у абдымкi жонкi, якая цалавала мяне i пяшчотна праводзiла пальцамi па маiх стомленых павеках, з гордасцю дакраналася да слядоў раствору, што ўпрыгожвалi мае рукавы; я пiў каву; паклаўшы галаву ёй на каленi, курыў доўгачаканую цыгару — шэсцьдзесят пфенiгаў штука — i апавядаў ёй пра муляраў ды iх моцныя слоўцы; з iмi трэба было толькi блiжэй пазнаёмiцца, яны не былi злыя: можа, крыху грубаватыя, крыху занадта чырвоныя; але я ўмеў абыходзiцца з iмi; час ад часу iм трэба было паставiць скрыню пiва, расказаць iм на дыялекце адну-другую показку; i толькi нiколi не ныць, бо тады яны вывернуць табе пад ногi цэлую скрыню раствору — гэтак, як яны падстроiлi, калi прыехаў упаўнаважаны па будаўнiцтве ад архiбiскупа; альбо скiнуць з высокага рыштавання бэльку — так, як яны ўчынiлi пад час вiзiту ўрадавага прадстаўнiка: агромнiстая бэлька разляцелася на кавалкi перад самымi яго нагамi. "Ты думаеш, любая, я не ведаю, што гэта я залежу ад iх, а не яны ад мяне; цяпер, калi гэтулькi ўсяго будуецца паўсюды? I, вядома, яны чырвоныя, чаму iм не быць такiмi? Самае галоўнае, што яны ўмеюць мураваць, дапамагаюць мне ўкладвацца ў мае тэрмiны; калi я з камiсiямi падымаюся на рыштаваннi, досыць аднаго разу падмiргнуць iм — i дзiвосы робяцца".

— Дзень добры пану. Вам снеданне?

— Калi ласка, — адказаў я i адмоўна затрос галавой, калi кельнер падсунуў мне блiжэй картку з меню; я падняў угору аловак i гучна вымавiў усе па чарзе пункты майго заказу — так, нiбы я ўсё сваё жыццё нiяк iначай не снедаў: — Кубак кавы, але, калi ласка, не менш як тры фiлiжанкi, падсмажаны хлеб, два кавалкi жытняга, масла, апельсiнавы мармелад, варанае яйка i сыр з папрыкаю.

— Сыр з папрыкаю?

— Але. Смятанкавы сыр, прыпраўлены папрыкаю.

— Вельмi добра.

Зялёная кельнерава постаць бясшумна паплыла па зялёным дыване, паўз засланыя зялёнымi абрусамi сталы — i прагучала першая рэплiка: статысты былi добра вымуштраваныя, а я быў добрым рэжысёрам.

— Сыр з папрыкаю? — спытаў кухар з-за акенца.

— Менавiта, — адказаў кельнер, — смятанкавы сыр.

— Спытай у гэтага пана, колькi папрыкi яму трэба да сыру?

Я якраз пачаў рабiць накiд вакзальнага фасада, упэўненымi штрыхамi рысаваў на цнатлiва-чыстай паперы абрысы вокнаў, калi вярнуўся афiцыянт. Ён вычакаў, пакуль я падняў галаву, i, здзiўлены, адарваў аловак ад паперы.

— Дазвольце запытацца, у якой прапорцыi змешваць сыр з папрыкаю?

— Сорак пяць грамаў сыру, напарстак папрыкi — добра перамяшаць… i, паслухайце, пане кельнер, я буду снедаць тут i заўтра, i паслязаўтра, i праз тры днi, праз тры тыднi, праз тры месяцы i тры гады — вы чуеце мяне? I заўсёды ў гэтую пару, каля дзевятай.

17
{"b":"107318","o":1}