Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Я цябе правяду.

I вось — яны ідуць па маўклівай, зацягнутай ранкавым прыцемкам вуліцы, два шчырыя сябры, Марцін i Павел. Ідуць разам — упершыню за доўгія гады ростані. На вуліцы ні аднаго чалавека. Пад нагамі шамрыць прамочаны начной вільгаццю пясок.

Міма праходзяць ціхія хаты, сочаць за таварышамі соннымі, чорнымі вокнамі. Каля хат цёмныя здані дрэваў, што прыселі да зямлі ад цяжару галля, — сады; ад ix патыхае водарам налітых вострым сокам яблык.

Здалёку, з тока, даходзіць ціхае мармытанне. Малоцяць. Павел слухае гэтую гаворку, i ў сэрцы яго трымціць нешта напоўзабытае, як успамін маленства.

Сябры ідуць і, паддаючыся маўклівасці раніцы, маўчаць. Абодва адчуваюць, што яны сягоння блізкія i дарагія адзін аднаму, як браты. Каля хаты, у якой жыве Марцінава сястра, спыняюцца.

— Ідзі, Насця там чакае, не дачакаецца, — штурхае Марцін сябра ў бок, потым дадае з таварыскім дакорам. — Ты так i не расказаў нічога пра той бой за Берлін.

— Раскажу калі-небудзь… Цяпер, браце, у мяне не тое на душы — усё ніяк не нагляджуся на маіх партызанаўцаў… не надыхаюся, як пахне ў нас «спасаўкамі».

Павел шумна i прагна, на поўныя грудзі, увабраў ранішнюю свежасць, настоеную пахам яблык.

— Эх, каб ты ведаў, што мы адчувалі, калі вярнуліся з лесу, — успомніў Марцін. — Поўсяла, як пустыня, толькі попел ды галавешкі… Сэрца крывавымі слязьмі абліваецца… A ўсё роўна, ведаеш, радаваліся звароту…

— Хораша ў нас, Марцін, — шырыня, прастор… Там, у Нямеччыне, — неяк цесна, вузка, гняце ўсё… Кожны аддзяляецца каменнаю сцяною. Толькі за свой куток ды свой шнурок дрыжыць — дзіка мне ўсё гэта было. Я табе калі-небудзь пад настрой раскажу абавязкова… Прыехаў дамоў, дык лягчэй уздыхнуў. Шырыня, прастор!..

— А мне сягоння, прызнаюся, больш за ўсё да сэрца музыка. — Марцін змоўк, прыслухаўся. — Чуеш?

Павел, які ўвесь час мімаволі прыслухоўваўся да шуму малатарні, адказаў:

— Чую…

— У мяне, Павел, сягоння нібы свята — скончылі жаць, малоцім… Гара з плеч. Горача мне было з казакамі маімі ў жніўні гэтым, напёкся досыць. Але — добра, што добра канчаецца…

Раптам схапіў Паўлаву руку i моцна сціснуў.

— Ну, на гэтым скончым… Пара i чэсць ведаць, як Насця кажа. Ідзі адлежвайся, бо хутка ў работу вазьму. На адпачынак вялікі не спадзявайся, — хоць ты i друг мой, — не дам. Патрэбны ты, казак, мне…

— Не, брат, нічога не зробіш.

Павел смяецца, б’е Марціна па плячы:

— Нічога не зробіш — хоць ты цяпер i мае непасрэднае вышастаяшчае начальства, якому я павінен падпарадкавацца… Не маеш ніякага права… Пасля сямі год — як ні круці — сем месяцаў на адпачынак выходзіць…

Павел паціснуў на развітанне руку, паволі пайшоў дахаты. Ён думаў пра тое, што мінула сем год, як ён не рабіў у калгасе, сем не абы-якіх год, адгрукала тры вайны — i вось ён зноў ідзе па вуліцы, як хадзіў некалі хлопцам пасля спаткання з Насцяю… I Марцін тут ходзіць. Паранены, скалечаны… («Як шкода, што няма яго Ганны!..»)

Багата, багата каго не стала ў Каранеўцы. Андрэя няма… Гаркушы Андрэя, яго таварыша… Алена гадоў на дваццаць пастарэла (колькі гаварыў мне, бывала, пра яе Андрэй. А ёй — кожны дзень, мусіць, па два лісты пасылаў, пакуль можна было…)

I Каранеўка не тая цяпер. Палова яе — з таго краю, які будаваўся ў апошнія гады — пайшла з агнём; там, дзе цяпер папялішчы i новыя зрубы, стаялі раней прасторныя, светлыя хаты, цвілі пад вокнамі акацыі i каштаны. (Каля Андрэевай хаты на лавачцы збіраліся кожны вечар дзяўчаты i хлопцы — спачатку спявалі, гаманілі, потым разыходзіліся парамі, хто куды… Толькі Андрэй з Аленаю заставаліся на лавачцы, шапталіся аб нечым да світання)…

Падышоўшы да сваёй хаты, Павел спыніўся, раздумваючы, ісці ў хату ці можа пайсці ў поле, на шум малатарні, туды, дзе людзі… Пастаяўшы хвіліну, паволі падаўся далей. «Прыйдзе ўслед, знойдзе, харошая мая», — падумаў пра Насцю.

Чаму не хочацца спаць? — Ён-жа ўжо трэція суткі не счыняе вачэй, ушчэнт змардаваўся з дарогі i ад бяссонніцы. Чаму хочацца глядзець i глядзець на гэтыя палі, на хаты, слухаць няўціхнае мармытанне малатарні?

