Литмир - Электронная Библиотека

– Скідай адзежу. Зараз ты ператворышся ў мяне, а я некалькі гадзін пабуду табой.

Пасля пераапранання адвакат зрабіў яшчэ некалькі мазкоў крэмам.

– Цяпер слухай, часу мала. На выхадзе пакажаш мой пропуск, на вуліцы чакае таксі. Кіроўца ведае куды ехаць. На месцы выходзь і ідзі ў хату.

– А калі мяне зловяць? І што будзе з табой?

– Ні аб чым не хвалюйся.

***

Усё атрымалася, як і сказаў Філіп. Ніхто не спыніў Максіма, нічога не спытаў. Міліцыянер нават на пропуск не глянуў. Таксі адвезла яго не за горад, як думаў хлопец, а да адной са старых, цудам не знесеных, хат на Грушаўцы. Знешне яна выглядала закінутай, але знутры падавалася, што гаспадары сышлі хвіліну назад. Пасярод адзінага пакоя стаяў стол з нарэзаным мясам і гароднінай. На ім жа ляжаў ліст:

"Максім, частуйся, адпачывай, чакай мяне. Праз гадзіны тры сустрэнемся".

Макс сеў за стол і апусціў галаву на рукі. Пасля смерці Насты ён выцягнуў з яе грудзей нож і глядзеў на мёртвае цела да прыезду міліцыі. Толькі зараз, у пустой хаце, ён адчуў як накатвае гора, па шчаках паліліся слёзы. Упершыню за дванаццаць гадоў ён плакаў і не мог спыніцца. Наста, ці сапраўды ён любіў яе, ці гэта было звычайнае юнацкае захапленне якое б ніколі не перарасло ў нешта іншае? Ён пра гэта не даведаецца.

“Такое адчуванне, што гэтую троіцу ніхто не бачыць, акрамя мяне. Не, яшчэ бачыла Ася. І Наста таксама. Значыцца, яны не прывіды. Аднак і людзьмі іх назваць нельга. З шыі гэтага малога і кропля крыві не ўпала. Што ж яны такое?”.

Воўчы сон

– Чакай, Гаўл. Вельмі шмат навін для аднаго дня. Хочаш сказаць, іх важак – ваўчыца?

– Так. Толькі не важак, а каралева. Доўгі час кожны новы важак-воўк не мог вырашыць – як выратаваць зграю ад голада. Тэрыторыя, на якой яны жывуць – гэта сапраўдная пустэльня. Там практычна няма жывёл, а таму стагоддзі яны жылі ў голадзе. Нават зубры, калі мігруюць на поўдзень, мінаюць іх землі. І пасля чарговай вайны, калі зграя Алык-Ачын пацярпела паразу і варожыя ваўкі забілі ўсіх іхных шчанюкоў, адна з ваўчыц забіла важака. І, згодна традыцыі, заняла яго месца. Яна змяніла зграю.

– Якім чынам?

– Ваўчыца нараджае ад трох да васьмі шчанюкоў. Гэта немагчыма кантраляваць. З-за гэтага зграя Алык-Ачын не магла сябе пракарміць. А таму… Мне цяжка гэта гаварыць і яшчэ цяжэй у такое паверыць. З аднаго прыплоду, якім бы вялікім ён ні быў, яны пакідаюць двух ваўчанят, самых здаровых і моцных – астатніх забіваюць. А калі ўсе малыя ды кволыя, што часцяком бывае, калі ваўчыца нараджае восем шчанюкоў, могуць забіць усіх.

– Не разумею. Яны што, забіваюць сваіх жа?

– Забіваюць. З-за гэтага ў іх зграі няма такіх, як я. Там усе вялікія і моцныя.

Грык засмяяўся.

– Хочаш сказаць, калі б ты нарадзіўся там, цябе б забілі?

– Так.

– І ўсё роўна хочаш, каб мы аб’ядналіся?

– Хачу. Бо інакш не выжыць. Яны жывуць так, як дазваляе ім жыць навакольны свет. Калі б на іх тэрыторыі было багата ежы, ніхто б не стаў рабіць тое, што робяць яны.

– І што яны сказалі наконт аб’яднання?

– Акіра, каралева зграі, пагадзілася. Аднак яны дапамогуць не за так. Яна просіць перадаць ім чатыры нашых паляўнічых надзелы.

– Гэта немагчыма! Дзе мы будзем паляваць? Тады і нам самім ежы не хопіць.

– Акіра сказала, што пасля бойкі з белымі нас застанецца так мала, што ежы хопіць тром зграям. Шмат каго заб’юць…

– Я разумею гэта. А што яна дасць узамен?

– Калі мы пагодзімся, то заўтра да нас прыйдуць шэсцьдзесят яе лепшых ваўкоў і будуць выконваць вашы загады. Яшчэ трыццаць пойдуць на выведку на землі белых. А на саму бойку яна абяцае прывесці ўсіх дарослых ваўкоў, акрамя ваўчыц-карміліц.

Аўк ляжаў побач з Грыкам і слухаў моўчкі. Ён, як і важак, ацэньваў прапанову так званай “каралевы”. Чатыры паляўнічыя надзелы – вялікая тэрыторыя, якая можа пракарміць шмат ваўкоў. І калі пагадзіцца на гэта, то Суу-Ардун сама вымушана будзе ў будучыні кантраляваць сваю колькасць. Хай і не такімі метадамі.

