Литмир - Электронная Библиотека

– Не, ніхто мне нічога не расказваў. І не ведаю, чаму я звязаны з вамі. Ёсць апавядальнікі – такія, як ты. Яны расказваюць гісторыю. А ёсць я – чалавек, які з дзяцінства бачыць у сне іншых людзей і ваўкоў. Я да дваццаці гадоў не мог зразумець, чаму іншым кожную ноч сняцца розныя сны, а мне заўсёды аднолькавыя. Маці таскала мяне і да псіхолага, і да псіхіятра, і да неўрапатолага, пакуль я не паразумнеў і сказаў, што незвычайныя сны скончыліся.

– Дык табе сняцца ваўкі?

– І ваўкі, і апавядальнікі. Можа, я б ніколі не зразумеў сваё прызначэнне, каб не сустрэў аднаго з апавядальнікаў у рэчаіснасці. А потым пазнаёміўся з троіцай.

Пры ўпамінанні аб іх па целе Максіма прабеглі мурашы.

– Хто яны?

– Цяжка сказаць. Упэўнены ў адным – яны не людзі. Для сябе я называю іх паляўнічымі на гісторыі.

– Ты іх не баішся?

– Не. Яны намагаліся страшыць, ды я дзедаву дубальтоўку дастаў і ўсё. З таго часу троіца мяне пазбягае.

– Лічыш яны спужаліся? Мая дзяўчына…

Максім змоўк. Ён назваў Насту сваёй дзяўчынай. І зразумеў: увесь час, што яны не жылі разам, працягваў так лічыць. Гэта адкрыццё цунамі накрыла яго і хлопец заплакаў. Гора, насычанае чорнае гора затапіла пачуцці. Філіп не кінуўся суцяшаць, сядзеў і чакаў.

– Прабач. Я…

– Не хвалюйся. Я ведаю што значыць губляць блізкіх людзей. У сне я бачыў, што твая Наста зрабіла з белабрысым.

– На ім жа нават драпіны не засталося… Няўжо дубальтоўка іх спужае?

– Галоўнае, не як ці чым ты яго раніш, а хто гэта робіць. Паміж намі – троіцай, мной і табой ёсць сувязь.

– Значыцца, я параніў белабрысага, калі выпіхнуў яго з вакна?

– Упэўнены ў гэтым.

– Тады наступным разам я заб’ю яго.

– Наўрад ці ты яго пабачыш. Павер, яны баяцца цябе не менш, чым ты іх.

– Раскажы мне пра ваўкоў і воўчыя сны.

– У свой час. Спачатку паслухай іншую гісторыю.

Гісторыя пра апавядальніка

Хлопчык, назавем яго Іван, жыў у Беларусі на пачатку мінулага стагоддзя. У тыя часы, калі дзяржава чамусьці вырашыла, што чалавек можа пражыць без ежы. А таму сілай забірала ўсё да апошняй бульбіны. Ды й зямля ў тых мясцінах была дрэнная – нічога карыснага не расло на ёй. Адзін бурўян. Ён і выратоўваў вёску. Бо траву елі козы ды авечкі, а пасля давалі людзям мяса і малако.

Трэба колькі слоў і пра самога Івана сказаць. Ён жыў з маці і дзедам. Бацька яго некалі прыйшоў у іх вёску разам з польскім войскам, згвалціў маці Вані. І ад гэтай кароткай сувязі з’явіўся на свет хлопчык. І з дзяцінства яго ўсе ненавідзелі.

Мама Вані да яго нараджэння лічылася першай прыгажуняй на вёсцы. Усе казалі, што яна пойдзе замуж за заможнага чалавека. Можа нават у горад паедзе. І дзяўчына таксама верыла ў гэта. Аднак гвалт і нараджэнне хлопчыка ўсё змяніла. А таму маці ненавідзела свайго сына больш за іншых вяскоўцаў. Адзіным чалавекам, які любіў Ваню, быў дзед.

Колькі памятаў сябе, Іван працаваў пастухом у полі. Яму трэба было не столькі глядзець за жывёламі, колькі адпугаць ваўкоў. Рабіць гэта было няцяжка – бярэш дзве драўляныя, гладка выскубленыя пласціны і моцна б’еш адна аб адну. Гук атрымоўваецца падобным на стрэл і ваўкі пужаюцца.

Кожную раніцу Іван падымаўся да ўсходу, а клаўся спаць пазней за ўсіх у хаце. Не дзіва, што аднойчы хлопчык не вытрымаў і, выгнаўшы авечак у поле, заснуў. Ачуняў праз чатыры гадзіны ад мужчынскіх крыкаў. Вялікая зграя галодных ваўкоў напала на статак і загрызла трыццаць авечак. Вяртанне дадому праз усю вёску стала для Вані сапраўдным выпрабаваннем. Нехта пляваў у твар, іншы біў смярдзючай анучай, а адна старуха выліла на яго памыі. Дома на хлопца накінулася маці, узяла дубец і біла яго па нагах і руках, прыгаворваючы:

– Лепш бы цябе ваўкі забралі і з’елі. Нам бы менш ртоў карміць і вёска вольна б уздыхнула. Каб ты здох, нягоднік. Скажу старасце – хай прагоніць цябе з вёскі.

Адступіла яна, калі ад гэтай працы рука знямела. Іван ляжаў на падлозе і плакаў. Не столькі ад болю, колькі ад невыносных слоў.