Эх, хто ведае, што цяпер у Паўла на душы?

У канцы вуліцы напаткаў старога чалавека ў вайсковай шапцы з выцвілым малінавым аколышам. Стары ішоў павольна, апусціўшы галаву, згорбіўшыся, у правай руцэ была сякера з доўгім выслізганым рукамі тапарышчам. Чалавек быў паглыблены ў нейкія свае думкі, відаць, разважаў сам з сабою. «Стары Скорык, Васілёў бацька», — пазнаў Павел.

— Дзядзька Скорык, куды вы так рана?

— А-а? — прахапіўся той. — Хто-ж гэта? — жмурыў блеклыя слепаватыя вочы стары, узіраючыся ў твар вайскоўца:

— Паўлік Абуховіч?! — пазнаў ён, нарэшце, i жоўтыя яго бровы слаба дрогнулі. — Мне казалі, што прыехаў, учора… Ды вось, на працу… Марцін сказаў, што трэба канчаць свіран… цеслярам сказаў.

— Вы ў цяслярнай брыгадзе?

— Што кажаш? Ага, цясляр, Паўлік… Дык я i іду…

— Рана-ж яшчэ, дзядзька Скорык! Хто-ж у такую рань пачынае працу?

— Э, чаго там рана, Паўлік. От дацягнуся памалу, вазьму сякеру ды буду цюкаць памаленьку…

«Колькі-ж яму цяпер год?» — падумаў са здзіўленнем Павел, пазіраючы ўслед старому, які паволі брыў па вуліцы. Яшчэ калі Павел ішоў у армію, Скорыку было каля сямідзесяці, ужо тады ён быў ледзь не самы стары чалавек у Каранеўцы. Яго аднагодкі або спалі ў зямлі, або сядзелі на печы, а стары Скорык яшчэ быў моцны, амаль штодня хадзіў са сваёю сякераю на калгасныя будоўлі…

Сонца пакуль недзе спала, але на вуліцы пачынала днець. На траве ляжалі буйныя мутныя кроплі расы. Павел павярнуў з вуліцы на дарогу, што паўз калгасны двор вядзе ў поле.

На дварэ, як i на вуліцы, было яшчэ пуста, адно каля кароўніка ішлі дзве жанчыны з цынкавымі вёдрамі, напэўна, даяркі. Раптам да Паўла дайшло спакойнае, прадяжнае — му-у, му-у-у, дыхнула салодкім пахам цёплага сырадою.

Ен акінуў шэрымі, крыху стомленымі вачыма спачатку прыземістую даўгую будыніну кароўніка, на якой яшчэ не паспелі пасівець бярвенні, потым канюшню, што цягнулася насупраць, з другога боку двара. За канюшняй тырчэў яшчэ адзін даўгі зруб, але няскончаны; пляскаты яго верх, без крокваў, нагадаў Паўлу хаты, якія ён бачыў, калі ваяваў на Каўказе.

Паўлу ўспомніліся Марцінавы словы: «Горка было спачатку. Hi каня, ні каровы. Толькі вол, дый той гол, як у прымаўцы… Мяхі з насеннем плішчылі аж на „Кругі“ на ўласным гарбу. Зямлю дык жалязякамі калупалі…»

За калгасным дваром на выхадзе ў поле яго дагнала Насця.

— Лёг-бы, падрамаў трохі! Нібы не паспееш пабачыць заўтра. А то вочы, як медзякі, — папракнула Паўла i, гарэзна ўсміхнуўшыся, дадала: — Калі яшчэ я гадзінку пабуду з табою адна? То жніво, а то госці — нацалавацца як след няма калі…

Павел засмяяўся. Да спадобы была яму Насціна задзірыстая шчырасць i вясёласць…

— Што-ж гэта вас ні свет ні зара прынесла сюды, — такімі словамі спаткала ix Алена, калі яны прыйшлі на ток.

— А ты вось запытайся яго, — Насця з папрокам зірнула на свайго чалавека. — Хіба-ж яго, упартага, стрымаеш?.. Ат, няхай, не перарвецца… Паспіць яшчэ, хопіць часу.

Алена засядзелася на вечары ў ix у гасцях нядоўга. Павел, для якога яна была вельмі дарагім госцем, з самага пачатку вечара заўважыў, што ёй сярод гэтага вясёлага тлуму i гаворак нялёгка. Павел непрыкметна сачыў за ёю i стараўся развесяліць. Алена то смяялася разам з усімі, то раптам хмурнела, пухкія, як у дзяцей, губы дрыжэлі, i Паўлу здавалася, што яна вось-вось зарыдае. Яна першай паднялася i пачала было развітвацца, але Насця ўгаварыла яе застацца. Усё-ткі Алена села за стол неахвотна. Не мінула, напэўна, i поўгадзіны, як устала зноў…

На мастку стаіць Вольга. Як заўважыла Паўла, кінула ўсё, саскочыла. Усміхаючыся шырока, папраўляючы рукою запыленыя бялявыя валасы, што выбіліся з-пад хусткі, падышла да Паўла.

— Дзень добры, Павел! Паглядзець хочаш на нас тут… Шумна тут, пыльна — бачыш — чорная якая? I няёмка паказвацца такой госцю.

— Ну, скажаш. Самы прыгожы выгляд! Пазайздросціць можна!

25
{"b":"849482","o":1}