Ліда, яго любая Ліда, якую ён марыў бачыць усе гэтыя гады, па якой столькі сумаваў, цяпер недалёка. Там, сярод тых агеньчыкаў у сінечы, адзін агеньчык пазірае з яе акна. Каторы?..
Па гэтым пероне Ліда, напэўна, не раз хадзіла. Магчыма, нават учора была… Раптам ён падумаў, што Ліда можа трапіцца кожную хвіліну насустрач, што яна можа спаткаць тут, на станцыі.
Ён зазірнуў у залу чакання i толькі пасля таго, як упэўніўся, што Ліды няма, падаўся са станцыі.
Да горада вяло шасэ, абсаджанае старымі разгалістымі асінамі. Васіль то ішоў, то пачынаў бегчы. У сэрцы шчымлівым халадком варушыўся непакой: «Ці дома яна? А што, калі яе няма дома? Раптам паехала куды?»
«Трэба было-б папярэдзіць аб прыездзе, — думаў сержант. — Але як, калі да сённяшняй ночы я сам не ведаў, што атрымаю водпуск?..»
Ужо добра ўднела, калі ён падыходзіў да маста. За мастом пачынаўся гарадок. Вось той гарадок, які на фронт пасылаў яму столькі лістоў, напісаных рукой Ліды. Да вайны хлопец i не ведаў, што недзе на Волзе існуе такі гарадок. А потым, калі ад Ліды з эвакуацыі прыйшлі першыя лісты, гэты гарадок зрабіўся самым любым кутком на зямлі. Мусіць, сотні разоў Васіль пісаў на канвертах імя гэтага гарадка. Нарэшце, выпала i пабачыць…
Горад жыў шумлівым i заклапочаным жыццём. Першымі на вуліцы хлопцу напаткаліся дзяўчаты. Яны весела i заўзята, перабіваючы адна адну, гаманілі. Неспадзявана для Васіля дзяўчына, што ішла ў сярэдзіне, аказалася знаёмаю. Яны часта бачыліся да вайны ў Мінску, — тая дзяўчына, Галя, вучылася ў адным інстытуце з ім i Лідаю. Калі ён прыходзіў да Ліды, то яшчэ нярэдка бачыў ix разам…
Ён узрадаваўся гэтай выпадковай сустрэчы, памкнуўся быў падысді да Галі, але адразу падумаў, што гэта затрымае яго на некалькі хвілін, i маўкліва абмінуў. Дзяўчына не заўважыла яго.
Вуліцу Чкалава ён знайшоў хутка. Непадалёк ад яго, каля нізкага драўлянага дамочка, узняўшы ўгору голыя сукаватыя галіны, цікаўна пазіраў на нечаканага госця клён. «Яна ў тым доме, — здагадаўся хлопец. — Яна пісала, што на ix двары стаіць клён».
Ён пайшоў цішэй, каб утаймаваць хваляванне.
Колькі яны не бачыліся! Не, не тры з паловай гады адплыло з таго помнага трэцяга дня вайны, калі яны разышліся. Якая кароткая была ростань той ноччу ў Мінску, у страхотным бляску пажараў! I як многа гадоў разлукі прынесла яна!
Упершыню за ўсю дарогу ў яго на хвіліну з’явілася жаданне не спяшацца, прыпыніцца, суцішыцца.
«Што гэта са мной? Хвалююся, як хлапчук які… З непрывычкі», — вытлумачыў ён i рашуча рушыў наперад.
Сержант адчыніў фортку. Маці Ліды секла дровы. Яна падняла галаву, хвіліны дзве ўглядвалася, не пазнаючы, потым здзіўлена i радасна ўскрыкнула:
— Васілёк? Ці ты гэта? Жывы i дужы!..
Мар’я Пятроўна, выпусціўшы з рук сякеру, падышла да яго i пяшчотна абняла.
— А мае, Васілёк, два… — неспадзявана сумна сказала яна. — Мае…
Яна не скончыла, — апусціўшы галаву, ціха заплакала, Васіль ведаў, што ў яе на фронце загінулі два сыны.
Яе кволая, сагнутая горам постаць выклікала ў Васіля пачуццё сыноўняга жалю i пяшчоты. Яму захацелася сказаць нешта ласкавае i добрае, каб суцішыць яе гора.
Выцершы слёзы, маці запыталася, ці ўсе яго родныя засталіся жывыя пасля акупацыі. Ён вельмі скупа пераказаў тое, што сам уведаў з пісьмаў, якія атрымаў з дому пасля вызвалення Палесся. Скончыўшы, Васіль нецярпліва азірнуўся.
— А дзе Ліда?
— Ліда спіць. Учора прыйшла, працаўніца, толькі ў дзве гадзіны ночы… Але што-ж мы сталі? Заходзь у хату, Васілёк, — схамянулася старая.
Ён чакаў, што старая скажа, адкуль Ліда прыйшла так позна, — яму гэта вельмі рупіла ведаць, — але старая не гаварыла.
Яны ўвайшлі ў хату.
Васіль наблізіўся да дзвярэй у Лідзін пакой. Ён вельмі хваляваўся, — некалькі хвілін стаяў, не рухаючыся, каб перавесці дух. Потым паправіў шапку i пастукаў.
— Хто там?
Васіль пазнаў голас Ліды. Ён не адказаў, каб не выдаць хвалявання, i пастукаў яшчэ раз. Ліда паўтарыла запытанне.