– Ціха, Ванечка, не трэба плакаць. Жыццё пераменлівае. Сёння яна цябе б’е, а заўтра палюбіць. Хадзем лепш да мяне – раскажу казку.

Дзед пагладзіў хлопца па галаве, падняў на руках і аднёс у ложак.

– Не плач, Ванька. Во бяда – ваўкі авечак пагрызлі. Ды колькі я жыву года не было, каб шэрыя кагосьці не загрызлі. Людзі галадаюць і ваўкі таксама. Мы хочам жыць і яны. Але калі малы ваўчонак не здолее забіць вялікага зубра, ніхто з роднай зграі не будзе кусаць яго за гэта.

Слёзы высахлі на шчаках Вані, ён уважліва слухаў дзеда.

– А ты бачыў нашага старасту? Да кіраўніцтва з горада ліслівы, нібы парасё ў маці цыцку выпрошвае. А як да сваіх адносіцца? Слова добрага не пачуеш! Ды й які з яго кіраўнік? У мінулым годзе адмовіўся збожжа купляць, якое можа на нашых землях расці. Сказаў: “І так пражывем”. Ён-та пражыве, а мы – не. Сярод ваўкоў жа ў зграі важаком становіцца заўсёды самы моцны і разумны. Той, хто ведае як і дзе паляваць, куды ісці, каб паляўнічыя цябе не злавілі. Такім павінен быць сапраўдны кіраўнік. Не тое што ў нас.

– Дзед, атрымоўваецца, ваўкі лепшыя за людзей? І жывецца ім лепш?

– Не ведаю, унучак. Я ж ніколі сярод ваўкоў не жыў.

– А што б яны зрабілі з такім, як я… “непажаданым”?

– “Непажаданым”… Маці навучыла так казаць? У шэрых няма чужых ці сваіх ваўчанят. Калі ты нарадзіўся ў зграі, то ўся зграя – твая сям’я. Ніхто не будзе шукаць – хто твой бацька, а хто маці. У ваўкоў усё проста – калі ты са зграяй, цябе будуць любіць.

Ваня працягваў працаваць пастухом і трываць здзекі аднавяскоўцаў. Аднак з таго дня ён не звяртаў на гэта ўвагі, бо стаў уяўляць на месцы аднавяскоўцаў ваўкоў. Сядае ў траве, трымае драўляныя пласціны ў руках і думае: “А што б было, калі б замест людзей паўсюль жылі ваўкі? Якія б законы ў іх былі? Як бы яны размаўлялі?”. І сам адказваў на гэтыя пытанні. Так, павольна, у галаве хлопчыка ствараўся ваўчыны свет. Насамрэч, ваўкі Вані мала паходзілі на сапраўдных, жывых ваўкоў. Уяўленне хлопчыка пра іх было складзена з фантазій і аповедаў дзеда.

Хутка ў Івана з’явіўся і лепшы сябар – Антоні, мясцовы дурань, над якім смяялася ўся вёска. А любімае захапленне старасты вёскі –падпальваць адзежу Антонія і глядзець, як той весела бегае і збівае агонь рукамі. Увесь час дурань пасміхаўся, нават калі яго білі.

Аднаго разу Антоні прыйшоў на поле, дзе пасвіліся авечкі і сеў каля Вані. Той пабачыў ваўка і ляснуў пласцінкамі. Дурны спужаўся і хацеў збяжаць, ды хлопчыку стала сорамна. Ён спыніў яго, пасадзіў каля сябе і расказаў гісторыю пра ваўкоў. Так Антоні стаў прыходзіць кожны дзень і слухаць аповеды.

Чым старэйшы рабіўся Іван, тым больш часу праводзіў не ў нашай рэчаіснасці, а ў сваім уяўленні. Не, ён не здурнеў, проста паверыў, што ваўчыны свет існуе і туды можна збегчы. Таксама ў гэта верыў і Антоні, які ўсё слухаў і запамінаў.

Калі Ване споўнілася сямнаццаць пачалася вайна, на якой ён і загінуў. Але свет ваўкоў застаўся жыць у галаве Антонія. Дурань мог дакладна ўспомніць кожную гісторыю Івана нават праз дваццаць гадоў пасля смерці свайго сябра.

Адной ноччу яму прысніўся ваўчыны сон. Усё адбывалася ў свеце, які стварыў Іван. Толькі гісторыі былі іншымі, новымі. І яны так захапілі старога Антонія, што ён імі падзяліцца.

Так Іван стаў стваральнікам сусвета Ваўкоў, а Антоні – першым апавядальнікам.

***

– Ну, як табе казка пра хлопца, дурня і ваўкоў? Не, лепш назваць яе “Гісторыя стваральніка сусветаў”.

– Гэта праўда?

– Напэўна.

– Як гэта – “напэўна”? Ты што, усё выдумаў?

– Не. Я ж кажу – з дзяцінства бачыў сны. Нешта запомніў, дэталі дадумаў, частку выдумаў.

– А сам ты верыш у тое, што расказаў?

– Чаму б і не? Нашы думкі ствараюць сусветы, калі мы сапраўды паверым у свае фантазіі. Пра астатняе даведаемся заўтра.

– Дзе?

– Не дзе, а ў каго. Троіца прыйдзе ў госці.

8
{"b":"840396","o":1}