– Гаўл, ты сказаў, што яна прывядзе з сабой усіх дарослых ваўкоў. Старых таксама?

Адзінец апусціў галаву.

– Калі я прыйшоў у іх горад, то заўважыў там шмат старых. Іх пысы і цела пакрывалі шнары, хаця Алык-Ачын не ваюе з іншымі згарямі пятнаццаць гадоў. Ніводны ветэран не пражыў бы столькі. Я спытаў пра гэта Акіру і яна сказала, што калі ваўку спаўняецца трынаццаь гадоў, ён штогод павінен даказваць зграі сваю каштоўнасць у бойцы з ваўкамі такога ж узросту. Бойкі ідуць да смерці. Іншымі словамі – усе ваўкі зграі, якімі б старымі ні былі, могуць біцца.

Аўк узняўся на ногі і зарычэў.

– Гэта немагчыма. Мы заўсёды паважалі старых. Яны пражылі сваё жыццё так, каб пасля іх маглі добра жыць мы. Хай імі кіруе ваўчыца, хай яны забіваюць сваіх ваўчанят – з усім можна пагадзіцца. Акрамя забойства старых. Я супраць аб’яднання з гэтай зграяй, Грык. І калі ты думаеш інакш, то я не магу заставацца тваім сябрам і саветнікам. Бо, ты ж разумееш, у іх зграі я б даўно загінуў.

Грык думаў. Не пра словы Аўка, а пра саму магчымасць аб’яднання двух зграй. Ніколі такога раней не было і, мабыць, калі іх з’ядуць белыя, ніколі не будзе. Гэта ідэя не проста парушае нейкія там традыцыі. Усе зграі маюць падвойную назву – Суу-Ардун, Алык-Ачын, Агыр-Санан, Кер-Адына і іншыя. Першае слова – імя ваўка-бацькі, першага важака. Другое слова – імя ваўчыцы, якая нарадзіла ваўчанят, якія і сталі зграяй. А калі яны аб’яднаюцца, што тады? Ператворацца, хай і часова, у Суу-Ардун-Алык-Ачын?

– Я пачуў цябе, Аўк. І цябе таксама, Гаўл. І, як важак, павінен рабіць тое, што будзе лепш для зграі, нягледзячы на нашы традыцыі і забабоны. Прабач мяне, стары сябар – мы прымаем прапанову Акіры.

Аўк нічога не сказаў і выйшаў з будкі Грыка.

– Цяпер, Гаўл, ты станеш маім саветнікам. Ідзі назад і раскажы пра ўсё Алык-Ачын. А потым паспрабуй замацаваць свой поспех з іншымі згарямі.

– Дзякуй, уладар. Для мяне вялікая пашана, быць тваім саветнікам. Зусім запамятаваў – Акіра сказала, што цяпер іх згаря завецца проста Ачын.

– Ачын… Як цікава. Яны адмовіліся ад імя бацькі-важака. Спадзяюся яны сапраўдытакія добрыя воіны, як ты расказваеш. Інакш нядоўга мне быць важаком.

7.

Філіп прыйшоў з міліцыі праз чатыры гадзіны. На пытальны позірк Максіма падміргнуў і весела адказаў:

– Галоўнае для добрага адваката – самому мець добрага адваката. Ці шмат грошай.

На правах гаспадара ён зварыў бульбу, нарэзаў агуркоў з памідорамі, разагрэў мяса з халадзільніка. І ўвесь час балбатаў – пра вучобу ў інстытуце, пра бацькоў і бабулю, ад якой засталася хата, пра хуткі яе знос і пераезд у Шабаны, пра цётку Балеславу, якую ў іх сям’е клікалі Болька і шмат пра што іншае. Рот не затыкаўся. З карыснай інфармацыі Макс даведаўся, што Філіп сапраўды адвакат і альбінояс.

Размаўляць пра ваўкоў ды троіцу Філіп адмаўляўся не паеўшы, таму Максім чакаў. У самога кавалак у рот не лез. Выпіў кавы і цярпліва глядзеў як хутка есць суразмоўца.

– Для мяне ежа – галоўнае задавальненне ў жыцці. А калі перабіваць яе сур’ёзнымі размовамі, то і апетыт знікне. Навошта тады жыць?

А пасля прыйшлося прыбіраць са стала – посуд памыць, у хаце падмесці, смецце на вуліцу вынесці. Пасля гэтага задаволены Філіп сеў насупраць Максіма.

– Цяпер пытай.

– Ты хто? Тваё прозвішча Гаўл?

– Не, Гаўла я выкарыстаў, каб ты мне даверыўся. А так я сапраўды Філіп і адвакат. Калі ж ты пытаеш у сувязі з апошнімі падзеямі і тваімі сненнямі, то лічы мяне наглядальнікам.

– Што значыць – наглядальнік?

– Я не ўмешваюся і сачу, каб гісторыя ішла так, як выбіраюць людзі. Без прымусаў, пагроз і іншага.

– А калі яны грошы даюць – гэта не прымус?

– Не, канечне. У цябе ж свабодная воля – браць іх ці не.

– А якое ты маеш дачыненне да гісторыі? Табе таксама некалі расказалі пра ваўкоў?

7
{"b":"840396","o":1}