— Час падымацца, соня, — сказаў ён замест адказу, не пазнаючы свайго голасу. — Госці да цябе…
— Ой! — ускрыкнула Ліда i сціхла.
Мар’я Пятроўна выйшла ў кухню.
Праз некалькі хвілін Ліда адчыніла дзверы i запрасіла зайсці. Ложак быў наспех прыбраны. Сама яна стаяла каля акна, пазіраючы насустрач яму яшчэ крыху заспанымі, але неспакойна ззяючымі вачыма. Ліда здалася яму незвычайна прыгожай. Як яна пасталела i пахарашэла за гэтыя гады. Яна была шмат прыгажэй, чым на картачцы, што прыслала на фронт.
Яны абое стаялі разгубленыя, не ведаючы, як павітацца. Васілю хацелася абняць яе, модна сціснуць у абдымку, пацалаваць. Яна таксама, напэўна, рада была-б, каб ён абняў. Але яны так доўга не бачыліся, так адвыклі ад пяшчот, так хваляваліся абое, што разгубіліся, толькі паціснулі адно другому рукі…
Ліда, падсунуўшы да яго табурэтку, папрасіла сесці, села сама на ўскрай ложка i загадала:
— Ну, кажы. Як-жа гэта ты?.. Так нечакана.
— Ты не чакала? — спытаўся ён з жартаўлівай крыўдай, каб схавань няёмкасць.
— Не, не чакала, — адказала яна ў тон.
— Значыць… я дарэмна спяшаўся?
— Выходзіць, дарэмна…
Яна паглядзела з ледзь прыкметнай усмешкай, i у ясна-шэрых яе вачах, якія здаваліся цёмнымі ад густых веек, успыхнулі знаёмыя гарэзныя агеньчыкі.
Гаворка пайшла весела i лёгка. Васіль жартаўліва апавядаў пра свае прыгоды ў дарозе. Ліда смяялася. Так, жартамі, яны гаварылі яшчэ доўга, пакуль ад разгубленасці, што зрабіла доўгачаканая сустрэча, не засталося i следу.
Тады ён раптам пачаў адчуваць нездавальненне. «Гэта не тое, што павінна, — падумаў ён. — Трэба сказаць нешта значнае, вялікае i пачуць шчыры адказ. Трэба, каб кожнае слова было асаблівае. Бо гэта гадзіна не звычайная, асаблівая». I вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула яго. Усмешка на чырвонашчокім твары згасла. A між густымі ўскінутымі брывамі з’явіўся нездавольны раўчачок.
Ён абарваў гаворку, сніх. Ліда, даўно заўважаючы незразумелую змену ў яго настроі, паглядзела на яго ca здзіўленнем.
Васіль загаварыў з тугой i шчырасцю.
— Калі-б ты, Ліда, ведала, як я рады, што бачу цябе зноў… У мяне, ведаеш, нейкае дзіўнае жаданне: хочацца, не зводзячы вачэй, глядзець i глядзець на цябе… Нават, ведаеш, гаварыць не так хочацца. Праўда… мне ўсё роўна як шчасце — бачыць цябе, твае вочы, твае рукі… І аж нібы не верыцца, што гэта ты! Дзіўна, праўда? Гэта, мусіць, ад таго, што я прывык думаць, што ты далёка-далёка…
Ліда, крыху збянтэжаная, не прамовіла ні слова, але з позірку яе ён зразумеў, што яна адчувае.
Так, i яна вельмі шчаслівая, што ён тут, i для яе ён самы любы чалавек, яна любіць, як i раней. Не, больш, як раней!.. Васіль не мог адарваць вачэй ад яе.
«Хай гэтыя гадзіны будуць без смутку. Хай думае, што ix яшчэ многа», — недзе далека засенню наплывае думка. Яна хутка сходзіць, нібы хмурынка ў ясным бязвоблачным небе. I зноў — толькі вочы, блізка-блізка…
— Як хораша! — ціха прашаптала Ліда.
Яе рукі даверліва ляглі на яго плечы. Ён абняў яе i сядзеў моўчкі, напоўнены адчуваннем яе блізкасці i бязмежнага шчасця.
…Скончылася гэта нечакана. Прайшло трохі болей за гадзіну, калi з кухні пачуўся голас Мар’і Пятроўны.
— Ліда, час снедаць.
Ліда хутка ўстала, кінула позірк на ручны гадзіннік.
— Ой, мне трэба бегчы.
— Куды?
— На працу.
— Якую працу? Ты працуеш? Ты-ж вучылася…
— Я працую на авіяцыйным заводзе. Хутка месяц.
— A інстытут? Вучоба?
— І вучуся, i працую… Чаму ты так усхваляваўся? — занепакоена спыталася яна.
Ён спыніўся ў нерашучасці: «Сказаць ці не?». — I пасля моманту развагі парашыў: «Не, няхай пазней».
— Пасля скажу. Я цябе правяду. Добра?
Да завода, што быў кілометры за два на ўскраіне горада, яны ішлі вельмі хутка. Падаў першы снег. Весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі i ўсцілалі перад імі шлях.
— Ты i вучышся, i працуеш? Гэта-ж цяжка.
— Цяжка. Раніцай i днём — праца, увечары — з чатырох да дзесяці — заняткі. Потым — падрыхтоўка да заняткаў. Учора прыйшла за поўнач. Так кожны дзень… Як прыйшло паведамленне, што i другі брат загінуў, адразу пайшла.